Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
Шрифт:
Пасля гэтага я загадаў яму iсцi за мною, i мы рушылi ў дарогу. Iшлi мы доўга, таму што я павёў яго не ў крэпасць, а зусiм у другi бок - у самую далёкую частку выспы, дзе быў мой новы грот.
У гроце я даў яму хлеба, галiнку разынак i крыху вады. Вадзе ён асаблiва ўзрадаваўся, таму што пасля хуткага бегу адчуваў моцную смагу.
Калi ён падмацаваўся, я паказаў яму куток пячоры, дзе ў мяне ляжаў ахапак рысавай саломы, прыкрыты коўдраю, i знакамi растлумачыў яму, што ён можа легчы тут i начаваць.
Бедалага лёг i iмгненна заснуў.
Карыстаючыся момантам,
Гэта быў прывабны малады чалавек, высокага росту, цудоўнага складу, рукi i ногi меў мускулiстыя, моцныя i ў той жа час надзвычай зграбныя; на выгляд яму было гадоў дваццаць шэсць. У твары яго я не заўважыў нiчога панурага цi жорсткага; гэта быў мужны i ў той жа час пяшчотны i прыемны твар, i на iм нярэдка з'яўляўся выраз лагоднасцi, асаблiва калi ён усмiхаўся. Валасы ў яго былi доўгiя i чорныя; яны падалi на твар гладкiмi пасмамi. Лоб высокi, адкрыты; колер скуры цёмна-карычневы, вельмi прыемны для вока. Твар круглы, шчокi поўныя, нос невялiкi. Рот прыгожы, губы тонкiя, зубы роўныя, белыя, як слановая косць. Спаў ён не больш паўгадзiны, нават не спаў, а драмаў, потым усхапiўся на ногi i выйшаў з пячоры да мяне.
Я тут жа ў загоне даiў сваiх коз. Як толькi ён убачыў мяне, ён тут жа падбег i зноў упаў перада мною на зямлю, усяляк выказваючы самую пакорную падзяку i адданасць. Прыпаўшы тварам да зямлi, ён зноў паставiў сабе на галаву маю нагу i ўвогуле, як толькi ўмеў, усiмi даступнымi яму сродкамi iмкнуўся даказаць мне сваю бязмежную пакору, намагаўся растлумачыць, што з гэтага дня ён будзе служыць мне ўсё жыццё.
Я шмат зразумеў з таго, што ён iмкнуўся мне сказаць, i пастараўся запэўнiць яго, што я iм вельмi задаволены.
З таго дня я пачаў вучыць яго самым неабходным словам. Перш за ўсё я сказаў яму, што буду называць яго Пятнiца (я выбраў яму гэта iмя ў напамiнак таго дня, калi я выратаваў яму жыццё). Затым я навучыў яго вымаўляць маё iмя, навучыў таксама вымаўляць "так" i "не" i растлумачыў яму значэнне гэтых слоў.
Я прынёс яму малака ў глiняным збану i паказаў, як трэба мачаць хлеб у малако. Ён адразу навучыўся ўсяму гэтаму i пачаў на мiгi паказваць, што мая пачостка яму спадабалася.
Мы пераначавалi ў гроце, але адразу, як толькi надышла ранiца, я загадаў Пятнiцы iсцi за мною i павёў яго ў сваю крэпасць. Я растлумачыў, што хачу падарыць яму сякое-такое адзенне. Ён, вiдаць, вельмi ўзрадаваўся, таму што быў зусiм голы.
Калi мы iшлi паўз тое месца, дзе былi пахаваны забiтыя ўчора два дзiкуны, ён паказаў мне на iх магiлы i ўсяляк iмкнуўся мне растлумачыць, што нам варта адкапаць абодва трупы, каб зараз жа з'есцi iх.
Тут я зрабiў выгляд, што страшэнна ўзлаваўся, што мне агiдна нават слухаць пра такiя рэчы, што мяне пачынае ванiтаваць ад аднае думкi пра гэта, што я ўзнелюблю i ўзненавiджу, яго, калi ён толькi дакранецца да забiтых. Нарэшце я зрабiў рашучы рух рукою, загадваючы яму адысцi ад магiл; i ён адразу ж вельмi пакорна адышоў.
Пасля гэтага мы з iм паднялiся на пагорак: мне хацелася паглядзець, цi тут яшчэ дзiкуны.
Я дастаў падзорную трубу i навёў яе на тое месца, дзе бачыў iх учора. Але iх i
Я, вядома, узрадаваўся гэтаму, але мне хацелася мець больш дакладныя звесткi пра маiх нязваных гасцей. Бо цяпер я ўжо быў не адзiн, са мною быў Пятнiца, i таму я зрабiўся куды смялейшы, а разам са смеласцю ў мяне абудзiлася i цiкаўнасць.
У аднаго з забiтых засталiся лук i калчан са стрэламi. Я дазволiў Пятнiцы ўзяць гэту зброю, i з таго часу ён не разлучаўся з ёю нi днём нi ўначы. Хутка мне давялося ўпэўнiцца, што лукам i страламi мой дзiкун валодае па-майстэрску. Апрача таго, я ўзброiў яго шабляй, даў яму адну сваю стрэльбу, а сам узяў дзве другiя, i мы рушылi ў дарогу.
Калi мы прыйшлi на тое месца, дзе ўчора балявалi людаеды, нашым вачам адкрылася такое жахлiвае вiдовiшча, што ў мяне замерла сэрца ў грудзях i застыла ў жылах кроў.
Але Пятнiца быў зусiм спакойны: такiя вiдовiшчы былi яму не ўпершыню i зусiм яго не здзiўлялi.
Зямля ў многiх мясцiнах была залiта крывёю. Вакол валялiся кавалкi смажанага чалавечага мяса. Увесь бераг быў усыпаны касцямi людзей: тры чарапы, пяць рук, косцi ад трох цi чатырох ног i мноства iншых частак шкiлета.
Пятнiца расказаў мне з дапамогай знакаў, што дзiкуны прывезлi з сабою чатырох палонных: траiх яны з'елi, а ён быў чацвёрты. (Тут ён тыцнуў сябе пальцам у грудзi.)
Вядома, я зразумеў далёка не ўсё з таго, што ён расказваў мне, але сёе-тое ўсё ж здолеў сцямiць. Паводле яго слоў, некалькi дзён назад у дзiкуноў, якiя былi пад уладай аднаго варожага князька, адбылася вялiкая бойка з тым племенем, да якога належаў ён, Пятнiца. Чужыя дзiкуны перамаглi i забралi ў палон вельмi многа народу. Пераможцы падзялiлi палонных памiж сабою i павезлi iх у розныя мясцiны, каб забiць i з'есцi гэтак жа, як зрабiў той атрад дзiкуноў, якi выбраў месцам балявання адзiн з берагоў маёй выспы.
Я загадаў Пятнiцы раскласцi вялiкае вогнiшча, затым сабраць усе косцi, усе кавалкi мяса, звалiць iх у гэта вогнiшча i спалiць.
Я заўважыў, што яму вельмi хочацца паласавацца чалавечым мясам (ды яно i не дзiўна: ён жа таксама быў людаед!). Але я зноў рашуча паказаў яму знакамi, што мне здаецца агiднай i мярзотнай нават сама думка пра такi ўчынак, i тут жа прыгразiў яму, што заб'ю яго пры першай жа спробе парушыць маю забарону.
Пасля гэтага мы вярнулiся ў крэпасць, i я, не адкладваючы, узяўся абшываць свайго дзiкуна.
Перш за ўсё я надзеў на яго штаны. У адной са скрынь, якiя я забраў з загiнуўшага карабля, знайшлася гатовая пара палатняных штаноў, iх давялося толькi крыху перашыць. Затым я пашыў яму куртку з казiнага футра, прыклаўшы ўсе свае здольнасцi i ўменне на тое, каб куртка атрымалася як найлепш (у той час я ўжо быў даволi спрактыкаваны кравец), i змайстраваў яму з заечых шкурак шапку, вельмi зручную i даволi прыгожую.
Такiм чынам на першым часе ён быў апрануты з галавы да ног i застаўся, вiдаць, вельмi задаволены, што яго адзежа не горшая за маю.