Скрадзены ліст
Шрифт:
— Я маю на ўвазе, — працягнуў Дзюпэн, бо на яго апошнюю заўвагу я толькі рассмяяўся, — што калі б міністр быў усяго толькі матэматыкам, прэфекту нізашто не давялося б выпісваць мне гэты чэк. Аднак я ведаў, што ён і матэматык, і паэт, а таму ацэньваў яго з гледзішча ягоных здольнасцяў, памятаючы пра абставіны ўсёй справы. Я ведаў, што ён яшчэ і прыдворны, а таксама смелы інтрыган. Такі чалавек, падумаў я, не можа не здагадвацца пра метады шараговай паліцыі. Ён не можа не прадчуваць — і далейшыя падзеі цалкам гэта пацвердзілі, — якія пасткі яму рыхтуюць. Ён мусіў прадбачыць, падумаў я, таемнае абшукванне сваіх пакояў. Яго частую адсутнасць уначы, якую прэфект радасна палічыў у нейкай ступені прадвесцем поспеху, я адношу да звычайнай хітрасці, што давала паліцыі магчымасць абшукаць дом і ўрэшце прыйсці да высновы, да якой
— Канечне, — сказаў я, — я цудоўна помню гэты рогат. Я нават падумаў, што прэфект зараз заб’ецца ў канвульсіях.
— У матэрыяльным свеце, — казаў далей Дзюпэн, — надзвычай шмат дакладных аналогіяў са светам нематэрыяльным, і ёсць штосьці ад праўды ў рытарычнай догме, якая сцвярджае, нібыта метафара ці параўнанне можна выкарыстоўваць як дзеля таго, каб упрыгожыць апісанне, так і дзеля таго, каб узмацніць аргумент. Прынцып vis inertiae *, напрыклад, дзейнічае ў фізіцы і метафізіцы аднолькава. Калі для першай справядлівае сцверджанне, што вялікае цела больш складана прывесці ў рух, чым маленькае, і што імпульс будзе сувымерны з гэтай складанасцю, то і для другой не будзе памылковым, што розумы з вялікімі здольнасцямі, хаця яны і больш моцныя, устойлівыя і плённыя ў сваім руху, чым розумы драбнейшыя, тым не менш, цяжэй кранаюцца з месца і, робячы першыя крокі наперад, часцей бянтэжацца і вагаюцца. І яшчэ: вы заўважалі калі-небудзь, якія вулічныя шыльды над крамамі забіраюць больш увагі?
* Vis inertiae — сіла інэрцыі (лац.).
— Ніколі над гэтым не задумваўся, — адказаў я.
— Ёсць гульня, — прадоўжыў ён, — для якой патрэбная карта. Хтосьці выбірае слова — назву горада, ракі, краіны ці імперыі, карацей, любы надпіс з тых, якімі ўсыпаны ўвесь гэты стракаты аркуш, а іншы павінен яго знайсці. Пачаткоўцы звычайна спрабуюць заблытаць суперніка і загадваюць назвы, напісаныя самым дробным шрыфтам, знаўцы ж выбіраюць найбуйнейшыя словы, вялізныя літары якіх праходзяць праз усю карту. На такія словы, як і на вялікія шыльды і плакаты на вуліцах, мы не звяртаем увагі, бо яны надзвычай бачныя. Гэтая фізічная асаблівасць зроку дакладна адпавядае той псіхічнай няўважлівасці, з якой інтэлект звычайна пакідае за межамі ўспрыняцця надта навязлівыя і цалкам відавочныя акалічнасці. І менавіта гэтая асаблівасць, як выявілася, знаходзіцца трошкі вышэй ці ніжэй за разуменне прэфекта. Ён ні разу не палічыў магчымым ці верагодным, што міністр паклаў ліст на самым бачным месцы, каб ніхто не змог яго ўбачыць.
І чым больш я разважаў пра дзёрзкі, бясстрашны і праніклівы розум міністра, пра жорсткую неабходнасць заўсёды мець ліст пад рукой, каб выкарыстаць яго сабе на карысць, а таксама пра цвёрдую ўпэўненасць прэфекта, што ліст не схаваны ў межах звычайных паліцэйскіх росшукаў, тым больш я запэўніваўся, што міністр, каб схаваць гэты аркуш, скарыстаў самую правільную і дальнабачную хітрасць — ён гэты ліст увогуле не хаваў.
Захоплены такімі развагамі, я ўзброіўся парай зялёных акуляраў і адным цудоўным ранкам ледзь не выпадкова зазірнуў да міністра. Ён быў дома і, як звычайна, пазяхаў, гультаяваў і сноўдаўся без справы, удаючы скрайнюю форму хандры. Магчыма, ён самы энергічны чалавек на цэлым
Узяўшы ягоны тон, я пажаліўся на слабы зрок і паплакаўся на неабходнасць насіць акуляры, пад якімі ў гэты час уважліва і старанна аглядаў яго пакой, хаця здавалася, што заняты я выключна гутаркай з гаспадаром.
Маю асаблівую ўвагу забраў вялікі пісьмовы стол, за якім ён сядзеў і на якім самыя розныя лісты і іншыя паперы неахайна ляжалі побач з адным ці двума музычнымі інструментамі і некалькімі кнігамі. Але цягам доўгага і вельмі пільнага агляду я не заўважыў там нічога, што ўзбудзіла б хоць нейкае падазрэнне.
Урэшце мой позірк, робячы чарговае кола па пакоі, спыніўся на кідкай філіграннай палічцы для візітовак, якая трымалася на невялікім медным выступе трохі ніжэй за цэнтр каміннай дошкі і была прывязаная бруднай сіняй стужкай. На гэтай палічцы, якая мела тры ці чатыры аддзяленні, ляжала пяць ці шэсць візітовак і адзін самотны ліст, моцна пакамечаны і запэцканы. Пасярэдзіне ён быў амаль разарваны на дзве часткі, нібыта пасля першага прагляду яго вырашылі парваць як непатрэбны, а потым перадумалі і пакінулі. На ім была вялікая чорная пячатка з надзвычай выразнай манаграмай — літарай “Д”, — а дробны жаночы почырк паведамляў, што яно адрасуецца “міністру Д. ва ўласныя рукі”. Ліст быў неахайна і нават, здавалася, пагардліва закінуты ў адно з ніжніх аддзяленняў палічкі.
Як толькі я ўбачыў гэты ліст, то адразу вырашыў, што менавіта ён мне і патрэбны. Дакладней, ён па ўсіх прыкметах адрозніваўся ад таго, падрабязнае апісанне якога нам прачытаў прэфект. Тут пячатка была вялікая і чорная, з манаграмай “Д”, там — маленькая і чырвоная, з гербам герцагскага роду С. На гэтым лісце імя адрасата было напісанае дробнымі жаночым почыркам, пасланне ж, прызначанае для нашай каралеўскай асобы, было падпісанае смелай і ўпэўненай рукой. Супадаў толькі памер ліста. Але менавіта кардынальнасць гэтых адрозненняў: брудная, пакамечаная і надарваная папера, якая так не адпавядала звычайнай ахайнасці міністра і вельмі яскрава сведчыла пра жаданне стварыць уражанне, што ліст не варты ніякае ўвагі, — менавіта гэтая кардынальнасць разам з надта бачным месцам захоўвання ліста, якое кідалася ў вочы любому наведніку, усё гэта, паўтаруся, магло толькі пацвердзіць падазрэнні таго, хто прыйшоў туды з намерам падазраваць.
Я зацягнуў візіт наколькі было магчыма і, падтрымліваючы з міністрам надзвычай гарачую спрэчку на тэму, якая, як я ведаў, яго заўсёды цікавіла і захапляла, усю сваю ўвагу засяродзіў на лісце. За гэты час я дакладна запомніў яго выгляд і размяшчэнне на палічцы, а таксама зрабіў адкрыццё, якое рассеяла б апошнія сумневы, калі б яны ў мяне яшчэ заставаліся. Пільна разглядаючы краі паперы, я заўважыў, што яны нашмат больш разгладжаныя, чым трэба, і выглядаюць надломленымі — так бывае, калі шчыльную паперу спачатку складуць і прыціснуць, а потым паспрабуюць выраўнаць, згінаючы ў іншы бок па той самай складцы. Цяпер я быў упэўнены. Ліст відавочна вывернулі навыварат, як пальчатку, напісалі на ім новы адрас і паставілі новую пячатку. Я пажадаў міністру добрага дня і адразу ж сышоў, пакінуўшы на стале залатую табакерку.
Наступным ранкам я зазірнуў да яго, каб забраць табакерку, і мы з новым запалам працягнулі ўчарашнюю размову. Але раптам нас перарваў гучны стрэл, падобны да пісталетнага, які грымнуў пад самымі вокнамі, і адразу ж пачуліся жахлівыя крыкі і лямант натоўпу. Міністр кінуўся да акна, расчыніў яго і вызірнуў вонкі. У гэты момант я падскочыў да палічкі, узяў ліст, засунуў яго ў кішэнь, а на палічку паклаў копію (безумоўна, копію што да выгляду, а не да зместу), якую старанна падрыхтаваў дома, лёгка падрабіўшы пячатку з манаграмай з дапамогай хлебнага мякішу.
Гармідар на вуліцы быў выкліканы шалёным учынкам нейкага чалавека з мушкетам: ён стрэліў у натоўп жанчын і дзяцей. Але потым выявілася, што стрэл быў халасты, і ваяку адпусцілі на ўсе чатыры бакі, палічыўшы яго ці то вар’ятам, ці то п’яным. Калі ён знік, міністр адышоў ад акна, ля якога на той момант стаяў ужо і я, папярэдне схаваўшы сваю здабычу. Неўзабаве я развітаўся. Паслугі ўяўнага вар’ята аплаціў, безумоўна, я.
— Але навошта вы падмянілі ліст копіяй? — спытаў я. — Можа, лепш было падчас першага ж візіту адкрыта яго забраць і сысці?