Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Тут ён атрымаў і адукацыю. Некаторы час вучыўся ў Падуанскім універсітэце ў Італіі, дзе ў свой час Францішак Скарына абараніў доктарскую дысертацыю. У Вене ён пачаў называцца Стафанам Баторыем. Стафан Баторый добра размаўляў на нямецкай, лацінскай, італьянскай і, зразумела, венгерскай мовах. А вось па-польску і па-беларуску ён гаварыць так і не навучыўся. Калі быў абраны каралём Рэчы Паспалітай, то тут ён гаварыў з мясцовымі жыхарамі на лацінскай мове альбо праз перакладчыка.
Пасля вучобы ў Італіі Баторый вяртаецца на радзіму, дзе разгарэлася барацьба часткі венгерскіх магнатаў на чале з прэтэндэнтам на каралеўскі трон Венгрыі Янам Жыгімонтам Заполья (ягоны бацька некаторы час быў венгерскім каралём) супраць германскага імператара. Малады Баторый падтрымаў Заполья, удзельнічаў у бітвах, набыў вопыт адміністратара і дыпламата.
Абранне каралём і вялікім князем
У гэты час (у 1574 г.) з Кракава ў Парыж патаемна ўцёк кароль польскі і вялікі князь літоўскі Генрых Француз (Валуа), каб заняць французскі трон пасля смерці свайго старэйшага брата Карла IX. Пагоня, арганізаваная польскімі магнатамі з мэтай затрымаць караля і сілаю вярнуць яго на трон, не паспела перахапіць уцекача. Ён паспяхова дабраўся да Парыжа, дзе стаў каралём Францыі Генрыхам III (апошнім з дынастыі Валуа). Трон у тагачаснай сталіцы Рэчы Паспалітай застаўся вакантным. Трэба было выбіраць новага караля. А на ўсходніх і паўночных межах Беларусі працягвала існаваць пагроза з боку Масквы.
Кароль у Рэчы Паспалітай, у адрозненне ад многіх еўрапейскіх краін, дзе каралеўская ўлада была спадчыннай, выбіраўся толькі пажыццёва соймам, дзе асноўныя пазіцыі займала шляхта, а не магнаты. Большасць магнатаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, а таксама сената была супраць кандыдатуры Баторыя, жадаючы мець каралём імператара Максіміліяна II, які быў далёка ў Вене і наязджаў бы ў краіну рэдка, а яны тады бесперашкодна кіравалі б дзяржавай. Кандыдатуру Баторыя падтрымалі уплывовы магнат Замойскі, сярэдне- і дробнамаянтковая шляхта. Дэпутаты ад Вялікага Княства Літоўскага ахвотна падтрымалі кандыдатуру Стафана Баторыя, бо ў гэты час вялася цяжкая барацьба з Маскоўскай дзяржавай і трэба было ратаваць Беларусь, а разам з ёю свае маёнткі ад бязлітасных воінаў Івана Жахлівага, якія захапілі Полацк, самы вялікі горад Беларусі, рабавалі і знішчалі насельніцтва. Беларускай шляхце быў патрэбны спрактыкаваны палкаводзец і дыпламат. 12 снежня 1575 г. элекцыйны (выбарчы) сойм абраў Стафана Баторыя каралём Польшчы і вялікім князем Беларускай-Літоўскай дзяржавы.
Але нежанатаму Баторыю, якому было 44 гады, сойм паставіў абавязкам ажаніцца з каралеўнай Ганнай, дачкой караля і вялікага князя Жыгімонта Старога і сястрой апошняга з роду Ягелонаў Жыгімонта Аўгуста. Такім чынам як бы законна працягвалася панаванне дынастыі Ягелонаў. Баторый вымушаны быў прыняць гэтыя цяжкія ўмовы.
Ганна Ягелонка ніколі не была замужам, а ёй было ажно 54 гады. Але карона так вабіла Баторыя, што ён згадзіўся. Вядома, чакаць дзяцей ад гэтага шлюбу было дарэмна.
Стафан Баторый перад ад'ездам у Кракаў пераканаў трансільванскі сойм выбраць новым князем Трансільваніі ягонага старэйшага брата Крыстофа. Пасля гэтага ён назаўсёды пакінуў радзіму.
Баторый у Польшчы і Вялікім Княстве
Баторый прыехаў у тагачасную сталіцу Польшчы Кракаў. 29 красавіка 1576 г. ён быў каранаваны ў каралеўскім замку Вавель, а 1 мая ажаніўся з Ганнай. Але акрамя гэтай асалоды — каранацыі, трэба было яшчэ замацаваць сваё панаванне. Яшчэ шмат месяцаў у Польшчы ішла збройная барацьба з апазіцыяй, прыхільнікамі імператара Максіміліяна II. Супраціўленне аказаў і горад Гданьск. Толькі ў 1577 г. пасля паразы атрадаў, нанятых багатымі гараджанамі Гданьска, улада караля была прызнана апазіцыяй.
Пасля гэтага Стафан Баторый мусіў звярнуць увагу на адносіны з Маскоўскай дзяржавай. Іван IV Жахлівы, выкарыстаўшы палітычнае становішча ў Рэчы Паспалітай, занятай выбарамі караля, пачаў новы наступ у Лівоніі, авалодаў тэрыторыяй ад ваколіц Рыгі да Дынабурга (Даўгаўпілса) — усёй усходняй часткай цяперашняй Латвіі
4 жніўня 1579 г. пачалася аблога Полацка. Спроба Івана Жахлівага прыслаць пяць тысяч коннікаў на дапамогу расійскаму гарнізону ў Полацку на чале з Барысам Шэіным і Фёдарам Шарамецевым скончылася няўдачай. Гэтае войска вымушана было схавацца ў крэпасці Сокал за 20 кіламетраў ад Полацка. Асаджаны ў Полацку, у крэпасці, абнесенай дубовымі сценамі, расійскі гарнізон на чале з ваяводамі Васіліем Целяцеўскім і Пятром Валынскім трымаўся больш за тры тыдні. Цяжка было і войску Баторыя, бо ўсе ваколіцы Полацка былі цалкам спустошаны яшчэ раней царскімі войскамі. Урэшце 30 жніўня 1579 г. драўляныя сцены крэпасці паддаліся агню, і гарнізон горада капітуляваў. 4 верасня штурмам была ўзята крэпасць Сокал, а праз месяц і Суша. Вызваленне Полацка адвяло бяду ад беларускай зямлі. Баторыя на Беларусі называлі Сцяпан Батура.
Наступную кампанію 1580 г. Стафан Баторый праводзіў ужо на расійскай тэрыторыі, там, дзе яго не чакалі. Рускі цар раскідаў свае вайсковыя сілы ўздоўж мяжы з Лівоніяй і Беларуссю. Войскі Баторыя займалі крэпасці і гарады Усвят, Веліж; восенню 1580 г. былі ўзяты моцныя крэпасці Вялікія Лукі і Невель, заняты Завалочча і Езярышча, а ў канцы года — Холм і Старая Руса. Войскі Рэчы Паспалітай былі недалёка ад Ноўгарада, рускія войскі ў Лівоніі былі адрэзаны ад асноўных камунікацый Расіі.
< image l:href="#"/>Стафан Баторый пад Псковам (малюнак Яна Матэйкі)
У вайсковай кампаніі 1581 г. Баторый пайшоў на Пскоў. Але ў гэты час феадальны парламент Рэчы Паспалітай адмовіў каралю ў павелічэнні грашовых сродкаў на вядзенне вайны. Гэта скарыстаў Іван IV і кінуў свае войскі на Беларусь. І хаця яны былі адбітыя на сваю тэрыторыю, аднак ваколіцы Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Магілёва і Мсціслава, і так пацярпелыя раней, былі зноў спустошаны расійцамі. У верасні 1581 г. войскі Баторыя, падыходзячы з поўдня і з усходу, асадзілі Пскоў. Беларускія-літоўскія атрады Крыштафа Радзівіла, Філона Кміты, зрабіўшы глыбокі рэйд на Волгу, часова занялі Старыцу і Ржэў, не дайшоўшы 50 кіламетраў да Цвяры. Гэты рэйд вельмі напужаў Івана IV. Адтуль праз Таропец і Старую Русу яны пайшлі на Пскоў і далучыліся да Стафана Баторыя. Штурмы Пскова пры яго аблозе не далі вынікаў, але і гарнізон гэтай крэпасці ўжо не мог трымацца далей. 15 студзеня 1582 г. Расія і Рэч Паспалітая падпісалі 10-гадовае замірэнне. Расія адмаўлялася ад Прыбалтыкі (Лівоніі) і ад Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала ёй заваяваныя крэпасці на расійскай тэрыторыі. 24-гадовая Лівонская вайна скончылася. Паколькі Баторый не быў задаволены яе вынікам, ён пачаў рыхтавацца да новай вайны, але не паспеў яе пачаць.
Перамогі войска, якім камандаваў Стафан Баторый, уратавалі Вялікае Княства Літоўскае ад спусташэння і зруйнавання, ад жахлівай царскай акупацыі, ад жахаў унутранай палітыкі Івана Жахлівага — апрычніны са знішчэннем не толькі баяраў, але і іншых груп насельніцтва, уключаючы і сялян. Для беларускай шляхты перамога над Расіяй азначала не толькі захаванне свайго жыцця і маёмасці, але і мясцовага самакіравання, заканадаўчага прадстаўніцтва, Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г., асабістых правоў з правам асабістай недатыкальнасці. Гэтага, безумоўна, не было ў расійскай дзяржаве. На гэты раз незалежнасць Беларусі была выратавана перш за ўсё дзякуючы патрыятызму і мужнасці беларускага-літоўскага войска.