Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Таямніцы полацкай гісторыі

Орлов Владимир Алексеевич

Шрифт:

Полацкі Барысаў камень — не адзіны. Некалькі валуноў з пісьмёнамі захаваліся ў розных месцах былога Полацкага княства. У мінулым стагоддзі іх было блізу дзесятка, але адны ўзарвалі, другія звезлі. Той, што ляжаў пры левым беразе Дзвіны каля яе сутоку з рэчкай Павянушкай і меў надпіс «Сулиборь хрьст», у 1879 годзе адправілі ў археалагічны музей у Маскву.

У томе III «Живописной России» (Санкт-Пецярбург, 1882 г.) чытаем: «За пяць вёрстаў ад павятовага горада Дзісны, паблізу вёскі Накоўнікі, у Дзвіне, на сярэдзіне ракі, ляжыць шэрага колеру гранітны валун даўжынёю 5 з паловаю сажняў вышынёю 2,3 сажня і ў акружнасці 14 сажняў. На ім высечаны крыж, па баках якога — надпіс: «Господи помози рабу Твоему Борису»… За дзве вярсты

ад яго амаль на сярэдзіне дзвінскага рэчышча ляжыць таксама Барысаў камень, памерамі буйнейшы за ўсе іншыя. Вышыня ягоная ад дна 3,5 сажня, даўжыня 5,5 сажня, акружнасць каля 24 сажняў. На пляскатай паверхні яго высечаны шасціканцовы крыж, па абодва бакі надпіс»…

Думкі гісторыкаў пра паходжанне Барысавых камянёў разыходзяцца. Ёсць меркаванне, што да прыняцця хрысціянства валуны былі паганскімі святынямі, і, высякаючы крыжы, полацкі валадар змагаўся супроць старой веры, а адначасна і ўвекавечваў сваё імя. Акадэмік Б. Рыбакоў звязвае з’яўленне князевых просьбаў аб Божай дапамозе са страшэнным голадам 1127 - 1128 гадоў, калі снег ляжаў да траўня, мароз пабіў азіміну, людзі елі мох ды салому і ў суседнім з Полацкам Ноўгарадзе бацькі, каб уратаваць дзяцей ад галоднае смерці, задарма аддавалі іх у рабства.

Мікола Ермаловіч лічыць, што камяні — памяткі вайсковых дзеянняў полацкага князя, які напярэдадні паходаў прасіў ва Усявышняга перамогі. У 1102 годзе Бог паспрыяў яму разбіць яцвягаў, а праз чатыры гады, у паходзе на балцкае племя зямгалаў адвярнуўся ад палачанаў: «Победиша зимегалы Всеславича, всю братью і дружины убиша девять тысяч».

Старэйшы Чарадзееў сын памёр у 1128 годзе. Яго пахавалі ў Барысаглебаўскай царкве ў Бельчыцах. На тых, хто праводзіў Усяславіча ў апошні шлях, пазіралі з цудоўных фрэсак святыя Барыс і Глеб. Размалёўкамі гэтага храма вучоныя захапляліся яшчэ ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя. Тады ў Бельчыцах, там, дзе ў сённяшнім Полацку завулак Юбілейны, стаялі сцены або падмуркі чатырох старажытных храмаў. Адзін з іх вельмі нагадваў цэрквы, што будавалі ў раннім сярэднявеччы ў Сербіі ды ў Балгарыі, а таксама ў Афонскім манастыры ў Грэцыі. Пастановаю Полацкага гарсавета комплекс Барысаглебаўскага манастыра ўзарвалі. Уладзе патрэбны быў матэрыял «строить новую жизнь». Разам з архітэктурнымі помнікамі і фрэскамі загінулі пахаванні Рагвалодавічаў у сутарэннях Пятніцкай царквы.

Летапісы не забываюць і астатніх сыноў Чарадзея.

Вядома, што Давыд Усяславіч у 1103 годзе хадзіў з паўднёварускімі князямі на полаўцаў.

У Менску сядзеў князь Глеб, наймацнейшая, здаецца, асоба ў тым пакаленні полацкай дынастыі. Ён, як і Усяслаў, мусіў ваяваць з Уладзімірам Манамахам. Змаганне скончылася для Полацка няўдала. У 1119 годзе Глеб трапіў у кіеўскі поруб, дзе некалі сядзеў у кайданах разам з бацькам. Гісторыя паўтарылася не да канца: паўстанне не вызваліла вязня, вярнуцца на Бацькаўшчыну яму не лёсіла. Калісьці Глеб пабудаваў у Кіева-Пячорскім манастыры трапезную і ахвяраваў манахам 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата. Чарнарызцы маліліся за князя, аднак ён падазрона хутка, не праседзеўшы ў порубе і года, сканаў.

Нягледзячы на расправу з менскім гаспадаром, Усяславічы і далей вялі сваю, незалежную ад Кіева палітыку. Як занатавана ў летапісе, «несупынна варагуюць паміж сабою ўнучаты Ізяслава і Яраслава, і меч трымаюць голы, да вайны гатовы».

1127 год адзначаны ў нашай гісторыі вялікім паходам на крывіцкую дзяржаву. Кіеўскі князь з хаўруснікамі наступалі адначасова з чатырох бакоў. Да сталіцы іх войска, праўда, не дайшло — задаволіліся Лагойскам і Заслаўем ды прызнаннем палачанамі вяршэнства Кіева.

Падуладнасць Полацка доўжылася да наступнага года, пакуль вялікі кіеўскі князь Мсціслаў не прыслаў крывічам загаду ісці ў паход на полаўцаў. Усяславічы не проста адмовіліся, а яшчэ і пакпілі з Мсціслава:

«Ты с Боняком Шелудяком (зняважлівая мянушка палавецкага хана) здравствуйте оба и управляйтесь сами, а мы имеем дома что делать». Кіеўскі гаспадар «вельми оскорбяся» і адразу пасля вайны з качэўнікамі кінуў супроць нашчадкаў Чарадзея дружыны ўсіх паўднёварускіх земляў. Пяцярых полацкіх князёў ворагам удалося захапіць у палон і завезці ў Кіеў. Пасля паказальнага суда іх з жонкамі і дзецьмі адправілі ў Візантыю. Тады і нарадзілася беларуская прымаўка «Мсціслаў не аднаго сціснуў».

Візантыйскі кесар Іаан, да якога ў 1129 годзе прыбылі выгнаннікі, даводзіўся Рагвалодавічам сваяком, таму высылка была ганаровая. Крывіцкія князі не марнелі ў турмах, а займаліся звыклаю справай. Кесар паслаў іх на вайну з сарацынамі (арабамі), дзе палачане хутка вызначыліся вайсковым майстэрствам і атрымалі ўзнагароды.

Некаторыя сучасныя аўтары, спасылаючыся на неназваныя, на жаль, візантыйскія крыніцы, падаюць непасрэдна звязаную з высылкаю Рагвалодавічаў найцікавейшую гісторыю.

Калі ёй верыць, разам са сваякамі ў Візантыю трапіла ў 1129 годзе і народжаная ў апошнія гады жыцця Усяслава яго дачка Дабрадзея, у хрышчэнні Зоя. Мужчыны-Рагвалодавічы ваявалі, а жанчыны і дзеці засталіся пры імператарскім двары, дзе і адбылася сустрэча Зоі з пляменнікам кесара і спадкаемцам трону Аляксеем. Ён быў на чатыры гады маладзейшы за Усяслаўну, але так захапіўся прыгажосцю і розумам палачанкі, што ўжо праз месяц пасля з’яўлення той у Канстанцінопалі павёў яе пад вянец.

Зоя нарадзіла дачку і, увайшоўшы ў імператарскую сям’ю, выславілася як выдатная лекарка, што ўратавала шмат безнадзейных хворых. Зайздрослівыя калегі і сёй-той з прыдворных спрабавалі абвясціць палачанку «чарадзейкаю», але тая знаходзілася пад надзейнай абаронаю мужа, дзякуючы якому па часе магла стаць імператрыцаю. Ды Аляксей Камнін памёр малады, Усяслаўна не паспела нарадзіць ад яго хлопчыка і ў выніку, паводле тагачасных візантыйскіх законаў была выключаная са спісу прэтэндэнтаў на імператарскі трон. Аплакаўшы мужа, яна не пайшла ў манастыр, а працягвала сваю лекарскую практыку і пакінула пасля сябе кнігу пад назваю «Мазі». Гэта быў першы ў Еўропе медыцынскі трактат, напісаны жанчынай. У ім досвед усходнеславянскай медыцыны спалучаўся з вучэннем вядомага ў тыя часы лекара Феафракта. 3 пяці частак кнігі чытач апрача рэцэптаў мазяў меў магчымасць атрымаць звесткі пра чатыры тыпы чалавечага тэмпераменту, пра лекавы масаж, гігіену шлюбу, догляд за немаўлятамі. Цяпер трактат асвечанай палачанкі нібыта захоўваецца ў бібліятэцы Медычы ў Фларэнцыі.

Пакуль Рагвалодавічы ваявалі з ворагамі Візантыі, кіеўскія намеснікі рабавалі Полацкую зямлю, хадзілі паходамі на яе мірных даннікаў, секлі галовы гуслярам, што адважваліся спяваць пра подзвігі Чарадзея.

Трэці раз у гісторыі рабілася спроба звесці полацкую дынастыю са свету. I зноў — марна. Калі праз дзесяцігоддзе двое братоў Рагвалодавічаў вернуцца з высылкі на Бацькаўшчыну, тая ўжо будзе вызваленая ад захопнікаў. Полацкае веча ў 1132 годзе выганіць з горада кіеўскага стаўленіка Святаполка і абвесціць князем Усяслававага ўнука Васільку, якому нейкім чынам удалося пазбегнуць выгнання.

Спадкаемцы князя-вешчуна ўзбагацілі радавод Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі.

Князёўна Сафія, дачка князя менскага і полацкага Валадара, у 1157 годзе ўзяла шлюб з каралём Даніі Вальдэмарам I. Яе дзеці сядзелі на дацкім, шведскім і французскім тронах.

Нямала Чарадзеевых нашчадкаў увойдзе ў гісторыю. Але найбольшую славу прынясе Полацку пасля Усяслава яго ўнучка Еўфрасіння. Яна стане нябеснаю апякункаю Беларусі, а ў зямным жыцці будзе найадукаванейшай жанчынаю свайго часу ва ўсёй Еўропе, выдатнай асветніцай, якую параўнаюць з арлом, што, «лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу і, нібы прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую».

Поделиться:
Популярные книги

Шлейф сандала

Лерн Анна
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Шлейф сандала

На границе империй. Том 9. Часть 5

INDIGO
18. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 9. Часть 5

Черный Маг Императора 9

Герда Александр
9. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 9

Офицер империи

Земляной Андрей Борисович
2. Страж [Земляной]
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
6.50
рейтинг книги
Офицер империи

Отвергнутая невеста генерала драконов

Лунёва Мария
5. Генералы драконов
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Отвергнутая невеста генерала драконов

Многорукий бог Далайна. Свет в окошке

Логинов Святослав Владимирович
Шедевры отечественной фантастики
Фантастика:
научная фантастика
8.00
рейтинг книги
Многорукий бог Далайна. Свет в окошке

Служанка. Второй шанс для дракона

Шёпот Светлана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Служанка. Второй шанс для дракона

Измена. Право на счастье

Вирго Софи
1. Чем закончится измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Право на счастье

Убивать чтобы жить 8

Бор Жорж
8. УЧЖ
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 8

Черный дембель. Часть 4

Федин Андрей Анатольевич
4. Черный дембель
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Черный дембель. Часть 4

Кодекс Крови. Книга ХII

Борзых М.
12. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга ХII

Законы Рода. Том 4

Flow Ascold
4. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 4

Хозяйка покинутой усадьбы

Нова Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Хозяйка покинутой усадьбы

Надуй щеки! Том 6

Вишневский Сергей Викторович
6. Чеболь за партой
Фантастика:
попаданцы
дорама
5.00
рейтинг книги
Надуй щеки! Том 6