Страчаная спадчына
Шрифт:
Палац стаяў на невялікім узвышшы сярод пейзажнага парка плошчай 6,2 га, выцягнутага ўздоўж правага берага ракі Гайны. Праз парк працякаў невялікі ручай з мураваным арачным мастом. Перад ім пры ўездзе стаяў невялікі домік-вартоўня. Двор упрыгожваў газон, абкружаны стрыжаным самшытам. Дзякуючы высечанай сярод гушчару дрэў шырокай просецы, праглядвалася дальняя частка парка. Яшчэ больш цудоўны краявід адкрываўся з тыльнай тэрасы палаца. Адсюль віднеліся рака, сажалка і далей зарэчны гай. Над сажалкай стаяла зяленая альтанка ў выглядзе высаджаных па кругу ліп. У дэндраскладзе панавалі ліпа звычайная і буйналістная, клён, ясень пенсільванскі. Палац перажыў першую, але загінуў у час другой сусветнай вайны. Захаваліся толькі фрагменты парку, замшэлыя падмуркі і рэшткі сцен галоўнага фасада палаца.
Малашчытненская сядзіба
Вёска Малыя Шчытнікі, што за 17 км на поўнач ад Берасця, вядома помнікам барочнай архітэктуры — касцёлам Сэрца Ісуса XVII ст. (з 1864 г.
Рэшткі сядзібнага дома, разбуранага, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, у 1961 г., дазваляюць уявіць яго архітэктуру і планіроўку. Будаўніцтва, верагодна, адносіцца да пачатку XX ст. (1905?), аб чым сведчыць неакласіцыстычны характар яго архітэктуры. Гэты двухпавярховы простакутны ў плане будынак з балконамі на бакавых рызалітах меў працяглы франтальны фасад. Асіметрычны ўваходны партал фланкіравалі паўкалоны. Па баках галоўнага фасада вылучаліся аднолькавыя рызаліты, а з тылу дома — шэраг простакутных у сячэнні слупоў. Цокаль будынка выкладзены з блокаў вапняку, сцены — з атынкаванай цэглы. Анфіладна размешчаныя пакоі дома «разбягаліся» па баках цэнтральнага вестыбюля і параднай залы. Пад будынкам захаваліся скляпеністыя падвалы гаспадарчага прызначэння з самастойным знешнім уваходам.
Манькавіцкая сядзіба
На мяжы XIX–XX стст., у перыяд архітэктурнай эклектыкі, рамантычная трактоўка сядзібы пад сярэдневякоўе ў шэрагу выпадкаў была звязана з глорыфікацыяй старажытнага роду вяльможы. Таму не мог не з'явіцца крыніцай натхнення і прадметам пераймання буйнейшы замак Радзівілаў у Нясвіжы. Нашчадкі Радзівілаў узвялі пад Столінам у маёнтку Манькавічы буйнамаштабную палацава-паркавую рэзідэнцыю «ў стылі Нясвіжскага замка». Гэту будаўнічую ідэю ажыццявіў у 1905 г. берлінскі дойлід Венцаль. Пасля разбурэнняў першай сусветнай вайны палац быў адноўлены ў 1922 г. архітэктарам Нагурскім. Аднак ліхалецце Другой сусветнай вайны знішчыла палац, толькі яго паркавае асяроддзе служыць сёння месцам адпачынку.
У архітэктуры будынка прасочваецца імкненне ўладароў Радзівілаў сцвердзіць сваё старажытнае паходжанне, рэпрэзентаваць яго сродкамі архітэктуры. У будынку без цяжкасцей угадваюцца формы і стыль Нясвіжскага замка. Асацыяцыі са старажытным магнацкім замкам выклікалі такія ж па форме высокая гранёная вежа-дамінанта з фігурным барочным купалам, парадная ўваходная арка, пластычныя мансардныя дахі пабудаваных «глаголем» карпусоў. Характэрная для мастацкай эпохі інтэрпрэтацыя інтэр'ера на модны «англійскі густ» (гатычны). Сярэдневяковую суровасць апартаментаў падкрэслівалі шматлікія паляўнічыя трафеі, якія ператваралі кабінеты ў своеасаблівую музейную экспазіцыю. Палац быў абкружаны пейзажным паркам, закладзеным у 1885 г. і аснашчаны фантанамі, землянымі валамі, фігуркамі сфінксаў і металічнай каванай уязной брамай. Манькавіцкі парк, як і архітэктура палаца, таксама меў стылёвае адзінства з нясвіжскай княжацкай рэзідэнцыяй. Аднак у адрозненне ад яе замка, упісанага ў штучна створанае ландшафтнае асяроддзе, Манькавіцкі палац надзвычай таленавіта спалучаецца з цудоўным прыродным ландшафтам, эпічным краявідам, які раскрываецца з высокага левага берага ракі Гарыні на зарэчныя бясконцыя пойменныя лугі.
Масалянская сядзіба
Маёнтак Масаляны ў 5000 га (Бераставіцкі р-н Гарадзенскай вобл.) калісьці быў маёмасцю князёў Масальскіх, ад прозвішча якіх бярэ сваю назву сучасная вёска Масаляны. У першай палове XIX ст. ён належаў Юзафу Біспінгу. Дзве яго дачкі, якія не мелі дзяцей, каля 1850 г. перадалі родавы маёнтак свайму траюраднаму пляменніку Аляксандру Біспінгу разам з капіталам у 100 000 рублёў золатам. Род Біспінгаў паходзіў з Вестфаліі, дзе меў замак «Хаўс Біспінг», спалены ў 1651 г. У Вялікім Княстве Літоўскім яны абаснаваліся ў пачатку XVII ст. Фундатарам Масалянскай ардынацыі быў Юзаф Біспінг — палкоўнік войска княства Варшаўскага, вядомы сваім разгульным ладам жыцця і хвацкімі паляваннямі, нарадзіўшымі сярод мясцовага насельніцтва прымаўку «сабакі Біспінга заелі».
Першы ўладальнік масалянскага маёнтка Аляксандар Біспінг (нар. 1844) пасля паўстання 1863 г. памёр у Пецярбургу бяздзетным. Затым ардынацыю атрымаў у спадчыну яго старэйшы брат Ян (1842–1892), а за ім яго брат Юзаф Біспінг (1845–1897), сын якога Ян (1880–1940) быў апошнім уладальнікам масалянскага маёнтка.
Палац у стылі класіцызму пабудаваны па праекту дойліда Аляксандра Градзецкага. У архітэктуры помніка прысутнічалі элементы рэтраспектыўнай готыкі, якая ўваходзіла ў моду ў 1830-ыя гг. Аднапавярховы будынак складаўся з трох частак: простакутнага ў плане галоўнага корпуса і бакавых крылаў з карынфскай каланадай. Два перпендыкулярныя крылы стваралі тыльны курданёр. Франтальны фасад галоўнага сямівосевага корпуса меў у цэнтры паўкруглую каланаду. Восем гранёных слупоў, завершаных карынфскімі капітэлямі, падтрымлівалі гірляндавы фрыз з зубчатым парапетам. Над дахам каланады ўзнімалася
Палац стаяў на ўзгорку сярод парка і галоўным фасадам быў звернуты да вялізнай сажалкі. За ім у атачэнні таполяў узвышалася неагатычная капліца з мармуровай мемарыяльнай табліцай, прысвечанай памяці Наталлі Біспінг Кіцкай. Паміж домам і сажалкай пралягала шырокая дубова-кляновая ўязная алея, якая даходзіла да брамы, складзенай з дзвюх высокіх калон, завершаных вазамі. Ад акруглага порціка адыходзіла вузкая сцежка, якая перасякала вялізны газон і падводзіла да сажалкі. Перад бакавымі крыламі дома знаходзіліся два рэгулярна спланаваныя сады, абмежаваныя жалезнай агароджай і стрыжанымі кустамі. Звонку агароджы па вуглах стаялі выбітыя з вапняку сфінксы. Дом абкружалі газоны з клумбамі, рабаткамі і нізкастрыжанымі кустовымі агароджамі. Асноўная частка парку цягнулася ад тылу дома ў паўднёва-заходнім кірунку і пачыналася доўгімі, прамянёвымі грабавымі алеямі. Адну з іх закончвала мураваная скульптура першага ўладальніка Масалян Аляксандра Біспінга. На сярэдзіне алеі, накіраванай ад ганка на поўнач, знаходзіўся масток праз сажалку, а за ім скульптура святога Яна Непамука. Каля дома раслі дрэвы розных парод: бяроза, сасна, каштан, елка. На ўскраіне парку стаялі гаспадарчыя будынкі, з якіх заслугоўвае ўвагі чатырохпакаёвы флігель у духе правінцыяльнай класічнай сядзібы з калонным ганкам.
Моладаўская сядзіба
Гісторыя вёскі Моладава (Іванаўскі р-н Берасцейскай вобл.) непарыўна звязана з рэшткамі буйнога палацава-паркавага ансамбля, што захаваўся на паўднёвай ускраіне вясковай забудовы. Спрадвеку Моладава — радавое гняздо знакамітага беларускага роду Войнаў. Дачка апошняга з іх, маршалка пінскага Мацея Войны, Элеанора ў 1692 г. выйшла замуж за Казіміра Агінскага, і маёнтак перайшоў да новага славутага роду. У 1792 г. маёнтак за 468 000 злотых выкупіў маршалак берасцейскі і пінскі граф Шыман Скірмунт (1747–1835), пры якім у 1798 г. і ўзнікла гэта парадная рэзідэнцыя. Ансамбль быў спланаваны і збудаваны паводле праекта архітэктара Гроса ў стылі класіцызму. Пасля Шымана сядзіба перайшла да яго сына Аляксандра Скірмунта (1798–1870), які пабудаваў у Моладаве невялікі цукровы завод (згрэў у 1835 г.). З 1908 г. у сядзібе месцілася сельскагаспадарчая школа. Утульны архітэктурна-ландшафтны асяродак існаваў да 1939 г., калі быў зруйнаваны ў выніку ваенных дзеянняў: партызанскі атрад Г.Сіткаўца акружыў сядзібу графа Скірмунта, у якой знаходзілася вялікая група паліцэйскіх, асаднікаў і польскіх афіцэраў. Пасланага з ультыматумам аб здачы парламенцёра А. Дзямковіча абаронцы закатавалі. Маёнтак быў узяты штурмам, а яго ўладальнік — пасол польскага ўрада ў Англіі Р. Скірмунт — расстраляны. Гэтая ваенная акалічнасць, а потым 1943 г. загубілі і маўклівыя, звыклыя да чалавечай бойкі муры палаца, архітэктурныя формы якога былі закліканы ўвасабляць прынцыпы антычнай дэмакратыі.
Архітэктурна-паркавае атачэнне графскай рэзідэнцыі фармавалася вакол мураванага палаца. Яго аднапавярховы, працяглы па фронту будынак быў узняты на паўпадвальны паверх і ззяў белакаменнымі фасадамі, прыкрытымі ад непагадзі высокім гонтавым дахам. Тры класічныя, сіметрычна размешчаныя порцікі дарычнага ордэра стваралі палацавы выгляд будынка. Цэнтральны з іх урачыста і гасцінна запрашаў наведвальнікаў, якія па пакатых пандусах у конным экіпажы ці пешшу пад'язджалі да яго. Такая ж строгая і ўрачыстая архітэктурная класіка афармляла тыльны фасад. Яго бакавыя порцікі былі звернуты да пейзажнага паркавага асяроддзя з сістэмай сажалак, пратокаў, каналаў з маляўнічымі масткамі. Для стварэння на Палессі «антычных Афін» з архітэктурнай класікі старажытнасці было прыцягнута ўсё, на што аказаліся здольныя правінцыйны арыстакрат і мясцовыя муляры: расшыўка сцен гарызантальным рустам, завяршальны магутны антаблемент з фрызам з трыгліфаў і дэнтыкул, аздабленне высокіх вокнаў франтончыкамі і гірляндамі. Парадная бальная зала палаца гранёным рызалітам выходзіла ў парк, каб большай колькасцю вокнаў пашырыць яго агляд. Інтэр'ер упрыгожвалі фамільныя партрэты пэндзля славутага мастака В. Ваньковіча.