Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Называецца гэты аповед «06 устрашениях и мечтах бесовских в Полотску при князе Всеславе» — відавочны намёк на прыхільнасць Чарадзея да паганства.
Прадоўжыць размову на гэтую тэму, адгарнуўшы невядомыя старонкі Усяславага жыцця і характару, дазваляе дакумент, які беларускі гісторык Марына Ліннікава нядаўна адшукала ў кнігасховішчы Маскоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва старажытных актаў. Знаходку можна назваць сенсацыяй. У рукапісе XVII стагоддзя даследчыца выявіла памылкова пераплецены туды аркуш з іншым тэкстам. Уявіце яе хваляванне, калі ўжо ў першым радку вока сустрэла імя вялікага князя Усяслава Брачыславіча.
Знойдзены тэкст складаецца з некалькіх дастаткова самастойных частак. У адной — «Аб радзе Усяслава» — невядомы аўтар апавядае пра дзівосную праяву ў месяцы, убачыўшы якую
Другая гісторыя называецца «Аб закалоце Вадзілы». Там ідзе гаворка пра змову супроць Усяслава, што ўзнікла ў Полацку ў час эпідэміі чумы. На чале змоўшчыкаў стаў баярын Вадзіл, які ўзяўся вяртаць старыя звычаі — «слугаванне балванам ды бесаванне. I знепакоіў народ, манячы і гаворачы: «Усяслаў маладзён неразумны, і праклён багоў нашых на ім назаўсёды, бо верыць у таго раскрыжаванага…» I ўзброіў народ гарадскі і загнаў яго ў дворышча княскае. Вараг жа Эсцін з малым войскам лікам 99 адзін застаўся верны, і зачыніўся ў доме ягоным і пачаў бараніцца моцна… I не здолеў той Вадзіл іх запалоніць і стаяў тры дні. А на чацвёрты дзень загадаў запаленыя стрэлы кідаць, і падпаліў дом Усяславаў. I была моцная гарачыня, ад якой пагінула тшмат. Усяслаў жа Брачыславіч нейкім валхваваннем той агонь дажджом патушыў»… Урэшце князева дружына перамагла, сам Чарадзей параніў Вадзіла і захапіў яго ў палон. Дванаццаці ўдзельнікам закалоту сцялі на торжышчы галовы. Іх жа правадыра Усяслаў «загадаў у кайданы жалезныя закаваць па руках і нагах ды пакласці драўлянае ярмо на шыю, ды прысудзіў яму вочы рваць і паходнямі паліць да смерці».
Завяршаецца гэты напоўнены трагічнымі падзеямі змрочны тэкст фрагментам «Аб прамудрасці»: «Калі ж прайшоў адзін год, быў Усяславу ўначы цяжкі сон. Бачыў ён тройчы дзеву-ваярку ў чорным воблаку, асветленую бліскавіцамі, са святым крыжам у правай руцэ. А потым перамянілася хмара і з’явіўся храм, і дзева ўвайшла туды і зачынілася».
Каб чытач адчуў «водар» арыгіналу, сказ, на якім абрываецца рукапіс, пададзім без перакладу: «И глас бысть страшен зело: «Се Софея, сиречь Премудрость…»»
Пакуль ворагі скрыгаталі зубамі і выкрывалі будаўніка Сафіі ў бязбожнасці, крывіцкая зямля дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Абшарам Полацкае княства было роўнае такім тагачасным еўрапейскім дзяржавам, як герцагства Баварскае ці каралеўства Партугальскае. Апроч сталіцы яно налічвала васемнаццаць гарадоў: Віцебск, Браслаў, Заслаўе, Усвят, Копысь, Менск, Орша, Лукомль, Лагойск, Друцк, Галацічаск, Барысаў, Стрэжаў, Некалач, Емянец, Одрск, Гарадзец і Крывіч-горад, які потым будзе называцца Вільняй. Улада Полацка пашыралася на ніжняе Падзвінне да самага Балтыйскага, або, як яго тады называлі, Варажскага мора. На землях, дзе жылі продкі сучасных латышоў стаялі гарады Герцыка і Куканос, якімі кіравалі полацкія васалы. Такім чынам, Полацкае княства мела выйсце да мора, ці, іначай кажучы, было марской дзяржавай.
Унутраны запас стваральнай энергіі (вядомы гісторык і этнолаг Леў Гумілёў называе яе пасіянарнасцю) Полацкай дзяржавы быў настолькі магутны, што за адно XI стагоддзе яна дасягнула сваёй велічы: незалежная палітыка, ваенныя перамогі, эканамічны ўздым, высокі ўзлёт мастацтва… Усе спробы інкарпараваць княства ў склад Кіеўскай Русі заканчваліся правалам — і пры Уладзіміры, і пры яго нашчадках. Асобнае месца незалежнай Полацкай зямлі ва ўсходнееўрапейскай геапалітыцы сталася невырашальнай праблемаю для ўсіх «класічных» расійскіх гісторыкаў — ад Тацішчава да сучасных. Наша першая дзяржава ўпарта не клалася ў схему «адзінай старажытнай Русі», таму і ў падручніках, і ў манаграфіях на гэтую тэму Полацкае княства прыгадвалі
Камусьці здаецца, што ўсё роўна гэта былі задворкі Еўропы. А вось візантыйскія імператары Камніны лічылі іначай. Як мяркуюць некаторыя гісторыкі, адзін з Камнінаў, Аляксей I, маючы вялікі выбар, узяў шлюб з Усяслававай дачкою. Сваяцтва дому Рагвалодавічаў з візантыйскай дынастыяй мела, як мы ўбачым, далёкія палітычныя і культурныя вынікі.
Акрэсліўшы межы княства, падплывём Дзвіною да яго сталіцы.
3 адносна невялікіх гарадзішча і селішча Полацк ператварыўся ў буйны горад, дзе жыло блізу дзесяці тысяч чалавек. На дзядзінцы каля Сафійскага сабора падняўся княжы двор: высокі драўляны хорам на два паверхі з шырокай галерэяй-сенямі, са святліцамі і пачывальнямі, з палатай, у якой магло сесці за сталы не меней за сотню гасцей. Вакол хорама вольна стаялі дамы баяраў і купцоў, будаваліся новыя храмы. (Полацк — адзін з сямі гарадоў Усходняй Еўропы, у якіх вядома дзесяць і болей помнікаў дойлідства XI–XII стагоддзяў). Гэтае высокае месца ў сутоку Дзвіны і Палаты пазней назавуць Верхнім замкам.
Тут жыла і дружына — галоўнае апірышча валадара. У вялікія паходы разам з дружынаю ішло народнае рушэнне (апалчэнне). Дзеля вайсковых патрэбаў князь трымаў запасы зброі і конскія табуны. Некалі кіеўскі Святаслаў меў тры тысячы кабыл і тысячу жарабцоў. Колькі коней білі капытамі ва Усяслававых стайнях, невядома, але лік, безумоўна, ішоў на сотні.
Дзядзінец з усіх бакоў абаранялі рэкі і роў. Адна брама выводзіла адсюль на мост праз Палату, другая — у Вялікі пасад, за якім пачыналіся старадаўнія курганныя могілкі. Рамесны люд сяліўся пераважна на пасадах — Вялікім і Запалоцкім. Археолагі мяркуюць, што ўжо ў часы Усяслава вакол Запалоцця ішоў роў і дубальтовая сцяна-тын.
Палачане жылі ў хатах з адсечанага ў лесе адразу па мерцы хваёвага (радзей яловага) бярвення. Плошчаю тыя будынкі былі трохі меншыя за нашы сучасныя кватэры — ад 12 да 25 квадратных метраў. Зруб стаяў на драўляных падкладах і часам меў прызбу. Падлогу рабілі з дошак. Палілі ў хаце па-чорнаму. Хлявы часта пераўзыходзілі памерамі чалавечае жытло. Пабудовы стаялі вельмі шчыльна, маленькія падворкі раздзяляліся адзін ад другога агароджаю з забітага ў зямлю колля. Вуліцы масцілі бёрнамі і драўлянымі плахамі. Сям-там трапляліся лазні: продкі таксама ўмелі цаніць асалоду ад распаранага бярозавага ці дубовага веніка.
Ад кожнае эпохі на зямлі, дзе жыве чалавек, застаецца свой слой, які археолагі называюць культурным. Слаі розных стагоддзяў маюць розную таўшчыню і розняцца колерам, захоўваюць адметныя рэчы. Гэты своеасаблівы летапіс нярэдка апавядае пра жыццё продкаў больш і цікавей за летапіс сапраўдны. Таўшчыня такога «фаліянту» на Верхнім замку дасягае шасці метраў а пра тое, што там знойдзена, напісаныя дзесяткі кніг.
Археолагі падлічылі, што ў горадзе жылі майстры больш як шасцідзесяці спецыяльнасцей. Ганчары, бондары, шаўцы, краўцы, замочнікі, ткачы, меднікі, гарбары, кажамякі… Агароднікі будавалі гарадскія сцены, ладзейнікі — ладдзі і стругі. Жарнасекі выштукоўвалі з каменю жорны, з пясчаніку — вастрыльныя брускі, з мяккіх пародаў — абразкі ды крыжыкі. Касцярэзы рабілі грабяні, накладкі да калчанаў-тулаў, гузікі, шахматныя фігуркі. У разьбяроў вельмі цаніліся маржовыя іклы — так званы рыбін зуб. Князі дарылі яго адзін аднаму нароўні з конямі, сабалямі ды шкурамі барсаў і белых ваўкоў.
Далёка славіліся полацкія ювеліры. Былі сярод іх чаканшчыкі, якія маглі акаваць турыны рог срэбрам і выбіць на ім ратнікаў, што змагаюцца з закутымі ў панцыры пачварамі. Былі спецыялісты па скані, чэрні, эмалі і зерні. На жаночую падвеску-колт памерам з пазногаць майстар мог налітаваць 325 металёвых зёрнаў. Ювелірныя майстэрні забяспечвалі прыгажуняў аздобаю — бранзалетамі, пярсцёнкамі, скроневымі кольцамі. Папулярным упрыгожаннем былі лунніцы (падвескі ў выглядзе месяца). Простыя гараджанкі любілі насіць шкляныя бранзалеты — сінія, блакітныя, чорныя, зялёныя. Князёўны перад вяселлем замаўлялі залатыя колты з эмалямі, на якіх сядзелі на дрэве два паўліны — сімвал маладой пары. Дачка рамесніка цешылася просценькімі падвескамі. Пакладзе дзяўчо паміж дзвюма пластачкамі ўпрыгожання змочаны пахкім алеем кавалачак тканіны, і ніякай іншай парфумы ёй не трэба.