Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Шрифт:
Прадмова ад "выдаўца"
На жаль, я не здолеў знайсці кнігу «Старонкі нашай мінуўшчыны / Анатоль Грыцкевіч. — Мінск: Кнігазбор, 2009». Не атрымалася і цалкам сабраць па частках з розных сайтаў. Затое ў дадзены варыянт ўвайшлі артыкулы, якіх няма ў арыгінале.
Велізарная падзяка сайтамhttp://pawet.net/,і інш., чые матэрыялы выкарыстаны пры падрыхтоўцы.
З павагай да аўтара і чытачоў ― Polochanin72.
СЛАВУТЫЯ АСОБЫ
Іван Багданавіч Сапега (каля 1480–1546)
Ужо ў канцы XV ст. у палітычным жыцці Беларускай-Літоўскай дзяржавы ўсё большае значэнне набывае род Сапегаў, прадстаўнікі якога на працягу XV–XVIII стст.
Род Сапегаў па паходжанні беларускі, і напачатку Сапегі былі праваслаўнымі магнатамі. У другой палове XVI ст. частка прадстаўнікоў роду далучылася да Рэфармацыі і стала пратэстантамі (кальвіністамі). Аднак ужо ў канцы XVI ст., падчас Контррэфармацыі, Сапегі прынялі каталіцтва. У гэты час род Сапегаў у значнай ступені паланізаваўся. У канцы XVII–XVIII ст., падчас жорсткай барацьбы за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім супраць большасці беларускай шляхты, Сапегі нават спрабавалі ўтварыць самастойную дзяржаву, аддзяліўшыся ад Польшчы, якая з XVI ст. уваходзіла разам з Беларускай-Літоўскай дзяржавай у склад федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Калі род Сапегаў знаходзіўся ў зеніце сваёй магутнасці, у XVII–XVIII стст. пачалі стварацца і друкавацца радаводы роду Сапегаў. Каб надаць роду большую павагу і аўтарытэт, складальнікі радаводаў, зразумела, са згоды Сапегаў, сцвярджалі пра быццам княжацкае паходжанне роду ад Нарымонта, сына Гедыміна. У XVIII–XIX стст. некаторыя даследчыкі выводзілі род Сапегаў ад троцкага кашталяна Сунігайлы, нібыта праўнука Нарымонта. Да гэтага сцвярджэння крытычна паставіліся польскіядаследчыкі у галіне генеалогіі канца ХІХ ст. А. Банецкі і Ю. Вольф, а таксама гісторык першай паловы XX ст. У. Сямковіч. Яны ў сваіх даследаваннях даказалі, што Сапегі паходзяць ад Сямёна Сапегі (Сапігі), велікакняжацкага пісара ў 1440-х гг., з полацкіх баяраў Першапачаткова вялікія маёнткі Сапегаў знаходзіліся ў Смаленскай зямлі (Ельня, Гарадзішча, Апакоў). У пачатку XVI ст. Смаленская зямля была страчана падчас войнаў Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім. Аднак Сапегі атрымалі і набылі новыя маёнткі на тэрыторыі Беларусі. Магнацкі род Сапегаў карыстаўся гербам «Ліс» — белая, павернутая ўгару вастрыём і двойчы перакрыжаваная, страла ў чырвоным полі.
У сыноў родапачынальніка Сямёна Сапегі засталіся асноўныя маёнткі на тэрыторыі Беларусі. Так, у пісара гаспадарскага 1488 г. Багдана Сямёнавіча Сапегі (да 1450 — пасля 1512) асноўныя маёнткі былі на Віцебшчыне і Полаччыне, якія склалі ядро сапегаўскіх латыфундый (11 маёнткаў), а ў яго брата Івана Сямёнавіча (каля 1450–1517) таксама пісара гаспадарскага Казіміра Ягайлавіча з 1488 г. (пасля брата) і ваяводы падляшскага ў 1511–1515 гг., маёнткі былі на Браслаўшчыне, Падляшшы і Берасцейшчыне. Багдан Сапега стаў пачынальнікам адной з галоўных ліній роду — чарэйска-ружанскай, а Іван Сапега — другой лініі — коданьскай (дадатковая назва гэтай лініі ў некаторых даследчыкаў — «северская» — з'яўляецца памылковай). Памылковыя таксама звесткі пра наданне роду Сапегаў графскага тытула ад германскага імператара Максіміліяна II 6 студзеня 1572 г.і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам II Аўгустам 4 мая 1572 г. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў метрыку Вялікага Княства Літоўскага ў 1744 г. канцлерам Янам Фрыдэрыкам Сапегам і, такім чынам, сталі дзяржаўнымі дакументамі, на якія потым можна было спасылацца. Толькі 14 верасня 1700 г. германскі імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйскай-ружанскай лініі роду Сапегаў тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі (Германскай імперыі).
Адным з першых прадстаўнікоў роду Сапегаў, дзейнасць якога была запісана ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага і тагачасных
Іван Багданавіч Сапега пачаў службу пры гаспадарскім (велікакняжацкім двары) яшчэ ў час панавання Аляксандра Казіміравіча. Як гэта звычайна было ў феадальны час, характар службы меў спадчынны характар. І. Б. Сапега, як яго дзед, бацька і дзядзька, значнаю частку часу аддаваў службе ў канцылярыі вялікага князя, быў добра дасведчаны ў падрыхтоўцы дзяржаўных дакументаў, іх выдачы, назапашванні архіва (Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага), ведаў правілы дакументацыі (зразумела, уся перапіска ўнутры дзяржавы, часткова і ў дыпламатыі, вялася на беларускай мове). Гэтая служба не перашкаджала і дзяржаўнай кіраўнічай дзейнасці.
Першай самастойнай пасадай маладога Івана Багданавіча Сапегі была адміністрацыйная пасада намесніка (кіраўніка мясцовай велікакняжацкай адміністрацыі) юрборкскага ў Жамойціі, якую ён заняў у 1502 г. У 1505 г. ён быў прызначаны на пасаду намесніка бранскага (у Падляшскім ваяводстве). У 1508–1515 гг. да таго ж ён быў гараднічым троцкім і меў абавязак даглядаць замак у Троках.
Пасля ўзыходжання на велікакняжацкі трон Жыгімонта Казіміравіча (Жыгімонта Старога) у 1507–1516 гг. Іван Багданавіч Сапега займаў пасаду пісара гаспадарскага (велікакняжацкага), якую ў 1471–1488 гг. займаў яго бацька Багдан Сямёнавіч, а ў 1488–1501 гг. — яго дзядзька Іван Сямёнавіч. Дзядзька і далей захоўваў свае найвышэйшыя пісарскія функцыі: у 1506 г. быў прызначаны найвышэйшым сакратаром Вялікага Княства Літоўскага.
Як бацька і дзядзька, Іван Багданавіч Сапега выконваў і дыпламатычныя функцыі, удзельнічаў у пасольствах. Гаспадарская канцылярыя шмат у чым выконвала функцыі ведамства па замежных сувязях. Менавіта адсюль накіроўваліся пасольствы з адпаведнымі інструкцыямі, праектамі дагавораў дыпламатычнымі прапановамі замежным дварам. Пастаянных пасольстваў у замежных сталіцах тады яшчэ не было. За мяжу накіроўваліся пасольствы з канкрэтнымі місіямі і пасля заканчэння місіі вярталіся назад.
Іван Багданавіч ездзіў паслом за мяжу некалькі разоў. Так, ён быў паслом ў Маскоўскім вялікім княстве ў 1508,1531–1532 і ў 1536 гг., у Турцыі ў 1534 г., у Польшчы.
У верасні 1508 г. Іван Багданавіч Сапега — пісар (сакратар) пасольства ў Маскве, дзе вёў пратакол перагавораў з маскоўскімі баярамі аб міры. У выніку перагавораў 19 верасня 1508 г. быў заключаны «вечны мір», якім скончылася вайна 1507–1508 гг. паміж абодвума вялікімі княствамі. Дзяржаўныя межы засталіся такімі ж, якімі былі да вайны. Падчас гэтых перагавораў Іван Сямёнавіч Сапега, які ўдзельнічаў у пасольстве, і сам Іван Багданавіч Сапега дамагліся вызвалення з маскоўскага палону свайго брата і бацькі — Багдана Сямёнавіча Сапегі, які быў кіраўніком ранейшага пасольства ў Маскве ў 1507 г. і быў там затрыманы, калі пачалася вайна. За вызваленне Багдана Сапегі пасольства Вялікага Княства Літоўскага дало згоду на свабодны выезд у Маскву з Беларусі сваякоў князя Міхаіла Львовіча Глінскага, які падчас вайны перайшоў на бок маскоўскага вялікага князя Васіля III.
Паколькі Іван Багданавіч Сапега ўваходзіў у вузкае кола вышэйшай бюракратыі і карыстаўся даверам вялікага князя Жыгімонта Казіміравіча (Жыгімонта Старога), то выконваў далікатныя даручэнні гаспадара (вялікага князя), у тым ліку разглядаў судовыя справы гаспадарча-ўласніцкага характару пра спадчыннасць маёнткаў якія вяліся паміж магнатамі, заможнай і сярэдняй шляхтай. Іван Сапега складаў дакументы, апісанні маёнткаў, разам з іншымі суддзямі ўстанаўліваў межы паміж маёнткамі. У той час, калі тэрыторыя Беларусі і Літвы была ў большасці пакрыта лясамі і пушчамі, насельніцтва было адносна рэдкім, а сталай дакументацыі на зямлю на месцах амаль не было, такая дзейнасць была складанай і адказнай.