Артыкулы
Шрифт:
Свежы вецер праносіцца над светам. Адраджаецца разуменне дэмакратыі. Людзі прагна спрачаюцца аб філасофіі, літаратуры, этыцы. Людзі прачнуліся, яны бачаць прыгажосць зямлі і самых сябе.
"Мы народжаны не для жывёльнай долі,
А к доблесці і ведам народжаны".
Мацнее і пашыраецца разуменне слова "гуманізм". Але адразу ж паяўляюцца і яго шматлікія ворагі. Пачынаецца бязлітаснае праследванне думкі. Цемрашальства люта супраціўляецца руху чалавечага духу ўперад. Небяспечна нават "Біблія", няхай нават малазразумелая, на лацінскай і стараславянскай мовах. Каб не сапсавацца ў розуме
Пагалоўная бязграматнасць. Голад. Прыгнечанне. Фанатызм. Маравая пошасць. Чалавек няшчасны, як ніколі. І толькі палацы і саборы ўзносяцца да неба сярод убогіх хацінак.
Жудасная рэчаіснасць, і з ёю не маглі згадзіцца найлепшыя розумы гэтага часу. Не мог з ёю пагадзіцца і чалавек, які нарадзіўся ў гэтыя дні, у 1490 годзе, на беларускай зямлі, у Полацку, чалавек, увесь жыццёвы шлях якога быў шляхам барацьбы за "доблесць і веды", за ўмацаванне каштоўнасці чалавечай асобы ў свеце, за шчасце ўсіх людзей у сваёй роднай краіне.
Георгій Скарына — першадрукар не толькі беларускай, але і ўсяе ўсходне-славянскай кнігі. Вучоны, асветнік, змагар, нястрымна прагнучы ведаў чалавек.
Жыццё ў сучаснай яму Беларусі было адносна яшчэ нядрэнным. Прыгоннае права яшчэ не зусім скавала народ (толькі праз 98 год пасля яго нараджэння яно было канчаткова аформлена юрыдычна). Ёсць яшчэ свабода сумлення (няхай агранічаная), ёсць мова, ёсць магчымасць адысці ад дрэннага феадала на вольныя землі. Але дзень хіліцца да захаду, і, усё роўна як бачучы гэта, сын заможнага купца шукае ведаў, святла, не можа без агіды думаць аб наступаючай ночы… Жадае барацьбы з ёю.
Ён сын стагоддзя. Культура стагоддзя — культура, афарбаваная рэлігіяй. І гэты чалавек хоча, каб людзі свядома разбіраліся ў жыцці, а не зубрылі, як папугаі, усялякія догмы на незразумелай для іх мове. "Бог пусціў мяне ў свет з гэтай мовай", і гэтая жывая мова павінна стацца мовай кнігі. Гэтай, якой яшчэ няма, якая зараз неймаверна дарагая, знявечана перапісчыкамі, незразумелая.
Кнігадрукаванне, "Мастацтва над мастацтвам, навука над навукамі" (Гуценберг), існуе ў Германіі толькі 50 год, у Іспаніі — сорак, у Жэневе і Лондане — каля трыццаці, калі паглынаючы прагай навукі вандроўны шкаляр атрымоўвае ў Кракаве дыплом бакалаўра сямі вызваленых навук і адпраўляецца ў шасцігадовае вандраванне па Еўропе.
За плячыма — два гады навукі, прафесар Глагоўскі і, магчыма, знаёмства з Капернікам.
Спераду — дарогі, клунак, Пражскі універсітэт, бадзянні па нямецкіх гарадах.
У 1512 годзе беларускі юнак прыйшоў у Падую, дзе універсітэт слаўны сваім медыцынскім факультэтам. Бацька яго да гэтага часу памёр. Скарына "незвычайна вучаны, але бедны" па думцы віцэ-прыёра, доктара Мусаці. Бясплатна дапушчаны да экзамену на доктара медыцыны (ён ужо мае ступень доктара вызваленых навук), Скарына вельмі добра здаў яго.
І зноў гады бадзянняў і неадчэпная думка аб кнізе для свайго народа. Не проста перакласці біблію, але даць яе народу "на роднай мове". Ён здабывае грошы, шукае майстроў, заказвае шрыфты, знаходзіць мастакоў і гравёраў. Справа новая. Ніхто яшчэ не выдаваў бібліі на роднай мове (нямецкая біблія паявілася ў тым жа годзе, што і біблія Скарыны,
6 жніўня 1517 года выходзіць "Псалтыр". У 1517–1519 гадах — дваццаць дзве часткі "Бібліі" на роднай Скарыне мове.
Георгій ведаў нямецкія інкунабулы, кнігі Фіёля, рукапісныя кнігі родных мясцовасцей. Але сапраўдны чалавек заўсёды імкнецца да дакладнасці. Кнігі Скарыны — не проста кнігі на зразумелай мове, яны яшчэ і ўцяшэнне для вока, сапраўднае цуда паліграфіі тых гадоў. Яны незвычайна прыгожыя, і рускі мастацтвазнаўца В. Стасаў свайго часу скажа, што яны "лепшыя за ўсё, створанае падобнага роду ў Бібліі". Мала таго, гэта не "кнігі-цары", убраныя ў золата і жэмчуг, неймаверна цяжкія, а кнігі — працаўнікі, кнігі- сябры і спадарожнікі кожнага дня, у дарозе і дома. Выдадзены ў чвэрць ліста, адносна танныя і даступныя, са смакам ілюстраваны, каб людзі "чытаючы маглі лепш разумець", зразумелыя сваёю моваю — яны займаюць адно з першых месц сярод першадрукаў.
Ілюстрацый у іх, на тыя часы, вельмі многа (у адным "Пяцікніжжы Майсеевым" іх дзевяць, і сярод іх такое маленькае цуда, як "Дачка фараона, якая выймае Майсея з вады"), не гаворачы ўжо аб шэдэўрах заставак, гербаў, тайнапісных знакаў, манаграм і расліннага арнаменту. Тэхніка гравюр — вельмі добрая. Яны цудоўныя і, у той час, чулліва наіўны. Вось царыца Саўская перад Саламонам. Ніякая тут Палесціна. Гэта сярэдневяковая Беларусь паводле адзення, твараў, будынкаў. Выдавец, вядома, разумеў гэта, але лічыў, што такім людзям будзе больш зразумелым.
І вось Іудзіф у адзенні багатай гараджанкі і двухручны меч, які наўрад ці магла паднесці. А галава Алаферна прыпамінае вусамі і ўсім іншым галаву беларускага магната, ды і названы ён "ваяводай".
Усе кнігі маюць прадмовы, разважанні Скарыны аб жыцці і людзях. Трэба лічыць, за іх, як і за зразумелую для простага чалавека мову, — ненавідзелі выдаўцу як "лаціністы-католікі", так і "царкоўнаславіністы-праваслаўныя". Таму што ў гэтых прадмовах раз-пораз прарываецца гуманізм, ласкавасць да людзей, клопаты аб іх шчасці і адукацыі. Вось ён гаворыць аб царах у прадмове да кнігі "Эсфіль". Асур — "усе землі падбіў пад уладу сваю. І ўсё ж ніколі не хацеў ператвараць у зло вялікай сілы сваёй. Але дабратой думкі заўсёды правіць сваімі падданымі. Каб без усялякага страху, у цішы жылі, у згодзе, якой усе людзі жадаюць…"
Мала было міру ў гэтыя часы. Не было такіх цароў. І таму клопаты аб людзях, смутак аб іх няшчасцях хвалююць Скарыну.
Ён ведае, што людзі родзяцца, каб думаць і сумнявацца. Ні думкі, ні сумнення не можа быць там, дзе ставяць перашкоды палёту розуму. Галоўная перашкода — амяртвелая чужая мова. І ў канцы "Кнігі прарока Данііла" ён гаворыць аб роднай мове, прызнанай памнажаць хвалу Богу і дабру на зямлі. У імкненні быць зразумелым нават найбольш неадукаванаму, ён часам вялікі і чуллівы. Вось Саламон у "Песні песняў" параўноўвае грудзі каханай з гранатам. Скарына дык бачыў гэты плод у Італіі, і на дрэвах, і ў руках мадон. Але астатнія — яго суайчыннікі не бачылі. І вось паяўляецца "яблыка зярнятае". А ў "Кнізе Руф", такой простай і зразумелай, ён часта зрываецца на простанародную мову.