Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
— Заставалася за адзін дзень знайсці даверлівую герцагіню з лабараторыяй, павялічыць дыямент, скласці парфуму, вылечыць прышчы, а напачатку яшчэ ператварыцца ў шалбера, — прабурчэў доктар.
Людзі зараўлі, валасаты бамбіза, які перамог рабога, трос рукой з заціснутым у іх стосам папяровых грошай.
— І колькі ён атрымаў? — пацікавіўся Амерыканец.
— Фунтаў дваццаць, — мяркуючы па выразе твару, і Лёдніку не надта былі цікавыя кулачныя разборкі.
— Да тысячы далёка, — насмешна прамовіў
— Плацяць пераможцу кожнай бітвы, таму чым болей выйграеш боек — тым болей атрымаеш. І з кожнай бойкай прыз расце. Апошні з кулачных байцоў, які пераможа ўсіх, атрымае не менш за трыста фунтаў. А самыя вялікія грошы выплочваюцца падчас збройных паядынкаў.
— Але ж няма ніякай пэўнасці, што набярэцца менавіта тысяча! — абурыўся Пранціш.
— Значыць, трэба біцца, пакуль не набярэцца, — скрозь зубы прамовіў Лёднік і ўтаропіўся на пляц.
— У круг! У круг! — загарлалі гледачы. Высокі нязграбны дзядзька з лысым шышкаватым чэрапам стукаў сябе ў грудзі кулаком і нешта выкрыкваў, відаць, не знаходзячы суперніка. Раптам у кола выйшаў малады плячысты джэнтльмэн, які на хаду здымаў дарагі камзол.
— Гэта хто? — уразіўся пан Агалінскі.
— Мяркуючы па выкрыках, лорд Кавендзіш, — здзівіўся і Пранціш. — Няўжо сапраўдны лорд?
— А чаму і не? Арыстакраты таксама тут бяруць удзел, — няўважна азваўся Лёднік. — Чаго не зробіш ад нуды! А паназіраць нават герцагіні ездзяць.
— А ён вельмі прывабны! — вызіраючы з-за чужых плеч, ацаніла Паланэйка бялявага, добра складзенага лорда. Той апраўдаў яе захапленне, калі ўклаў лысага на дзясятым удары. Пераможанага хуценька адвалаклі за ногі з пляцоўкі.
— Сто пяцьдзесят фунтаў таму, хто адолее лорда Кавендзіша! — пракрычаў кіраўнік жорсткіх забаў. І тут здарылася нечаканае: пан Гервасій, які са з’яўленнем лорда пачаў праяўляць да бойкі непадробны інтарэс, з крыкам ірвануў наперад.
— Я, шляхціц, ліцвін Гервасій Агалінскі прымаю выклік ягонай мосці пана Кавендзіша!
Лёднік, Пранціш і Багінская праштурхаліся ўслед за Амерыканцам. А той ужо на прагных вачах натоўпу скідваў камзол, кашулю, парык і выскаляўся ў прадчуванні бойкі. Баўтрамей схапіў пана за плячо.
— Што вы творыце, вашамосць! Вы хоць ведаеце правілы гэтай гульні?
— Го, мяне ў нашым палку яшчэ ніхто не мог здужаць! Морду наб’ю ангельцу на раз! — пан Гервасій нахабна глядзеў у вочы высокаму бяляваму лорду, які механічна падскокваў на месцы, чакаючы суперніка.
— Пачакайце ж! — з прыкрасцю сказаў доктар, нешта пракрычаў, яму кінулі дзве скураныя палоскі, перамазаныя крывёй, і свежай, і засохлай. — Запамінайце… — Лёднік з дапамогай Пранціша пачаў абкручваць кулакі пана Гервасія пасамі, тлумачыць спехам правілы і даваць парады.
— Гоу! — гэтае слова Пранціш вывучыў добра.
Сотні вачэй
Лорда, аднак, на раз заваліць не ўдалося. Пан Гервасій выглядаў не горш за яго: плечы шырокія, адважны, хуткі, але лорд рухаўся больш дакладна. Агалінскі шалеў, ятрыўся, лупіў у вясёлым азарце, а ангелец пралічваў свае рухі з халоднай жорсткасцю, біў моўчкі, удары прымаў без лаянкі.
— Дурань, куды кідаецца! — каментаваў скрозь зубы дзеянні Амерыканца Лёднік. — Прапусціў у галаву — каб мазгі меў, дык без іх застаўся б.
Пранціш таксама нерваваўся: яму і самому хацелася б вось так, па-мужчынску… Каб захапляліся, каб панна Паланэя кусала ад хвалявання вусны… Эх, быць бы такім жа плячыстым, як пан Гервасій! Ці хоць высокім, як Лёднік. Затое ў спрытнасці студыёзусу роўных няма. Вось у гэты момант бойкі ён на месцы Амерыканца прысеў бы ды збоку…
Лёднік тузануў вучня за рукаў.
— Не ўздумай і ты нешта ўчыніць! Бачу, загарэўся… Толькі рыпніся — уласнаручна па галаве дам.
— Оў! — зараўлі вакол. Альбанчык патрапіў такі кулаком з усяе моцы ў сківіцу лорду. Лорд бразнуўся на падлогу, як ссечанае дрэва.
Сто пяцьдзесят фунтаў, перададзеныя ад пераможцы Пранцішу, студыёзус, навучаны горкім досведам, схаваў за пазухай, пад кашулю. Пан Гервасій з тварам, перамазаным чырвонай юхай, хадзіў па коле, шырока ўсміхаючыся разбітымі вуснамі, біў сябе ў грудзі, парослыя рудой поўсцю, і крычаў:
— Агалінскія не здаюцца! У славу пана Караля Радзівіла любога паб’ю! Жыве Беларусь!
Нехта сунуў замежнаму байцу бутэльку, як відаць, не з гарбатай, пан Агалінскі прагна прысмактаўся і зусім павесялеў.
— Давайце! Ну, гоў-гоў па вашаму. Хто наступны?
Лепей бы ён гэтага не зведаў. За прыз наступнага боя выйшаў змагацца сапраўдны Галіяф. Не меншы за Ватмана. Ягоная фізіяномія здавалася сабранай з кавалачкаў, лобныя косткі выступалі наперад, як у малпы, ніжняя сківіца была падобнай да кавадла. Маленькія вочы Галіяфа глядзелі невыразна, без злосці, без цікавасці.
— Ну, давай, малпа лонданская! — пан Гервасій з налёту ўрэзаў Галіяфу ў сківіцу-кавадла.
А той як не заўважыў. Нават галавой не паматаў. Панна Агалінская завішчэла, калі волат раптам выкінуў наперад сваю даўжэзную руку і, здаецца, лёгенька стукнуў пана Гервасія ў плячо, а той і пакаціўся…
Цяпер Пранцішу ўжо не хацелася самому быць у коле. Змаганне выглядала безнадзейным. Агалінскі кідаўся, лупіў — Галіяф ягоных удараў не заўважаў. Затое пан Гервасій раз за разам валіўся з ног, відаць, успамінаючы свой двубой з полацкім бычком у двары карчмы.