Ашчэпкі (1998-2000)
Шрифт:
Пад Купалу
Пітэказорная, дарожная
Занатоўкі
* * *
Абсурд — рухаючая сіла прыроды.
* * *
Клінтан, караючы Мілошавіча, раструшчыў бомбамі Югаславію і адказнасць за ўчыненае варварства ўсклаў на цвёрдахрыбетнага неслуха.
Стварыў новую дактрыну.
* * *
Як ляпнула амерыканская „Свабода”, хто спачувае сербам, той здраднік цывілізацыі.
Ужо і цывілізацыю клінтанізавалі.
* * *
Пашырыўшы НАТА, мы атрымалі чэшскі флот і польскую авіяцыю, — лічыць амерыканскі падаткаплацельшчык.
* * *
Амерыка выбірае тых, хто ім падабаецца, а не тых, хто карыстаецца папулярнасцю ў асобна ўзятай краіне,
— зрабілі выснову амерыканскія палітолагі.
* * *
З выпадку дня нараджэння Ельцына амерыканскі прэзідэнт прэзентаваў яму каўбойскія боты. Барыс Мікалаевіч не ўлавіў падвоху, прыняў прэзент з душэўнай радасцю і запрасіў заакіянскага лідэра ў рускую лазню (найвышэйшы знак прыязні). А Клінтан намякаў: ты не прэзідэнт, ты — каўбой.
* * *
Ельцын падзякаваў Сцяпашыну за добрую работу (80 дзён) і адправіў спраўнага прэм'ера ў адстаўку.
— Служу Ельцыну! — сказаў Сцяпашын.
Служы пану верне, то ён табе перне.
* * *
—
* * *
Ужо старажытныя грэкі лічылі юродзівасць кантачаннем з багамі. Было яно пакараннем або ўзнагародай. На думку Сакрата, паэтычная творчасць — выразная праява псіхічнай хваробы. Сярод выдатных мысляроў і вучоных нямала чокнутых.
* * *
— Кожны пісьменнік з'яўляецца ў нейкай ступені яўрэем, — сказаў ізраільскі літаратар Д. Гросман, і патлумачыў:
— Яўрэйская схільнасць да абстракцыі спрыяе літаратурнай працы. З гэтай схільнасцю вяжацца пачуццё вечнага адчужэння, нават ва ўласнай сям'і, і перакананне, што наша гісторыя была сапраўды вялікай эпапеяй, нашым скарбам і адначасова няшчасцем.
* * *
— Чалавек — твор і творца хлусні, — цвердзяць генетыкі. — Мы толькі абгортка для нашых генаў.
* * *
— Жывем у бясконцай ночы, — сказаў крот, адкрываючы нам вочы на зямное ваколле. Стаў астрафізікам.
* * *
— Якую ноч успамінае Ельцын?
— Белавежскую.
* * *
— Калі Бог хоча каго пакараць, ажыццяўляе яго мары, — сказаў павернуты марксіст і перастаў марыць.
* * *
— Атэіст, але не ваяўнічы, — ачышчаўся на споведзі Барыс Мікалаевіч.
* * *
— Хараство часта суседнічае з цемрай, — сказаў Бальтасар Маралес, навучаючы дзікуна на безыменнай выспе іспанскай мове.
* * *
— Дарвін вельмі падобны на нас, толькі без хваста, — сказала малпа, назіраючы за даследчыкам.
* * *
Гісторык — прафесійны скажальнік фактаў.
* * *
Пастыр народа — рэлікт эпохі стаднага жыцця.
* * *
Бізун і пернік — прэтэндэнты на вечнасць.
* * *
— Пагана без зубоў, — сказаў стары канібал і, варочаючы крутымі сківіцамі, пачаў марыць аб стальных клыках.
* * *
— Чаму так жорстка абыходзяцца людзі з людзьмі? — здзіўляўся шакал, даследуючы пасля адгрымеўшай бітвы поле бою.
* * *
Калі Эйнштэйн уцяміў, у якую знішчальную сілу ўпрэгчы могуць ягонае Е = mc2, сказаў: „Лепш бы я стаў кавалём”.
* * *
Паводле аналітыкаў мазгавога трэста ЗША, вайна з'яўляецца агульным сацыяльным сродкам для рассейвання ўсеагульнай нуды.
* * *
Знаўцы пішуць, што надыходзіць эра войнаў інфармацыйных. Інакш — тэхнатронных або псіхагенных. Будзе разбурацца душа чалавека. Уключыць наваяўлены кесар які-небудзь генератар пэўных ваганняў і задзейнічаныя жыхары аддадуць захопнікам усё, што трэба, самі.
Во будзе забава!
* * *
Падкраліся ваўкі пад вёску і наставілі вушы на гаворку людзей. Ажно чуюць: „Чалавек чалавеку — воўк”. Абражаныя, вырашылі абярнуць пачутае. Нічога талковага не выйшла, бо воўк і чалавек непараўнальныя. Воўк ваўку не зробіць таго, што чалавек — чалавеку. Укантэнтаваныя высновай, ваўкі завылі любасна і, аджартоўваючыся, пакіравалі ў лес.
* * *
Дзікія зверы найбольш ненавідзяць людзей, людзі — сваіх суседзяў.
* * *