Абеліск
Шрифт:
Так не надта рашуча і даволі заклапочана разважаючы сам з сабою, я ўвайшоў у алею над мнагаярусныя шаты дрэў. Калісь, гадоў пяць таму, я тут ужо быў, але тады дом гэты і алея не здаліся мне такімі падкрэслена і зацята маўклівымі — школьны падворак гаманіў галасамі дзятвы, якраз быў перапынак. Цяпер наўкола ляжала нядобрая, хаўтурная ціш — нават не шапацела, стаілася ў перадвячэрнім спакоі парадзелая, з жаўцізною лістота старэчых камлістых вязаў. Жвіровая ўезджаная дарожка неўзабаве вывела на падворак школы — наперадзе высіўся пышны, у два паверхі, але ўжо пастарэлы і запушчаны, з трэснутай па фасадзе сцяною старасвецкі палац: фігурная балюстрада
— Здароў! — кінуў мой знаёмец з такім ажыўленнем, нібы мы прыехалі сюды на вяселле, а не на пахаванне. — Таксама, да?
— Таксама, — стрымана, без ценю ягонага ажыўлення адказаў я.
— Яны там, у настаўніцкім доме, — адразу прыняў мой стрыманы тон прыезджы. — А ну давай, падмагні.
Ухапіўшы за край, ён вывалак з машыны зіхоткую скрынку бутэлек з „Маскоўскай“, за якой, мабыць, і ездзіў у сельпо ці ў горад. Я рупна падхапіў яе за другі бок, і мы, мінаючы школу, пайшлі па сцежцы між садовых зараснікаў у бок недалёкага флігеля — дамоўкі настаўнікаў.
— Як жа гэта з ім здарылася? — запытаў я, усё яшчэ не могучы звыкнуцца з думкай аб гэтае заўчаснай смерці.
— Ат, як! Як усё здараецца. Трах бах — і гатова. Быў чалавек — і няма.
— Хоць хварэў перад тым, ці што?
— Хварэў?! Ён усё жыццё хварэў. Ды рабіў. Ну і дарабіўся да ручкі-крышкі. Пойдзем ды вып'ем во, пакуль ёсць такая магчымасць.
У старым, як і палац, атынкованым знадворку флігелі-доме за парадзелымі кустамі бэзу ў гародчыку, сярод якіх сакавіта і свежа рдзела абсыпаная гронкамі рабіна, чулася прыглушаная гамана многіх людзей, якая давала знаць, што самае важнае і апошняе тут ужо скончана. Ішлі памінкі. Нізкія вокны асеўшай долу дамоўкі былі насцеж расчынены, з-за фіранкі віднелася нечая ў белай нейлонавай сарочцы спіна ды льняная капешка высокай жаночай прычоскі. Ля ганка стаялі і курылі двое няголеных у рабочым адзенні дзядзькоў. Яны стрымана гаварылі аб чымсь, пасля змоўклі, перанялі ў нас скрынку і панеслі яе ў дом. Мы праз калідорчык пайшлі за імі.
У невялікім пакоі, з якога цяпер было вынесена ўсё, што можна вынесці, стаялі ссунутыя ўпрытык сталы з рэштаю пітва і закусі. Два дзесяткі расчырванелых людзей за імі займаліся, аднак, хто чым, а найбольш размовамі і курывам — цыгарэтны дым вітымі космамі цягнуўся ў вокны. Было відаць, што вячэра ідзе не першую гадзіну, і я зразумеў, што паспеў на разбор шапак — не болей. Знаў бы — не ехаў. Такое спазнелае з'яўленне ў гэтай справе — горш чым адсутнасць і можа быць лёгка вытлумачана не ў маю карысць. Ну, але не брацца ж за шапку, калі ўжо прыехаў.
— Сядайце, во тут і месцейка, — проста запрасіла ціхмяная з выгляду жанчына ў цёмнай касынцы, не пытаючыся, хто я і чаго прыйшоў,— мабыць, такое з'яўленне тут было цяпер справай
— Спазніўся? — проста запытаў чалавек. — Што ж… Няма болей нашага ІІаўліка. I ўжо не будзе. Вып'ем таварыш.
Ён сунуў мне ў рукі яўна ўжо пітую, са слядамі нечых пальцаў шклянку гарэлкі, сам узяў са стала другую.
— Давай, брат. Каб яму там пухам зямля.
— Што ж, хай будзе пухам.
Мы выпілі. Нечым відэльцам я накалоў у талерцы скрылёк салёнага гурка, сусед няслушнымі пальцамі ўзяўся вылушчваць з пакамечанага пачка „Прымы“, мабыць, апошнюю там сігарэту. У гэты час ціхмяная жанчына паставіла на стол некалькі новых бутэлек прынесенай намі „Маскоўскай“. Ахвочыя мужчынскія рукі рашуча ўзяліся разліваць яе па шклянках.
— Ціха! Таварышы, ціха, — праз гаману пачуўся аднекуль з нярэдняга кута не надта цвярозы ўжо голае. — Тутхочуць сказаць.
— Ксяндзоў, загадчык райана, — густа дыхнуўшы цыгарэтным дымам, прагудзеў над вухам сусед, — Што ён можа сказаць? Што ён ведае?
У дальнім канцы стала ўстаў з месца малады яшчэ чалавек са звыклай начальніцкай упэўненасцю на цвёрдым валявым твары, важна падняў шклянку з гарэлкай.
— Тут ужо гаварылі пра нашага дарагога Паўла Іванавіча. Добры быў камуніст, перадавы настаўнік. Актыўны абшчэсцвеннік. I наогул… Адным словам, жыць бы яму ды жыць.
— Жыў бы, каб не вайна, — уставіў хуткі жаночы голас, мабыць, настаўніцы з выгляду, што сядзела поруч з ім у імпартным бэжавым гарнітуры. Прамоўца спыніўся, нібы збіты з панталыку гэтаю рэплікай. Гаварыць яму, мяркуючы па ўсім, было трудна, нязвыкла на такую тэму, ён з натугай падбіраў словы — мусіць, проста не было патрэбных для такога выпадку слоў.
— Да, каб не вайна, — урэшце пагадзіўся прамоўца. — Каб не навязаная нямецкім фашызмам вайна, каторая прынесла нашему народу бясчысленыя ахвяры. Цяпер, праз дваццаць год пасля таго, як залечаны раны вайны, адноўлена наша разбураная вайной гаспадарка і савецкі народ дабіўся выдатных поспехаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, а таксама культуры, навукі і асветы і асабліва поспехаў у галіне…
— Пры чым тут поспехі! — раптам грукнула ля самага майго вуха, і адпітая бутэлька на стале з лязгатам упала на талерку ад вінегрэту. — Пры чым поспехі? Мы пахавалі чалавека!
Прамоўца з нядобрасцю змоўк, а ўсё застолле насцярожана, амаль са спалохам начало азірацца на майго суседа. Немаладыя вочы таго на счырванелым і хваравіта спатнелым твары ўвачавідкі наліваліся гневам, вялікі, перавіты набраклымі венамі кулак пагрозліва ляжаў на абрусе. Загадчык райана зважліва змоўчаў хвіліну і спакойна, з годнасцю сказаў, нібы школьніку:
— Таварыш Ткачук, вядзіце сябе прыстойна.
— Ціха, ціха. Ну што вы! — заклапочана схілілася дасуседа маладая жанчына, што сядзела з другога ад яго боку. Але Ткачук зусім не хацеў сядзець ціха, а грузна і медзведзявата ўстаў за сталом.
— Гэта вам трэба прыстойна. Што вы тут вярзеце пра поспехі? Чаму вы ні словам не ўспомнілі пра Мароза?
Здаецца, пачынаўся скандал, і я адчуваў сябе не дужа прыемна, асабліва ў такім суседстве. Але я тут быў чалавек старонні і не лічыў сябе ў праве ўмешвацца, некага супакойваць ці за каго заступацца. Аднак загадчыку райана, здаецца, нельга было адмовіць у належнай вытрымцы.