У капцюрох ГПУ
Шрифт:
Або яшчэ:
Хороши по весне комары, Чуден вид от Секирной горы, А от разных ударных работ Здоровеет веселый народ.Прыпеўка:
Тех, кто наградил нас Соловками, Просим: приезжайте сюда сами, Посидите здесь годочков три иль пять, Будете с восторгом вспоминать.Важныя госьцi сядзелi ў першых радох i,
А акторы, якiя выступалi перад iмi, мелi на думцы толькi адно: спадабацца сваiм паном, выклiкаць да сябе iхную ласкавую увагу — а мо скiнуць хоць адзiн год цяжкое няволi?
Але ў мамэнт, калi трэсьлiся ад сьмеху жываты тых, хто «наградил нас Соловками», справа ўжо была закончаная, сьпiс падпiсаны, лёсы разьвязаныя.
Колькi-ж няспраўджаных надзеяў, колькi расчараваньняў. А як параплаў плыў ужо з камiсiяй назад да Кемi, не ў ваднэй камары паўтаралi ўпаўголасу пачутую iз сцэны песьню:
Посидите здесь годочков три иль пять — Будете с восторгом вспоминать…Пяялi, сьмяялiся… празь слезы.
У гэтых словах песьнi была зьняможаная роспач нявольнiка, якому ягоны пан загадаў весялiць сябе.
Эпiдэмiя тыфусу
Штодня параплаў «Глеб Бокiй» цягнуў за сабой на буксiры вялiзную барку, якая ад iмя ведамай нямецкай камунiсткi называлася «Клара Цэткiн». Штодня прыбывалi ўсё новыя ды новыя партыi арыштантаў. Штодня на палубе i пад палубай «Глеба» i «Клары» сотнi вязьняў ехалi на свой страшны лёс.
Гэтыя новыя масы засуджаных на гiбель людзей усмоктвалiся рознымi аддзеламi лягеру на салавецкiм абтоку.
Пакуль адбудзецца разьмяшчэньне, трэба было адбываць карантын у цэнтры салавецкага жыцьця, у Крамлi або недзе блiзка. Вызначаная дзеля гэтае мэты рота ўжо даўно была перапоўненая. Людзi спалi на нарах, пад нарамi, дзе пападзя. Новыя транспарты пачалi зьмяшчацца ў пустых стайнях i хлявох «Сельхозу». Тутака ў брудзе, на сьмярдзючай саломе, у мокрадзi, цесна адзiн пры адным, ляжалi прафэсiянальны злодзей i прафэсар унiвэрсытэту, вясковы земляроб — кулак i б. царскi гэнэрал. Вошы страшэннай масай пакрывалi целы й рызьзё гэтых няшчасных людзей.
Увосень 1928 году неяк у вадзiн дзень разыйщлася чутка, якую шапталi з вуснаў у вусны, бо голасна гаварыць аб гэтым тымчасам яшчэ нельга было, — што ў стайнях «Сельхозу» хварэюць на плямiсты тыфус. Хутка салавецкая больнiца аказалася перапоўненай. Пад хворых пазаймалi й iншыя памешчаньнi. Празь нейкi час зачынiлi тэатр якi запоўнiлi тапчаны з хворымi. У прадпрыёмствах, дзе працавала вялiкшая колькасьць людзей, работы спынiлi. Было забаронена хадзiць iз роты ў роту. Калi ў камары нехта захварэў, яго выносiлi ў больнiцу, а камару зачынялi на ключ, i ўсе вязьнi — жыхары камары мусiлi тамака адбыць двохтыднёвы карантын. Абеды прыносiў iз кухнi днявальны.
Падвоз новых партыяў вязьняў прыпынiўся.
«Брацкiя магiлы» на могiльнiку ўжо даўно не маглi зьмясьцiць багатае жнiво сьмерцi. У суседнiм лесе капалi ямы, у якiя штодня скiдалi па колькi дзесяткоў трупаў. На шчасьце, насталi маразы, i гнiцьцё трупаў спынiлася. У скляпох больнiцы ляжалi кучы мёртвых целаў, выкiданых штодня з больнiчных заляў, i чакалi на сваю радоўку на пахаваньне. Нябожчыкам вешалi на шыi таблiчкi зь iмем i прозьвiшчам.
Аднак гэты спосаб азначаньня трупаў хутка пакiнулi i санiтар, памачыўшы нябожчыку жывот мокрым лахманом пiсаў проста на целе нябожчыкава
Эпiдэмiя абняла ўвесь абток. 3 аддзелаў (камандыровак), якiя з санiтарнага гледзiшча былi ў яшчэ горшых абставiнах, чымся Крэмль, даходзiлi весткi аб страшэнных памерах катастрофы.
Навiгацыя скончылася. Лёд скаваў мора на паўгоду.
Пачалося змаганьне з пошасьцяй радыкальнымi спосабамi. Цэлыя роты выкiдалi з усiмi iхнымi манаткамi й нарамi на сьнег. Нары шаравалi, апарвалi гарачай вадой. Камары дэзынфэкавалi й мылi.
Штотыдня пачалi ганяць людзей ў лазьню, а вопратку iхную аддавалi ў дэзынфэкцыю. Прымусам стрыглi валасы на ўсенькiм целе. У лазьнi пачалi выдаваць казённае чыстае нацелiва. Былi ўтвораныя гэтак званыя «санiтарныя тройкi», якiя рабiлi ў ротах санiтарную рэвiзiю i, калi ў некага выкрывалi вошы, дык усю роту без радоўкi гналi ў лазьню, а рэчы пасылалi ў дэзынфэкцыю.
Урэшце, у лютым налета эпiдэмiя, зьменшыўшы жыхарства Саловак напалавiну, пачала цiшэць, а зь вясной зусiм шчэзла.
Камiсiя з Масквы
Ужо прыляцелi чайкi — зьвястуны вясны й напаўнялi сваiм крыкам паветра, але мора навакол нашага абтоку было яшчэ скаванае лёдам.
Аднак цёплы подых Гольфштрому ўсьцяж наблiжаў да нас цёплую паласу вады, вольнае ўжо ад лёду. Цёмная паласа штодня была блiжэй, i ў нашых сэрцах будзiлася радасьць з прычыны хуткага ўжо навязаньня лучнасьцi iзь сьветам. Iзноў прыйдуць да нас параплавы з процiлежнага берагу — зь Кемi, iзноў будзем бачыць новых таварышоў няволi, iзноў пачнуцца прыезды сваякоў, каб атрымаць на колькi дзён магчымасьць бачыцца iз сваймi блiзкiмi — вязьнямi.
Пабачаньнi («свидания») былi дваякiя: адны — «на общих основаниях» (на агульных падствах), калi прыежджыя сваякi мусiлi жыць на Салоўках у вызначаным iм дамочку i маглi бачыцца зь вязьнямi толькi раз на дзень на працягу дзьвюх гадзiнаў пад наглядам вастрожнай адмiнiстрацыi. Другiя — «асабiстыя», калi вязьню дазвалялi на працягу ад 7 да 14 дзён жыць разам iз прыежджымi й праводзiць iзь iмi ўвесь гэты час бязь нiякiх абмежаваньняў. Атрымаць гэткае пабачаньне было нялёгка: трэба было, каб вязень быў беззаганны ды каб улада прыхiльна ставiлася да яго.
Хто ня мог спадзявацца пабачыцца зь блiзкiмi, таго цешыла магчымасць атрымлiваць улетку пасылкi зь емiнай. Урэшце тыя, хто нiчога ад нiкога не чакаў, цешылiся з наблiжэньня лета так, як кажны чалавек цешыцца з гэтага на далёкай поўначы, дзе зiма пануе больш за паўгоду.
Урэшце, пад ажыўчым сонцавым праменьнем лёд гэтак пацянеў, што ледакол «Нева» здолеў ужо пракласьцi дарогу «Глебу Бокаму», якi вырушыў у сваё першае сёлета падарожжа.
Апошнiмi днямi траўня, як штогод, распачалося плаваньне.
Першым параплавам прыехала на Салоўкi нейкая таемная камiсiя з Масквы. Расказвалi дзiўныя рэчы. Казалi, што камiсiя, складзеная зь пяцёх асобаў, прыехаўшы на абток, зараз-жа пачала абыходзiць роты, дзе распытвалася ў вязьняў аб дачыненьнях, якiя пануюць у лягеры, аб санiтарным стане даўней i цяпер, аб карах, накладаных за невыкананьне работы i да т. п. У часе гэтых гутарак, на загад камiсii, прадстаўнiкоў адмiнiстрацыi ня было.
Неўзабаве пачалi апавядаць яшчэ большыя дзiвы. Казалi, што шмат каго з адмiнiстрацыi спасярод вязьняў ужо арыштавалi. Казалi нават, што ёсьць арыштаваныя й спасярод вольных. Урэшце разыйшлiся чуткi, што арыштаваны й сам начальнiк лягеру, Зарын.