Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Скарынава "Біблія" была на ўзбраенні брацтваў на Беларусі і Украіне. Нядаўна, напрыклад, адзін экземпляр яе знайшлі ў Ужгарадзе. Ясна, што чыталі.
Паслядоўнік Скарыны, беларус Пётр Мсціславец, разам з дзякам Іванам Фёдаравым праз некалькі дзесяткаў год выдаў у Маскве "Апостал". У 1574 г. — "Апостал" выходзіць у Львове. Выдаюцца кнігі ў Заблудаве, у Вільні ў друкарні Мамонічаў.
…З'яўляюцца новыя асветнікі, перакладчыкі кніг на родную мову, пісьменнікі, філосафы.
Такія, як Сымон Будны (1530–1593 гг.), аўтар асветніцкага беларускага "Катэхізіса", выкрывальнік распусты паноў і духавенства. Вось урыўкі з яго другога, парадыйнага "арыянскага катэхізма".
Пытанне. Яко мае жыці чалавек?
Адказ. Жыві, яка хочаш… А калі трапіш у пекла, дык не сам адзін, а з вялікім гуфам (атрадам), і будзе табе весела.
.
Пытанне. Што то ест імша?
Адказ. Імша ест то амерзлы богу парадак, у каторым папы другі раз Ісуса Хрыста крыжуюць.
Пытанне. Што то ест папеж (папа рымскі)?
Адказ.
Буднага праследавалі, катавалі, здаралася яму і адракацца, як Галілею. Але і пасля адрачэння ён выдаў шмат кніг, перакладных і ўласных, у тым ліку гнеўную кнігу-пратэст супраць Варфаламееўскай ночы ў Францыі.
Васіль Цяпінскі (1540–1603 гг.), які адмаўляў тройцу і лічыў Хрыста звычайным чалавекам, казаў, што смяротны не мае права на ўладу над другім смяротным. Адмаўляў дзяржаўную ўладу і ўдзел у вайне (акрамя справядлівай, абарончай).
Цяпінскі пераклаў на беларускую мову і надрукаваў "Евангелле". Уклаў усю сваю ўбогую маетнасць на ўратаванне народа ад невуцтва, забабонаў, цемры.
Пісаліся сатырычныя "прамовы", якія парадзіравалі прамовы на сеймах ("Прамова Мялешкі"), перакладныя аповесці і сказанні ("Кніга аб Таўдале-рыцары", "Аповесць аб Троі", "Александрыя", "Трышчан і Ізота", "Гісторыя спраў Атылы"), пісаліся цікавыя хронікі. Ствараліся студэнтамі драмы з камічнымі народнымі ўстаўкамі, у якіх дзейнічае селянін, яго жонка, студыёзусы, лекар-шарлатан, маскаль, лях, яўрэй, чорт. Мужык заўсёды выходзіць тут сухі з вады, нават калі звяжацца з чортам.
З'явiлася i паэзiя свецкая. Вось верш Яна Пашкевiча аб "русчiзне" — беларускай мове.
Полска квітнет лаціною, Лiтва квiтнет русчiзною, Без той в Полсце на пребудзеш, Без сей в Літве блазном будзеш. . Веселі ж се ты, Русіне, Тва слава нікгды не згіне! 22. VIII 1621 г.І, вядома, вяршыня старабеларускай паэзіі, Сімяон Полацкі (Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітніяновіч — 1629–1680 гг.), паэт, публіцыст, драматург.
Вучыўся ён (з 1640 г. па 1650 г.) у Кіева-Магілянскай Акадэміі, пісаў вершы спачатку па-беларуску, "пісах вначале по языку тому, і же свойственный бе моему дому", часам по-польску і ўдзельнічаў у напісанні школьных драм у Кіеве. Пасля таго як вымушан быў пераехаць у Маскву — стаў роданачальнікам рускай паэзіі. Быў там выдатным асветнікам і педагогам. Заклаў асновы рускага вершаскладання, выпеставаў школу рускіх паэтаў (К. Істомін, П. Буслаеў, С. Мядзведзеў). Увёў у Маскве само паняцце "тэатр", пісаў п'есы. Ад іх пачынае хутка набіраць сілу руская драматургія. Спачатку, пры цары Аляксеі, пастаноўка асобных п'ес, а пры Пятру I — тэатр як такі. Гарачы паборнік свецкіх навук і збліжэння з прагрэсіўнымі сіламі Еўропы, ён падрыхтаваў глебу, на якой ужо не такімі дзіўнымі з'яўляліся спачатку думкі В. Галіцына аб тым, што нельга жыць, адгарадзіўшыся ад свету, а пасля і рэформы Пятра.
"Заходняя Русь, — як кажа вядомы вучоны І.М. Галянішчаў-Кутузаў [15] , — была месцам канцэнтрацыі…перадатчыцай заходняй літаратуры (на Маскоўскую Русь. — У. К.) на працягу доўгага часу; яна была таксама лабараторыяй расійскага верша".
…Літаратура таго часу была сінкрэтычнай, непадзельнай ад грамадскай справы. І гістарычная літаратура, і допісы (г. зн. данясенні) памежных ваявод і старостаў, і летапісы, палемічная літаратура. І, ясна, што аўтары за тое, што занадта рэзка змешвалі пытанні рэлігіі, літаратуры і палітыкі, часта зазнавалі катаваннняў, а то і смерці. Напрыклад, Афанасій Філіповіч (каля 1597–1648 гг.), палеміст, вораг магнатаў і абаронца простага люду, быў па абвінавачанні ў "пасыланне якіхось лістоў і порах да казакаў" Хмяльніцкага расстраляны гайдукамі ваяводы Масальскага ў лесе ля вёскі Гершоны. У ноч на 5 верасня 1648 года.
15
И. Н. Голенищев-Кутузов. Гуманизм у восточных славян. М., 1963.
Усё гэта, усе гэтыя спрэчкі і нянавісць ясна казалі аб тым, што набліжаецца выбух.
Сялянская вайна
…Так, ужо і сапраўды набліжаўся выбух, набліжалася Хмяльніччына. Яшчэ да яе зямля беларуская глуха здрыгалася. Бунты ішлі адзін за адным. Калі пасля бітвы пры Жоўтых Водах (6 мая 1648 г.) устала не толькі казацтва, але і ўкраінскае сялянства, украінскія гараджане — выбух адразу перакінуўся на Беларусь. Зямля запалала. Першы, летам 1648 г., нібы на разведку, прыбыў атрад шляхціца Галавацкага са Старадубскім апалчэннем. Загон гэты за колькі там дзён павялічыўся ў некалькі разоў, расшматаў панскае войска пад Гомелем і Брагіным і адышоў да Старадуба. Казакам стала
І пайшло. Праз пару месяцаў пачалі прыходзіць атрады. Нябаба, Міхненка, Крывашапка, Гаркуша, Мікуліцкі, Паддубскі і іншыя. Няма сумнення, што як сярод казакаў, так і сярод ватажкоў былі колішнія беларусы-ўцекачы, якіх цягнула на паняволеную радзіму.
Пад восень 1648 г. паўстала дзевяць дзесятых тэрыторыі Беларусі. Узніклі і чыста сялянскія мясцовыя войскі. Напрыклад, Мурашкі — на Міншчыне, дзе сяляне пабілі і разагналі войска Паца. Паны ўцякалі ў замкі і гарады, у Польшчу. Перад паўстанцамі адкрылі брамы Пінск, Брагін, Гомель, Лоеў. Вайна стала агульнанароднай, бо на тым раннім яе этапе ў шэрагі паўстанцаў уліліся праваслаўныя феадалы Беларусі, духавенства, гарадскія раднікі. Беларусь вызвалілася. І тут на лёсе паўстання адбілася тое, што ў яго не было галавы, якая б думала, што трэба ісці далей, дабіваць. Выгналі — і ладна. Панству ўдалося сабраць войска. Даведзеныя да поўнага адчаю і ярасці стратай улады і маёмасці, магчымасцю страціць жыццё, жахам і нянавісцю да гэтага народнага мора, яны былі вымушаны цяпер біцца, як ніколі датуль. На чале іх стаў польны гетман Януш Радзівіл, аб якім польскія гісторыкі кажуць, што ён "укрыў плямамі род Радзівілаў", дабаўляючы ў якасці няпэўнага суцяшэння "Ale nie tylko jeden Janusz" (але не толькі адзін Януш). Фарміруюць войскі. Наймаюць атрады шведаў, немцаў, венгерскую конніцу, швейцарскую пяхоту. Пачынаецца зацятая, апошняя барацьба. Разбіты Пац і Горскі, але казакаў і сялян адкінулі ад Слуцкай крэпасці. Паўсталі рамеснікі Пінска, перабіўшы паноў. Войска пад началам Мірскага рушыла на іх, і тады жыхары паклікалі на дапамогу навакольных мужыкоў і атрад Нябабы. Уцякач, войт Ельскі, паспрабаваў узяць горад сам, але паўстанцы, адступаючы, завабілі яго войска ў засаду, пад муры езуіцкага касцёла, расстралялі з бойніц, ударылі ў тыл, сцёрлі ў парашок. Узніклі завалы, барыкады. Жыхарам абяцалі літасць, калі яны выдадуць казакаў. "Згінем, але не выдадзім" — быў адказ. Пачаўся штурм, страшны сваёй лютасцю і бязлітаснасцю. Біліся муры, пасля — вуліцы, пасля — асобныя дамы. Горад тады падпалілі. Нябаба вырваўся з яго, але быў прыпёрты да дрыгвы. Загон ягоны біўся цэлы дзень і згінуў да апошняга чалавека.
А ў Пінску ўсё яшчэ ішлі сеча, разня і забойства, якое не літавала нікога. Згарэла 5000 дамоў, загінула больш за 3000 чалавек.
Панскае войска яшчэ раней разбілі пад Рэчыцай і Рагачовам, Гаркуша штурмаваў Быхаў. Палкі Паца былі разгромлены пад Ігуменам. У студзені жыхары Смалявіч біліся з двума нямецкімі палкамі Данавая і загінулі ў бітве. Але пасля сяляне і казакі знішчылі ля Мінска абодва палкі. Уцякло 20 наймітаў і Данавай з сынам. Не больш.
Усё войска Радзівіла рушыла на Тураў — Мазыр — Рэчыцу. Ім трэба было раздушыць Беларусь і пасля нанесці ўздоўж Дняпра ўдар у фланг і тыл Хмяльніцкага. Першы, пасля лютага супраціўлення, загінуў Тураў (ён і зараз невялічкае мястэчка, амаль вёска). Жыхары Мазыра не збаяліся і вырашылі стаяць насмерць: аблілі вадою валы і ператварылі іх у лёд, пабудавалі за мурамі яшчэ і ледзяныя барыкады. Доўга ішоў абстрэл горада. Ён запалаў. З усіх бакоў пайшлі на прыступ карнікі. Невялікі атрад Міхненкі і гараджане біліся з нязломнай мужнасцю, адбілі некалькі прыступаў. Але сілы былі няроўныя. Найміты і паны ўварваліся ў Мазыр. Зраненага Міхненку скінулі з самай высокай вежы на абледзянелыя камяні вала. Туды ж пайшлі тыя, хто прыдумаў "ледзяную крэпасць", мясцовыя верхаводы. Астатніх пасеклі шаблямі.
Валовіч быў разбіт казацкім і сялянскім атрадам Паддубскага пад Бабруйскам. Радзівіл папрасіў караля аб дапамозе і атрымаў ад яго 10 000 конніцы і пяхоты, а тады прыйшоў на дапамогу Валовічу. Здрада крочыць нават праз самыя высокія муры. Гарадская вярхушка ўпотай адкрыла браму. Абаронцы загінулі ў баі. Паддубскі быў пасаджаны на кол.
А пасля было перамір'е, якое панства выкарыстала для расправы. І, аднак, калі ў 1649 г. прыйшоў з казакамі Ілля Галота (у яго было 10 000 чалавек, а праз пару тыдняў ужо 30 000), разбіў Радзівіла — краіна зноў узнялася. Пасля прыйшоў Сцяпан Падбайла. А пасля на дапамогу яму рушыў з Украіны 15-тысячны атрад казакаў і беглых сялян, на чале якога стаяў асабісты сябар Багдана, адзін з лепшых яго военачальнікаў і блізкіх саратнікаў, беларус Міхал Крычаўскі, у той час пераяслаўскі і кіеўскі палкоўнік. Пачалася шматдзённая сеча. Спачатку ў полі, пасля за ляснымі засекамі. Прыкры выпадак дапамог амаль разбітаму Радзівілу: кавалерыя, пасланая ім адрэзаць Крычаўскаму шлях з Украіны (палкоўнік падмануў іх і абышоў), не знайшла яго, заблукала і… выйшла невядома як у левы фланг ватажка. Падбайлу, які спяшаўся на дапамогу, адкінулі да Дняпра. Уначы паўстанцам удалося таемна вылезці з завалаў і знікнуць праз лясы і балоты. Адзін маленькі атрад панству ўсё ж удалося дагнаць: тыя не маглі бегчы, везлі на возе ўсяго зраненага ва ўчарашняй сечы пераяслаўскага палкоўніка. Супраціўляліся шалёна. Крычаўскі, лежачы, страляў па нападаючых. Пасля выйшлі набоі, а казакі і сяляне, што біліся да апошняга, ляжалі вакол, пасечаныя. Здзіўлены смеласцю Міхала, Радзівіл прапанаваў яму пераход на службу. Крычаўскі плюнуў і раструшчыў сабе галаву ўдарам аб куты жалезам задок воза.