Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
Пан Гервасій Агалінскі відочна не бачыў нічога асаблівага ў тым, што адбываецца — не на палю ж хлопа пасадзілі, не за рабро на крук павесілі. Панна Багінская таксама не пераймалася, сядзела на лаўцы ды шаптала сабе пацеры пад нос з самым пабожным выглядам, хіба што час ад часу трохі грэбліва касавурылася на ўкленчыўшага Лёдніка. Ці мала па ейным загадзе пускалі бізунамі крыві нядбайным служкам.
І Пранціш выразна разумеў, што і ягонае жыццё, і Лёдніка для тых, хто з маленства еў на золаце і выціраў ногі аб спіны бліжніх, значаць не болей, чым звычайныя прадметы побыту. Пакуль патрэбныя — добра, паломяцца — новыя набудзем. Доктар можа колькі
— Усе мы, як святы Тамаш, сумняемся, не ўпускаем веру ў сваё сэрца, пакуль не пакратаем раны Хрыстовы. Таму трэба змагацца з уласным нявер’ем уласнымі ранамі! — загаварыў святар, напэўна, у звязку з тым, што адбывалася каля рэлікварыя святога Тамаша.
Хор быў вышэй ухвалаў, здавалася, гэта анёлы выпяваюць светлыя словы ў славу Гасподню. Але служба зацягвалася. Ясна, людзі не разыдуцца, пакуль не скончыцца відовішча. Струменьчык крыві па-вар’яцку павольна пацёк па ўзвышэнні, першая кропля сцякла цераз край, пад ногі прыхаджанам. Голас Лёдніка гучэў усё больш глуха, ён некалькі разоў матнуў галавой, відаць, каб стрэсці кроплі поту.
— Слухай, пан Вырвіч, а ён не памрэ? — устрывожыўся нарэшце пан Гервасій. Ну як жа, занепакоіўся, дайшло, што без доктара сам нічога не здабудзе за морам. Пранціш нервова паціснуў плячыма. Раптам высакародная панна Багінская, гожанькі такі, наіўны хлапчыска, падскочыла да ўзвышэння, выхапіла насоўку і хуценька абцерла віленскаму прафесару твар. Нейкая кабета тут жа вытлумачыла дзеянні хлапчыскі практычна: пот хрысціяніна, што адбывае пакуту святога Тамаша, лекавы шчэ болей, чым кроў, і ад чумы дакладна засцеражэ, і палезла была са сваёй хусткай да прафесара — але спалохалася ягонага пагрознага погляду, зажагналася і задаволілася тым, што вымачыла анучу ў крыві, якой было даволі.
Пранціш пільна назіраў — каб не прамарудзіць і не дапусціць да таго, што Лёднік паваліцца. І з прыкрасцю разумеў, што вочы людзей навакол гараць такім самым азартам, як у публікі ў Дракошчыне, якая прагла паглядзець на цмока.
Нешта было ў гэтым асабліва агіднае… Святыя старцы не дарэмна сцвярджалі, што малітоўныя подзвігі трэба здзяйсняць кялейна, і не выхваляцца імі. А тут… Балаган нейкі! Як тыя пакаянні з бічаваннем, што ўчыняў Радзівіл Пане Каханку ў віленскіх храмах.
Гадзіна, другая… Імша даўно скончылася. Людзі, у якіх знайшліся пільныя справы, разыходзіліся па дамах. Пошасць пошасцю, а есці, піць ды задавольваць іншыя патрэбы грэшнага цела неабходна. Але цікаўнікаў хапала. Тым болей многія сыходзілі і вярталіся, каб дагледзець прадстаўленне. Зваліцца, не зваліцца, вытрымае або не, што папросіць, калі дастаіцца?
Нехта ўслых лічыў колькасць адчытаных грэшнікам пацераў.
Тры гадзіны… Чатыры…
Апошнія пацеры Лёднік прачытаў, нізка апусціўшы галаву, зусім глуха.
Ухвальны гуд разнёсся па саборы. Прафесар варухнуўся, штыры, што прабівалі ягоныя далоні, адразу схаваліся. Пранціш памкнуўся падтрымаць Лёдніка, але той не даўся, акуратна строс з рук кроў і пайшоў, хоць і павольна, да алтара, дзе яго ўжо чакаў папярэджаны пробашч. Цяпер Пранціш змог разгледзець гэтую таямнічую персону: сівыя каротка стрыжаныя валасы, уладны, усё яшчэ прыгожы твар,
Бутрым укленчыў перад пробашчам:
— Ваша правялебнасць, у імя малітваў святога Тамаша, прашу, каб вы дазволілі мне і маім тром сябрам выехаць з гораду і працягнуць далей свой шлях.
Прыёр усміхнуўся, узмахам рукі адаслаў падалей цікаўных і схіліўся над просьбітам.
— Гасподзь заўсёды чуе малітвы тых, хто шчыра раскайваецца. Вось ён і прывёў цябе да мяне, Баўтрамеюс. Ты ж разумееш, дарагі мой, што насамрэч апынуўся тут не дзеля гэтай сваёй просьбы, а таму, што хацеў вярнуцца да мяне. Хіба не так?
Голас прыёра гучаў так мякка і пераканаўча, што немагчыма было пярэчыць. Але Лёднік глуха паўтарыў:
— Прашу дазволіць нам выехаць з гораду, ваша правялебнасць.
— Пакажы мне свае рукі, Баўтрамеюс, — папрасіў прыёр. Лёднік неахвотна працягнуў скрываўленыя далоні. Айцец Габрыелюс узяў іх у свае рукі, схіліўся над імі, нібыта моўчкі памаліўся — Пранціш усёй істотай адчуў нейкую нетутэйшую сілу, ад якой у роце застаўся прысмак медзі і падняліся валаскі на скуры, як бы хто правёў па ёй пёркам. Прыёр выпрастаўся, стомлены, нібы доўга і цяжка працаваў, на вуснах лунала пераможная ўсмешка. Лёднік пакруціў далоньмі перад вачыма: раны зацягнуліся, нібыта прайшло некалькі гадоў, засталіся толькі ружовыя зморшчаныя рубцы. Сціснуў пальцы, расціснуў… Вырвіча ледзь не званітавала ад містычнага жаху. Дзесьці за спінай віскнула Паланэя… Яе віскат патануў у захопленых крыках. Цяпер было зразумела, чаму ўвесь горад слухаецца пробашча. Няўжо ён сапраўды святы?..
— Што скажаш, Баўтрамеюс? — з ласкавай усмешкай папытаўся пробашч. Лёднік паглядзеў на сваю далонь і спакойна адказаў:
— Уражвае.
— Ты таксама так можаш, — айцец Габрыелюс гаварыў даверліва і адначасова ўладна. — Ты дарэмна спалохаўся сваёй сілы, сышоў на самым пачатку, так бы мовіць, з вітальні, якая падалася табе засмечанай. Хаця варта было прайсці далей, ты патрапіў бы ў раскошныя пакоі. Ты нават не ўяўляеш, дарагі мой, ад чаго адмовіўся.
Лёднік, бледны, як прывід, слухаў, упарта сціснуўшы вусны і не падымаў вачэй. Прыёр паклаў руку яму на плячо:
— Ну, добра, пойдзем, Баўтрамеюс. Ты страціў шмат крыві, я дам табе лекі.
Бутрым, усё гэтак жа апусціўшы вочы, пакорліва ўстаў і рушыў за прыёрам. Нават не азірнуўся на сваіх спадарожнікаў.
Людзі разыходзіліся, узрушаныя, узнёслыя. Агаломшаны Пранціш прыгнечана сціскаў у кішэні непатрэбны слоік з ацаляльнай маззю, падрыхтаванай прафесарам.
Калі яны праходзілі каля ўзвышэння з распяццем, зноў абнесенага ланцугом, Пранціш заўважыў, што апошнія кроплі крыві ўжо сцёртыя з каменю аматарамі рэліквій.
Ад цікаўнікаў, якія чапляліся з роспытамі, удалося схавацца толькі ў доме пана Вайды. Пан Гервасій нарэшце даў волю ўзрушэнню і пачаў выпытваць тамашоўскага доктара, што той думае пра цуд ацалення, сведкамі якому яны сталі ў саборы. Але пан Вайда толькі адмахваўся і спасылаўся на волю Божую. Але Пранціш бачыў, што ў святасць айца Габрыелюса пан Вайда асабліва не верыць.
Што ж гэта тады, чараўніцтва? І чаму прыёр казаў Лёдніку, што той таксама так можа?
Затое пан Вайда запэўніў гасцей, што шлях з горада для іх адкрыты. Панна Паланэя зараз жа пачала збірацца, парадкаваць накупленае, чаго не хапала — прасіць у пані Вайды.