Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]
Шрифт:
Вялікі князь з 12 харугвамі выехаў насустрач лівонцам пад Кёнігсберг. 8 верасня ён меў размову з Хевельманам. Ландмаршал абавязаўся быць пасрэднікам у перагаворах паміж фон Плаўэнам і саюзнікамі. Ён прасіў аб двухтыднёвым перамір'і з 9 па 22 верасня, каб у гэты час асабіста сустрэцца з фон Плаўэнам і давесці справу да міру. Дзеянні лівонскага рыцара цалкам зразумелыя. Яму патрэбна было любым коштам выйграць час. Чакалася дапамога з захаду. Польскае апалчэнне з кожным днём усё больш рвалася дамоў. Акрамя таго, з'яўлялася магчымасць абмеркаваць сітуацыю непасрэдна з фон Плаўэнам і сумесна выпрацаваць план далейшых
У выніку давяральных размоў ландмаршала з намеснікам, якія адбываліся некалькі дзён (змест застаўся невядомым), Вітаўт з Ягайлам не атрымалі прапановы не толькі аб міры, але нават аб перамір'і. Пасля 22 верасня вайна павінна была цягнуцца далей. Час працаваў не на саюзнікаў. Не былі цалкам аплачаны паслугі замежных вояў. Жыгімонт Вугорскі пагражаў Польшчы з захаду, шляхецкае апалчэнне, не звыклае да такіх доўгіх паходаў, імкнулася дамоў. Набліжалася зіма. Было прынята рашэнне адысці ад Мальбарка і вярнуцца дадому. Да 18 верасня вырушыла войска Вітаўта, за м пайшлі мазавецкія князі.
19 верасня зняло аблогу польскае войска. Адыход адбываўся спакойна і нетаропка, войскі везлі багатую здабычу. Залога з замка ніякіх перашкод адыходу не чыніла.
Тое, што сталіца засталася ў руках ордэна, мела вялікі ўплыў на далейшыя падзеі. Захаванне Мальбарка азначала, што ордэнская дзяржава не загінула. Як толькі саюзныя войскі пакінулі тэрыторыю Прусіі, сітуацыя ў ёй пачала рэзка мяняцца. З такой жа хуткасцю, як краіна паддавалася грунвальдскім пераможцам, яна зараз пераходзіла на бок сваіх старых гаспадароў. Часткова, відаць, баючыся помсты, часткова з пераканання пруская шляхта пачала зноў захопліваць замкі, толькі ўжо для ордэна. Першым было занята Дзялдава. Польская залога, заспетая неспадзеўкі, трапіла ў няволю. Лівонскі маршал абклаў і здабыў Эльбланг. Затым замкі пайшлі да ордэна адзін за другім. У руках саюзнікаў засталіся толькі замкі ў Торуне, Радзыне, Бродніцы і Няшаве; не пускалі крыжацкія ўлады два багатыя гарады - Стары Торунь і Гданьск. Фон Плаўэн адклаў расправу з імі і заключыў перамір'е да падпісання міру з саюзнікамі.
Здавалася, што кола фартуны павярнулася і ваеннае шчасце поўнасцю перайшло на бок крыжакоў, па меншай меры на польскім тэатры вайны. Крыжакі вярнулі амаль усю сваю ранейшую тэрыторыю. Генрых фон Плаўэн і лівонцы ачысцілі ад ворага амаль усю Прусію і паўночную частку Памор'я. У Новай Марцы за кошт падмацаванняў з Заходняй Эўропы ўзмацнялася групоўка Міхала Кухмайстра. У колькасці каля 4 тыс. чалавек яна выступіла на злучэнне з фон Плаўэнам. Аднак у бітве пад Карановам меншыя па колькасці войскі Ягайлы разбілі Кухмайстра, а яго самога захапілі ў палон. Рэваншысцкія памкненні крыжакоў трохі паўстрымаліся. Замежныя «госці» ўсё неахвотней удзельнічалі ў гэтай вайне, дзе ворага немагчыма было перамагчы ў адкрытым полі. Вайна працягвалася шэрагам дробных наездаў і сутычак, як на Літве, так і ў Польшчы. За памеры такіх баёў выйшлі два наезды на Польшчу войскаў Жыгімонта Вугорскага, які адпрацоўваў ордэнскія грошы. Першы ў канцы 1410 ці пачатку 1411 г. скончыўся паразай 12 вугорскіх харугваў. Другі ў канцы студзеня таксама не прынёс значных вынікаў, хоць і прыдаў бадзёрасці фон Плаўэну. Можна сказаць, што Жыгімонт не адрабіў за атрыманыя ордэнскія грошы.
9 лістапада 1410
Пасля сканчэння перамір'я ваенныя дзеянні працягваліся, аднак не спынялася і праца па арганізацыі мірнай дамовы. 22 і 26 студзеня зноў заключалі перамір'е і вялі перагаворы на віслянскім востраве пад Торунем. Крыжакоў прадстаўляў лівонскі магістр фон Фецінгоф, саюзнікаў - вялікі князь Вітаўт.
Асноўнай спрэчнай праблемай аказалася Жамойць. Ордэн не хацеў ад яе адмаўляцца, Вітаўт і пагатоў. Урэшце знайшлі кампраміс па гэтаму і некаторых іншых пытаннях. 1 лютага 1411 г. быў падрыхтаваны тэкст дагавора, яго адразу заверыў пячаткамі літоўска-польскі бок. Ордэн і прадстаўнікі прускай шляхты свае пячаткі павінны былі паставіць пазней, на сустрэчы пад Златарыяй.
На чацвёртую нядзелю пасля Вялікадня адбылося ўрачыстае спатканне Вітаўта, Ягайлы і хохмайстра ў атачэнні сваіх прыдворных на полі каля горада Златарыя. Там скончылі апошнія фармальнасці. Паводле Торуньскай мірнай дамовы, усе замкі і гарады, здабытыя пад час вайны, вяртаюцца ўладальнікам; Жамойцкая зямля перадаецца Вітаўту, а пасля яго смерці адыходзіць да ордэна. Добжынская зямля застаецца за Польшчай, а Памор'е, Хэлмінская, Міхалаўская землі, частка Куяваў - за ордэнам.
На сустрэчы пад Златарыяй хохмайстар даў згоду Вітаўту, каб той паляваў на дзікага звера ва ўсіх пушчах ордэна ўзамен за такое ж права для сябе ў літоўскіх пушчах.
Вялікая вайна 1409-1411 гг. была скончана. Задавалася, пасля буйной перамогі ды амаль поўнай акупацыі ордэнскай дзяржавы саюзнікам нельга было згаджацца на такія спрыяльныя для ордэна ўмовы міру. Аднак яны пайшлі на гэта і, відаць, ведалі, што рабілі. Сярод прычын і рэальная ацэнка міжнароднай сітуацыі, і разуменне вынікаў Грунвальдскай бітвы (ордэн ужо не сур'ёзны вораг). Відавочна, мела месца і нежаданне Вітаўта цалкам зліквідаваць ордэнскую дзяржаву, бо ад яе падзелу больш выйгравала Польшча, чым Вялікае Княства Літоўскае. Длугаш пісаў: «...стараннямі Аляксандра, вялікага князя Літоўскага (князь больш за ўсё імкнуўся толькі да ўз'яднання свайго Літоўскага Княства і вяртання сабе Самагітскай зямлі, якой яго пазбавілі крыжакі) быў заключаны, зацверджаны і падпісаны мір на ўмовах для Польскага Каралеўства несправядлівых і невыгодных».
Неадпаведнасць маштабаў перамогі пад Грунвальдам умовам падпісанага міру дала падставу некаторым даследчыкам ацаніць яго як «прайграны мір» для саюзнікаў. Длугаш жа лічыў, што грунвальдская перамога «...не прынесла ніякай выгоды каралеўству Польскаму, але больш карысці Вялікаму Княству Літоўскаму».
Трэба сказаць, што дыпламатыя ордэна здолела дасягнуць максімум магчымага пасля такога разгрому. Аднак Грунвальдская перамога мела намнога значнейшыя наступствы, чым здавалася на першы погляд. Яна разбурыла падмурак будынка Тэўтонскага ордэна і паклала пачатак яго заняпаду.