Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
Шрифт:
26 кастрычнiка. Знайшоў, як мне здаецца, зручнае месца для жытла. Трэба будзе абгарадзiць яго частаколам.
З 27 па 30 кастрычнiка. Настойлiва працаваў: перацягваў сваю маёмасць у новае жытло, хоць амаль увесь час iшоў дождж.
31 кастрычнiка. Ранiцой блукаў па выспе са стрэльбай, спадзеючыся падстрэлiць якую-небудзь дзiчыну i адначасова агледзець наваколле. Забiў казу. Яе казляня пабегла за мною i правяло мяне да самага дома, але неўзабаве давялося зарэзаць i яго - яно было яшчэ такое малое, што не ўмела скубцi траву.
1 лiстапада. Паставiў
4 лiстапада. Размеркаваў свой час, вызначыўшы пэўныя гадзiны на паляванне, для работы, для адпачынку i сну. З ранiцы, калi няма дажджу, гадзiны дзве цi тры блукаю са стрэльбай па выспе, затым да адзiнаццацi працую, у адзiнаццаць снедаю, з дванаццацi да дзвюх адпачываю (таму што гэта самая гарачая пара дня), з дзвюх зноў бяруся за работу. Усе рабочыя гадзiны за апошнiя два днi я майстраваў стол. У той час я быў яшчэ кепскiм сталяром. Але чаму не навучыць бяда! Я раблюся майстрам на ўсе рукi. Безумоўна, такога ж майстэрства дасягнуў бы кожны iншы, каб ён апынуўся ў маiм становiшчы.
13 лiстапада. Iшоў дождж. Зямля i паветра прыкметна асвяжылiся, i стала лягчэй дыхаць, але ўвесь час былi страшэнныя грымоты, блiскала маланка, i я напалохаўся, каб не ўспыхнуў мой порах. Калi скончылася навальнiца, я вырашыў увесь свой запас пораху падзялiць на маленькiя часцiнкi i захоўваць у розных месцах, каб порах не ўзарваўся ўвесь разам.
14, 15 i 16 лiстапада. Усе гэтыя днi я майстраваў скрыначкi для пораху; у кожную такую скрыначку можна ўсыпаць адзiн-два фунты. Сёння рассыпаў увесь порах у скрыначкi i схаваў iх у расколiнах гары, як мага далей адну ад адной. Учора забiў вялiзную птушку. Якая гэта птушка, не ведаю. Але мяса ў яе смачнае.
17 лiстапада. Сёння пачаў быў капаць пячору ў пясчанай гары, што за маёй палаткай, каб зручней уладкаваць усю маёмасць. Але для гэтай работы неабходна мець тры рэчы: кiрку, рыдлёўку i тачку або кош, каб выносiць накапаную зямлю, а ў мяне нiчога гэтага няма. Давялося спынiць работу. Доўга ламаў галаву, што прыдумаць замест гэтых рэчаў цi як зрабiць iх. Замест кiркi паспрабаваў працаваць жалезным ломам; ён нiчога, але вельмi цяжкi. Застаецца рыдлёўка i тачка. Без рыдлёўкi як без рук, але я ўсё роўна нiчога не здольны прыдумаць нi як яе зрабiць, нi чым замянiць.
18 лiстапада. Знайшоў у лесе тое самае дрэва (цi той жа пароды), якое ў Бразiлii называюць "жалезным", таму што яно незвычайна трывалае. Ледзьве ссек адно дрэва. Мая сякера зусiм ступiлася. Я адсек ад ствала вялiкi цурбан i ледзь данёс яго да свайго жытла - такi цяжкi ён быў! Я вырашыў зрабiць з яго лапату. Дрэва было такое цвёрдае, што гэта работа адабрала ў мяне вельмi многа часу i працы. Але лапату я ўсё-такi зрабiў. Дзяржанне атрымалася не горшае, чым тыя, што робяць у нас, у Ангельшчыне, а сама лапата аказалася нетрывалай. Не шкодзiла б абабiць яе жалезам, але лiстовага жалеза ў мяне няма, таму яна праслужыла мне нядоўга. I ўсё ж на першым часе я пакарыстаўся ёю на земляных работах, хоць, думаю, нiводная лапата
Мне не хапала яшчэ тачкi цi каша. Пра кош не было чаго i думаць; каб сплесцi яго, патрэбны былi гнуткiя дубцы, а я, нягледзячы на ўсе пошукi, так i не знайшоў iх у лесе. Змайстраваць тачку ў мяне, бадай, хапiла б умення, але ж да тачкi неабходна мець кола, а я не меў нiякага ўяўлення, як робяцца колы. Апрача таго, кола неабходна было надзець на жалезную вось, якой у мяне таксама не было. I таму давялося адмовiцца ад гэтай задумы. Замест тачкi я змайстраваў з дошак невялiкую скрынку, накшталт тых, у якiх муляры трымаюць вапну.
У гэтай скрынцы я i выносiў накапаную зямлю.
Скрынку зрабiць было лягчэй, чым лапату. Але ўсё разам - скрынка, лапата i дарэмная спроба зрабiць тачку - усё гэта забрала ў мяне чатыры днi, за выключэннем тых ранiшнiх гадзiн, калi я хадзiў са стрэльбай на паляванне. Наогул я рэдкi дзень не хадзiў на паляванне, i амаль не было выпадку, каб я не прынёс якой-небудзь дзiчыны.
23 лiстапада. Закончыў рабiць лапату i скрынку. Як толькi яны былi гатовы, зноў узяўся капаць пячору. Капаў цэлы дзень, колькi меў сiлы. Мне патрэбна было вельмi прасторнае памяшканне, якое адначасова магло б служыць i склепам, i кладоўкаю, i кухняй, i сталовай.
10 снежня. Я працаваў роўна васемнаццаць дзён i ўжо лiчыў сваю работу скончанай, як раптам сёння з аднаго краю абвалiлася зямля. Вiдаць, я зрабiў пячору вельмi шырокай. Абвал быў такi, што я напалохаўся: гэта пэўна ўжо, што калi б я сам знаходзiўся ў гэты час у пячоры, то мне ўжо не спатрэбiўся б магiльшчык. Гэты сумны выпадак нарабiў мне шмат клопату: трэба будзе выносiць з пячоры ўсю абваленую зямлю, а галоўнае - давядзецца цяпер рабiць падпору да скляпення, iнакш не будзе ўпэўненасцi, што абвал не паўторыцца.
11 снежня. З сённяшняга дня ўзяўся за работу. Пакуль што паставiў дзве палi i на кожнай па дзве дошкi крыж-накрыж.
17 снежня. Канчаткова ўмацаваў першыя дзве палi i паставiў яшчэ некалькi, таксама з дошкамi наверсе, як i першыя дзве. Цяпер мяне ўжо не палохае нiякi абвал. Палi я паставiў у рад, так што яны будуць служыць у маiм склепе i за перагародку. Гэта праца забрала ў мяне цэлы тыдзень. З гэтага дня па 20 снежня прымацоўваў я ў склепе палiцы, забiваў у перагародку цвiкi i развешваў усе рэчы, якiя можна павесiць.
20 снежня. Перанёс у пячору ўсё начынне i расклаў на месца. Цяпер мая гаспадарка ў парадку. Зрабiў яшчэ адно крэсла i прыбiў некалькi маленькiх палiчак для правiзii - атрымалася нешта накшталт буфета. Дошак у мяне застаецца вельмi мала.
24 снежня. Усю ноч i ўвесь дзень iшоў лiвень. Не выходзiў з дому.
26 снежня. Дождж спынiўся. Праяснела. Пахаладнела.
27 снежня. Падстрэлiў двое казлянят: адно забiў, а другое паранiў у нагу, так што яно не здолела ўцячы. Злавiў яго i прывёў дадому на вяроўцы. Дома агледзеў яго нагу: яна была перабiта; я забiнтаваў яе.