Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]

Шрифт:
Алесь Краўцэвіч
Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]
Уступ
Тэўтонскі ордэн моцна паўплываў на гістарычны лёс Беларусі. Самыя цесныя адносіны з ім у Вялікага Княства Літоўскага пачаліся з 80-х гадоў XIV ст. і працягваліся больш за стагоддзе, да пачатку XV ст. Гэтыя адносіны нельга назваць добрасуседскімі. Хутчэй мела месца зацятая барацьба, у якой абодва бакі адстойвалі свае жыццёвыя інтарэсы.
Мы ніколькі не сумняваемся, што справядлівасць у гэтай амаль безупыннай вайне была на баку нашых продкаў. Прышэльцамі і захопнікамі
У ёй гартавалася беларуская дзяржаўнасць. Пад пагрозай знешняй небяспекі вакол беларускага ядра ўсё цясней гуртаваліся землі былой Кіеўскай Русі ды Жамойці. У прускіх суседзяў было чаму павучыцца і нашыя продкі скарысталі такую магчымасць. Новыя будаўнічыя традыцыі і прыёмы (готыка), матэрыялы (вялікапамерная цэгла, дахоўка) і шмат што яшчэ прыйшло да нас праз ордэнскую дзяржаву.
У барацьбе з лепшай эўрапейскай арміяй фармавалася і набірала моцы беларускае прафесійнае войска, якое затым доўга паспяхова стрымлівала націск з усходу.
Цікавы сам феномен Тэўтонскага ордэна. Гэта ўнікальная ў гісторыі з'ява, калі духоўна-рыцарскае аб'яднанне стварыла магутную дзяржаву, якая займала важнейшае месца ў тагачаснай Усходняй і Цэнтральнай Эўропе.
Наша праца - аб гісторыі Тэўтонскага ордэна ад самых яго пачаткаў да Грунвальдскай бітвы, з якой пачаўся паступовы заняпад ордэнскай дзяржавы.
СТВАРЭННЕ І ЎСТРОЙ ОРДЭНА БРАТОЎ-РЫЦАРАЎ ТЭЎТОНСКАГА ДОМУ ДЗЕВЫ МАРЫІ Ў ЕРУСАЛІМЕ
Найвялікшы ўздым магутнасці Тэўтонскага ордэна адбыўся ў XIV - пачатку XV ст. на землях старажытнай Прусіі. Аднак пачаткі гэтага цікавейшага сярэднявечнага духоўна-рыцарскага аб'яднання і ў часе і ў прасторы ляжаць далёка ад часоў і мясцін яго росквіту.
Ордэн абудзіўся да жыцця на зямлі Палестыны ў XII ст. пад час разгару крыжовых войнаў, калі амаль безупынныя баі крыжакоў з мусульманамі ішлі з пераменным поспехам. Пачатковая яго гісторыя даволі цьмяная і шмат у чым легендарная. Відавочна, правобразам ордэна можна лічыць аб'яднанне вакол шпіталю ў Ерусаліме, узнікшае каля 1129 г. Адзін немец, які разам з жонкай асеў у Ерусаліме пасля заваявання горада крыжакамі, пачаў прымаць у свой дом убогіх і хворых суайчыннікаў. Хворых было шмат, бо мясцовы клімат стаўся нязвыклым і цяжкім для выхадцаў з Германіі. Пазней гэты добры чалавек (імя яго невядомае) сваім коштам збудаваў шпіталь і пры ім капліцу ў імя Дзевы Марыі. Жонка дабрачынніка заснавала асобны жаночы шпіталь. У гэтых людзей з'явіліся паслядоўнікі. Многія немцы ахвяравалі сродкі на карысць шпіталю і працавалі ў ім. Былі сярод іх рыцары і шляхта. Яны прымалі ўдзел у доглядзе за хворымі і адначасова ваявалі. Так пры шпіталі ўтварылася рыцарскае аб'яднанне. Яно ўзяло сабе за ўзор статуты ўжо існуючых ордэнаў іанітаў і тампліераў [1].
Пад час ваеннай выправы сябры шпітальнай суполкі дзяліліся на дзве часткі: старыя, калекі заставаліся на паслугах шпіталю, а баяздольныя ішлі ў паход. Такая падвойная служба дала ім назву шпітальных братоў і рыцараў Дзевы Марыі - па назве шпітальнай капліцы. У новага аб'яднання хутка ўзніклі нейкія непаразуменні з ордэнам іанітаў - рыцары Дзевы Марыі нейкі час падпарадкоўваліся вялікаму магістру іанітаў.
Афіцыйнае ўтварэнне ордэна адбылося на шэсць дзесяткаў год пазней, у 1190 г., пад час аблогі крыжакамі Акры - горада на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Хрысціяне тады мелі шмат нягодаў ад голаду і хвароб. І вось некалькі немцаў з Брэмена і Любека зрабілі з карабельных ветразяў палатку, сабралі ў ёй хворых, параненых
Ён задумаў на яе аснове стварыць асобны рыцарскі ордэн. Энергічна ўзяўшыся за справу, князь сабраў большую частку свецкіх і духоўных паноў, быўшых у Палестыне, у тым ліку вялікіх магістраў іанітаў і тампліераў. Сход адобрыў ідэю і вырашыў скласці статут новага ордэна на аснове іаніцкага і тампліерскага. Ад іанітаў узяць тое, што тычыць догляду хворых, ад тампліераў - ваенныя абавязкі. Такім чынам, Тэўтонскі ордэн з самага пачатку стаў духоўна-рыцарскім у адрозненне ад папярэднікаў, першы з каторых - ордэн св. Яна спачатку быў толькі шпітальным, а другі (тампліераў) увогуле шпітальным не быў.
У хуткім часе папа рымскі зацвердзіў статут новага ордэна. Папа ўпаўнаважыў ерусалімскага патрыярха надаць сябрам новага аб'яднання белую расу з чорным крыжам у якасці іх асаблівага адзення і прызначыць ім Тэўтонскі шпіталь Дзевы Марыі ў Ерусаліме. Германскі імператар у сваю чаргу ўпаўнаважыў ерусалімскага караля і Фрыдрыха Швабскага да зацвярджэння ордэна, апяразвання [2] першых рыцараў і надання ім права прымаць у ордэн новых сяброў, прычым толькі са шляхты даўняга роду.
І вось перад князямі сталі 40 чалавек са старых шляхетных родаў і, укленчыўшы, прасілі аб прыняцці ў новы ордэн. Ерусалімскі кароль аперазаў пасам першага рыцара, Фрыдрых Швабскі другога, іншыя князі наступных. Затым новыя рыцары сталі на калені і прынялі шлюбы. Патрыярх надаў ім Ерусалімскі шпіталь і імя: браты-рыцары Тэўтонскага дому Дзевы Марыі ў Ерусаліме.
Кароль ад імя імператара заклікаў быць сапраўднымі рыцарамі, паўставаць на абарону Святой зямлі і ўсіх хрысціянскіх земляў супраць ворагаў веры, падтрымліваць і бараніць касцёл, духоўных, удоваў, сірот і ўбогіх. Пасля сканчэння абраду кароль, швабскі князь і іншыя абралі з 40 рыцараў першага магістра і надалі яму ўсе землі, якія здабудзе ў няверных.
У 1191 ці 1192 г. папа Цэлестын III і германскі імператар Генрых VI зацвердзілі ордэн, які абраў сабе за патронаў Дзеву Марыю і св. Юрыя.
Першы магістр Генрых Вальпот заняўся выпрацоўкай рэгламенту жыцця і ўстройства ордэна. Пры ім сфармаваўся асноўны ўнутраны строй арганізацыі, якая падначальвалася непасрэдна папе рымскаму.
Трэба сказаць, што суполка задумвалася і атрымалася надзвычай моцна з'яднанай, з абмежаваным доступам новых сяброў. Гэтая згуртаванасць у немалой ступені паспрыяла небываламу ўздыму значнасці і магутнасці Тэўтонскага ордэна, а каставасць стала адной з прычын яго заняпаду.
Статут ордэна быў суровым і ў першыя стагоддзі існавання вельмі дэталізаваным. Пры прыняцці новых сяброў, абранні магістра кіраваліся падрабязна вызначанымі працэдурамі, гэтак жа як ва ўсім распарадку жыцця.
Той, хто хацеў быць прынятым у ордэн, павінны быў быць дужым, здаровым і належаць да нямецкай шляхты. Аб сваім жаданні ахвотнік аб'яўляў пад час капітулы [3]. Магістр (або яго намеснік) задаваў кандыдату пытанні: ці не належыць да іншага ордэна, ці не служыць дзе-небудзь, ці не з'яўляецца чыім-небудзь падданым, чалавекам простага звання, ці не мае даўгоў або ўтаёнай хваробы. Пасля адказаў на пытанні паведамлялі, якія неабходна прыняць шлюбы, а менавіта акрамя трох звычайных (беднасці, бясшлюбнасці, паслухмянства) яшчэ даглядаць хворых і ваяваць з ворагамі Крыжа, сумленна несці службу, прызначаную магістрам, бываць на капітулах і дапамагаць радай, з ордэна не выходзіць, акрамя як з дазволу магістра.