Жыцьцё пад агнём
Шрифт:
Пачатак польскага руху датуецца прыблізна з пачатку 1942 году. Асноўнай ягонай базай была якраз Лідчына. Жыхарства Лідчыны ў сваёй аснове амаль стопрацэнтна беларускае, ня лічачы невялікае колькасьці асаднікаў і былых польскіх урадаўцаў, насланых польскім урадам у часе існаваньня польскае дзяржавы. Жыхарства гутарыць прыгожай беларускай мовай і не зважаючы на надлюдзкія палянізатарскія высілкі польскага ўраду, яно засталося ў сваёй аснове беларускае. Аднак дзякуючы таму, што ў пераважальнай бальшыні было яно каталіцкага веравызнаньня, польскія сьвятары мелі тут шырокае поле дзеяньня. Выкарыстоўваючы свой духоўны сан і глыбокую традыцыйную рэлігійнасьць беларускага народу, яны вязалі паняцьце веравызнаньня з нацыянальнасьцяй. Зразумела, гэная акцыя не закранала сьведамай часткі беларускай
Вось гэная акцыя польскага клеру і падрыхтавала падатны грунт для польскіх партызанаў у Лідчыне. У часе нямецкае акупацьгі палякі захапілі ўсе ключавыя адміністрацыйныя і гаспадарскія становішчы. Яны абставілі немцаў сваімі перакладнікамі, засноўвалі польскія школы. Касьцёлы сталіся асяродкамі польскае акцыі. Беларускія патрыёты прадстаўляліся палякамі як камуністы, былі перасьледаваныя нямецкім СД.
Наваградзкая Акруга старалася дапамагаць у меру магчымасьцяў беларускаму актыву Ліды, высылаючы туды першым чынам маладых настаўнікаў. Трэба адцеміць, што яны прарабілі там вялізарную нацыянальную працу.
Нельга не адцеміць той фізычнай і духовай апоры для беларусаў Лідчыны, якую ім даў чыгуначны баталён, зарганізаваны ў Наваградку капітанам Сажычам, ды высланы ў Ліду. Зразумела, што насельніцтва Наваградзкае Акругі зь непакоем сачыла за падзеямі ў Лідчыне. Кажны новы атэнтат палякаў на беларускі актыў выклікаў хвалю абурэньня й жаданьне помсты. Змаганьне аднак было тым цяжэйшае, што пачынаючы ад канца 1943 году польскія партызаны зьмянілі тактыку й спынілі змаганьне супраць немцаў, дамовіўшыся з апошнімі на супольную акцыю супраць чырвоных партызанаў. Немцы давалі ім зброю, амуніцыю й уніформы, а таксама пакрывалі іх крымінальныя вычыны ў дачыненьні да беларускага жыхарства.
Зусім зразумела, што заняцьце шкляной гуты ў Бярозаўцы палякамі выклікала абурэньне сярод наваградчан. Жаўнеры эскадрону дамагаліся неадкладнага дзеяньня. Гульня немцаў была тут ясная: палякі занялі гуту із згодай нямецкіх уладаў, якім належала адначасна аслабіць эскадрон.
Для эскадрону сутычка з добра ўзброенымі палякамі, нат пераможная, была нявыгадная. Аднак пакінуць палякаў на «сваёй» тэрыторыі было абсалютна недапушчальна. На нарадзе камандзераў зьвязаў з камандзерам эскадрону было пастаноўлена здабыць гуту, але раней папрабаваць прымусіць палякаў пакінуць гуту бяз бою. Каманду пераняў ст. лейт. С. Цэлы дзень кіпела рыхтоўля да маршу. Папаўняліся стужкі «максімаў», набіваліся дыскі «дзехцяроў». На сьвітаньні эскадрон выйшаў у паход. Каля паўдня перад жаўнерамі зарысаваліся коміны гуты, а на найвышэйшай зь іх вісеў польскі сьцяг. Заціснуліся рукі на стрэльбах.
Зьвязы занялі вызначаныя пазыцыі. Мінамёты і на той час адзіная супрацьпанцырная гармата з гатовай да бою абслугай чакалі на загад каб пачаць бой.
Ст. лейтэнант С. меў гатовы плян. Ліст да камандзера польскага аддзелу ляжаў у ягонай кішані. У ім было сфармуляванае ўльтыматыўнае дамаганьне неадкладнага адступу палякаў за Нёман. С. падклікаў аднаго селяніна і даручыў яму перадаць ліст собскаручна камандзеру польскага аддзелу. Палякам было дадзена дзьве гадзіны часу. Камандзер глянуў на гадзіньнік. Роўна поўдзень. Ён дапісаў нешта ў ліст, заклеіў і перадаў селяніну. За некалькі часінаў той ужо быў каля першых забудоваў вёскі. Два польскія жаўнеры выскачылі з-за хаты насупраць яго і неўзабаве зьніклі ў забудовах.
Памаленьку пасоўваецца стрэлка гадзіньніка. Жаўнеры гараць нецерпялівасьцяй. Ніхто ня верыць у мірнае палагоджаньне канфлікту. У іхных вачох устаюць постаці дзесяткаў і сотняў забітых беларускіх патрыётаў. Тыпічны праяў рыцарскасьці польскіх партызанаў: данос у СД або куля ў плечы.
Стрэлка мінае першую гадзіну. Камандзеры зьвязаў маюць апошнюю нараду з С.
— Пачынаем пунктуальна ў дзьве гадзіны. Другі зьвяз павінен заняць як найхутчэй мост цераз Нёман. Пакінуць адну дружыну і атакаваць Бярозаўку з паўночнага боку. Трэйці зьвяз пад прыкрыцьцём мінамётаў і цяжкіх кулямётаў зойме першыя забудовы. Першы зьвяз у рэзэрве. На белую ракету заняць першыя забудовы
Гадзіна 1,45. На дарозе паказваецца постаць селяніна. Адначасна польскі сьцяг на коміне гуты паволі апушчаецца. За некалькі часін камандзер трымае ліст у руках:
Палякі пастанавілі адступіць за Нёман. Роўна а 2-й гадзіне эскадрон увайшоў баявым парадкам у гуту. Тэлефанічная сувязь з Наваградкам была навязана неадкладна. І паплыла па дроце радасная вестка аб бяскрывавай перамозе эскадрону. Маланкай разьнеслася вестка па Наваградку. Ягоныя жыхары ўспрынялі яе з энтузіязмам.
«Малайцы хлопцы. Палякі здрэйфілі. Гэта ім не з-за вугла страляць. Эх, брат, каб такіх эскадрончыкаў з сотню ў Беларусь. Сьпярылі б і белых і чырвоных, ды й немцы йначай засьпявалі б».
Гэтым вечарам падобныя гутаркі чуліся бадай у кажнай беларускай хаце. Тымчасам эскадрон заняў гуту. На комін усьцярэбліваецца жаўнер. За колькі часінаў разгарнуўся на ветры бел-чырвона-белы сьцяг і залунаў у праменьнях сонца. Як на каманду вырвалася з маладых грудзей «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…» і падхопленае ветрам паняслося далёка за Нёман. Дзесь зь бесканцовасьці пачулася рэха: «…у крывавых муках мы адродзім жыцьцё Рэспублікі свае …»
На наступны дзень палякі прыслалі дэлегацыю з прапановаю наладжаньня сустрэчы камандзераў польскіх партызанскіх аддзелаў у Лідчыне з ахвіцэрамі эскадрону. Як месца сустрэчы, яны запрапанавалі адзін хутар каля двух кілямэтраў ад Бярозаўкі. З кажнага боку будзе трох дэлегатаў. Адны й другія павінны забавязацца прыйсьці бяз эскорты і толькі з бакавой зброяй. Мэта сустрэчы: шуканьне паразуменьня між двума бакамі ў супольным змаганьні супроць чырвоных партызанаў. Ст. лейт. С. пасьля кароткае нарады даў сваю згоду. Трэба сказаць, што пры наяве ведамых падступных мэтадаў палякаў, такая сустрэча была больш чым рызыкоўная і вымагала вялікай адвагі нашых камандзераў. Ст. лейт. С. у таварыстве лейт. М. і падахвіц. У. роўна а дванаццатай гадзіне выйшаў на ўмоўленае месца сустрэчы. Дзьве дружыны ў поўнай баёвай гатоўнасьці былі вызначаны на ўсялякую непрадбачаную эвэнтуальнасьць. На хутары сустрэў нашых камандзераў маёр Рогэр (так ён прынамся прадставіўся). Перад быстрым аднак вокам падахвіцэра У. не схаваўся аддзел польскіх партызанаў у сіле каля 30-х чалавек, што залёг ў кустах мэтраў 300 ад хутару. Ён паінфармаваў аб гэтым камандзераў. Маёр Рогэр, зразумеўшы сказанае, зрабіў выгляд, што ён аб гэтым нічога ня ведаў, і што гэтыя жаўнеры апыніліся там безь ягонага ведама. Ім ён даў загад неадкладна пакінуць раён хутару.
Атмасфэра была даволі напружаная. Паміма добрага абеду і самагону, гутарка ня клеілася. Нашы адмовіліся піць. Нарэшце палякі прыступілі да справы. Пасьля доўгага ўступу аб міжнароднай сытуацыі ды няўхільным прыходзе бальшавікоў, яны імкнуліся пераканаць, што польскі лёнданскі ўрад будзе мець дастаткова ўплываў на міжнародныя падзеі, каб захаваць Польшчу незалежнай дзяржавай у старых межах ды што для беларусаў адзіны выхад — гэта супрацоўніцтва цяпер з палякамі. Гэта будзе дастаткова ацэнена апошнімі, і ў будучыні належна ўзнагароджана ў шырэйшым нацыянальным маштабе. На вуснах С. паявілася дабратлівая нядвузначная ўсьмешка.
— За нашой вольносьць і вашой, ня так? — папытаў ён.
— Як сен цешэн жэ пан мне зрозумял, власьне о то ходзі, — ускрыкнуў радасна маёр, пасьпяшаўшыся з выснавамі.
— Вось у гэтым і справа, — ужо паважна адказаў С. — Нельга ашукваць два разы на тую самую прынаду. Гэта не бярэ. Зрэштай такога характару гутаркі павінны весьціся ў дзяржаўным маштабе. Вашую вольнасьць мы пазналі і нацешыліся ёю дастаткова за дваццаць гадоў вашага панаваньня. Маем годзе. Прапаную гутарыць больш аб нашых лякальных справах. Мне ведама, што вы атрымоўваеце зброю ад немцаў. Мы таксама. Мы змагаемся супраць чырвоных партызанаў. Вы ад некаторага часу таксама павярнулі зброю супраць бальшавікоў. Але ёсьць адно «але»: вы змагаецеся першым чынам супраць беларусаў, вынішчаючы нацыянальна сьведамы элемэнт, які ў канчальным выпадку таксама як і вы змагаецца супраць бальшавікоў. Не за немцаў, але за лепшую будучыню свайго народу. Нашая мэта — незалежная Беларусь. Зразумела, што пажадана, каб нашыя народы жылі ў добрасуседзкіх дачыненьнях, але дзеля гэтага трэба ўжо сяньня палажыць да гэтага асновы. Вашая праступная тактыка адносна беларусаў у Лідзкай акрузе ў ніякім выпадку ня спрыяе гэтай мэце. Дайце выясьненьні што да забойстваў беларусаў.