Забойства на вуліцы Морг
Шрифт:
Неяк вярнуўшыся дадому з гулянкі, а было гэта ў тую ноч, дакладней, у тую раніцу, калі адбылося забойства, матрос убачыў у спальні арангутанга, куды той залез, вырваўшыся з суседняй каморкі, дзе яго звычайна трымалі за, здавалася, надзейна замкнёнымі дзвярамі, трымаючы ў руцэ брытву і намыліўшыся па ўсіх правілах, малпа сядзела перад люстэркам і збіралася галіцца, пераймаючы дзеянні гаспадара, за якімі, несумненна, назірала праз замочную адтуліну. Матрос напалохаўся, убачыўшы такую грозную зброю ў руках небяспечнай жывёліны, якой яна да таго ж так спрытна ўпраўлялася, і на некалькі
Француз у адчаі пабег наўздагон. Малпа, па-ранейшаму трымаючы ў руцэ брытву, раз-пораз спынялася, азіралася, крывіла морду ў бок гаспадара і, падпусціўшы яго зусім блізка, зноў кідалася наўцёкі. Вось такім чынам яны адбеглі далёка ад дома. Было тры гадзіны ночы, і на вуліцах панавала мёртвая цішыня. Прабягаючы па завулку каля вуліцы Морг, уцякач звярнуў увагу на святло, мігцеўшае праз адчыненае акно спальні мадам Л'Эспанэ на пятым паверсе яе дома. Кінуўшыся ў бок будынка, арангутанг заўважыў громаадвод, з надзвычайным спрытам палез наверх па сцяне, ухапіўся за аканіцу, якая была адчынена насцеж, і з яе дапамогай скочыў на спінку ложка. На ўсё гэта спатрэбілася менш хвіліны. Апынуўшыся ў пакоі, арангутанг штуршком зноў расчыніў аканіцу.
Матрос не ведаў, радавацца альбо бедаваць. Ён вельмі спадзяваўся злавіць уцекача, бо наўрад ці той мог выбрацца з пасткі, у якую трапіў, мінаючы громаадвод, а тут матрос якраз і меркаваў яго падлавіць. Але, з другога боку, яго непакоіла тое, што малпа магла нарабіць у доме. Менавіта гэта прымусіла матроса рушыць услед за жывёлінай. Узлезці ўверх па громаадводзе яму, матросу, было няцяжка; але апынуўшыся на ўзроўні акна, што было злева, ён вымушаны быў спыніцца. Адзінае, што ён мог зрабіць, дык гэта, учапіўшыся за аканіцу, зазірнуць у акно. Ад жаху ён ледзь не зваліўся ўніз. Якраз тады і пачуліся тыя жудасныя крыкі, што абудзілі жыхароў вуліцы Морг. Мадам Л'Эспанэ і яе дачка, пераапранутыя ў начныя кашулі, відаць, разбіралі паперы ў жалезным куфэрку, выцягнутым на сярэдзіну пакоя. Ён быў адчынены, і паперы ляжалі побач на падлозе. Нябожчыцы, пэўна, сядзелі спінай да акна, і, мяркуючы па тым, што паміж з'яўленнем арангутанга і іх крыкамі прайшоў некаторы час, яны заўважылі яго не адразу, вырашыўшы, што аканіца грукнула ад ветру.
Калі матрос зазірнуў у акно, велізарная жывёліна трымала мадам Л'Эспанэ за валасы (распушчаныя, бо яна расчэсвала іх на ноч) і, імітуючы цырульніка, круціла перад яе тварам брытвай. Дачка нерухома ляжала на падлозе. Яна страціла прытомнасць. Ад крыкаў старой жанчыны і ў выніку яе супраціўлення — менавіта тады і былі выдраны з галавы валасы — мірныя, відаць, спачатку намеры арангутанга саступілі месца раз'юшанасці. Адным рашучым рухам мускулістай рукі ён ледзь зусім не адрэзаў галаву старой.
Калі жывёліна ўбачыла кроў, яе гнеў перайшоў у раз'юшанасць. Зубы арангутанга заскрыгаталі, вочы запалалі агнём. Ён кінуўся на непрытомную дзяўчыну, учапіўся
Калі арангутанг з сваёй знявечанай ахвярай з'явіўся ў акне, матрос прыціснуўся да громаадвода і, хутчэй з'ехаўшы, чым злезшы ўніз, кінуўся адразу ж дадому, з жахам усведамляючы магчымыя вынікі крывавага забойства і ахвотна даручаючы лёсу апекавацца арангутангам. Поўныя жаху воклічы француза і раз'юшаныя крыкі малпы і былі якраз тыя галасы, што пачулі людзі, калі беглі ўверх па лесвіцы.
Вось, бадай, і ўсё. Арангутанг, відаць, знік са спальні старой, спусціўшыся ўніз па громаадводзе якраз перад тым, як узламалі дзверы. Ён жа, відаць, і апусціў за сабой акно. Праз некаторы час малпу злавіў сам яе ўладальнік і прадаў за вялікія грошы Jarden des Plantes [20] .
20
Батанічны сад (франц.).
Лё Бона адразу ж выпусцілі на волю, пасля таго як мы пайшлі да прэфекта і ўсё расказалі (з каментарамі Дзюпэна). Гэты функцыянер добразычліва ставіўся да майго прыяцеля, аднак не змог схаваць прыкрасці ад такога павароту спраў і нават не ўтрымаўся, каб не зрабіць адной ці дзвюх саркастычных заўваг наконт таго, што кожны павінен займацца сваёй справай.
— Няхай пабурчыць, — сказаў потым Дзюпэн, не палічыўшы патрэбным заўважыць што-небудзь у адказ. — Няхай пафіласофствуе і супакоіць тым самым сумленне. Я рады, што перамог у яго ж замку. Тым не менш яму не варта здзіўляцца наконт уласнай няздольнасці знайсці разгадку таямніцы, бо, па праўдзе кажучы, наш прыяцель прэфект занадта хітры для таго, каб быць здатным зазіраць у глыбіню праблем. Яго ведам бракуе грунтоўнасці. Адна галава без тулава, як у выявах багіні Лаверны, ці, у лепшым выпадку, — галава ды плечы, як у траскі. Але ўсё ж ён добры хлопец. Асабліва мяне захапляе яго здольнасць адным махам здабываць сабе рэпутацыю вялікага разумніка. Я маю на ўвазе яго манеру de nier ce qui, et d'expliquer ce qui n'est pas [21] .
21
Адмаўляць тое, што ёсць, і тлумачыць тое, чаго не існуе (франц.). — Выказванне з рамана Ж.Ж.Русо «Юлія, ці Новая Элаіза».