Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Вядома, вогнішча яны расклалі не для таго, каб пагрэцца, — у гэтым не было патрэбы, таму што стаяла страшэнная гарачыня. Не, я быў упэўнены, што на гэтым вогнішчы яны смажылі свой жахлівы абед з чалавечага мяса! «Дзічына», вядома, была ўжо нарыхтаваная, толькі жывая ці забітая — гэтага я не ведаў.
Людаеды прысталі да выспы на дзвюх пірогах, якія цяпер стаялі на пяску: быў час адліву, і мае жудасныя госці, відаць, чакалі прыліву, каб плыць назад.
Так і здарылася: як толькі пачаўся прыліў, дзікуны кінуліся да лодак і адчалілі. Я забыў сказаць, што за гадзіну
Як толькі я ўпэўніўся, што дзікуны пакінулі выспу і зніклі, я злез з гары, ускінуў на плечы абедзве стрэльбы, заткнуў за пояс два пісталеты, а таксама сваю вялізную шаблю без ножнаў і, не трацячы часу, накіраваўся да таго пагорка, адкуль рабіў свае першыя назіранні пасля таго, як заўважыў на беразе чалавечы след.
Дабраўшыся да гэтага месца (што заняло часу не меней дзвюх гадзін, бо я быў нагружаны цяжкою зброяй), я зірнуў у бок мора і ўбачыў яшчэ тры пірогі з дзікунамі, якія плылі ад выспы да мацерыка.
Гэта прывяло мяне ў жах. Я пабег да берага і ледзь не закрычаў ад гневу, калі ўбачыў рэшткі таго жудаснага балявання, якое там адбывалася: кроў, косці і кавалкі чалавечага мяса, якое гэтыя ліхадзеі толькі што паядалі ў скоках і весялосці.
Мяне ахапіла такое абурэнне, я адчуў такую нянавісць да гэтых забойцаў, што мне захацелася жорстка адпомсціць ім за іх крыважэрнасць. Я пакляўся, што, калі наступны раз зноў убачу на беразе іх агіднае баляванне, я нападу на іх і знішчу ўсіх, колькі б іх ні было.
«Няхай я загіну ў няроўным баі, няхай сабе яны разарвуць мяне, — казаў я сабе, — але не магу ж я дапусціць, каб у мяне на вачах людзі беспакарана елі людзей!»
Аднак прайшло адзінаццаць месяцаў, а дзікуны не з'яўляліся. За ўвесь гэты час мой ваяўнічы запал ніколькі не астыў: я толькі і думаў пра тое, як бы мне знішчыць людаедаў.
Я вырашыў напасці на іх знянацку, асабліва калі яны зноў падзеляцца на дзве групы, як гэта было ў апошні іх прыезд.
Я не падумаў тады, што калі нават і пераб'ю ўсіх дзікуноў, што прыедуць да мяне (дапусцім, іх будзе дзесяць ці дванаццаць чалавек), то на другі дзень ці праз тыдзень, а можа, праз месяц мне давядзецца мець справу з новымі дзікунамі. А там зноў, зноў… І так бясконца, пакуль я сам не ператваруся ў такога ж жахлівага забойцу, як і гэтыя няшчасныя, што паядаюць уласных братоў.
Пятнаццаць ці шаснаццаць месяцаў я правёў у няспыннай трывозе. Я кепска спаў, кожную ноч сніў жахлівыя сны і часта ўсхопліваўся з пасцелі, дрыжучы ад страху.
Часам мне снілася, што я сам забіваю дзікуноў, і мне падрабязна маляваліся ў сне моманты нашых боек.
Днём я таксама не меў ні хвіліны спакою. Зусім магчыма, што такое напружанне і трывога ў рэшце рэшт давялі б мяне да вар'яцтва, калі б раптам не здарылася падзея, якая адразу ж адцягнула ўсе мае думкі ў другі бок.
Гэта адбылося на дваццаць чацвёртым годзе майго жыцця на выспе, у сярэдзіне траўня, калі верыць майму несамавітаму драўлянаму календару.
Увесь гэты дзень, шаснаццатага траўня, грымеў гром, бліскала маланка
Я сарваўся з месца, у момант прыставіў лескі да схілу гары і хутка-хутка, дарэмна баючыся патраціць нават адно імгненне, стаў караскацца па лесках уверх. Якраз у тую хвіліну, калі я апынуўся на вяршыні, перада мною далёка ў моры бліснуў агеньчык, а праз паўхвіліны пачуўся другі гарматны стрэл.
«У моры гіне карабель, — сказаў я сам сабе. — Ён падае сігналы, ён спадзяецца, што будзе выратаваны. Напэўна, непадалёку знаходзіцца другі які-небудзь карабель, у якога ён просіць дапамогі».
Я быў вельмі ўсхваляваны, але ніколькі не разгубіўся і паспеў сцяміць, што хоць я і не маю сілы памагчы гэтым людзям, затое, можа, яны дапамогуць мне.
У адзін момант я сабраў усё ламачча, якое ляжала паблізу, склаў яго ў кучу і падпаліў. Дрэва было сухое, і, нягледзячы на моцны вецер, полымя вогнішча ўзнялося так высока, што з карабля, калі гэта сапраўды быў карабель, не маглі не заўважыць майго сігналу. І агонь быў несумненна заўважаны, таму што, як толькі ўспыхнула полымя вогнішча, пачуўся новы гарматны стрэл, потым яшчэ і яшчэ, усё з таго ж боку.
Я падтрымліваў агонь усю ноч — да раніцы, а калі зусім развіднела і перадранішні туман крыху развеяўся, я ўбачыў у моры, прама на ўсходзе, нейкі цёмны сілуэт. Але што гэта было: корпус карабля ці ветразь, я не мог разгледзець нават у падзорную трубу, таму што было вельмі далёка, а мора ўсё яшчэ засцілаў туман.
Усю раніцу я назіраў за морам і тым прадметам і пераканаўся, што ён нерухомы. Можна было меркаваць, што гэта карабель, які стаіць на якары.
Я не вытрымаў: схапіў стрэльбу, падзорную трубу і пабег на паўднёва-ўсходні бераг, да таго месца, дзе пачыналася каменная града, што выходзіла ў мора.
Туман ужо развеяўся, і, забраўшыся на бліжэйшы ўцёс, я мог выразна распазнаць корпус карабля. Сэрца маё сціснулася ад гора. Відаць, няшчасны карабель наскочыў на нябачныя падводныя скалы і разбіўся на тым месцы, дзе яны заступалі шлях шалёнаму марскому цячэнню. Гэта былі тыя ж самыя скалы, што некалі пагражалі і мне.
Калі б тыя, што пацярпелі крушэнне, заўважылі выспу, яны напэўна спусцілі б шлюпкі і паспрабавалі б дабрацца да берага.
Але чаму яны стралялі з гармат адразу пасля таго, як я запаліў сваё вогнішча?
Магчыма, убачыўшы касцёр, яны спусцілі на ваду выратавальную шлюпку і пачалі кіравацца да берага, але не мелі сілы адолець шалёную буру, іх знесла ўбок і яны ўсе патанулі? А магчыма, яшчэ да крушэння яны засталіся без лодак? У час жа буры здараецца і так: калі судна пачынае тануць, людзям часта даводзіцца, каб аблегчыць груз, выкідаць свае шлюпкі за борт. Магчыма, гэты карабель быў не адзін? Можа, разам з ім у моры было яшчэ два ці тры караблі і яны, пачуўшы сігналы, падплылі да няшчаснага сабрата і падабралі яго экіпаж? Праўда, гэтак наўрад ці магло здарыцца: другога карабля я не бачыў.