Сутарэнні Ромула
Шрифт:
У год ад нараджэння Хрыстова 1508 была злашчасная бітва на рацэ Вядроша. Разбілі маскоўцы, якіх было, як… жамяры, войска кароннага гетмана Канстанціна Астрожскага, так што вада ў рацэ чырвоная плыла, і пабралі ў палон усіх шляхціцаў… “заставятьсе не зонехаемо”… Не ведаю, як перакласці… “І пайшлі на гэтую бойку пад штандарам кароннага гетмана бацька мой, Антоні Варановіч, і старэйшы брат мой, Юры Варановіч, “рыцер зацны”… воін магутны, як тур, і бясстрашны, як леў. Бацьку прывезлі верныя слугі параненага. А Юрыя не было сярод палонных, і не было яго сярод тых, каму ўдалося вярнуцца. І прыйшла вестка, што ён мёртвы. Загінуў
А што адбылося насамрэч з братам маім, Юрыем Варановічам, я зараз вам распавяду.”
Цёмна было, як у коміне, каб хто вытнуў, не ведаў бы, з кім сварыцца… Ды яшчэ дождж ліў. Сакавік у гэтым годзе ўвогуле быў халодны, як рыбіна, і дажджлівы, і неба здавалася мокрай анучай, якую дбайная гаспадыня старанна выціскала над зямлёй, замяшанай разам са снегам у агідную калатушу. З-пад капытоў коней выплюхваліся брудныя вадаспады, і хацелася аднаго: у цёплы прытулак.
Але часам цемра і холад падаюцца больш прывабнымі, чым яркае сонечнае святло. Прынамсі для тых, хто хаваецца і ўцякае.
Да Ройнаўскага палацу, які абазначаўся на фоне чорнага неба толькі ледзь бачным, трохі цямнейшым ад неба абрысам высокага даху, упрыгожанага па кутах вежачкамі, у якіх цьмяна свяціліся вакенцы, пад’ехалі намётам двое вершнікаў. Адзін, вышэйшы і больш дужы, падтрымаў меншага, які зусім абсунуўся на спіну зняможанага каня, спешыўся і падышоў да брамы. Твар ягоны быў схаваны нізка насунутым коптурам, толькі відаць было па паставе, што нечаканы госць высокі, магутны, як тур, і не стары. На грукат азваўся суворы голас вартавога, у браме адчынілася закратаванае вакенца, і прыўзняты над агароджай ліхтар, у алеі якога канаў светлай смерцю тоўсты кнот, разагнаў цемру на адну валасіну. З двух бакоў паўзверх агароджы на прыхадняў наставілі рулі крэмневых стрэльбаў, падобныя да жалеек смерці. У Вялікім Княстве – неспрыяльны час для адчыненых брамаў і начных гасцяванняў.
– Перадайце пану Язэпу Варановічу гэты сыкгнет, – уладна пракрычаў вершнік і перакінуў цераз браму скрутак, у якім згаданы прадмет, відаць, і знаходзіўся. – Пабудзіце яго, калі спіць, бо гэта вельмі важна, і ваш пан дужа раззлуецца, калі вы ўчыніце іначай.
За брамай пачуліся галасы і крокі.
Чалавек зноў ускочыў у сядло са звыклай лёгкасцю ваяра і цярпліва пачаў чакаць. Ягоны спадарожнік, таксама шчыльна захутаны ў плашч з коптурам, стуліўся ў сядле, нібыта птушка. Нарэшце загрукалі засовы, брама з тоўстых бярвенняў адчынілася, і двое начных гасцей прыспешылі коней…
Прыслужнікі скіравалі прыхадняў да чорнага ўваходу, як загадаў ім пан, і згодна ягонаму ж загаду разбегліся. Падобна, госці сапраўды прывезлі важныя звесткі, і гэтыя звесткі, гэта жа, як і абліччы гасцей, не прызначаліся для старонніх вушэй і вачэй. У палацы запанавала ціша.
Ля ганку больш высокі госць спешыўся і дапамог сысці з каня другому, літаральна зняў, асцярожна паставіў на ногі, прытуліў да сябе… Дзверы грукнулі, выпусціўшы ў імжу і цемру слабое святло свечкі. Стары лёкай запрашальна махнуў рукой, і двое ўвайшлі. Старэча ў зялёным каптаніку з утэрфіну, не выказваючы ані каліва цікаўнасці, не азіраючыся, ці ідуць за ім госці, ветліва-абыякавы патомны прыслужнік,
– Глядзі, каб пакуль ніхто сюды не набліжаўся, і носу цікаўнага не высоўваў, бо засяку! І сам каб не ўздумаў падслухоўваць, іначай сядзеш на палю. Ты мяне ведаеш, Гаўрыла.
І зайшоў у пакой з таямнічымі прыхаднямі.
Слуга падумаў быў, што госці надта важныя і небяспечныя – бо малады пан, нават сярод ночы пабуджаны, не паленаваўся ўскінуць на сябе саян з узорыстай парчы, відаць, каб выглядаць адмыслова важна, і ўзяў сваю ўлюбёную шаблю, не парадную, а вострую ды надзейную, напітую варожай крывёй.
Але стары зараз жа адагнаў думкі, бо добраму слузе нельга разважаць пра панскія справы, ён мусіць толькі выконваць загады. Тым болей Язэп Варановіч – пан акрутны і гарачы, як кіпень. Таму прыслужнік адышоўся далей да лесвіцы, дзе гарэла ў жалезным абручы паходня, і прытуліўся да сценкі, гатовы прастаяць так хоць да раніцы.
Пакой быў ярка асветлены свечкамі ў двух срэбных кандэлябрах, зробленых у выглядзе аленяў з галінастымі рагамі. Гаспадар стаў перад гасцямі, ганарыста адкінуўшы галаву. Вышэйшы госць зрабіў крок наперад і адкрыў твар, дужа падобны да твара гаспадара, толькі аброслы кароткай светлай бародкай.
– Здароў будзь, браце Язэп!
– І табе вітанне, брат Юры, – змрочна адказаў гаспадар. – Не думаў, што пабачу цябе жывога.
– Не дужа рады ты мяне бачыць, Язэп, – з дакорам прагаварыў госць. — А мы ж пяць гадоў не бачыліся, аж з Кракава. І не забывай – я старэйшы, і гэты палац, і ўвесь маястат мог быць маім…
– І я б слова не сказаў, каб ён быў тваім! – са злой гарачнасцю прагаварыў Язэп Варановіч. – Тады я б не быў братам чалавека, якога бацька пазбавіў спадчыны, а кароль – шляхецкай годнасці!
– Годнасці шляхціца не можа пазбавіць ніхто, ні кароль, ні людскі суд! – з гэткай жа гарачнасцю адказаў госць. – А перад Богам я адкажу – бо я не здрадзіў веры прадзедаў, не звязаўся з папістамі, як ты.
Полымя свечак здрыганулася, другі госць, па ранейшаму захутаны ў плашч, пахіснуўся. Абодва Варановічы маўчалі, такія падобныя, шэравокія, магутныя, намагаючыся ўтаймаваць ятрасць, якая ў абодвух, падобна, была спадчыннай, а двубой між братамі – грэх… Нарэшце малодшы парушыў напружаную, як нацягнутая цеціва, цішу, кіўнуўшы ў бок другога госця:
– Гэта яна?
– Так, гэта Алена, мая вянчаная жонка.
Другі госць зрабіў крок наперад. Тонкія рукі адкінулі коптур. Дзявочы твар дзіўнай прыгажосці быў такі белы, быццам дзяўчына ніколі не бачыла сонца. Чорныя, як бяззорная ноч, доўгія валасы, выгінастыя бровы, вялізныя цёмныя вочы, абкружаныя ценямі, гожы рот з пульхнымі вуснамі…
– Вось дзеля чаго ты загубіў сябе, браце, – горка прамовіў Язэп Варановіч. – Што ж… Прызнаю… Птушка такая рэдка ў сіло трапляецца.
Госця апусціла галаву, і муж зараз жа абняў яе, прытуліў да сябе.