Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Яна не сканчвала універсітэтаў. Па-першае, жанчын у сярэднявечныя універсітэты не прымалі. Па-другое, калі Прадслава нарадзілася, у Еўропе, здаецца, была ўсяго адна альмаматэр — у Балонні. У Парыжы і Оксфардзе яны адчыняцца пазней.
Еўфрасінніным універсітэтам была тагачасная літаратура.
Сярод кніг, якія перакладалі і перапісвалі, прыехаўшы на ўсход славянства, візантыйскія святары ды іх мясцовыя паслядоўнікі, большасць складалі, вядома, царкоўныя творы. Але ў княжыя палацы і ў манастыры траплялі таксама хронікі, гістарычныя аповесці, прыродазнаўчыя трактаты.
Маладая манашка змагла цалкам аддацца кнігам. Апрача Бібліі яна чытала творы рымскіх і візантыйскіх
Полацкая зямля прыняла хрысціянства да яго афіцыйнага падзелу на заходнюю і ўсходнюю плыні, які адбыўся ў 1054 годзе. Хрысціўшыся паводле грэцкага абраду, нашы продкі не адчувалі варожасці і да вернікаў-лацінцаў. У часы Еўфрасінні ў Полацкім княстве пашыраліся жыціі рымскіх святых. Асаблівую папулярнасць з іх меў жыццяпіс Аляксея, чалавека Божага. «Родам рымлянін» быў адзін з першых беларускіх святых Меркур Смаленскі. Высакародны дух павагі да людзей іншае веры палачане захаваюць на працягу стагоддзяў.
Кожны адукаваны чалавек эпохі мусіў ведаць гісторыю свайго народа. Еўфрасіння вывучала Нестараву «Аповесць мінулых гадоў», візантыйскія летапісы. «Хроніка» Георгія Амартола, напрыклад, пачыналася ад стварэння свету, выкладала гісторыю вавілонскіх і персідскіх цароў, апавядала пра рымскіх і канстанцінопальскіх імператараў. Яе дапаўняла напісаная займальна і немудрагеліста «Хроніка» Іаана Малалы. Яна знаёміла з антычнымі міфамі і падзеямі Траянскай вайны, з жыццяпісамі Ромула і Рэма. Гэтую кнігу можна назваць тагачасным бестселерам, які ахвотна бралі ў рукі і свецкія, і духоўныя асобы. На старонках хронік змяшчаліся мініяцюры з сусветнай гісторыі — «Вывяржэнне Везувія», «Разбурэнне рымлянамі Ерусаліма»…
Еўфрасіння чытала так званыя «Шасцідзёны». Яны тлумачылі біблійны аповед, як за шэсць дзён (адсюль назва) Бог стварыў неба, зямлю, свяцілы, расліны, жывых істот і чалавека. «Шасцідзёны» былі зводамі ўсіх вядомых візантыйскай навуцы звестак пра жывую і нежывую прыроду. Навуковы характар мела і кніга «Фізіялог». Тут гаворка ішла пераважна пра жывыя стварэнні, сярод якіх побач з добра знаёмымі чытачу звярамі і птушкамі сустракаліся даволі рэдкія ў Прыдзвінні кентаўры і сірэны або неўміручая птушка Фенікс. «Фізіялог» апавядаў пра звычкі нейкай істоты і даваў іх сімвалічнае тлумачэнне, абавязкова звязанае з хрысціянскім светапоглядам. Еўфрасіння магла, напрыклад, даведацца, што львіца нараджае нежывое дзіцянё, а потым, праз тры дні, бацька, дыхнуўшы на львяня, ажыўляе яго (намёк на ўваскрэсенне Хрыста).
Зямля ў тыя часы была плоская, над ёю падымалася складзенае з вады нябеснае скляпенне. Над гэтым небам існавала яшчэ адно — нябачнае, дзе адмысловыя анёлы кіравалі рухам свяцілаў. Такую карціну светабудовы прапаноўвала «Хрысціянская тапаграфія» Касмы Індыкаплова. Не трэба паблажліва ўсміхацца. Побач з уяўленнямі, што здаюцца нам наіўнымі, тыя кнігі сцвярджалі ідэі, да глыбокага разумення якіх некаторыя з нас, магчыма, яшчэ не дараслі. Чалавека яны
Да рук князёўны-манашкі траплялі трактаты, што пярэчылі афіцыйным багаслоўскім поглядам. Візантыйскі філосаф і пісьменнік Міхаіл Псел высмейваў веру ў дзівосы, даводзіў што кожная з’ява прыроды мае натуральную прычыну. Яго вучань Іаан Італ лічыў матэрыю вечнай і сумняваўся ў пасмяротным існаванні душы. На загад, магчыма, жанатага з цёткаю Еўфрасінні візантыйскага імператара Аляксея Камніна вучэнне гэтага філосафа аддаў анафеме царкоўны сабор. Полацкая кніжніца магла чытаць таксама працы Арыстоцеля і Платона, знаўцам якіх быў яе сучаснік, а можа, і знаёмы, пісьменнік і царкоўны дзеяч Клімент Смаляціч.
Пражыўшы колькі гадоў у манастырскай слабодцы, князёўна — каб быць бліжэй да бібліятэкі — папрасіла ў полацкага епіскапа Іллі дазволу пасяліцца ў Сафійскім саборы. Там, у келлі-галубніцы, як паведамляе «Жыціе», яна «нача книгы писати своими руками».
Працэс пісьма быў тады надзвычай складаны і марудны. Пісалі на пергамене ўставам — буйным і прамым, без нахілу, почыркам, у якім кожная літара аддзялялася ад суседняй. (Злітнае пісьмо з’явіцца толькі ў XV стагоддзі.) Каб тэкст хутчэй высыхаў, яго прысыпалі пяском. Атрамант рабілі з адмысловых гарэхаў, з адвару дубовай ці альховай кары, з жалезнай іржы, вішнёвага клею. Перапісчыку мала добра ведаць грамату — неабходна мець мастацкія здольнасці, бо пачатковыя літары і загалоўкі раздзелаў трэба аздабляць жывёльным ці раслінным арнаментам.
На маю думку, лепей за ўсіх гісторыкаў сказаў пра беларускіх майстроў гэтага мастацтва Максім Багдановіч:
На чыстым аркушу, прад вузенькім вакном, Прыгожа літары выводзіць ён пяром, Устаўляючы паміж іх чорнымі радамі Чырвоную страку; усякімі цвятамі, Рознакалёрнымі галоўкамі звяроў І птах нявіданных, спляценнем завіткоў Ён пакрашае скрозь — даволі ёсць знароўкі — Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі, I загалоўкі ўсе, — няма куды спяшыць! Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць Пяро гусінае, і гляне: светла сонца Стаўпамі падае праз вузкае ваконца І круціцца ў іх прыгожы, лёгкі пыл, Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл…Дадам да паэтавых слоў хіба адно: гэта была нялёгкая фізічная праца, і ёю займаліся толькі мужчыны. Перапісчык часта пісаў не на стале, а на далоні левай рукі, якую ўпіраў локцем у калена. I так — доўгія гадзіны, напружваючы зрок, не дазваляючы руцэ здрыгануцца. Ужо тое, што за такую цяжкую справу ўзялася маладая жанчына, было подзвігам.
Праца перапісчыкаў цанілася настолькі высока, што царква абяцала ім адпушчэнне шмат якіх грахоў. Існуе паданне, як адна-адзіная кніга, а дакладней — адна літара з яе, выратавала манаха ад вечных пакутаў у пекле. Манах быў нібыта заўзяты грэшнік і на Божым судзе ні на што добрае не спадзяваўся. I вось, калі анёлы падлічылі перапісаныя чарнарызцам літары і ўчыненыя ім грахі, літар — о дзіва! — аказалася на адну болей, і шчаслівая душа ўзляцела ў рай.