Бары-бэры
Шрифт:
Выглядала на тое, што і гэтыя адзін аднаго не надта любяць, хоць абодва рускія.
І палякі адзін аднаго любяць не надта. Быў Сяўко ў Польшчы.
Нелюбові ў людзей няма толькі да тых, каго няма.
Вось не было беларусаў - іх любілі. А з’явіліся...
Для чаго з’явіліся беларусы?.. І Сяўко раптам падумаў, што беларусы з’явіліся, каб рускім і палякам было каго любіць.
Думка гэтая незвычайна яго ўразіла. Ён увогуле ніколі, калі не лічыць выпадка пры перапісе насельніцтва, пра сябе як пра беларуса не думаў. Не да галавы было. І вось
Чаму?
Бо штукары гэтыя ўлезлі ў кашынскую кватэру - вось чаму! Яны тут не гаспадары, а ўлезлі! Ды яшчэ ўказваюць, дзе яму сядаць! У Расіі сваёй указвайце! У Польшчы!
– Ніхто вам нічога не ўказвае, - не згадзіўся з ягонымі думкамі нябожчык.
– Хочаце на зэдлік - сядайце на зэдлік. «Паміж Польшчай і Расіяй бульба беларуская!..» - раптам заспяваў ён, відавочна павесялеўшы і нібы забыўшыся, што памёр.
«Паперці б іх...
– падумаў Сяўко.
– Дык гуляць не будзе з кім. Ні прайграць, ні выйграць...» І ён сеў на зэдлік паміж Дабралюбавым, які заняў крэсла, і Міцкевічам, які застаўся на канапе ў нагах нябожчыка. Паміж Расіяй і Польшчай сеў. На сваё гістарычнае месца.
– Як заўсёды...
– сказаў, дамяшаўшы калоду, нябожчык, даў Міцкевічу зняць і пачаў здаваць.
– Вы не падсеклі!
– перахапіў ягоную руку Дабралюбаў.
– Падсек!
– Не падсеклі!
– падтрымаў Дабралюбава Міцкевіч, і нябожчык перастаў спрачацца, сабраў карты і ўздыхнуў вінавата.
– Круцель я, махляр! І зрабіць з сабой не магу нічога. Рускі... Давайце вып’ем.
«Падпаіць хоча, - падумаў Сяўко.
– Каб не заўважалі, як махлярыць. Ну, жулік...»
– А вось і не!
– узяў штоф і наліў кілішкі нябожчык.
– Што жулік
– згодны, а выпіць хачу проста так. Проста хачу выпіць.
– І ён падняў кілішак, але Міцкевіч проста так выпіць яму не даў, ускочыў са сваім кілішкам:
Бокал заздравный поднимая,
Ещё раз выпить нам пора
Здоровье миротворца края...
Так много ж лет ему.. Ура!
– і кінуў кілішак, зрабіўшы выгляд, што той з рукі выслізнуў, на падлогу, а Някрасаў сказаў услед Фёкле, якая аскепкі сабрала і на кухню панесла: “Вось бачыш, Фёкла, я оду напісаў Мураўёву, які беларусаў і палякаў вешаў, дык палякі мяне не любяць”, - і чокнуўся з Сяўко: “За Расійскую Імперыю!”
Сяўко выпіў - нічога з ім з таго кілішка, калі, канечне, нябожчык нечага не падсыпаў, не станецца - а пасля падумаў: «За якую імперыю? Няма ж ніякай імперыі. Была, калі Мураўёў беларусаў і палякаў вешаў, а цяпер няма...»
– Няма дык няма, - паставіў нябожчык кілішак.
– Але ж выпілі.
Міцкевіч глядзеў на Сяўко здзіўлена.
– Выходзіць, беларусы тых, хто іх вешаў, любяць?.. Вы чаму выпілі за імперыю?
– Бо выпіць захацеў!
–
– Дастаў ты мяне з гэтай одай, Адам! Амаль як Герцэн.
– І спытаў не Міцкевіча, а Сяўко.
– Вы як да Герцэна?.. Любіце?
Сяўко не ведаў, як ён да Герцэна. За што яго любіць? Ён што: маставік?
– Ён якраз думае, што маставік, - падсек калоду Някрасаў.
– Будуе мост з Еўропай.
Пра Герцэна, які мост з Еўропай будуе, Някрасаў загаварыў, мусібыць, для таго, каб Міцкевіч ад Сяўко адчапіўся, але той не адчапляўся.
– Вас вешаў Сувораў, вешаў Мураўеў, - а вы.
Сяўко адчуў сябе няёмка. Не праз тое, што Сувораў з Мураўёвым беларусаў вешалі, а ён за імперыю выпіў, гэта ён машынальна, а што схапіўся за кілішак гэтак сквапна, нібы не піў ніколі. Лыкнуў чужое, як свайго няма.
– І не пераймайцеся!
– здаў па першай карце нябожчык.
– Халява заўсёды смачнейшая. Палякі таксама халяўшчыкі, толькі з пыхай.
Міцкевічу і Сяўко ён паклаў карты на канапу, Дабралюбаву і сабе - на столік. Сяўко падняў першую карту - бубновы туз! Вось што значыць сесці на сваё гістарычнае месца! На мост з Еўропай! Божа, пашлі да туза дзясятку!
– Гэта вы дарэмна, - паківаў галавой нябожчык.
– Бог у карты не гуляе.
Ну, як з імі гуляць? Калі яны ўсё, што падумаеш, ведаюць...
– А вы не думайце, - прапанаваў Дабралюбаў, і Сяўко, павярнуўшыся да яго, паспеў заўважыць, што Дабралюбаву таксама прыйшоў туз. І таксама бубновы. Як гэта: у адной калодзе два бубновыя тузы?
– А вы як хацелі?
– спытаў нябожчык.
– Каб быў адзін?.. Тады выкіньце вашага.
Туза выкінуць?.. Знайшлі дурня. Да туза няхай не дзясятка, а дзявятка, васьмёрка - і ўжо гульня.
– Чаму я павінен свайго выкінуць? Няхай Дабралюбаў свайго выкіне.
Дабралюбаў, ці, мусібыць, Дабралюбаў адсунуўся ў крэсле і паглядзеў на Сяўко непрыязна.
– Скуль вы выдаеце, што я Дабралюбаў?
– А!..
– падскочыў нябожчык.
– Дабралюбаў, не Дабралюбаў! Сувораў, Мураўёў!.. Вы падглядваеце адзін у аднаго! А яшчэ мяне круцялём называеце!
Хто яго круцялём называе? Ён сам сябе круцялём назваў.
Падскочыўшы, нябожчык махнуў прасцінай і перавярнуў сваю карту на крайку стала: бубновы туз!
– У мяне таксама, - паказаў бубновага туза Міцкевіч. Чацвёртага ў калодзе.
Нябожчык развёў рукамі
– Вось бачыце... Ва ўсіх тузы. А то круцель, махляр... Нічыя!
– Як нічыя?
– не згадзіўся Сяўко.
– Гэта ж не шахматы. І не шашкі.
Дабралюбаў зноў у яго ўчапіўся з той жа непрыязнасцю.
– Скуль вы ведаеце, што не шахматы і не шашкі? Карты выпадкова карты. Карты маглі быць шахматамі. Ці шашкамі. А шахматы ці шашкі - картамі.
«Яны ўсе тут заадно!» - падумаў Сяўко, не зразумеўшы таго, што сказаў Дабралюбаў, і запатрабаваў, паклаўшы руку на свайго бубновага туза:
– Яшчэ!
Імгнення не прамарудзіўшы, нябожчык кінуў яму карту на канапу: