Абеліск
Шрифт:
— Так. Час ідзе.
— Не ідзе, а імчыцца. Знаеш, некалі ўсё думаў: ну год, два, тры папрацую, а там у Мінск падамся, у педінстытуце вучыцца хацеў. Я ж да вайны толькі настаўніцк двухгадовы скончыў. Ну а жыццё інакш закамандавала, вайна ўсчалася, ніякага педа не выйшла, тут во на ўсё жыццё і прыкіпеў. Раней райком не пушчаў, школа, кватэра, а цяпер во, калі можна каціцца на ўсе чатыры бакі,нікуды ўжо і не цягне. Так, відаць, і прыйдзецца застацца ў гэтай зямліцы, як Марозу. Хіба з некаторым спазненнем.
Ён змоўк. Я дакурыў цыгарэту і таксама маўчаў, не хочучы парушаць яго зразумелага мне настрого і ладу думак. Мы ўжо міналі гаёк, дарога ішла ў выемцы, па абодва бакі высіліся пясчаныя адхоны з хвоямі. Зачынаўся вечаровы прыцемак, і нават вяршыны хвой ахінаў цень, толькі бясхмарнае неба ўгары яшчэ адсвечвала
— Сёння якое чысло? Чатырнаццатае? Во акурат у гэтую пару першы раз наведаўся ў Сяльцо. Цяпер ужо прывычная справа — усе гэтыя куткі-дарогі, а тады ўсё тут было новае, цікавае. Маёнтак гэты, дзе школа, тады быў не такі абшкрэбаны — спраўны, стары, але дагледжаны дом, расфарбаваны, як лялька. Пан Габрусь у верасні ўцёк, пакінуўшы ўсё, падаўся, казалі, да румынаў, ну а тут Мароз школку адкрыў. На школьным двары перад парадным высіліся два нейкія дрэвы, не тутэйшыя, дужа сукаватыя, з нейкім серабрыстым лісцем. Гіганты, як тыя амерыканскія секвоі. Такія цяпер яшчэ дзе-нідзе на былых маёнтках засталіся, дажываюць век. А тады іх многа было. У кожнага пана, лічы.
Той першы год я рабіў у райана загадчыкам. Школы амаль усе новыя, маленькія, наспех прыстасаваныя — то ў асадніцкіх сядзібах, то ў панскіх, а то проста ў вясковых хатах. Абсталявання, падручнікаў, інвентару не хапала, ды і з настаўнікамі таксама туга было. У гэтым Сялъцы разам з Марозам рабіла Падгайская, пані Ядзя, як мы яе звалі. Старая кабета жыла тут і пры Габрусі, вунь у тым самым флігелі. Нотная была пані, старая дзеўка. Рускую мову амаль не ведала, трохі разумела па-беларуску, але што датычыць астатняга — ого! Выхавання была самага гжэчнага.
I вось аднойчы пад вечар сяджу ў сваім кутку ў paйaна, зашыўся ў паперы — справаздачы, планы, ведамасці. Ездзіў па раёне, тыдзень не быў на месце, усё запусціў — страх! Не адразу пачуў — хтось шкрэбае ў дзверы. Заходзіць гэтая пані Ядзя — маленькая, шчупленькая, але з лісой на шыі і ў шыкоўным такім капялюшыку. „Проша звініць, пан шэф, я, проша пана, па педагагічнай справе“. — „Што ж, калі ласка, сядайце, слухаю“.
Сядае на краёчак крэсла, аберуч папраўляе свой такі пекны капялюшык і пачынае сыпаць амаль скрозь па-польску — ледзь разбіраю. Усе манеры старанна выхаванай паненкі, а самой гадоў за пяцьдзесят — такі зморшчаны, хітранькі тварык. Што ж аказваецца? Аказваецца, мае канфлікт на педагагічнай аснове са сваім школьным шэфам у Сяльцы калегам Марозам. Аказваецца, гэты Мароз не падтрымлівае дысцыпліны, як роўны паводзіць сябе з вучнямі, вучыць без неабходнай строгасці, не выконвае наркаматаўскіх праграм і самае галоўнае — кажа вучням, што не трэба хадзіць да касцёла, хай туды ходзяць бабулі з дзядулямі.
Ну, наконт касцёла я, вядома, не дужа спалохаўся, — правільна робіць Мароз, калі так раіць. А вось што датычыць панібрацтва, дысцыпліны, непавагі да наркаматаўскіх праграм, гэта ўжо затрывожыла. Але хто такі гэты Мароз — паняцця не маю, у Сяльцы ні разу не быў. Дай, думаю, пры першай магчымасці махну, пагляджу, што там у яго за парадкі.
Магчымасць надарылася аднак не дужа хутка, ды праз. тыдні два ўсё ж вырваўся, узяў у гаспадара, дзе кватараваў, ягоны веласіпед, „ровар“ па-тутэйшаму, і рвануў во па гэтай шашы. Шаша, вядома, не такая як цяпер была — брук. Ехаць па ім хоць на фурманцы, хоць на ровары — кішкі вытрасеш. Але паехаў. Добра ціскануў на педалі і праз гадзіну ўкаціў у тую самую алейку з вязамі. Хацеў папасці на ўрок, ды прыпазніўся — урокі ўжо скончыліся, але здалёк яшчэ бачу — поўны двор дзетвары. Думаў, гульня якая, але не гульня — ідзе праца. Аказваецца, нарыхтоўваюць дровы. Бура паваліла тое заморскае дрэва ў двары, цяпер яго пілуюць, сякуць і носяць у хлявок. Мне гэта спадабалася. Дроў тады не хапала, кожны дзень скаргі са школ наконт холаду, а транспарту ў раёне ніякага — дзе ўзяць, адкуль прывезці? А гэтыя, бач, сцямілі і не чакаюць, калі там у раёне надумаюцца забяспечыць іх палівам — самі аб сабе клапоцяцца.
Злез у двары з веласіпеда, усе на мяне глядзяць, я на іх — дзе ж загадчык? „Я загадчык“, — кажа адзін, якога я не адразу і заўважыў, бо стаяў ён за таўшчэзным паваленым камлём — пілаваў яго з хлопцам, мабыць, пераросткам, ніштаватым такім хлопцам гадоў на пятнаццаць. Ну, кідае пілу, падыходзіць. I адразу бачу: кульгае. Адна нага неяк вывернута ўбок і быццам не разгінаецца,
Пасля, калі я гаварыў з ёй, зразумець нічога не магла, усё ўспамінала матку боску ды дзівілася: што гэта за настаўнікі ў Саветаў, ці маюць яны якія паняцці аб педагагічным такце і гонары? Кажу, не бяда, пані Ядзя, гонару ад таго не ўбавіцца, а дровы ў школе будуць. У цяпле працаваць будзеце. Ну але гэта пасля. А тады ўсё ж распілавалі мы тую чортаву калоду, і я ўжо забыўся, чаго прыехаў, скінуў свой адзінюткі пінжак і разам пілаваў з Марозам, пасля секлі. Папацеў уволю. Дзеці перанеслі дровы ў хлявок, і Мароз адпусціў усіх дадому.
Вядома, у той раз заначаваў у школе. Мароз жыў у баковачцы пры класе, спаў на цудоўнай, у стылі барока, канапцы з выгнутымі накшталт ільвіных лап ножкамі. Накрываўся, вядома, палітом, коўдры не меў. На тую ноч канапка дасталася мне, накрыўся сваім пінжачком. Перад тым як легчы, паелі бульбачкі, маці аднаго вучня на такі выпадак прынесла з хутара кавалак каўбасы і гарлач прастаквашы. Вячэралі і знаёміліся. Хоць пакуль пілавалі тыя дровы, адчувалася мне, што я ведаю яго ўсё жыццё. Родам ён быў з Магілёўшчыны, ужо гадоў пяць настаўнічаў пасля педвучылішча. Нага такая з дзяцінства, доўга балела, ды так і асталася. Я асцярожненька завёў размову пра нашы звычайныя рэчы: праграмы, паспяховасць, дысцыпліну. I тады пачуў ад яго нешта такое, што спярша выклікала ў ва мне нязгоду, а пасля роздум. А пасля я пачаў думаць, што, можа, ён і правы. Як цяпер гляджу з вышкі майго пенсійнага ўзросту, дык быў ён абсалютна правы.
Да, ён быў правы, бо глядзеў шырай і, можа, далей, чым гэта прынята глядзець, абмяжоўваючы свой кругагляд прафесійнымі нормамі. Нормы, яны, брат, харошая справа, калі не закасцянелі, не засохлі ад часу і не прыйшлі ў супярэчнасць з жыццём. Словам, ужываць іх, як і ўсякія догмы, трэба з розумам, гледзячы па абставінах. А ў нас як бывае? Цяпер усе прадметы за спецыялістамі, а ўсім спецыялістам трэба як мага лепшыя веды па іх спецыяльнасці. I таму, скажам, матэматычцы яе біном Ньютана ў сто разоў даражэй за ўсю паэтыку Пушкіна або чалавеказнаўства Талстога. А моваведу адасабляць ягоныя дзеяпрыслоўныя звароты — мера ўсяе годнасці вучня. За гэтыя свае коскі ён гатовы дзіця на другі год пакінуць і ў ВНУ не даць ходу. Матэматычка — таксама. I ніхто не падумае, што гэты біном таму вучню можа — і пэўна — ніколі ў жыцці і не прыгадзіцца, нават не прыгадаецца, ды і без косак пражыць можна. А вот як пражыць без Талстога? Ці можна ў наш час быць адукаваным чалавекам, не чытаўшы Талстога? Ды і наогул, ці можна быць чалавекам.
Цяпер, праўда, ужо прыгледзіліся і да Талстога, і да многага іншага, і гэта не так ужо кідаецца ў вочы. А тады ўсё тое выглядала інакш, відавочней, і Мароз гэта зразумеў, відаць, раней за мяне. Хоць я і быў старэйшы за яго год на пяць, і быў член партыі, і загадваў усім райана. I ён мне сказаў тае ноччу, калі мы ляжалі побач — я на яго канапцы, а ён на стале, — прыкладна так:
— З праграмамі ў школе сапраўды не зусім лады, паспяховасць не дужа бліскучая. Рабяты вучыліся ў польскай школе, многія, асабліва католікі, кепска спраўляюцца з беларускай граматыкай, іх пачатковыя веды не адпавядаюць курсам нашых праграм.