Жалезныя жалуды
Шрифт:
Княгіня запрасіла Далібора сесці, і ён сеў на нізкі мяккі пуф. Яна пільна і строга пазірала на свайго маладога госця. Стомлены твар з яркімі сінімі вачыма, здавалася, свяціўся ў паўзмроку. Роспач і пакута ўсіх жанчын — маршчыны — тоненькімі вострымі праменьчыкамі збягаліся ля вачэй. Як ні разгладжваюць іх чалядніцы нажамі са слановай касці, нічога не дапамагае. Час бярэ сваё.
Ганна-Паята, бянтэжачы Далібора, неадрыўна глядзела на яго. З таго часу, як яна стала жонкай кунігаса Міндоўга, яна жыла нібы на востраве. Ні разу не пусціў яе кунігас з'ездзіць у Цвер, наведаць бацькоў і сябровак. Яна была ў суровай лясной сталіцы, дзе нязгасна гараць агні Пяркунаса, дзе шэпчуць незразумелыя словы доўгавалосыя вайдэлоты, дзе адно толькі на вуснах ва ўсіх: вайна, вайна… Хрысціянка, абкружаная шумлівым паганскім морам, яна спачывала душой толькі ў сваёй малітоўні. Адразу
19
Скудзельніцы — агульныя магілы.
Вось перад якой жанчынаю сядзеў новагародскі княжыч Далібор і не ведаў, аб чым весці гаворку. Ен не быў гаваруном, тым больш між чужых людзей. Выручыла княгіня.
— У вас у Новагародку, я чула, ёсць вельмі багаты святы храм, — прамовіла яна і перакінула позірк на Войшалка.
— Храм пакутнікаў Барыса і Глеба, — хуценька адказаў Далібор.
— Мяне жыццё карчом зрабіла, — сумна ўздыхнула Ганна-Паята. — Сяджу на адным месцы. А так бы хацелася з'ездзіць у Новагародак на маленне.
Далібор не паспеў адказаць. З панадворку пачуліся крыкі, рогат, дзікае конскае ржанне.
— Што там такое, Васіль? — занепакоілася княгіня. Войшалк выйшаў з малітоўні, і колькі часу Далібор з Ганнай-Паятай сядзелі моўчкі. Уляцела нейкая мошка, кінулася на полымя свечкі і згарэла з лёгкім трэскам і смуродам. Літоўскі княжыч вярнуўся з пахмурнелым тварам. Маці запытальна паглядзела на яго.
— Дружыннікі звязалі трох коней хвастамі і скаляць зубы, — растлумачыў Войшалк і дадаў: — Я загадаў развязаць.
— А дзе кунігас? — зморшчылася Ганна-Паята.
— Ен там таксама быў, смяяўся, — з неахвотаю адказаў Войшалк.
У гэты час пачуліся гучныя ўпэўненыя крокі, і ў малітоўню ўвайшоў Міндоўг. Усе ўсталі. Кунігас пацалаваў жонку ў шчаку, паляпаў сына па плячы, хітравата падміргнуў Далібору. Відно па-ўсяму, у яго быў добры настрой.
— Сонца на вуліцы, а вы каля свечак грэецеся, — весела прамовіў кунігас. — Усё Хрысту кланяецеся. Ці не стане спіна качаргою?
Заўважыўшы абураны позірк Ганны-Паяты, ён замахаў рукамі — маўчу-маўчу. Потым сеў на пуф, усміхаючыся, пачаў гаварыць:
— А мне сёння ўва сне відзежа была. Бацьку свайго нябожчыка
Пры гэтых ягоных словах усе затаілі дыханне.
— Падалося, быццам на тым свеце да бацькі я прыйшоў. Павячэралі мы, Літву нашу ўспомнілі, і пачаў я вечнае ложа рыхтаваць, мяккай зямлёю бацьку засыпаў. Назаўтра пытаюся: «Як ты спаў?» — «Ох, цяжка, — застагнаў бацька. — Чэрві і гады елі мяне». Тады я для яго скрыню драўляную, дамавіну, змайстраваў. Назаўтра бацька зноў плача, жаліцца: «Не магу тут ляжаць. Камары і пчолы кусаюць». І рашыў я па звычаю дзядоў нашых краду вогненную сатварыць 20 і паклаў кунігаса на агонь. Раніцаю пытаюся: «Як табе спалася?» Вочы ў бацькі заблішчалі, абняў ён мяне, моцна пацалаваў і звонкім голасам кажа: «Дзякуй табе, сыне. Соладка я спаў. Як дзіця ў калысцы».
20
Краду вогненную сатварыць — раскласці, запаліць ахвярнае вогнішча.
Міндоўг скончыў, уважліва паглядзеў на княгіню.
Вядома ж, у першую чаргу ёй, хрысціянцы, прызначаўся гэты расказ. Яна сядзела з нерухомым тварам, ціхая і бледная. Раптам яна ўсхліпнула.
— Перастань, — лагодным голасам сказаў Міндоўг. — Вытры слёзы.
Ганна-Паята паслухмяна выканала мужаву просьбу-загад.
— Жанчына выцірае слязу пальчыкам, мужчына — кулаком, — усміхнуўся кунігас і рашуча дадаў: — І ўсё-такі на агонь абменьваецца ўсё, і агонь — на ўсё, як на золата — тавары і на тавары — золата. Так вучыў рамейскі мудрэц Геракліт. Так вучыў вярхоўны жрэц, Вайдзевутас. Вось чаму мы ў Літве пакланяемся агню і не закопваем сваіх нябожчыкаў у зямлю.
Ен павярнуўся да Далібора.
— Засумаваў у нас новагародскі княжыч?
І, не даўшы Далібору адказаць, паклаў яму руку на. плячо.
— Заўтра на ловы паедзем, на вялікае паляванне. Ведаю, што вы, новагараджане, любіце гэту справу. Мы любім таксама. Ці не праўда, Войшалк?
— Праўда, праўда, — згодна заківаў галавою ўзрадаваны сын.
— Сабаліныя і гарнастаевы футры, па сорак і па сто штук у кіпе, мы возім у Полацк і Менск і да вас у Новагародак. А ведаеш, якія ў нас мядзведзі водзяцца? Муравейнікі, аўсянікі і сцярвятнікі. А ваўкі? Конюхі — вялікія, з шэрай поўсцю, і свінятнікі — меншыя, цёмна-жоўтыя.
Міндоўг, як, бадай, кожны літоўскі кунігас, ведаў толк у паляванні, змалку любіў яго. Мужчыны ўсхвалявана пачалі абмяркоўваць заўтрашнія ловы. І толькі Ганна-Паята, самотная душа, сядзела на сваёй канапе, рабіла выгляд, што ўважліва слухае іх, а думкі былі далёка-далёка адсюль, у нейкім захмар'і. Нездарма кажуць, што моль адзенне есць, а смутак — чалавека. Бачыўся варуцкай княгіні заліты гарачымі промнямі Афон, блакітнае ціхае мора, белыя сцены манастыроў, на якіх раскашуецца, лезе ўверх ап'янелая ад сонца вінаградная лаза. Там, у той сонечнай цішыні, жывуць, гутараць з богам смуглыя велікавокія людзі, што харчуюцца мёдам дзікіх пчол і акрыдамі, маладой смажанай саранчой. Як хацелася ёй туды з гэтай лясной глушэчы, ад крыві і страху, ад бясконцых незразумелых войнаў. Там ёсць месцы, дзе нават забаронена араць зямлю, бо зямля — жывая і саха земляроба можа прычыніць ёй боль.
На ловы Далібор узяў свой любімы лук. Літоўцы не надта ведалі гэту зброю, і Войшалк з вялікай цікавасцю круціў яго ў руках, цмокаў языком. Лук біў звера і чалавека за сто сажняў і складаўся з некалькіх частак. Галоўнаю была кібіць — дрэўка лука, кожная палавіна якога называлася плячом альбо рогам. Касцяныя накладкі называліся мадзянамі, а ніжні бок рога — падзорам. На канцах рагоў мацаваліся косці, да якіх прывязвалася цеціва. Рабілі яе з ласіных або валовых сухажылляў. Звычайна лук быў з расслабленай цецівою, і толькі перад самым паляваннем або перад самай бітвай яе нацягвалі. На левае прадплечча Далібор надзеў металічны бранзалет-наручку, каб ахоўваць руку ад удараў цецівы, а на вялікі палец той жа рукі — касцяное кольца. Стрэлы ў яго былі бярозавыя і з лясной яблыні-дзічкі.
На ловы выехалі вялікай рознакаляровай кавалькадаю. Паперадзе на белым кані ехаў Міндоўг. Побач з ім гарцавалі браты-кунігасы Вісмант і Спрудзейка, абодва светлавалосыя, вясёлыя, прыгожыя. Міндоўг казаў ім ласкавыя словы, усміхаўся ім, і яны, як маладыя жарэбчыкі, паказвалі варуцкаму кунігасу і ўсім свой спрыт і жвавасць. То вырываліся наперад, абганяючы адзін аднаго, то кідалі высока ўгору шапку і, пусціўшы коней галопам, лавілі гэту шапку на кап'ё.
— Дужа вясёлы сёння кунігас. Не чакай добрага, — ціха сказаў Далібору ваявода Хвал, які ехаў побач.
Привет из Загса. Милый, ты не потерял кольцо?
Любовные романы:
современные любовные романы
рейтинг книги
Диверсант. Дилогия
Фантастика:
альтернативная история
рейтинг книги
