Страчаная спадчына
Шрифт:
Гародзенская сядзіба
Сядзібна-паркавы ансамбль у Гародне (Воранаўскі р-н Гарадзенскай вобл.) сфармаваўся ў другой палове XVIII ст. пры ўладальніку гетману Л. Тышкевічу, якому маёнтак дастаўся ад бабкі Саламеі Радзівіл. Праз стагоддзе сядзіба належала А. Патоцкаму, потым Ігнаткевічу, а ў пачатку XX ст. — генералу Кандратовічу. Драўляны панскі дом быў узведзены ў стылі класіцызму ў 1780 г. паводле праекта польскага архітэктара Шымана Цуга. Ад разбуранай у 1914 г. сядзібы застаўся парк і рэшткі капліцы.
Прасторны аднапавярховы сядзібны дом меў франтальна выцягнутыя фасады, па цэнтры якіх вылучаліся моцныя архітэктурныя акцэнты ў выглядзе рызалітаў з чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі, пад галоўны з якіх па шырокіх бакавых пандусах уязжалі карэты. Трохкутныя
Садоўнікам і стваральнікам сядзібнага парка, верагодна, быў І.Л. Кнакфус. Парк рэгулярнай сіметрычна-восевай планіроўкі, крыжападобны ў плане. На падоўжнай восі змяшчалася ўязная брама ў выглядзе двух мураваных пілонаў, алея і круглы газон з абеліскам у цэнтры. За домам падоўжную вось працягвалі простакутны партэр і вузкая выцягнутая сажалка, густа абсаджаная дрэвамі мясцовых парод. Да паркавага партэра па баках далучаліся чатыры падзеленыя алеямі баскеты. У XIX ст. парк набыў пензажную арганізацыю. Захаваўся часткова.
Перспектыву папярочнай алеі перад уездам у сядзібу замыкала мураваная капліца ў стылі ракако — простакутнае ў плане збудаванне з двухсхільным дахам і вежай-званіцай на галоўным фасадзе. Таксама засталася ў рэштках. Архітэктурна-дэкаратыўным акцэнтам аднанефавай святыні з'яўляецца ацалелы галоўны фасад. Шматслойныя разгорнутыя ў розных ракурсах пілястры з капітэлямі-ракайлямі апраўляюць эліптычна ўвагнутую нішу з лучковым уваходным парталам. Насупраць капліцы, ураўнаважваючы агульную архітэктурную кампазіцыю сядзібы, стаяў службовы флігель.
Гарадзенскі палац Тызенгаўза
Надворны падскарбі літоўскі Антоній Тызенгаўз (1733–1785) збудаваў для сябе ў Горадні цудоўны палац, які размяшчаўся на плошчы Гарадніцы і выходзіў на яе вялізным трапецападобным курданёрам. З супрацьлеглага боку палаца прасціраўся парк. Прыдворны архітэктар Тызенгаўза італьянец з Вероны Джузепе Сака (1735–1798), запрошаны ім у якасці кіруючага архітэктара Камісіі фінансаў Вялікага Княства Літоўскага, стаў праекціроўшчыкам названага познебарочнага палаца. Пры будаўніцтве на Гарадніцы ў 1760-1770-ых гг. з ім супрацоўнічалі архітэктар Юзаф Мёзер, мастакі і дэкаратары Пётр Гежыдовіч, Караль Хібл, Антон Грушэцкі і Луіс Фолвіл. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай тут жыў губернатар. Будынак захоўваўся да 1915 г., пасля быў спалены немцамі і ўжо не адбудоўваўся. Палац уяўляў сабой аднапавярховы з бакавымі выцягнутымі крыламі-флігелямі будынак. Аб'ёмы палаца звязваліся ў суцэльную трапецападобную ў плане кампазіцыю. Ад уезда курданёр замыкаўся агароджай са сціплай брамай. Сярэдняя двухпавярховая частка галоўнага корпуса вырашалася паўкруглым купальным эркерам. У ніжнім паверсе ён меў галоўны ўваход, а зверху высокія, узятыя ў рамы пілястраў вокны-дзверы, якія выходзілі на невялікі балкон з каванай балюстраднай агароджай. Вокны арачнай формы складалі асноўную рытміку фасада. Дэкор абмяжоўваўся руставанымі лапаткамі і падаконнымі нішамі. Аздабленне будынка мела некаторыя элементы стылю ракако — здвоеныя руставаныя лапаткі, гірлянды, картушы, абрамленні простакутных і арачных праёмаў. З тыльнага фасада галоўнага корпуса выступала каланада з верхняй тэрасай. Больш сціпла выглядалі бакавыя крылы, накрытыя высокімі трохскатнымі дахамі з невялікімі мансардамі па цэнтру. Правае крыло з тыльнага боку акцэнтаваў невялікі чатырохкалонны порцік. Знойдзена эфектнае каларыстычнае вырашэнне будынка ў маляўнічым спалучэнні зялёнага колера сцен, белых дэталяў дэкору і чырвонага чарапічнага даху.
Галоўны корпус меў двухрадную анфіладную планіроўку, крылы — калідорную. У цэнтры змяшчаўся невялікі авальны вестыбюль з аднамаршавай лесвіцай у глыбіні. Анфілада разнастайных апартаментаў па абодва бакі вестыбюля прызначалася ў асноўным пад жыллё і службовыя мэты. З боку парка ў сярэдняй частцы палаца знаходзіліся два салоны і сталовыя са скошанымі вугламі, а далей вялікая бальная ці канцэртна-тэатральная зала на ўсю шырыню будынка. Другі паверх займала толькі адзіная працяглая зала. Рэпрэзентацыйныя апартаменты ўпрыгожваў стукавы дэкор,
Як і многія буйныя магнаты таго часу, Тызенгаўз трымаў пры палацы прыдворную капэлу — каля 30 чалавек, тэатр, для якога хацеў збудаваць асобны будынак, а таксама балет пад кіраўніцтвам мэтраў танца Францішка Леду і Людвіка Пецінелі. Падарожнік і мемуарыст Іаган Бернулі, які наведваў Горадню ў 1778 г., паведамляе, што з-за адсутнасці спецыяльнай залы музычныя камедыі адбываліся «ў вялікай цудоўнай зале, у якой госці збіраліся перад абедам, прыстасаванай для такіх мэтаў». Хутчэй за ўсё тут гаворыцца аб бальнай зале, падзеленай дзвюма калонамі на сцэнічную і глядзельную часткі. У бакавых крылах палаца мясціліся гасціная, памяшканні адміністрацыі, службы і канторы.
Ліхалецце не закранула парка, закладзенага над звілістым абрывістым ярам, дзе працякае рака Гараднічанка. З 1920 г. сядзібны парк прыстасаваны пад гарадскі сад.
Грушаўская сядзіба
Сядзіба ў Грушаве (Драгічынскі р-н Берасцейскай вобл.) звязана з падзеямі паўстання 1863 г., а таксама з імем вядомай польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч, род якой валодаў сядзібай з 1815 г. Тут яна жыла ў двухпавярховым мураваным доме, выкананым у стылі класіцызму. Простакутны ў плане будынак быў накрыты паўвальмавым дахам. Галоўны фасад вылучаўся буйнамаштабным, далёка высунутым чатырохкалонным тасканскім порцікам з трохкутным франтонам. Па перыметры будынка праходзіў прафіляваны карніз з шырокімі сухарыкамі. Рытміку фасадаў стваралі раўнамерна размешчаныя простакутныя вокны, размежаваныя гарызантальным міжпавярховым поясам. Вокны другога паверха дэкарыраваліся трохкутнымі франтончыкамі і круглымі разеткамі. Ад сядзібы захаваўся пейзажны парк, шэраг мураваных гаспадарчых будынкаў. Дом, верагодна, разбураны ў час Другой сусветнай вайны.
Дарашэвіцкая сядзіба
Маёнтак Дарашэвічы (Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.) размяшчаўся ўздоўж берага ракі Прыпяць. Калісьці сядзіба з'яўлялася маёмасцю езуітаў, а потым роду Масальскіх. З канца XVIII ст. ад Алены Масальскай маёнтак набыў падкаморы наваградскі Антон Нестар Кіеневіч (пам. каля 1822). У руках яго нашчадкаў уладанне знаходзілася да Рыжскага пагаднення 1921 г. Сын Антона Нестара Фелікс Кіеневіч (1802–1863), пасол на сойм 1831 г. і кіраўнік паўстання ў Мазырскім павеце, каля 1825 г. на высокім беразе ракі пачаў будаўніцтва сядзібы, якое не паспеў скончыць з-за неабходнасці эмігрыраваць пасля паражэння паўстання 1831 г. Праз дзесяць гадоў мазырскі харунжы Геранім Кіеневіч (каля 1797–1884), які ўратаваў маёнтак ад канфіскацыі, выкупіў яго ў брата. З завяршэннем будаўніцтва сядзібы ён адначасова залажыў цудоўны парк і пабудаваў у ім фамільную капліцу-пахавальню. Апошнім уладальнікам сядзібы быў Геранім Кіеневіч (1830–1911), маршалак менскай шляхты. У пачатку XX ст. уладанне ахоплівала два вялізных маёнтка: Дарашэвічы, дзе жыў Антон Кіеневіч (1877–1960), і Брынёў — сядзіба Гераніма Кіеневіча (1866–1925). Пасля смерці іх бацькі маёнтак у 60 000 дзесяцін застаўся адзіным і ім валодалі абодва браты. Восенню 1917 г. сядзіба была разрабавана і спустошана, у 1918 г. амаль зруйнавана, а ў другую сусветную вайну перастала існаваць.
Архітэктар сядзібна-паркавага ансамбля невядомы. Узорам для помніка, верагодна, паслужыў палац Друцкіх-Любецкіх у Луніне (Лунінецкі р-н Берасцейскай вобл.). Сядзібны дом, выкананы ў стылі позняга класіцызму, уяўляў сабой аднапавярховы простакутны ў плане драўляны будынак на высокім падмурку. Сярэдняя трохвосевая частка была павялічана на паверх. Трохчасткавая сіметрычна-восевая кампазіцыя галоўнага і паркавага фасадаў складалася з цэнтральнага порціка і невялікіх бакавых рызалітаў. Класічны чатырохкалонны тасканскі порцік галоўнага фасада выкананы з цэглы і атынкаваны. Калоны неслі гладкі антаблемент і трохкутны франтон, акантаваны прафіляваным карнізам з сухарыкамі, пад які свабодна ўязджаў конны экіпаж. Над уваходам размяшчаўся балкон з драўлянай балюстрадай. Шырокія бакавыя рызаліты завяршаліся трохкутнымі франтонамі і мелі па аднаму патройнаму акну, фланкіраванаму пілястрамі. Чатыры калоны тыльнага ці паркавага порціка стаялі паўкругам. З тэрасы гэтага порціка раскрываўся прыгожы краявід на Прыпяць. Шэры колер фасадаў, ашаляваных дошкамі з імітацыяй рустоўкі, удала спалучаўся з чырвоным дахам і белымі парталамі дзвярэй і ліштваў вокнаў з трохкутнымі сандрыкамі. Чатырохсхільны гонтавы дах меў складаную форму: двухсхільны над галоўным порцікам і купальны над паркавым.