Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Але які б лёс ні напаткаў тых няшчасных, я не мог ім дапамагчы, і мне заставалася толькі аплакваць іх пагібель.
Мне было шкада і іх і сябе.
Яшчэ больш пакутліва, чым раней, я адчуў у гэты дзень увесь жах свае адзіноты. Ледзь толькі я ўбачыў карабель, я зразумеў, як страшэнна змаркоціўся я без людзей, як страшэнна мне хочацца бачыць іх твары, чуць іх галасы, паціскаць ім рукі, размаўляць з імі! Мае вусны міжвольна і бясконца паўтаралі словы: «Ах, калі б хоць два ці тры чалавекі… не, няхай сабе нават хоць адзін толькі выратаваўся
Ні разу за ўсе гады мае адзіноты не адчуваў я такога палкага жадання сустрэчы з людзьмі.
«Няхай бы хоць толькі адзін! Ах, хоць бы адзін!» — паўтараў я тысячу разоў.
І гэтыя словы распальвалі ва мне такі сум, што, вымаўляючы іх, я сутаргава сціскаў кулакі і так моцна сашчэпліваў зубы, што потым доўга не мог іх расцяць.
Раздзел дваццаты
Рабінзон робіць намер пакінуць сваю выспу
Да апошняга года майго жыцця на выспе я так і не даведаўся, ці выратаваўся хто-небудзь з таго карабля, які загінуў.
Праз некалькі дзён пасля караблекрушэння я знайшоў на беразе, насупраць таго месца, дзе разбіўся карабель, цела юнгі. Я глядзеў на яго, шчыра сумуючы. У яго быў такі мілы, такі дабрадушны малады твар! Магчыма, калі б ён застаўся жывы, я палюбіў бы яго, і жыццё маё зрабілася б куды шчаслівейшым.
Але не варта плакаць па тым, чаго ўсё роўна не вернеш. Я доўга блукаў па ўзбярэжжы, а потым зноў падышоў да тапельца. На ім былі кароткія палатняныя штаны і матроская куртка. Не было ніякіх прыкмет, па якіх можна было б вызначыць, якой ён нацыянальнасці: у кішэнях у яго я не знайшоў нічога, апрача дзвюх залатых манет і люлькі.
Бура сціхла, і мне страшэнна захацелася ўзяць лодку і дабрацца на ёй да карабля. Я не сумняваўся, што знайду там нямала карысных рэчаў, якія могуць мне спатрэбіцца. Але не толькі гэта спакушала мяне: больш за ўсё мяне хвалявала надзея, што, магчыма, на караблі засталася якая-небудзь жывая істота, якую я здолею выратаваць ад смерці.
«І калі я выратую яе, — казаў я сабе, — маё жыццё будзе куды больш светлым і радасным».
Гэта думка завалодала ўсім маім сэрцам: я адчуваў, што ні днём ні ноччу не буду ведаць спакою, пакуль не наведаю разбітае судна. І я сказаў сабе: «Няхай будзе што будзе, а я паспрабую дабрацца туды. Чаго б гэта мне ні каштавала, я павінен адправіцца ў мора, калі не хачу, каб мяне замучыла сумленне».
З гэтым рашэннем я паспяшаўся вярнуцца да сябе ў крэпасць і пачаў рыхтавацца да цяжкай і небяспечнай паездкі.
Я ўзяў хлеба, вялікі збан прэснай вады, бутэльку рому, карзіну з разынкамі і компас. Узваліўшы сабе на плечы ўсю гэту каштоўную паклажу, я накіраваўся да таго берага, дзе стаяла мая лодка. Вычарпаўшы з яе ваду, я склаў у яе рэчы і вярнуўся па новы груз. На гэты раз я прыхапіў з сабою вялікі мяшок рысу, другі збан прэснай вады, дзесяткі два ячменных праснакоў, бутэльку казінага малака, кавалак сыру
Усё гэта я з вялікай цяжкасцю перанёс у лодку і адчаліў. Спачатку я пайшоў на вёслах і трымаўся, па магчымасці, бліжэй да берага.
Калі я дасягнуў паўночна-ўсходняга канца выспы і трэба было ўзняць ветразь, каб пусціцца ў адкрытае мора, я спыніўся ў нерашучасці.
«Ісці ці не ісці? Рызыкаваць ці не?» — пытаўся я сам у сябе.
Я зірнуў на хуткі струмень марскога цячэння, што абгінала выспу, і ўспомніў, якая страшэнная небяспека пагражала мне ў час мае першай паездкі. І памалу мая рашучасць пачала слабець. Тут абодва цячэнні сутыкаліся, і я добра бачыў, што ў якое б цячэнне я ні трапіў, любое з іх знясе мяне далёка ў адкрытае мора.
«Мая ж лодка такая малая, — казаў я сабе, — што варта ўзняцца свежаму ветру, і яе зараз жа захлісне хваляй, і тады мая пагібель немінучая».
Пад уражаннем гэтых думак я зусім аслабеў і ўжо гатовы быў адмовіцца ад свае задумы. Я зайшоў у невялічкую бухтачку, прычаліў да берага, сеў на пагорак і глыбока задумаўся, не ведаючы, што мне рабіць.
Але неўзабаве пачаўся прыліў, і я ўбачыў, што справа выглядае ўжо зусім не так кепска: выявілася, што адліў ідзе з паўднёвага боку выспы, а цячэнне прыліву — з паўночнага, так што калі я, вяртаючыся з разбітага судна, буду трымаць курс да паўночнага берага выспы, то застануся жывы і здаровы.
Значыць, баяцца няма чаго. Я зноў падбадзёрыўся і вырашыў заўтра ж, на світанні, выйсці ў мора.
Надышла ноч. Я пераначаваў у лодцы, накрыўшыся матроскім бушлатам, а раніцай рушыў у дарогу.
Спачатку я ўзяў курс у адкрытае мора, прама на поўнач, пакуль не трапіў у струмень цячэння, якое накіроўвалася на ўсход. Мяне панесла вельмі хутка, і менш чым за дзве гадзіны я даплыў ужо да карабля.
Змрочнае відовішча адкрылася маім вачам: карабель (відаць, гішпанскі) уткнуўся носам паміж двух уцёсаў.
Карма была знесена; уцалела толькі насавая частка. І грот-мачта і фок-мачта былі спілаваны.
Калі я падышоў да борта, на палубе паказаўся сабака. Убачыўшы мяне, ён пачаў кідацца і скавытаць, а калі я паклікаў яго, ён скочыў у ваду і падплыў да мяне. Я ўзяў яго ў лодку. Сабака паміраў з голаду і смагі. Я даў яму кавалак хлеба, і ён накінуўся на яго, як згаладалы ў снежную зіму воўк. Калі сабака наеўся, я даў яму крыху вады, і ён пачаў так прагна хлябтаць, што напэўна лопнуў бы, калі б даць яму ўволю.
Затым я падняўся на карабель. Першае, што я ўбачыў, гэта былі два трупы: яны ляжалі ў рубцы, моцна счапіўшыся рукамі. Відаць, калі карабель наскочыў на скалу, яго ўвесь час залівала велізарнымі хвалямі, таму што была страшэнная бура, і гэтыя два чалавекі, баючыся, каб іх не змыла за борт, ухапіліся адзін за аднаго ды так і захлынуліся. Хвалі былі такія высокія і так часта захліствалі палубу, што карабель, па сутнасці, увесь час знаходзіўся пад вадой, і тыя, каго не змылі хвалі, захлынуліся ў каютах і ў кубрыку.