У капцюрох ГПУ
Шрифт:
Манлiвыя спадзяваньнi
Здавалася-б, што ў такiх абставiнах людзi павiнны былi масава канчаць самагубствам. Зьняможаны, аддадзены на ласку й няласку катаў, чалавек мае толькi адзiн выхад, толькi адзiны спосаб пратэсту: узьдзець сабе пятлю на шыю. Але гэтак ня дзеецца. За час майго блiзу сямёхгадовага быцьця ў вастрогах i на катарзе я ведаю толькi аб трох выпадках самагубства. Двох павесiлася, адзiн у Салоўках кiнуўся пад цягнiк вузкакалейкi.
Найстрашнэйшае, найбольш жудаснае жыцьцё мае шчэ свае прывабнасьцi. Найгоршае жыцьцё — лепш за сьмерць. Бо тут заўсёды ёсьць яшчэ нейкая надзея, а
I жывуць гэтак людзi надзеяй, часта дзiцячай, манлiвай, якая ўжо неаднокраць ашуквала iх — вераць у вызваленьне.
Вераць у амнiстыi, якiя нiколi не датычаць да тых, хто найбольш на iх спадзяецца. Вераць у зьмену кодэксу. Вераць наагул у зьмену карнае палiтыкi Саветаў.
А тымчасам, з году ў год, плыве бясконцая хваля зьняволеных, канчаецца адна пяцёхгодка й пачынаецца другая. Адбываецца лiквiдацыя клясаў — i ўсё новыя й новыя грамады едуць у канцэнтрацыйныя лягеры, на высылку, запаўняюць вастрогi…
А наiўныя вераць манлiвым спадзяваньням…
Вастрожны гумар
Памылiўся-б той, хто-б думаў, што за кратамi ўсьцяж чуваць стогны й скрыгатаньне зубоў, што на тварах вязьняў выяўляецца безнадзейная роспач, што ў месцы мукаў нiколi не пачуеш жарту, гумару, бястурботнае песенькi.
Чалавек гэтак хутка датарноўваецца да новых, ненармальных абставiнаў жыцьця, прыроджаная патрэба сьмеху гэтак моцна дапамiнаецца сваiх правоў, што нават тыя, якiм заўтрашнi дзень нясе цяжкое вандраваньне этапам на Салоўкi, якiя нiколi ўжо не пабачаць сваiх блiзкiх, ды нават тыя, каго заўтра iзь зьвязанымi рукамi й заткнутым ротам павязуць на месца экзэкуцыi, дзе iх чакае з нагану, — сяньня, бывае, бястурботна нешта напяваюць…
Шчырым гумарам веець ад слоў афорызму, якi трэба было-б напiсаць над уваходам у савецкi вастрог:
Входящий не грусти!
Выходящий не радуйся!
Запраўды, мала мае прычынаў дзеля радасьцi савецкi грамадзянiн, выходзячы з вастрогу на волю, якая зьяўляецца таксама свайго роду вастрогам, дзе думка ня мае права ня сьмялейшы лёт, дзе чалавечае жыцьцё ня можа выйсьцi з вызначаных зьверху межаў, дзе на кожным кроку цiкуе чэкiсты або «сексот», каб iлжывым даносам iзноў укiнуць яго ў камару, поўную блышыцаў, на брудныя нары, каб пачаў тамака нанова свае падарожжа на Гольготу…
— Грамадзянiн! Прызнавайцеся, бо ГПУ ўсё вельмi добра ведае… Толькi мы хочам, каб вы шчырым прызнаньнем аблягчылi свой лёс…
I людзi — з каплямi поту на лобе, з разьбiтымi ад допыту нэрвамi, з вачыма, поўнымi шалёнага страху, — прызнаюцца да злачынстваў, якiх не рабiлi («каб аблягчыць свой лёс!»), а, зьвярнуўшыся ў сваю камару пасьля допытаў, выяўляюць гумар шыбельнiка, пяюць i жартуюць разам iзь iншымi…
Крымiнальныя вязьнi, ведама, пачуваюць сябе ў вастрозе шмат лепш, чымся вязьнi палiтычныя. Дзеля iх вастрог не зьвязаны з трагiчным пераломам у жыцьцi, а становiць адзiн iз этапаў жыцьця. Дык iх нiколi не пакiдае гумар, якi адзначаецца нейкiм дзiкiм жаданьнем зьдзеквацца над блiжнiмi. Кажны iхны жарт цi забава злучаныя iзь зьдзекам над сваiм таварышам.
Прыкладам, вастрожная гульня ў «паховiны бабы» абмяжоўваецца тым, што аднаго вязьня (ахвяру) кладуць на падлозе, а iншыя б'юць яго скручанымi ручнiкамi.
Гульня ў «вэлёсыпэд» адбываецца гэтак: вязьню, калi ён сьпiць, утыкаюць памiж пальцаў ног кусочкi паперыны й
Гульня, называная «выбары старасты» — больш складаная. Адзiн з удзельнiкаў агаляе свае рукi да локцяў i складаець iх перад сабою так, каб далонi й локцi шчыльна сыходзiлiся. Памiж складзенымi гэтак рукамi ўтыкаюцца паскручваныя ў трубачкi папяровыя «лёсы». «Выбаршчыкам» парадоўцы завязваюць вочы, рукi закладваюць за сьпiну, i кажны зь iх падыходзiць да таго, хто трымае «лёсы», стараючыся зубамi выцягнуць ушчэмленую памiж рук трубачку. Ведама, кажны «лёс» аказваецца пустым.
Калi прыходзiць радоўка на загадзя нагледжаную ахвяру, дык роля таго, хто трымае памiж рукамi «лёсы», канчаецца. Ен адсоўваецца, а на ягонае месца хуценька становiцца iншы ўдзельнiк гульнi, агаляючы… нiжнюю частку цела.
Ахвяра, не спадзяючыся подступу, доўга шукае вуснамi свайго «лёсу», урэшце вочы адвязваюць, i ён толькi тады даведваецца, якiя нягодныя кпiнкi зь яго састроiлi.
Ёсьць цэлы рад падобных гульняў, але пяро мае ня можа апiсваць iх, не абражаючы маральнага пачуцьця чытача. Дык лепш аб iх замаўчу.
Найчасьцей ахвярамi гэтых зьдзекаў бываюць новапрыбылыя вязьнi. I гора такому навiчку, калi трапiць у камару, дзе бальшыню становяць крымiналiстыя. Дорага абходзiцца яму прыймо ў гэткую кампанiю.
Справядлiвасьць вымагаець адзначыць, што часта й палiтычныя вязьнi (ка-эры) таксама бяруць удзел у падобных «гульнях».
Гумар выяўляецца i ў васаблiвых назовах, якiя даюць сьмяротнаму прысуду. У вастрожнай гутарцы зажым: быў расстрэлены, кажуць: паехаў на допыты да Дзяржынскага або: паехаў на месяк.
Нават перад аблiччам такое вялiкае таямнiцы, як сьмерць, шыбенiчны гумар шчырыць свае струхлелыя зубы Быццам гумар сярэднявечных чараўнiцаў, якiя зь гiстэрычным сьмехам узыходзiлi на падрыхтаванае для iх вогнiшча.
Раз на год, увосенi, прыяжджала на Салоўкi зложаная з вышэйшых агентаў ГПУ камiсiя з Масквы, якой быў даручаны перагляд справаў, разгляд характарыстык вязьняў i ў сувязi з гэтым — зьменшаньне кары.
У праграму ўрачыстага спатканьня камiсii ўваходзiў таксама спэктакль у салавецкiм тэатры.
Лiтаратараў у нас было даволi. Было дадзена заданьне: напiсаць на прыймо камiсii адмысловае «рэв'ю».
У 1928 годзе была паказана на сцэне салавецкага тэатру рэв'ю п. н. «Генеральная поверка», напiсанае адным iз салавецкiх пiсьменьнiкаў. Хаця галоўнай тэмай досьцiпаў аўтаравых было самабiчаваньне, значыцца паказаньне ў благiм асьвятленьнi сваiх таварышоў-вязьняў, аднак яму ўдалося ўвесьцi туды i колькi куплетаў, у якiх гiранiчна гаворыцца аб лягерных дачыненьнях.
Прыкладам:
И со всех концов Советского Союза Едут, едут, едут без конца. Все смешалось: фрак у армяк и блуза, Все смешалось здесь без цвета и лица. Край наш — край соловецкий, Ты для каэров и шпаны прекрасный край. Смело с улыбкой детской Песенку про лагерь напевай.