Выбраныя творы
Шрифт:
І кіраўнік той нарады, ідэалагічны сакратар Пілатовіч, сказаў мне пасля яе заканчэння, сам-насам, што як сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў я не меў права так гаварыць. Не толькі, вядома ж, пра рэбэ…
Я адказаў, — што як толькі калі адчую, што вось і перастаю быць пісьменнікам — адразу ж перастану быць сакратаром.
З такім вырашэннем сваёй пазіцыі было часамі даволі складана, яшчэ ажно тры гады…
З трыбуны сходу, скліканага на асуджэнне Пастарнака за «Доктара Жывага», таварыш Б. выступаў, каб з найбольшай ударнай сілай, па-расейску:
— І этат празрэнны Пястрак…
Піліп Сямёнавіч, які з-за глухаватасці сядзеў
— Акадэмікам трэба выступаць па паперцы!..
Праз некалькі гадоў, у Нарыльску, пасля нашага беларуска-расейскага выступлення па тэлебачанні, да нас, беларусаў, прыйшоў у гасцініцу нарыльчанін, здаецца, бухгалтар, і назваўся братам Б. Даўняя заслуга акадэміка: у канцы трыццатых гадоў ён ад гэтага брата публічна адмовіўся. Сцішнаватае пачужэнне, убачанае і адчутае мною ўпершыню так канкрэтна. Цяжка сказаць, як гэта паварушвалася ў выпетранай рознымі накірункамі душы нашага Б. А яго малодшы, і мы разумелі гэтага чалавека, не меў намеру братацца нанава.
Яшчэ адно, пазнейшае. Абмеркаванне на рэдкалегіі «Полымя» дзённікавых запісаў Івана Мележа. Рэдакцыя, у згодзе з духам часу, патрабавала купюраў. Там, дзе развагі пра культ асобы і штрыхі да вобразаў некаторых, завысока ўзнятых, сучаснікаў. Зноў жа найбольш запомнілася выступленне Б. Ён, вядома, стаяў за купюры.
— Прабачце, — сказаў я, — дык вы ж гэтага рукапісу не чыталі.
Ён — чалавек на восьмым дзесятку — бойка, пачырванела абсек мяне:
— Ну і што з гэтага? А я веру рэдакцыі!
Адхілімся ў пастскрыптум.
Румяна ўсмешлівы філосаф, таксама Б., сказаў тады, што ён «рассматриваемую рукопись тоже не читал, но, уважаемые товарищи, поскольку теперь на Западе…». Як быццам «на Западе» толькі цяпер!.. Словам, і філосаф, хоць і кроў з малаком, і маладая, хітрая ўсмешка, і толькі дальні прыцэл на акадэміка, таксама выказаўся за купюры.
Рукапіс пабіты воспай дурных рэдактарскіх і цэнзарскіх заўваг.
У кнізе меціны гэтай немачы прыязны чытач не заўважыць — яны толькі ў горкай памяці аўтара.
Патрабаванні бывалі ўсякія — сам такога як быццам і не прыдумаеш.
У апошнім брэжнеўскім годзе галоўны рэдактар партыйнага часопіса, знаёмы з партызанскага лесу, па-сяброўску прасіў мяне ў юбілейным артыкуле пра славутага паэта — ужо ў карэктуры — «дапісаць яшчэ некалькі абзацаў». Навошта? Каб апошняя старонка была запоўнена ніжэй. Паперу трэба лепш выкарыстоўваць. Бо згодна з дэвізам часу «эканоміка павінна быць эканомнай».
Ён не настойваў, ён прасіў, аднак з усёй прафесійнай сур'ёзнасцю, і здзіўлены быў, што я не згадзіўся дапісваць.
Мантэнь [20] , «Вопыты»:
«Честолюбие несовместимо с уединением. Слава и покой не могут ужиться под одной крышей».
Першае, што захацелася выпісаць, бо найбольш яно падыходзіць да майго тут, у вёсцы, жыцця, бо ў гэтым і я знаходжу пункт апоры.
Думаў спачатку чытаць усё падрад, але пасля некалькіх раздзелаў павяло на выбарку, што цікавейшае. Бо ж і нялёгка дый нецікава бясконца лазіць з тэксту ў каментарыі, каб лепш зразумець той далёкі час. Далёкі і агромністы, таямнічы. Ажно навальнічныя хмары згадаліся — з глухім мармытаннем грому, які сваё адгрымеў, але яшчэ ўсё варушыцца, злуецца, як патрывожаны ў берлагу мядзведзь… «Я ведаю толькі тое, што я нічога не ведаю». А пасля таго, як гэта было падумана і сказана, чалавецтва назапасіла такую процьму культуры, што адчуваеш
20
Мантэнь Мішэль дэ (1533–1592) — французскі філосаф-гуманіст.
…Дзіўна ды цьмяна думалася над Мантэнем пра тое, як чалавецтва жыве ў слове сваіх лепшых сыноў, якія нібы свядома перадаюць адзін аднаму агеньчыкі несмяротнасці, што і мала, і больш пажыўшы як быццам не паміраюць яны — для тых, што былі перад намі, што будуць пасля нас.
…І заўсёды было шмат палітычнай блытаніны, то мутнай, то крывавай, і не ўсім яна перашкаджала паводзіць сябе разумна.
Шаламаў [21] , «Четвертая Вологда». Шчырыя, мудрыя ўспаміны, якія пісаліся «для сябе»… ва ўсякім выпадку без асаблівай надзеі на хуткае ці нават пазнейшае надрукаванне. Подзвіг і катарга сапраўднага інтэлігента, у гэтым выпадку расейскага.
21
Шаламаў Варлам — расейскі пісьменнік.
Бог мой, колькі ж яшчэ трэба ўбачыць, пачуць, каб думаць або гаварыць, што ты ведаеш жыццё хоць бы ў пэўнай меры!.. Не толькі ў вялікай літаратуры, але і ў меншай. Вось жа не ведаў я, упершыню пачуў нядаўна пра мовазнаўцу Анатоля Багдановіча, які добра, плённа пачынаў, а потым быў лягчэй за іншых выкінуты з роднага асяроддзя: не застрэлены, не замучаны ў тайзе ці ў шахце, а толькі сасланы туды, куды і вароны нашы не далятаюць, каб там яму вылечыцца ад «беларускага нацыяналізму». Прыжыўся там недзе, як Язэп Пушча расейскім настаўнікам на Ўладзіміршчыне, як Сцяпан Ліхадзіеўскі [22] і Сяргей Гайко расейскімі выкладчыкамі ВНУ, адзін у Ташкенце, другі ў Сярове на паўночным Урале… З першымі двума я сустракаўся, памятаю сумную ўсмешку Пушчы, энергію Ліхадзіеўскага. З Гайком, вялікім кніжнікам, мы перапісваліся да яго апошніх дзён…
22
Ліхадзіеўскі Сцяпан Іванавіч (1911–1979) — беларускі паэт, перакладнік, крытык.
Пішучы «лягчэй за іншых», я падумаў: а ці такім ужо і лягчэйшым было для іх, пачаўшы з Анатоля Багдановіча, тое выгнанне, тая адчужанасць?..
Многае трэба ўбачыць, уведаць, адчуць.
Славак Дамінік Татарка. Па-польску.
Тры ўзоры сапраўднай прозы, асабліва апавяданне «Пеўнік у агоніі», сведчаць пра значнасць гэтага, як ён кажа сам пра сябе, «карпацкага пастуха, які абагаўляе ўсё, што праўдзівае», пра яшчэ адно для мяне радаснае адкрыццё.
А яшчэ прыемна было, на прыкладзе гэтага славака, думаць, як гэта важна — клопат пра родную мову.
І блізка нам тое, што ён гаворыць французу Наэлю:
«Гэта страшна — спісванне ў страты малых народаў. Для каго ён небяспечны, такі малы народ, у якога свая культура, свае традыцыі і імкненні? Вы ведаеце, гэта сапраўды драматычна».
«Байкал» Валянціна Распуціна. Учора пачаў, толькі што кончыў. Увесь час адчуваючы розніцу паміж расейскім і «расейскамоўным». І не «расавасць» тут, як крычаць з-за мяжы і дома іхнія падпявалы, а законная арганічнасць. Яна адчуваецца, калі гаварыць пра расейцаў, апроч Распуціна, у Казакова, Бялова, Астаф'ева…