Сутарэнні Ромула
Шрифт:
Пачуўся грукат, нешта павалілася, разбілася, пакацілася… Ася нават трохі адарвалася ад пошукаў, каб азірнуцца: Вячка, не цырымонячыся, расчышчаў падлогу ад непатрэбшчыны, падфутбольваў, пхаў…
– Падобна, тут каналізацыя блізка праходзіць… Як пісаў Максім Гарэцкі пра няздольнасць тубыльцаў пакласці праз гной кладку, так і цяпер актуальна… Свінні…
Ася ліхаманкава абмацвала кожную пліту падлогі, на якіх калісьці стаялі на каленях вернікі. Ва ўяўленні яна проста бачыла, як на яве, патрэбную выбоіну… Госпадзе, ну падкажы! Ну скіруй, куды належыць!
Наперадзе, у куце, пачуўся ціхі шоргат. Вячка быў у другім баку, таму ясна, што шаргаталі самыя натуральныя
Ага, зараз яна спалохаецца пацукоў, завішчыць, усё кіне, збочыць… Размарыліся! – злосна адказала Ася ў думках невядомаму апаненту і рушыла наперад, рассоўваючы бруд дошкай, прыстасаванай замест шуфліка…
Зноў нешта валяецца наперадзе… Куча смецця, шыны… Нешта ў гэтым завале паварушылася…
Ася на нягнуткіх нагах наблізілася. Кроў запульсавала ў скронях…
Адна з каменных плітаў у самым куце была ссунута, там зеўрала акуратная простакутная прорва, а на яе краі ляжаў…
З чалавекам падабенства было аддаленае – істота спрэс у гліне і глеі, у мокрых лахманах, і смярдзіць нялітасціва… Хто гэта – Асі не трэба было здагадвацца, бо сусвет звузіўся да маленькай кропкі… Дзяўчына ўпала на калені, спрабуючы перавярнуць цяжкое цела. Здаецца, нешта крычала. Твар аднойдзенага быў увесь у гразі, у прыцемку сутарэння – проста чорны…
Жывы? Ён жывы? Анёлы Божыя, зрабіце так, каб ён быў жывы! Ася гладзіла упэцканае аблічча, адціраючы бруд, вызваляючы знаёмыя рысы, спрабавала расчуць, ці б’ецца сэрца, прыкладаючыся да грудзей, але ўвушшу толькі шалёна шумела яе ўласная кроў.
Зрабілася светла – нехта скіроўваў сюды промні адразу некалькіх ліхтарыкаў. Раптам на брудным да непазнавальнасці твары расплюшчыліся такія знаёмыя шэрыя вочы.
– Даніла Раманавіч, як вы? – нехта з археолагаў, якія паспелі сюды спусціцца, вядома, не мог прыдумаць больш разумнага пытання.
А хрыплы, глухі голас прыхадня з таго свету прамовіў амаль мройна.
– Ну што вам адказаць, калега… Жэ не манж па амаль сіс жур, як сцвярджаў Кіса Вараб’янінаў.
І дадаў з адценнем фірмовай графскай фанабэрыі:
– А ўласна кажучы, з чаго б то столькі панікі?
Пасля некаторага анямення вакол загулі галасы, замітусіліся людзі, пачалі назвоньваць мабільнікі наконт хуткай дапамогі і матэрыялізоўвацца тэрмасы з гарбатай і нечым яшчэ, што, як вынікала з кароткіх энергічных дыскусіяў, можна спажыць пасля доўгай галадоўкі. А Арсенія, як шалёная, заліваючыся слязьмі, быццам кандовая гераіня мыльнай оперы, цалавала свайго мужчыну, які адмыслова дзеля яе вярнуўся з Аіду, які дзеля яе прабіўся скрозь каменні, зямлю і ваду, неверагодна бруднага, смярдзючага, згаладалага, зняможанага і каханага.
* * *
– Калі пасыпаліся каменні са столі, раздумваць асабліва не было як. Тут толькі па-звярынаму, інстынкты ды цягліцы… У мяне ў руках быў кубак, злева знаходзіліся каменныя дзверы… Там не круціць трэба, а добра націснуць. Ну і… націснуў, мабыць, як след. Старажытныя механізмы, яны ж на стагоддзі разлічаныя, не тое, што сёння: кніга максімум праз семдзесят гадоў спарахнее, мэбля з ДСП – праз паўстагоддзя рассыпецца, замкі кітайскія з металёвага прэсаванага друзу кожны год мяняй… А тут каменная пліта раз, і сама ўбок пайшла. Як у ліфце. Толькі выскачыў у падземны ход, за маёй спінай усё і абвалілася… І, галоўнае, пліта тая
Корб-Варановіч ляжаў на бальнічным ложку, у бэжавым махровым халаце, прывезеным Асяй з ягонай кватэры, ад левай рукі цягнулася празрыстая таненькая трубачка да кропельніцы, у правай руцэ быў свойскі ж парцалянавы кубак, распісаны японскімі іерогліфамі, у кубку выпраменьваў вохкую пару прынесены Асяй курыны булён, Ася ў казённым белым халаціку сядзела побач, на зэдліку… І выгляд у графа быў такі самазадаволены і элеганцкі, нібыта ён у графскім сваім палацы літасціва прымаў просьбітаў. Нават абсунуўся не асабліва, толькі што здрапаны ўвесь ды ў сіняках, рукі збітыя зусім. Але ні пераломаў, ні сур’ёзных ран, толькі знясільванне. І драпіна на рэбрах зацягнулася. Ася шчасліва ўсхліпнула. І як добра, што ў палаце другі ложак пакуль пусты, можна спакойна пагаварыць.
– Бо-ожа, колькі я каменняў перацягаў за гэтыя дні! – працягваў сібарыцкім тонам Корб-Варановіч, папіваючы булён. – На ўсё жыццё нацягаўся. Калі мяне цяпер у якое сутарэнне пасадзіць, як графа Мантэкрыста, на раз падкоп змайстрачу. Толькі б ліхтарык з сабой быў. Без сотавага мне цяжка давялося б. А так хапіла сілкавання амаль да канца, вядома, ашчаджаў, адключаў. Вось улучыў я ліхтарык, агледзеўся… Падземны ход продкі будавалі дыхтоўны. Карэта б не праехала, а вось маленькі вазок – цалкам магчыма. І самае галоўнае – там была вентыляцыя! Падобна, каменная труба, умураваная зверху ў кладку, з адтулінамі праз роўныя прамежкі. Каб не гэты павеў, подых волі, няхай і смярдзючы – дык не ведаю, ці выжыў бы. А так зразумеў, што ёсць шанец. Недзе ж гэтая вентыляцыя выходзіць на паверхню! Цяпер можна здагадацца: памятаеш, у бульбасховішчы па перыметры сценаў круглыя іржавыя краты? І каб уся гэтая раскоша, якую я апісаў, захоўвалася ў тым стане, у якім была пару стагоддзяў таму, я б, можа, хвілінаў праз дзесяць пабачыў неба. Але прабегчыся, як па брукаванцы, не атрымалася…
Корб-Варановіч цяжка ўздыхнуў і пацягнуўся паставіць пусты кубак на тумбачку. Ася перахапіла яго, паставіла сама… А што ж, трэба, каб і цябе, самастойны наш, нехта паабслугоўваў, а то вечна незадаволена фыркае на любую дапамогу.
– Булён сама варыла?
Арсеніі дужа хацелася зманіць, але хіба яму зманіш…
– Не, бабуля…
– Дзякуй Богу. А то я быў падумаў, што перастаў разбірацца ў людзях, і мая нявеста ноччу згатавала сабе чароўнае зелле, выпіла і навучылася гаспадарыць.
Даніла адкінуўся на падушкі, узяў Асіну руку ў сваю і, лёгка пагладжваючы яе пальцамі, працягнуў расповед уцекача з таго свету.
– М-да, дык вось, калі я агледзеўся, мне зрабілася трохі няўтульна, як мядзведзю, які зразумеў, што ў Смаргонскай акадэміі яго стануць вучыць не мёд з вулля даставаць, а на ланцугу таньчыць, ды яшчэ навучанне будзе адбывацца з дапамогай распаленай рашоткі. Звод так абваліўся, што не бачна было праходу… Нават пралазу. Пасля такіх завалаў я сустрэў яшчэ штук восем. Каб пра іх ведаў, можа, не хапіла духу разбіраць і першы. А так – ну што ж, пачаў працярэблівацца, як крот. Тым болей прыпасы выявіліся – у кішэні курткі завалялася ўпакоўка лядзенчыкаў ад кашлю “Холс”. Дзесяць штук. Так што вячэры, сняданкі, абеды былі забяспечаныя на тры дні. Дый зубы можна было не чысціць – мянтолавы пах… Яшчэ бонус – вада. Яе было досыць. Дажджы лілі кожны дзень, і на мяне цякло з усіх расколінаў. Нават шыкоўны посуд меўся: срэбны кубак. Адну палову я выкарыстоўваў як шуфлік, у другую збіраў ваду. Вось так цягаў ды раскопваў, цягаў ды раскопваў.