Артыкулы
Шрифт:
Ганьба яму і пагарда і ў сваім доме і ў чужым. Думаеце, сусед, які сее, будзе паважаць такога? Ды не! Ці яму патрэбен лішні работнік, найміт, на ягоным клапціку поля? Дудкі! Плюне ён толькі і скажа: "Працуй. А наконт страшнага суда, дык гэта яшчэ бабка надвае варажыла ("бабка надвое сказала" або "na dwoje babka wrozyla, albo umrze, albo bedzie zyla" — выбірайце той варыянт, які вам больш даспадобы).
Ну вось, цяпер, выказаўшыся проста, без двухсэнсоўя, я нібы падзяляю з аўтарам ягоны поспех (магчымы) і яго адказнасць. І магу пагаварыць пра кнігу ягоную больш падрабязна. І няхай не надта злуюцца тыя, каго давядзецца зачапіць, а тыя, каго захочацца пахваліць, не так ужо надта скачуць. Па словах
Спачатку думкі тых, чыё слова ўжо канчаткова, на вялікі наш жаль, стала дзеяй і "абскарджанню не падлягае". А.Міцкевіч (ясна, што з яго, як з песні, слова не выкінеш, хаця ён і дарэмна рабіў толькі з нас адных няшчасненькіх, бо ўсе народы і ўсе гісторыі народаў былі гісторыяй прыгнёту і большай ці меншай галечы), Ф. Багушэвіч, Я. Купала, Цётка, Ядвігін Ш., П. Глебка (агульнае ўражанне страшнае: сапраўды мароз па скуры і труба архангела).
І сучаснікі нашы, годныя людзі, якія (будзем спадзявацца і жадаць, каб гэта здарылася праз сто год) некалі таксама з гонарам скончаць свой шлях. Іначай жа нашто жыць?
Пасля Багушэвіча і Купалы і іншых такіх і сапраўды, здаецца, няма чаго казаць. Але гэта толькі здаецца. Занадта яшчэ моцна сядзіць у некаторых учарашні раб, і яму трэба паўтараць вачавіднае тысячу разоў, бо сорам у наш час і нашаму чалавеку хаця ў чымсьці быці добраахвотным рабом… А ёсць і простыя нашчадкі чарнасоценцаў з нейкіх там правінцыйных "лісткоў", якія лічаць, што пасля рэвалюцыі нічога не змянілася, што найлепшы шлях для кар'еры (бо таленту ж і змогі працаваць на службе Айчыне, "не складваючы рук і не шкадуючы сілаў" — няма) — гэта подласць і рэптыльнасць.
І ёсць такія, што, накшталт сына са старой байкі, які спытаў бацьку, як яму "преуспеть в жизни", і, атрымаўшы адказ "служы радзіме", сказаў: "цяжка", а на другую параду: "будзь флюгерам" сказаў:
Ах, нет, я не хочу быть с подлостью знаком. Ни труд и ни порок меня равно не привлекают.На што бацька слушна адказаў:
Тогда… тогда будь просто дураком. Я слышал, многие из них преуспевают.Усё ж ёсць адзiна годны шлях: служыць айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей i лёсу, проста таму, што iначай нельга. Iначай — сорам. I не апраўданне ганебнаму ўчынку ў тым, што "яны самi так хочуць". Сорам — самiм так хацець. I яшчэ большы сорам, спасылаючыся на гэта, на "аб'ектыўную" (хто гэта вызначаў, аб'ектыўна гэта цi не?) хаду падзей, на самой справе падпарадкоўвацца не сваёй думцы, а думцы нейкага дзядзькi. Свой "перапе?с" i праўда ж у сто разоў горшы за iншых.
Так, кніга балючая, кніга непрыемная (а хто хацеў ад літаратуры, ад філасофіі, каб яны "рабілі прыемна"? Мы не ў ложку, мы ў цяжкім рэйдзе, партызаны, дзеці і ўнукі партызанаў). Кніга непрыемная (і ліст "беларуса" з Масквы: раб прыкрывае сваё разумовае халуйства гучнымі словамі), але патрэбная. Як ланцэт лекара.
Бо мае рацыю аўтар, калі кажа пра "бязлітаснае выпрабаванне на жыццяздольнасць". Сорамна не вытрымаць. І ніякі гуманізм (адзіны выпадак!) не апраўданне таму, хто паступіўся свядомасцю, што ён, чалавек, паступіўся сваёй высокай годнасцю чалавечай. Ніякае апраўданне, што гэта "дзеля карысці", "дзеля прагрэсу" — тут… прабачце… ніякае не апраўданне. Як, скажам, Каліноўскі, Сусанін, Альгіяці, Міхал Крычаўскі ад болю заплакалі б і выдалі, скажам, маці, бацьку, брата, таварыша. Прычым тады, калі перастала балець.
"Лёс не толькі беларускай, але і ўсіх іншых нацыянальных культур
Правільна. І кепска, калі мы, гераічны народ (успомніце кожнага чацвёртага!), падамо ўсім кепскі прыклад. Самых слабых. Самых горшых.
Я не хачу належаць да ніводнага тыпу, акрэсленага на адной са старонак. Ні да "балота", ні да "эміграцыі", вонкавай ці ўнутранай. Не хачу і жыць у чужым выгодным сутарэнні, працаваць у сухой чужой шахце. Я хачу разам са сваімі шматлікімі братамі сумленна працаваць у шахце сваёй, ставіць падпоры са сваёй сасны, каб яны (і я) даўжэй жылі і працавалі. Без гэтага жыцця не мыслю, а калі давядзецца (немінуча!) адыходзіць з яго, то я хачу, каб труну мне зрабілі з роднай сасны. Я быў, думаецца, някепскім гарняком-крапільшчыкам і, думаю, заслужыў на гэта.
А наконт таго, ці шмат здолее адзін (с.34), — тут не. Нават адзін здолее, калі да канца. І тут трэба выкарыстаць сябе як мага разумней. Бо і сапраўды, нашто мне інтэгрыравацца. Калі ўжо глабальная інтэграцыя, то інтэграцыя ўсіх (а й нудны жа ж будзе гэты свет, калі ўсе інтэгрыруюцца). Ты мужчына, таму аддай каму хочаш (людзям, лёсу, радзіме, жанчыне) душу, жыццё, сэрца. Але хоць гонар свой пакінь сабе. Не дазваляй нікому трымаць цябе за вусы, хай нават рэдкія. І нават калі здарыцца няшчаснаю воляю лёсу горшае — трэба быць не Неронам і не Мамурай латыні, а яе славай.
Быць Катулам, Гусоўскім, Капернікам (да іх, хочаш не хочаш, звяртаюцца і зараз), але прайграй са сваёй латынню мужна. А лепей не дапускай да гэтага, нізавошта, бо "мёртвыя сораму не імуць".
…А ён рацыяналістычны, гэты "філосаф каля сарака". Аж агіда бярэ, такі разумны. Толькі розум не пакінуў там месца для душы, для гонару за сваё "я". Кажа пра дружалюб'е палітыкана і дзеяча духоўнай культуры. Прабачце, нешта не чуў. Бо не школа знішчае мову і не універсітэт, а тое, што мы з іх зрабілі. Мы, адзінкі, надзеленыя духоўнай уладай і… рэптыльнасцю. Праўда, лягчэй за ўсё абвінавачваць бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў (пісьменнікаў там: якраз, кот наплакаў).
А вось "мастацтвазнаўца" (с.43) — малайчына. Сапраўды, калі чалавецтва ідзе да спрошчанасці казарменнай — тады адна мова, калі да складанасці — мноства.
І "гісторык філасофіі" мае рацыю. Паказваючы карані хамства і іхні працяг-чартапалох… А што мы, беларусы, зрабілі ў літаратуры не "жалкую пародыю" — гэта зараз ужо і сляпому ясна.
І, галоўнае, у большасці выказванняў сапраўдная гаспадарчая заклапочанасць шляхамі мовы, культуры, бацькаўшчыны (лепшае, што даў новы час новаму чалавеку і што мы не павінны згубіць). А за кожным выказваннем тых, хто "развенчвае" выпакутаваныя бацькамі каштоўнасці, - проста аж свеціцца духоўная (не хачу сказаць "разумовая") абмежаванасць. Заўтрашні "пажарнік", які ў Рэя Брэдберы ("451? па Фарэнгейту") пры спрыяльных абставінах паліць кнігі.
І як прыемна нават паспрачацца, нават не згадзіцца з "мастацтвазнаўцам, каля 30 гадоў", з чалавекам, які ўмее разважаць. Вядома, пакуль мы яшчэ сіла. І — сумная рацыя пра дзіцячыя садкі і іншае. Але таварыш памыляецца ў думцы, што беларусам "навязалі" паняцце аб нашай мове як "непрыгожай".
Не, яна і сапраўды непрыгожая… ад дрэннага ведання яе. Існуе няпісаны (і неабвержны) закон, які цудоўна ведаюць усе па-сапраўднаму адукаваныя і культурныя людзі: чым лепей ведаеш нейкую мову (і гэта можна сказаць не толькі пра мову, але і пра краіну, навуку, сяброў, многіх жанчын, мастацтва і г.д.) — тым больш яна прыгожая і значная. Польская шыпіць? Нямецкая брэша і гаўкае? Брахня! Якія яны мілагучныя… для тых, хто зведаў (і, вядома, калі вусны кажуць "Der Freund" (друг), а не "erschie?en" (расстраляць); думаю, што апошняе слова і па-італьянску прагучыць для аб'екта гэтага дзеяння не вельмі прывабна).