Скрадзены ліст
Шрифт:
— Але ж вы добра разбіраецеся ў гэтым, — сказаў я. — Парыжская паліцыя займалася такімі рэчамі і раней.
— Безумоўна! Таму я і не страчваў надзеі. Да таго ж, звычкі міністра давалі мне добрыя магчымасці. Ён часта адсутнічаў дома цэлую ноч. Слуг у яго зусім няшмат, і яны спяць далёка ад пакоя гаспадара, а яшчэ амаль усе яны — неапалітанцы, таму заўсёды радыя выпіць. У мяне, як вы ведаеце, ёсць ключы, якімі я магу адамкнуць любы пакой ці шафу ў Парыжы. Цягам трох месяцаў не было ніводнай ночы, якую б я не прысвяціў прыватным расследаванням у доме міністра. Гэта справа гонару і, скажу па сакрэце,
— А ці магчыма, — задумаўся я, — што ліст дагэтуль застаецца ў міністра (а іначай і быць не можа), але схаваны не ў яго дома, а дзесьці яшчэ?
— Наўрад ці, — адказаў Дзюпэн. — Сённяшні стан справаў пры двары, і асабліва тыя інтрыгі, у якія, як вядома, уцягнуты міністр, патрабуюць, каб дакумент заўсёды быў побач: магчымасць у любы момант даць яму ход мае амаль такое самае значэнне, як і сам факт валодання ім.
— Магчымасць даць яму ход? — перапытаў я.
— А калі трэба, то знішчыць, — адказаў Дзюпэн.
— Значыць, — сказаў я, — папера дакладна ў доме. Няма сумневаў, што міністр не будзе ўвесь час насіць яе пры сабе.
— Безумоўна, — пагадзіўся прэфект. — Яго двойчы спынялі, нібыта каб абрабаваць, і пад маім уласным наглядам старанна абшуквалі.
— Маглі б так не напружвацца, — сказаў Дзюпэн. — Мне здаецца, міністр не зусім дурань, а значыць, прадбачыў магчымасць такіх нападаў і быў падрыхтаваны.
— Не зусім дурань, — прамовіў прэфект, — але ён паэт. Мне здаецца, ад паэта да дурня — адзін крок.
— Безумоўна, — сказаў Дзюпэн, зрабіўшы доўгую задуменную зацяжку, — хаця я і сам грашыў кепскімі вершыкамі.
— Можа, раскажаце пра свае пошукі падрабязней? — папрасіў я.
— Ну, рэч у тым, што мы мелі час і абшукалі ўсё. У мяне наконт такога вялікі досвед. Я агледзеў будынак пакой за пакоем, прысвяціўшы кожнаму ўсе ночы тыдня. Спачатку мы праверылі мэблю, адчынілі ўсе магчымыя шуфляды, і я гатовы сцвярджаць, што для правільна навучанага паліцэйскага проста не існуе ніякіх “таемных” шуфлядак. Такую штуку падчас росшукаў абміне толькі ідыёт. Гэта так проста! Кожная шафа займае пэўны аб’ём, ці прастору, і гэта трэба ўлічваць. Астатняе зробяць нашыя дакладныя лінейкі. Вывучым усё да пяцісотай часткі цалі. Пасля шафаў мы ўзяліся за крэслы. Сядзенні мы правяралі доўгімі тонкімі іголкамі — вы бачылі, як я гэта раблю. Потым мы здымалі са сталоў стальніцы...
— Навошта?
— Часам для таго, каб нешта схаваць, чалавек здымае стальніцу ці нейкую іншую падобную да яе дэталь мэблі, робіць у ножцы выемку, куды хавае патрэбную рэч, і вяртае стальніцу на месца. З гэтымі ж мэтамі выкарыстоўваюцца слупкі ложкаў.
— Але хіба нельга знайсці поласць з дапамогай гуку? — пацікавіўся я.
— Ніяк, калі рэшту поласці забіць ватай. Да таго ж, у нашым выпадку патрабавалася цішыня.
— Але не маглі ж вы адсунуць... не маглі ж вы разабраць на часткі ўсю мэблю, у якой апісаным вамі спосабам можна зрабіць сховішча. Калі скруціць
— Безумоўна, не, але мы зрабілі яшчэ лепш: мы старанна агледзелі перакладзіны ўсіх крэслаў у доме, як, дарэчы, і месцы злучэння ўсіх дэталяў мэблі, з дапамогай надзвычай моцнага мікраскопа. Калі б на драўніне былі хоць якія сляды нядаўніх пашкоджанняў, мы б іх нізашто не прапусцілі. Напрыклад, найдрабнейшая пылінка ад свярдзёлка была б бачная не горш за яблык. Любое парушэнне слою праклейкі, незвычайная шчылінка на месцы злучэння — і мы адразу ўсё знайшлі б.
— Мяркую, вы праверылі ўсе люстэркі ў месцах, дзе рама сутыкаецца са шклом, а таксама абмацалі ўсе ложкі і пасцельную бялізну, не забыўшыся на гардзіны і дываны.
— Безумоўна. А калі мы канчаткова разабраліся з усёй мэбляй, то ўзяліся за сам дом. Мы падзялілі ўсю яго плошчу на пранумараваныя ўчасткі так, каб ніводнай не пакінуць па-за ўвагай, і старанна даследавалі з мікраскопам кожную асобную квадратную цалю жылой плошчы, у тым ліку два суседнія дамы.
— Два суседнія дамы! — усклікнуў я. — Працы, відаць, было нямала.
— І не кажыце. Але нам паабяцалі неверагодную ўзнагароду.
— А што з участкам вакол дома?
— Ён увесь забрукаваны цэглай, а таму ў параўнанні з астатнім турботаў тут было няшмат. Мы разгледзелі мох паміж цаглінамі і зразумелі, што ён не пашкоджаны.
— Вы перагледзелі паперы міністра і кнігі ў яго бібліятэцы?
— Канечне, мы разгледзелі кожны пакунак і скрутак і не толькі праверылі ўсе тамы, але і прагарталі кожную старонку ў кожнай кнізе, не абмежаваўшыся звычайным ператрэсваннем, як гэта робяць некаторыя паліцэйскія. Апроч гэтага мы самым скрупулёзным чынам вымералі таўшчыню ўсіх кніжных вокладак і ўважліва разгледзелі кожную з іх у мікраскоп. Калі б хтосьці нядаўна чапаў хоць адзін з пераплётаў, гэты факт ні за што не абмінуў бы нашай увагі. Пяць ці шэсць фаліянтаў, якія нядаўна пабывалі ў руках пераплётчыкаў, мы асцярожна праверылі іголкамі.
— Аглядалі падлогу пад дыванамі?
— Несумненна. Мы адсунулі кожны дыван і вывучылі паркет з дапамогай мікраскопа.
— А шпалеры на сценах?
— Безумоўна.
— У сутарэнні зазірнулі?
— Вядома ж.
— Значыць, — сказаў я, — вы памыліліся ў разліках, і ліста ў доме няма.
— Баюся, тут вы маеце рацыю, — сказаў прэфект. — А цяпер, Дзюпэн, што вы мне параіце?
— Яшчэ раз старанна абшукаць дом.
— У гэтым няма ніякага сэнсу, — адказаў прэфект. — Я ўпэўнены, што ліст не там, нават больш, чым у тым, што дыхаю.
— Лепшай парады ў мяне няма, — сказаў Дзюпэн. — У вас, безумоўна, ёсць падрабязнае апісанне ліста?
— Вядома!
Тут прэфект выцягнуў свой нататнік і прачытаў нам найдакладнейшае апісанне зніклага дакумента знутры і асабліва звонку. Хутка ён сышоў — такім прыгнечаным я яшчэ ніколі яго не бачыў.
Прыкладна праз месяц прэфект зноў зазірнуў да нас — мы былі занятыя тым жа, чым падчас мінулага візіту. Ён узяў люльку, сеў і завязаў самую звычайную гутарку ні пра што. Урэшце я не вытрымаў: