Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
— Капітан спрабуе перагаварыць з гэтым быдлам! — пракрычаў праз шум хваляў пан Гервасій. — Калі што — перастраляем дурняў, у мора паскідаем! Жанчын баяцца!
— А ці не вашая мосць падчас задушэўных размоваў з матросамі нешта лішняга пра жанчын нагаварыў? — строга папытаўся Лёднік. Пан Гервасій апусціў вочы.
— Ну, можа, за пляшкай штось і распавёў пра сваю дарагую нявесту…
— Я пакуль васпану слова выйсці за яго не давала! — абурана крыкнула панна Багінская. — Якое права меў вашамосць абмяркоўваць мяне з п’янымі мужыкамі?
— Золатка маё, мужыкі з мужыкамі
— Дзеля маёй бяспекі пан мусіў проста памаўчаць! — нервова крыкнула Багінская. Карабель штурханула асабліва моцна, так што давялося хапацца за тое, што пад рукой, каб не паваліцца. — Доктар! А вы можаце якую-небудзь ілюзію стварыць? — панна Багінская ўпарта прымала доктара за чараўніка з казак. — Сон на іх наслаць?
— Наслаць на каманду сон падчас шторму — усё роўна што карабель патапіць, — злосна адказаў Лёднік. — Спадзяюся, пан Гервасій, запісваючы байкі пра індыянаў і іхнія залатыя гарады, не распавёў за адным разам і пра мае вядзьмарскія заслугі?
Пан Гервасій зноў апусціў вочы.
— Далібог, панства, не памятаю…
Ну вось, цяпер у маракоў «Святой Брыгіты» былі сур’ёзныя прычыны патрабаваць, каб небяспечных пасажыраў адправілі за борт дзеля ўлагоджвання раз’ятранага Няптуна.
У дзверы каюты пастукалі, пачуўся голас капітана. Чырвоны твар галоўнага на караблі ажно ішоў плямамі.
— Вось вы дзе ўсе! Мне, вядома, заплацілі добра, але пасярод мора грошы каштуюць няшмат. Ты, пан, каторы доктар, чараваць умееш?
— Я прафесар Віленскай акадэміі! — Лёднік абурана ўскінуў галаву, не прыкрытую парыком, ажно цёмныя пасмы валасоў матнуліся па твары.
— А мне да дупы, чаго ты там прафесар, — рычэў капітан. — Мне трэба супакоіць гэтых гіцаляў, якіх вы, вашыя мосці, сваймі непатрэбнымі гутаркамі збаламуцілі. Капелан пры смерці, штурману руку зламалі, мяне слухаць не хочуць. Таму ідзі, доктар, на палубу і на вачах каманды ўлагоджвай Няптуна, русалак, наядаў ці якую іншую халеру — альбо давядзецца адправіць на корм рыбам дзеўку і цябе з ёю разам.
— Мне дзіўна чуць, што адукаваны чалавек патурае забабонам, ваша мосць! — заявіў Лёднік.
— Скуру лупіць з матросаў за патуранне забабонам будзем, калі гэты шторм перажывем! — адрэзаў капітан. — Давай, што-небудзь там разыграй перад маракамі, якія ўпэўнены, што ты — вялікі чараўнік.
— Магу толькі памаліцца, вашамосць, — халодна адказаў доктар.
— Дык ідзі і маліся! — капітан схапіў Лёдніка за рукаў і выштурхнуў з каюты. Вырвіч, трымаючыся за спецыяльна нацягнутыя паўсюль вяроўкі, рушыў следам. Пан Агалінскі застаўся абараняць сваю «нявесту».
Ніколі Вырвіч не забудзецца тае начы. Халодная салёная вада збівала з ног, мора спявала на розныя галасы харал, пад які можна выпраўляцца на той свет, не разабраць, дзе пачынаецца мора і заканчваецца неба, аднолькава чорныя. Тая звыклая вада, што пырскала ў твар, здавалася, не мае нічога агульнага з жывой, дыхаючай субстанцыяй за бортам. Адзіны ліхтар гайдаўся,
Невядома, чым усё гэта скончылася б, калі б шторм не суняўся. Магчыма, апынуліся б пасажыры «Святой Брыгіты» за бортам… Але Гасподзь прыслухаўся да малітваў, і шхуну перастала кідаць, як трэсачку. Назаўтра мора было звычайным — не прыветным, але ўсё-ткі больш падобным да ўзаранага поля, чым да горных хрыбтоў. Спаміж хмараў нават там-сям праглядалі сінія лапікі.
Лёднік сядзеў за сталом каюты, зноў уткнуўшыся ілбом у счэпленыя рукі, ці маліўся, ці проста думаў пра штосьці цяжкое. У пакой заваліўся пан Гервасій з абвязанай галавой. Ад пана заўважна несла ромам, і пагойдваўся ён не толькі воляю мора.
— Паненка наша пералякалася. Зноў цябе, доктар, кліча — ці галава ў яе баліць, ці жывот, ці нервы трапечуцца. І чаго да цябе бабы ліпнуць, як мухі на мёд? Гэй, а што з табой, Бутрым? Пагана? У мяне аквавіта ёсць, прынесці?
Прафесар стамлёна прагаварыў, не зварухнуўшыся:
— Мне надакучыла гуляць у чужыя гульні. Чуеце, вашамосць, крыкі? Гэта лупяць матросаў, для якіх я выяўляў прарока Майсея перад Чэрмным морам.
— Ну і правільна лупяць, — здзіўлена адказаў Амерыканец. — Заслужылі! Калі быдла гэтае не драць, яны наступны раз і гаспадароў патопяць, і сябе са страху. Жаўнер павінен гневу свайго камандзіра баяцца болей, чым ворагаў!
— Чалавек, які баіцца — вартае жалю стварэнне, вашамосць. Баяцца трэба толькі Госпада, а не другога чалавека.
— І ты мяне не баішся? — насмешна папытаўся пан Гервасій. — Я ж — смерць твая.
Лёднік падняў галаву і цвёрда вымавіў:
— Жыццё маё і смерць у волі Госпада, вашамосць, а не ў вашай.
Пан Гервасій, аднак, не пачаў задзірацца. Прыслухаўся да крыкаў болю, што даляталі з палубы.
— Эк гарлаюць… Глядзі, доктар, будзеш з маёй нявестай вольна абыходзіцца — таксама так загарлаеш.
Лёднік холадна зірнуў на пана.
— Папярэджванне залішняе. Я жанаты чалавек, хрысціянін, даваў клятву Гіпакрата і да таго ж дзяўчаткамі такога тыпу не цікаўлюся. А найперш наведаю больш сур’ёзных пацыентаў, дапамагу калегу. Пакалечаных сёння на судне хапае.
Пранціш фыркнуў:
— Толькі як ты па караблі хадзіць будзеш? — і патлумачыў пану Гервасію: — Ад яго цяпер адны разбягаюцца і пальцы скрыжоўваюць, як ад нячыстай сілы, а другія спрабуюць рукі цалаваць. Думаюць — святы. Каб яшчэ між сабою прыхільнікі тае і другой версіі не пабіліся.