Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Баторый-рэфарматар
Стафан Баторый увайшоў у гісторыю як рашучы рэфарматар. Ён намагаўся ўзмацніць дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай. Ягоныя рэформы былі скіраваныя на ўзмацненне пазіцый сярэдне- і дробнамаянтковай шляхты і на аслабленне пазіцый магнатаў у дзяржаве. Ён таксама быў прыхільнікам узмацнення цэнтральнай улады, і перадусім каралеўскай. 3 найбольш важных ягоных рэформаў трэба адзначыць утварэнне галоўных судоў — Трыбунала Кароннага ў Польшчы і Галоўнага Трыбунала Літоўскага ў Беларускай-Літоўскай дзяржаве, склад якіх выбіраўся з шляхецкіх дэпутатаў, а не прызначаўся якім-небудзь органам улады. Нягледзячы на прыбыццё ў Вільню і потым у іншыя гарады краіны прадстаўнікоў Ордэна езуітаў на хвалі контррэфармацыі і адваявання пазіцый, страчаных раней каталіцкай царквой, Стафан Баторый заставаўся прыхільнікам рэлігійнай талеранцыі.
Вялікім крокам у пашырэнні адукацыі ў нашым краі было ўтварэнне Баторыем 1 красавіка 1579 г. Віленскай акадэміі — вышэйшай навучальнай установы, роўнай у правах Ягелонскаму універсітэту ў Кракаве. У гэтай акадэміі вучыліся сотні студэнтаў з Беларусі, Літвы і іншых зямель на працягу больш чым 250 гадоў.
Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Стафан Баторый(малюнак Яна Матэйкі)
Каб мець пастаяннае войска не з наёмнікаў, а з мясцовых ураджэнцаў у дадатак да шляхецкай апалчэнскай конніцы (якая збіралася падчас вайны), Стафан Баторый правёў вайсковую рэформу. Паводле ўзору венгерскай пяхоты («хайдукоў», «хайдутаў»), якая набіралася з вольных людзей, пераважна з сялян, Баторый стварыў атрады выбранцаў — салдат-пехацінцаў у 1578 г. у Польшчы, а пазней у Вялікім Княстве Літоўскім. Гэтыя атрады таксама складаліся пераважна з сялян каралеўскіх (дзяржаўных) маёнткаў, якія за сваю вайсковую службу мелі льготы і вызваленне ад усялякіх павіннасцяў а таксама ўчасткі зямлі з 1–1,5 валокі (без падаткаў). Прывілеі выбранцаў распаўсюджваліся на іх нашчадкаў. Услед за каралём і магнаты пачалі ствараць свае выбранецкія атрады з сялян і шляхты. Выбранцы захаваліся як асобная група насельніцтва да XX ст. толькі на Случчыне — у Радзівілаў з такой жа назвай (аўтар гэтых радкоў сам з'яўляецца спадчынным выбранцам). Выбранцы ўдзельнічалі ва ўсіх войнах Рэчы Паспалітай у складзе польскага і беларускага-літоўскага войскаў. Так, у 1612–1615 гг. у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы з 12 выбранецкіх рот войска Вялікага Княства Літоўскага ўдзельнічала 10 рот беларускіх выбранцаў.
Стафан Баторый памёр 12 снежня 1586 г. у Гародні, у каралеўскім замку. Упершыню ў Беларусі было праведзена медыцынскае ўскрыццё цела памёрлага караля, каб зрабіць патолагаанатамічныя высновы хваробы і прычыны смерці. Раней царква не дазваляла гэтага. Але пры каралеўскім двары былі людзі з еўрапейскай адукацыяй, і дазвол быў атрыманы. Пытаннем было, ці правільна лячылі Баторыя, бо ён памёр даволі хутка пасля таго, як вярнуўся з палявання ў лясах каля Гародні. Хутчэй за ўсё, Баторый прастудзіўся, захварэў на пнеўманію і памёр ад гэтай хваробы і сардэчнай недастатковасці. Ад таго часу на Беларусі пачаліся патолагаанатамічныя ўскрыцці памёрлых. А было тады Сцяпану Батуру 55 гадоў. Ягоным імем названы ў Польшчы таварыствы, карабель, да 1939 г. называўся Віленскі універсітэт.
Жыгімонт Ваза (1566–1632)
Адной з гістарычных асобаў, што актыўна ўплывалі на палітычнае жыццё федэратыўнай Рэчы Паспалітай, а значыць і Беларускай-Літоўскай дзяржавы, з'яўляецца Жыгімонт Ваза, больш вядомы з падручнікаў гісторыі як кароль Жыгімонт (Сігізмунд, Зыгмунт) III Ваза.
Жыгімонт Ваза. Малюнак Яна Матэйкі (1861).
Пад такім нумарам ён вядомы як польскі кароль. Так лічаць польскія гісторыкі, а з імі і расійскія. У гэтым праявілася свядомая няўвага да гісторыі Беларусі. На самай справе гэты кароль быў вялікім князем літоўскім і рускім пад нумарам IV (бо ў XV ст. вялікім князем у нас быў Жыгімонт Кейстутавіч, яшчэ да Жыгімонта Старога — першага польскага караля). Так што для Беларусі і Літвы яго трэба лічыць Жыгімонтам IV. Каралём Рэчы Паспалітай ён быў 45 гадоў.
Дзяцінства і юнацтва Жыгімонта Вазы
Жыгімонт Ваза нарадзіўся ў Швецыі 20 чэрвеня 1566 г. у Грыпсгольме ў сям'і шведскага прынца Яна (па-шведску Юхана), другога сына шведскага караля Густава I, заснавальніка каралеўскай дынастыі Вазаў брата шведскага караля Эрыка XIV. Бацька
У гэты час у Швецыі вялася шматгадовая міжусобная барацьба паміж двума братамі — Эрыкам XIV і герцагам фінляндскім Юханам. Часова перамог кароль, які ўмацоўваў каралеўскую ўладу і абмяжоўваў уладу герцагаў, сваіх братоў на месцах. Юхан разам з жонкаю апынуўся ў замку, зняволены па загаду брата. Тут, у няволі, і нарадзіўся Жыгімонт. Але неўзабаве лёс палоннікаў змяніўся. Юхан вызваліўся і разам са сваімі прыхільнікамі атрымаў перамогу над каралём. Рыксдаг (парламент) скінуў Эрыка з трона і ў 1568 г. абвясціў каралём Швецыі Юхана III. Эрык быў у сваю чаргу зняволены пажыццёва і ў 1577 г. памёр у вязенні.
Маленькі Жыгімонт стаў кронпрынцам Швецыі, нашчадкам свайго бацькі-католіка. Маці і езуіты выхоўвалі яго ў каталіцкай веры, якой ён застаўся адданы на ўсё жыццё. Але гэта ўскладняла яго становішча ў пратэстанцкай Швецыі. Жыгімонт атрымаў добрую адукацыю. Размаўляў па-шведску, па-польску, па-беларуску, ведаў лацінскую, італьянскую, нямецкую мовы.
У 1586 г. у Гародні, на Беларусі, памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стафан Баторый. Удава караля, родная цётка Жыгімонта — Ганна Ягелонка — прапанавала кандыдатуру пляменніка на трон, аргументуючы гэта паходжаннем Жыгімонта Вазы па жаночай лініі ад Жыгімонта Старога. Кандыдатуру Жыгімонта падтрымаў уплывовы магнат, канцлер вялікі каронны і гетман вялікі каронны Ян Замойскі і сярэднемаянтковая шляхта. Яны былі супраць кандыдатуры другога прэтэндэнта — эрцгерцага аўстрыйскага Максіміліяна, брата германскага імператара. Частка шляхты падтрымала эрцгерцага. На выбарчым сойме 1587 г., дзе амаль не было прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, Жыгімонт Ваза быў абраны каралём у Рэчы Паспалітай — гэта значыць каралём польскім і вялікім князем літоўскім.
Частка польскай шляхты абрала каралём Максіміліяна, які з вайсковымі атрадамі ўступіў на тэрыторыю Польшчы і нават асадзіў Кракаў, але быў адбіты, а потым разбіты і ўзяты Я. Замойскім у палон. Ён мусіў адмовіцца ад кароны і быў адпушчаны ў Аўстрыю.
Жыгімонт Ваза ўсё ж пачуваўся на троне Рэчы Паспалітай няпэўна. Ён імкнуўся атрымаць падтрымку беларускіх-літоўскіх магнатаў і шляхты. Таму адным з першых крокаў ягонай палітыкі было выданне ў Кракаве 28 студзеня 1588 г. прывілея, які зацвярджаў III Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Статут падкрэсліваў самастойнасць гэтае дзяржавы («панства»), як і да Люблінскай уніі 1569 г. А польская шляхта прызнавалася «суседзямі», «чужаземцамі» і не мела права набываць і атрымліваць у Вялікім Княстве маёнткі і дзяржаўныя пасады. За шляхтай замацоўваліся шматлікія прывілеі. Тым самым Жыгімонту была гарантаваная падтрымка Беларускага-Літоўскага гаспадарства.
Але ў самой Польшчы, дзе амаль увесь час знаходзіўся Жыгімонт, малады кароль не толькі не з'яднаў шляхты, але даволі хутка паспеў сапсаваць стасункі з Янам Замойскім і большасцю шляхты. Гэтаму спрыяла ягоная палітыка збліжэння з Габсбургамі і Германскай імперыяй. Нават двойчы (1592 і 1605 гг.) ён ажаніўся з аўстрыйскімі эрцгерцагінямі, дарэчы, сёстрамі. Да таго ж Жыгімонт абкружыў сябе езуітамі, чужаземцамі і вузкім колам магнатаў, што не вельмі падабалася вольналюбівым палякам. Не падабалася ім і тое, што кароль не выканаў перадвыбарчых абяцанняў — не перадаў Эстонію, што была ў складзе Швецыі, у склад Рэчы Паспалітай.
Жыгімонт — кароль Швецыі
У 1592 г. памёр бацька Жыгімонта кароль Швецыі Юхан III, і Жыгімонт заняў і шведскі трон. На Балтыйскім моры яго валоданні займалі большую частку зямель — ад Гданьска да нарвежскай мяжы са Швецыяй. Але Жыгімонт не выкарыстаў магчымасцяў, каб аб'яднаць свае каралеўствы і Вялікае Княства Літоўскае. Гэта быў ганарлівы, упарты і флегматычны чалавек, нерашучы і схільны да парадаў сваіх прыдворных.
Галоўнай сваёй мэтай ён паставіў знішчыць у Рэчы Паспалітай рэфармацыю і вярнуць былыя пазіцыі каталіцкай царкве пры падтрымцы ордэна езуітаў. Такая палітыка толькі раз'ядноўвала грамадства і жаданых усеагульных поспехаў не мела. Цалкам правалілася яна ў Швецыі. Другой ягонай мэтай было ўмацаванне каралеўскай улады, а гэта ў Рэчы Паспалітай сустракала жорсткі адпор з боку шляхты і магнатаў.