Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Паходзіў будучы паэт з фальварка Мурагі ля возера Няшчэрда на поўначы Беларусі (Расонскі раён). Любіў гасціць у свайго дзядзькі, шляхціца з тых, чый побыт быў амаль сялянскі, як і ў бацькоў Яна. Узімку возерам ішлі абозы, на вялізнай яго паверхні гуляла завіруха. Дзядзька ставіў на акно доміка свечку, каб падарожныя сяляне, перакупшчыкі і купцы, шляхта і вандроўнікі цягнуліся праз завею на агеньчык, як матылі ўлетку. Прасіліся пераначаваць. Размотвалі башлыкі, скідалі каляныя буркі і кажухі, сядалі на драўляныя шляхецкія "канапы" (Векаўшчына! Год па сто! Такія і зараз сям-там стаяць па хатах нашчадкаў былой "лапцявой" шляхты, і сядзець на іх — пакута), пілі чай, а то і нешта мацнейшае. Адзінаю платай за гэта былі апавяданні
І вось з гэтага і ўзнікла "Адысея беларуская" з тысячамі прыгод або лепей нешта накшталт беларускай "1001 ночы", дзе адна казка пераходзіць у другую і ўсе звязаны адной і той жа фігурай, прывабнай фігурай Завальні, у доме якога выпадковыя госці расказваюць розныя дзівосныя здарэнні. Што ж, яшчэ ў мінулым стагоддзі Р. Падбярэзскі казаў, што "Ва ўсіх заможнейшых дамах Беларусі і Інфлянтаў не знойдзеш столькі паданняў, столькі народнай стыхіі, што маецца ў адной хатцы такога хутарскога шляхціца".
Па такіх хадзіў і Баршчэўскі, будучы полацкім шкаляром. Бурсака любілі, ірвалі з рук у рукі, бо з ім весялей, пацешней, паэтычней было жыць. Узнагароджвалі па дастатку: меркай пшаніцы, гароху, грэчкі, бобу. Гэта і давала яму магчымасць вучыцца. Ён і не думаў друкавацца. Пісаў, бо гэта цешыла людзей, яны развозілі вершы па кірмашах, хвалілі і смяяліся. Пасля быў Пецярбург, паездкі па чужых справах у Англію і Францыю, урокі латыні і грэчаскага ў знатных сем'ях, але… "Зімой вучыўся сам і вучыў другіх, а вясной, як жаваранка, паэзія гнала яго да роднага краю. Рабіў тыя падарожжы пешшу, з кіем вандроўніка ў руках".
І вось "Завальня". "Тое, што піша Баршчэўскі прозай, — гаворыць Падбярэзскі, — не датычыцца непасрэдна ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Беларусі, але важнейшай рэчы — духу і паэзіі народа, адкуль выцякаюць і гісторыя, і літаратура, і мова. Ён… вырашыў даць вялікую мастацкую панараму нацыянальнага жыцця… Ён бачыць перад сабой народ, часта з усёй чароўнасцю паганскай фантазіі, якую ён апраменьвае сваім, так сказаць, беларускім гафманізмам… усё жыццё яго — адно суцэльнае адступніцтва ад самога сябе ў імя паэзіі. Каб зразумець добра, што я гавару, трэба ведаць яго асабіста, трэба яго бачыць з кіем падарожніка ў руцэ, так, як я спатыкаў яго ў маіх падарожжах, пешкі, сярод беларускага люду, на плытах Дзвіны, у прыдарожных корчмах, на сцежках у лесе і на вялікіх гасцінцах!.. Гэты чалавек не мае парожніх слоў… ён — сама сутнасць… як ні кажы, адкрывае ён новую краіну".
М. Грабоўскі ў польскім часопісе "Пельгжым" піша ў 1843 г.: "Не толькі цяпер, але і з самага дзяцінства, палымяны беларус, ён правёў з народам усё жыццё: яго загарэлы, далёка не кабінетны твар даводзіць, што ён з'яўляецца чалавекам справы… Ён дасканала ведае ўсю Беларусь, бо разоў з трыццаць абышоў пешшу і штогодна наведвае яе з Пецярбурга, а ўсюды там пажаданы і сустракаецца з радасцю, бо, як бард той старонкі, ён сыпле, бы з рукава, апавяданнямі і анекдотамі. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў: не дадае амаль нічога свайго, а між тым усё становіцца яго ўласным".
І вось на старонках "Завальні" ідзе Беларусь, якая яна ёсць і якой яна ўяўляе сябе. Чорны певень нясе мужыку Карпу яйка, з якога выводзіцца крылаты змей, — і вось Карп ужо кулак, глытай, які ўсіх ставіць
Баршчэўскi адкрыў славянскаму свету Беларусь.
Што з таго, што ён вымушан быў пісаць па-польску. Неласкавы і страшны наш лёс многім судзіў такое. Дзесяткі людзей нараджаліся і адыходзілі ў суседнія культуры, абагачаючы і часам узвялічваючы іх.
Апошнія гады свайго вандроўнага нялёгкага жыцця Ян Баршчэўскі правёў на Украіне. Пісаў у Адэсе санеты, выдаў у Кіеве кніжку паэзіі і прозы і памёр у чужым доме магната Ржэвускага ў Цуднове на Валыні, дзе і пахаваны.
…Увогуле многія беларусы паходжаннем і продкамі адыходзілі тады ў суседнія культуры.
Я казаў ужо пра Міцкевіча. Але вось мінулым летам лёс закінуў нашу экспедыцыю ў вёску Дастоева, на поўнач ад Янава Палескага, Глыбінка! Жоўтыя, аж залатыя ад лісічак, бронзавыя ад баравікоў лясы. Вільготная пойма багатай Ясельды. Я неяк не думаў пра назву вёскі, аж пакуль нехта з хлопцаў не сказаў: "А мы з нашчадкамі пісьменніка "Дастаеўскага" перапісваемся. Ім цікава ведаць, як тут, на радзіме продкаў". Тады і я ўспомніў, што гэта сапраўды здаўна-давён гняздо гэтага рода. Старога рода, які належаў да беларускага герба "Радван".
…Так многія адыходзілі да суседзяў. Калі беларус слухае оперу "Галька" С. Манюшкі, ён адчувае ў ёй і ў оперы "Страшны двор" выразную беларускую песенную аснову. І праўда, вялікі кампазітар нарадзіўся ў Убелі пад Мінскам, выхоўваўся на народнай песні, напісаў аперэту "Ідылія" (тэкст да яе склаў адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры В. Дунін-Марцінкевіч), у якой паны гаварылі па-польску, а сяляне па-беларуску. Ён увогуле напісаў на словы Марцінкевіча чатыры творы, і гэта, уласна, пачатак оперы беларускай.
А Уладзіслаў Сыракомля (1823? 1862 гг.), які таксама большую частку сваёй творчасці аддаў Польшчы, а вершы якога па-беларуску, відаць, згарэлі ў апошнюю вайну ў Варшаве. Згарэлі ў рукапісах. Засталося толькі некалькі рэчаў. Страту гэтую нічым не кампенсуеш.
Дзіўныя бываюць пуцявіны ў людзей і твораў. Вось пачатак і канец верша Сыракомлі "Паштальён":
На пошту я трапіў зусім малады, Фурман з мяне ўдаўся зухвалы, А волі не меў — дый ганялі тады: Хоць свята, хоць ноч — усё мала. . Конь чмыхнуў пры слупе. Спыніўся наўзбоч: У снезе пад плахаю белай, Жанчыну я згледзеў, яна ўжо за ноч, Як дрэва, уся скасцянела. Я снежную намець атрос з яе шат І труп падцягнуў да дарогі… Абцёр ёй аблічча… Была гэта, брат… Дай чарку… Не маю больш змогі! (Пераклад М. Лужаніна)