Золак, убачаны здалёк
Шрифт:
У сталыя гады, падумаўшы калі-небудзь пра свой характар, з усёй яго сумессю нейкіх усё-такі плюсаў і мінусаў, я спрабаваў разабрацца, адкуль яна ў мяне, тая жаласлівасць, нават павышаная, ці што? Сказаць, што ад фізічнай кволасці або ад лішняй баязлівасці — не скажу. І ў вайну, што ў партызанах, а што і потым, на фронце, дастаткова было магчымасцей пераканацца ў адваротным. Дый перад гэтым, у юнацтве і ў маленстве, я быў не з апошніх: здаровы, дужы, ахвотна смяяўся і спяваў. Калі, скажам, Валодзя або Зяма былі хлапчукі далікатныя, дык Шура ў маленстве бываў і не такі ўжо часам добранькі, любіў камандаваць мною. Часцей за ўсё я слухаў, бо і меншы на два з гакам, і па дружбе. Але неяк, калі я памагаў
Гэта ў мяне цяпер — не пахвальба, не самалюбаванне, а цёплы ўспамін пра тое, як добра было кагосьці пашкадаваць, і не проста кагосьці, а чалавека, жывёлу ці птушку. Хоць жаласць тая была для цябе не заўсёды цёплай.
Валодзева маці, цётка Жэня, часта хварэла.
Тады ўжо ў іх была свая хатка на агародзе, за хатай-каморай-хлявом Каці Курыцы, усё-такі памяркоўнай сваячкі, што дазволіла ім прытуліцца на сваім пляцы. Хатка ў Паганкі малая, па сірочай беднасці ды па людской літасці збоцьканая з сякіх-такіх аполкаў ды канчароў. Але зімой яна, на мой дзіцячы розум, была вельмі прыгожая. Ад іскрыстага інею на сценах і столі, ад узорыстай намаразі на несуцэльных шыбінах. Асабліва прыгожа было, калі з двара свяціла ў хатку сонца. Аднак жа ў гэтай снежна-іскрыстай казцы, увайшоўшы з двара, з марозу, нават і ў кажушку неўзабаве рабілася холадна — аж да касцей, калі даўжэй пабыць.
Часта выходзіла чамусьці так, што калі я прыходзіў у гэтую хатку не так сабе, а прыносіў хворай ад мамы цёплага ў загорнутым гаршку, Валодзі дома не было. Толькі яго навінка — пісклявая самаробная скрыпка маўчала на сцяне, акалеўшы ад холаду, заінелая…
Валодзева мама, калі не хварэла, часцей за ўсё была вясёлая. Яна мяне называла цёзкай. Таму, што і яна ў сапраўднасці не Жэня, як я — не Юрка. Калі яе маленькую хрысцілі, кумы, вярнуўшыся з Мілтачоў, ушчэнт забыліся на марозе, якое ж гэта імя даў дзяўчынцы бацюшка. Таксама з кніжкі, па «святцах».
— Як жа так? — не адзін раз расказвала смяшлівая ды галаганістая цётка Жэня, як быццам сама яна ўсё гэта чула і разумела. — Ну, кажуць тыя кумы, як гэта ў нас бывае зімою, калі добра падзьме? Замець? Кудаса? Завіруха? Мяцеліца? Усё не так. А потым і схамянуліся: «Зімавея!» Вядома ж, дзеравенскія! Гэта яны так Зіновію панялі. А нашы кажуць: наліха нам тая Зімавея, няхай будзе Жэня. Вось я і Жэня. І добра.
Цяпер цётка Жэня ляжала на халоднай печы моўчыкам, накрыўшыся ўсім іхнім лап'ём, і толькі ціха павойквала. А мне хацелася хутчэй уцячы — і ад таго, што яна так многа дзякуе маме і мне, і ад таго, што дома ў нас і цёпла, і ўсё ёсць, а яна, маці майго таварыша, у такой вось галечы ды ў сцюжы, і ад таго, што цётка Жэня не есць, пакуль цёплае, як мама прасіла ёй перадаць, а кажа: «Я пачакаўшы, я не галодная…», як быццам я не ведаю, што есці гэта будзе потым Валодзя… І мне ад гэтага ўсяго было да болю сорамна, нават і сцішна — і так, і для нашай з Валодзем дружбы. А ўсё ж і назаўтра, і колькі б разоў мама ні пасылала мяне ў тую жахліва-казачную хатку, я ахвотна ішоў, і стараўся ісці з загумення, «каб не вельмі хто бачыў», але ж і рад быў, зноў не застаўшы Валодзю дома…
Толя Немец жыў ненамнога лепш за Казака. Праўда, хата ў іх была цяплейшая, хоць і старая, і сама цётка Каця была, як гаварылі, не такая «піцерская» ды «нямоглая», куды больш за Паганку хадзіла на ўсякія заработкі. Аднак яе зацюканы,
Неяк зімою я яго пашкадаваў, што шапка парваная, летняя кепачка з такою дзіркай, што аж касмыль адтуль тырчыць. Я яму вынес на вуліцу сваю старую аблавушку: мне цеснаватую, а ён жа меншы за мяне больш як на год. На вуліцы нікога не было — я так падпільнаваў. Аднак жа, колькі я яго ні ўгаворваў, Толя шапкі не ўзяў. Можа, таму што на мне аблавушка была навейшая? Ці не хацеў, каб нават праз акно хто-небудзь гэта ўбачыў? А можа, таму, што мы з ім ўсё-такі па-сапраўднаму не сябравалі?..
Цяжка сказаць і сёння, чаму ён тады так занурыўся і пайшоў ад мяне, ледзь не да слёз уразіўшы, збянтэжыўшы маю, няхай сабе, можа, і кніжную трохі, а ўсё ж і шчырую спагаду.
А помніцца тое і сёння яшчэ ўсё прыкра. Гарчэй, чым наведванне Валодзевай казачнай хаткі.
14
Пра долю сіраты пры ліхой мачасе мы змалку многа чулі ад нашых мам і бабуляў. Праўду народных казак і песняў яны звычайна пацвярджалі новымі жывымі фактамі, убачаным і пачутым за век у блізкім і далейшым наваколлі.
Амаль зусім, а то, здаецца, і зусім не чуў я тады пра горкае сіроцтва каго-небудзь старога. Відаць, таму такой дзіўнай і страшнай здалася мне смерць дзеда Кеды. Абодва яго сыны загінулі на вайне: адзін ужо быў жанаты, толькі дзяцей не пакінуў, і вось пры нявестцы дзед Кеда дажываў сваё. Як дажываў — пра гэта можна меркаваць па тым, што памёр ён у сенцах, проста на таку каля сцяны, у той самай старэнькай сярмязе, у якой яго можна было і ў мароз, і ў слату, і ў спёку ўбачыць на вуліцы ці на прызбе. Так яго ўранні суседка і ўбачыла ў Кедавых сенцах: дзед ляжаў, можа, яшчэ звечара ўпруцянеўшы, а на ім сядзеў і заходзіўся брэхам верны сябрук, малы, уедлівы Курта. Нявестка, мардатая Тэкля, яшчэ не ўставала: «Нешта ў мяне галава…»
Цётка Анэта, наша суседка цераз вуліцу, вясной або ўлетку, у нядзелю ці ў свята якое выходзіла на грудок перад іхнім гародчыкам, садзілася на зямлі і, абняўшы аберуч калені худых босых ног, доўга сядзела так — моўчкі, адна.
— Анэта тужыць, — казала мама, гледзячы ў акно. — Зноў тужыць, бедная. Ды што ты хочаш? — пыталася яна ў кагосьці непрысутнага і тут жа адказвала яму: — Беднасць такая, поўная хата дзяцей. «Купілі, кажа, пуд жыта — хоць хлеба ад млосці з'ямо…» Малыя паплачуць з голаду, а дзеўкам жа сорамна плакаць. А ўжо самой — і не кажы. Сядзі, глядзі… Хоць ты і дзірку ў небе праглядзі — нічога добрага не ўбачыш.
Дзяцюк Гаўрыла, за вочы Тарапач, часта садзіўся на жарабца і пёр уздоўж вёскі ўгалоп, на ўсе бакі раскідаючы гразь. Ён то крычаў па-мацерынску, каб уцякалі з дарогі, то важна надзімаўся і маўчаў. Казак, улан, кавалерыя!.. Потым гэтая мара яго збылася, — нягледзячы, што ён і жмурыўся, што і калені разам, вечна порткі ў тых месцах прашморганы, — Тарапача ўзялі ў кавалерыю. Улан з белым аколышам, у доўгім шынялі і з шабляй, ён прыйшоў перад Калядамі «на урлёп», на пабыўку, і, пастукаўшы раненька ў шыбу з двара, па-свойму важна сказаў, на новы лад абкультураны дурань:
— Матко! Отвуж, курва твоя маць!..
Перад службай у войску, у нядзелю ці ў свята, ён часта быў п'яны. Прыставаў да людзей, каго не баяўся, чапляўся на агароджу з калючага дроту, здароўкаўся са слупамі: «Дай пяць! А, не хочаш? Я табе не раўня?..» І лупіў той слуп, «па мардах». З акрываўленымі рукамі, у парванай, залітай крывёю кашулі, так сабе, або з друкам якім, ці з адарванай штакецінай ён, дзіка лаючыся, кідаўся за намі, а мы, малыя гледачы, то весела, то спалохана разбягаліся, каб потым зноў наблізіцца да яго. Нарэшце, найбліжэй — калі ўжо ён асунецца недзе пад плотам і захрапе.