Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
Шрифт:
Як толькi я ўпэўнiўся, што дзiкуны пакiнулi выспу i знiклi, я злез з гары, ускiнуў на плечы абедзве стрэльбы, заткнуў за пояс два пiсталеты, а таксама сваю вялiзную шаблю без ножнаў i, не трацячы часу, накiраваўся да таго пагорка, адкуль рабiў свае першыя назiраннi пасля таго, як заўважыў на беразе чалавечы след.
Дабраўшыся да гэтага месца (што заняло часу не меней дзвюх гадзiн, бо я быў нагружаны цяжкою зброяй), я зiрнуў у бок мора i ўбачыў яшчэ тры пiрогi з дзiкунамi, якiя плылi ад выспы да мацерыка.
Гэта прывяло мяне ў жах. Я пабег да берага i ледзь
Мяне ахапiла такое абурэнне, я адчуў такую нянавiсць да гэтых забойцаў, што мне захацелася жорстка адпомсцiць iм за iх крыважэрнасць. Я пакляўся, што, калi наступны раз зноў убачу на беразе iх агiднае баляванне, я нападу на iх i знiшчу ўсiх, колькi б iх нi было.
"Няхай я загiну ў няроўным баi, няхай сабе яны разарвуць мяне, - казаў я сабе, - але не магу ж я дапусцiць, каб у мяне на вачах людзi беспакарана елi людзей!"
Аднак прайшло адзiнаццаць месяцаў, а дзiкуны не з'яўлялiся. За ўвесь гэты час мой ваяўнiчы запал нiколькi не астыў: я толькi i думаў пра тое, як бы мне знiшчыць людаедаў.
Я вырашыў напасцi на iх знянацку, асаблiва калi яны зноў падзеляцца на дзве групы, як гэта было ў апошнi iх прыезд.
Я не падумаў тады, што калi нават i пераб'ю ўсiх дзiкуноў, што прыедуць да мяне (дапусцiм, iх будзе дзесяць цi дванаццаць чалавек), то на другi дзень цi праз тыдзень, а можа, праз месяц мне давядзецца мець справу з новымi дзiкунамi. А там зноў, зноў... I так бясконца, пакуль я сам не ператваруся ў такога ж жахлiвага забойцу, як i гэтыя няшчасныя, што паядаюць уласных братоў.
Пятнаццаць цi шаснаццаць месяцаў я правёў у няспыннай трывозе. Я кепска спаў, кожную ноч снiў жахлiвыя сны i часта ўсхоплiваўся з пасцелi, дрыжучы ад страху.
Часам мне снiлася, што я сам забiваю дзiкуноў, i мне падрабязна малявалiся ў сне моманты нашых боек.
Днём я таксама не меў нi хвiлiны спакою. Зусiм магчыма, што такое напружанне i трывога ў рэшце рэшт давялi б мяне да вар'яцтва, калi б раптам не здарылася падзея, якая адразу ж адцягнула ўсе мае думкi ў другi бок.
Гэта адбылося на дваццаць чацвёртым годзе майго жыцця на выспе, у сярэдзiне траўня, калi верыць майму несамавiтаму драўлянаму календару.
Увесь гэты дзень, шаснаццатага траўня, грымеў гром, блiскала маланка i навальнiца не сцiхала нi на хвiлiну. Позна вечарам я чытаў кнiгу, стараючыся забыць свае хваляваннi. Раптам я пачуў гарматны стрэл. Мне здалося, што ён данёсся да мяне з мора.
Я сарваўся з месца, у момант прыставiў лескi да схiлу гары i хутка-хутка, дарэмна баючыся патрацiць нават адно iмгненне, стаў караскацца па лесках уверх. Якраз у тую хвiлiну, калi я апынуўся на вяршынi, перада мною далёка ў моры блiснуў агеньчык, а праз паўхвiлiны пачуўся другi гарматны стрэл.
"У моры гiне карабель, - сказаў я сам сабе.
– Ён падае сiгналы, ён спадзяецца, што будзе выратаваны. Напэўна, непадалёку знаходзiцца другi якi-небудзь карабель, у якога ён просiць
Я быў вельмi ўсхваляваны, але нiколькi не разгубiўся i паспеў сцямiць, што хоць я i не маю сiлы памагчы гэтым людзям, затое, можа, яны дапамогуць мне.
У адзiн момант я сабраў усё ламачча, якое ляжала паблiзу, склаў яго ў кучу i падпалiў. Дрэва было сухое, i, нягледзячы на моцны вецер, полымя вогнiшча ўзнялося так высока, што з карабля, калi гэта сапраўды быў карабель, не маглi не заўважыць майго сiгналу. I агонь быў несумненна заўважаны, таму што, як толькi ўспыхнула полымя вогнiшча, пачуўся новы гарматны стрэл, потым яшчэ i яшчэ, усё з таго ж боку.
Я падтрымлiваў агонь усю ноч - да ранiцы, а калi зусiм развiднела i перадранiшнi туман крыху развеяўся, я ўбачыў у моры, прама на ўсходзе, нейкi цёмны сiлуэт. Але што гэта было: корпус карабля цi ветразь, я не мог разгледзець нават у падзорную трубу, таму што было вельмi далёка, а мора ўсё яшчэ засцiлаў туман.
Усю ранiцу я назiраў за морам i тым прадметам i пераканаўся, што ён нерухомы. Можна было меркаваць, што гэта карабель, якi стаiць на якары.
Я не вытрымаў: схапiў стрэльбу, падзорную трубу i пабег на паўднёва-ўсходнi бераг, да таго месца, дзе пачыналася каменная града, што выходзiла ў мора.
Туман ужо развеяўся, i, забраўшыся на блiжэйшы ўцёс, я мог выразна распазнаць корпус карабля. Сэрца маё сцiснулася ад гора. Вiдаць, няшчасны карабель наскочыў на нябачныя падводныя скалы i разбiўся на тым месцы, дзе яны заступалi шлях шалёнаму марскому цячэнню. Гэта былi тыя ж самыя скалы, што некалi пагражалi i мне.
Калi б тыя, што пацярпелi крушэнне, заўважылi выспу, яны напэўна спусцiлi б шлюпкi i паспрабавалi б дабрацца да берага.
Але чаму яны стралялi з гармат адразу пасля таго, як я запалiў сваё вогнiшча?
Магчыма, убачыўшы касцёр, яны спусцiлi на ваду выратавальную шлюпку i пачалi кiравацца да берага, але не мелi сiлы адолець шалёную буру, iх знесла ўбок i яны ўсе патанулi? А магчыма, яшчэ да крушэння яны засталiся без лодак? У час жа буры здараецца i так: калi судна пачынае тануць, людзям часта даводзiцца, каб аблегчыць груз, выкiдаць свае шлюпкi за борт. Магчыма, гэты карабель быў не адзiн? Можа, разам з iм у моры было яшчэ два цi тры караблi i яны, пачуўшы сiгналы, падплылi да няшчаснага сабрата i падабралi яго экiпаж? Праўда, гэтак наўрад цi магло здарыцца: другога карабля я не бачыў.
Але якi б лёс нi напаткаў тых няшчасных, я не мог iм дапамагчы, i мне заставалася толькi аплакваць iх пагiбель.
Мне было шкада i iх i сябе.
Яшчэ больш пакутлiва, чым раней, я адчуў у гэты дзень увесь жах свае адзiноты. Ледзь толькi я ўбачыў карабель, я зразумеў, як страшэнна змаркоцiўся я без людзей, як страшэнна мне хочацца бачыць iх твары, чуць iх галасы, пацiскаць iм рукi, размаўляць з iмi! Мае вусны мiжвольна i бясконца паўтаралi словы: "Ах, калi б хоць два цi тры чалавекi... не, няхай сабе нават хоць адзiн толькi выратаваўся i прыплыў да мяне! Ён быў бы мне таварышам, сябрам, i я здолеў бы дзялiць з iм гора i радасць".