Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
— Антычныя міфы складзеныя антычнымі мужыкамі, васпан! — важна падняўшы ўгару палец, прамовіў Лёднік. — Паэзія нараджаецца пад стрэхамі, у полі… А ў палацы адны саладзенькія селадоны ды галатэі.
Пан Гервасій злосна прыжмурыў памутнелыя светлыя вочы.
— Я ведаю, якая паэзія табе даспадобы, Баўтрамей.
Ударыў па стале кулаком… Яшчэ раз… яшчэ… І пад пагрозны рытм ціха заспяваў:
— Далёка слыхаці такую навіну: Забілі Пятруся, забілі ў Жыліну. А за што забілі, за якую навіну? ШтоГалас пана Агалінскага рабіўся ўсё гучнейшы, надрыўны, больш падобны да плачу.
— Выглянула пані з новага пакою, Убачыла пана на вараным коню. — Уцякай, Пятрусю, уцякай, сардэнька, Бо ўжэ пан прыехаў — будзе нам цяжэнька. Узялі Пятруся ды пад белы рукі, Павялі Пятруся на вечны мукі. — Пакажы, Пятрусю, пакажы жупаны, Што падаравала вяльможная пані. Пакажы, Пятрусю, пакажы пярсцені, Што падаравала вяльможна ў пасцелі. Білі Пятруся чатыры гадзіны, Упаўнялі сабе, што Пятрусь няжывы…Пан Агалінскі перастаў стукаць па сталешніцы, галава яго з прыліплым да лоба потным рудым чубам звесілася, апошнія словы песні прагучэлі амаль шэптам:
— Вяльможна ідзе, яго матка хліпе… — Не плач матка, не плач, бо я сама плачу, Я за тваім сынам панства, жыцце трачу… Ды яшчэ Пятруся ў дол не апусцілі — Па вяльможнай пані званы зазванілі…Лёднік уткнуўся галавой у складзеныя на стале рукі, нібыта хацеў схавацца. Насупраць у гэткай жа паставе застыў пан Гервасій. У пакоі запанавала маўчанне, як на могілках, напоўненае болем і непапраўнасцю.
— У яе былі такія лёгкія, неслухмяныя валасы… — шаптаў пан Агалінскі, нібыта сам сабе. — Здавалася, у іх жыве ветрык. А калі яна ўсміхалася, верхняя губа так смешна прыўзнімалася… Так безабаронна… Калі б я быў старэйшым братам, яна была б маёй… І ўсміхалася б нашмат, нашмат часцей. Я б асушваў кожную ейную слязінку вуснамі… Ты памятаеш усмешку пані Галены, доктар?
— Я памятаю, як усміхаецца мая Саламея… — шаптаў Лёднік, якога, што прадказальна, разабрала яшчэ мацней, чым суразмоўцу. — Калі яна ўсміхаецца, на яе левай шчацэ ўтвараецца ямінка. А валасы ў яе цёмныя, цяжкія і бліскучыя… Калі прапускаеш іх скрозь пальцы, здаецца, што слізгае шоўк…
— Я ўсё роўна цябе заб’ю… — прамармытаў пан Гервасій. І абодва канчаткова праваліліся ў п’яное забыццё.
А Пранціш узрадваўся ў душы сваёй, што ніхто са спадарожнікаў не ўспомніў паненку Паланэю Багінскую.
Бо калі яна ўсміхаецца, не па-свецку, а па сапраўднаму, шчыра, яе носік так міла прыўзнімаецца, а ў вачах такія гарэзныя жарынкі… І левы куточак ружовых вуснаў трохі вышэй за правы, і трэба быць сляпым, каб не закахацца
І гайдала ўсіх іх, закаханых шчасліва і нешчасліва, ахвяраў і катаў, драўляная «Святая Брыгіта», як кузурак гайдае сухі лісток, што зляцеў на плынь ракі… І біўся ў мокрых ветразях змрочны вецер, і не было ў гэтым часе бяспечнай прыстані.
Вайна, якая скаланала Еўропу ўжо сёмы год, здыхала, як дужы драпежнік, у якога ўсадзілі стрэлы і дзіды, а ён усё яшчэ паўзе, б’е кіпцюрамі, драпае ўсё, да чаго можа дацягнуцца. Пасля таго, як брат прускага караля Генрых Прускі выйграў бойку пры Фрайбергу, з’явіўшы свету «цуд Брадэнбургскага дома», зноў у сэрцах пасялілася трывога… Па дарогах блукалі банды марадзёраў, войскі наймітаў, гатовыя на любыя злачынствы ці подзьвігі, жыццё чалавечае каштавала меней, чым шэлег… Дарога па моры, няхай доўгая, у неспагадную пару, была больш бяспечнай, чым па залітай крывёю сушы.
Калі праходзілі Зунд, спыніліся ў дацкім порце. З’явілася магчымасць выйсці на цвёрдую глебу. Наважылася і панна Паланэя. Яна сціпла трымалася кампаніі доктара і Пранціша, да якіх прыбіўся і карабельны доктар, пузаты, вясёлы і прафесійна цынічны. Лёднік наважыўся на знаёмства з калегам толькі пасля таго, як зменшыў сімптомы марской хваробы з дапамогай радыкальнага сродку ад пана Гервасія і тым пазбавіўся пагрозы стаць пацыентам. Не сказаць, каб зусім было доктару добра — але ж хадзіць, есці ды чытаць лекцыі мог.
Пан Гервасій пайшоў з сябрамі з каманды па мясцовых шынках… Лёднік запатрабаваў наведаць кунсткамеру. У кунсткамеры аказалася мадэль паравой машыны. І два дактары плюс адзін доктар недавучаны дзве гадзіны абмяркоўвалі мудрагелісты механізм і ягоныя перспектывы. Пан Палоній Бжастоўскі толькі закапыліў нос і заявіў, што пры двары ягонага старэйшага брата ёсць вынаходнік, які пабудаваў куды больш дасканалую машыну. Праўда, пра зладжанне гэтай машыны паніч нічога патлумачыць не мог. Таму нудзіўся і рваўся да ювелірных крамаў. І ўсё было б міла, калі б Пранціш не заўважыў злыя позіркі, якімі па вяртанні праводзілі матросы са «Святой Брыгіты» юнага пана Бжастоўскага, ды яшчэ перашэптваліся пры гэтым.
Сваімі назіраннямі студыёзус, аднак, дзяліцца ні з кім не стаў — мала што… А потым давялося яшчэ дапамагаць валачы на карабель у дупу п’янога пана Гервасія, які ўмудрыўся ў шынку ўчыніць бойку з партугальскімі мараходамі і атрымаў чарговы жывапісны ліхтар пад вока і нажавы парэз вуха — яшчэ крыху, і нёс бы яго пан у кішэні.
Вуха пану Гервасію зашывалі ў чатыры рукі — абодва дактары, ды яшчэ са злавеснымі жартачкамі. Пранціш падазраваў, што яны ўчынілі нейкую прафесійную гульню, аб заклад пабіліся, магчыма. Але вуха пана вярнулася на месца, тым больш адмысловае абязбольваючае не спатрэбілася — у крыві пана Гервасія шчодра бруіў ром.
А ноччу Пранціша пабудзіў Лёднік. Карабель гайдаўся так, што ліхтары нагадвалі навязаных на ніткі светлякоў, якія ірвуцца на волю. Такой гайданкі яшчэ не здаралася. З-за шуму хваляў даводзілася крычаць.
— Пайшлі да Багінскай!
Пранціш вылузнуўся са свайго ложка, ледзь не паваліўшыся.
— А што такое?
— Матросы бунтуюцца! Кажуць — баба на караблі, патопіць усіх!
Панна Багінская забілася ў куточак каюты, прыкрываючыся пісталетам, як веерам. Пан Агалінскі, з абвязанай белай хусткай галавою, ля пашкоджанага вуха на тканіне цямнелі плямы засохлай крыві, быў надзіва вясёлы — яго, здаецца, забаўляла сітуацыя.