Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Байкі

Крапіва Кандрат

Шрифт:

1932

Поп i Папугай

Сяло. У ім — царква ды дом папоўскі, А ў доме, як вядзецца, Поп. I дзіва дзіўнае было б, Каб ён не гроб, Тым больш што Баця быў такоўскі: Па барадзе — казёл, па голасе — Казлоўскі. Бывала, ў алтары Як возьме чарыцу малую Ды як закоціць «алілую», Дык бабы плачуць, як бабры. За гэтыя «святыя» песні Яму, хоць плакалі, ды неслі. У гаспадарцы ў Баці спор (Яго не забывае паства): Дабра, жывёлы повен двор — Кароўкі, свінкі, птаства. — Чаго ў цябе, айцец Яўлампій, не хапае? — Яму сусед Памешчык гаварыў.— Вось хіба толькі Папугая… I Папугая ён аднойчы падарыў (Нібыта для таго, как забаўляць папіху, Хоць сам жа ён і забаўляў паціху). I вось пачуў аднойчы бог — Ды што за ліха! — Пяюць удвох! А гэта перад службай Поп трэніраваўся. I Папугай пад лад прыстасаваўся. За спевы тыя Какаду Давалі смачную яду, Дык лепш ён за дзячка стараўся: Цягнуў за Бацем з той пары I кандакі, і трапары, I нават «Іжэ херувімы» Адолеў ён за зіму, — Так налаўчыўся Папугай, Хоць ты яму парафію давай. «Святая птушка бога славіць, — Пайшла гаворка паміж баб, — I так жа добра, што магла б Сама абедню правіць». А тут якраз, як на бяду, Памёр раптоўна Баця, Пакінуўшы жалобу ў хаце Ды
Папугая Какаду,
Які, заўважце, ў часе адпявання Цягнуў за іншымі «Надгробнае рыданне». Каму на вусны смерць прыляпала пячаць, Таму без руху спачываць, Ну, а жывым на ўме жывое: Злюбіліся ў сяле тым двое, Ды вось бяда — няма каму звянчаць. Старыя раяць шлюб адкласці, А маладыя прагнуць шчасця, — Вось тут, як кажуць, і кукуй! Ды некаму прыйшла тут думка неблагая: Няма Папа, дык возьмем Папугая, — Спяе і ен «Ісаія лікуй». I вось Жаніх той і Нявеста Сваё ў царкве занялі месца. Каб шлюбны выканаць закон, Даставіў Сват у клетцы Папугая I семак даў — няхай паласуецца ён, Дык весялей мо заспявае. А Попка з радасці такой Як гаркне: «Са святымі упакой», «Надгробнае рыданне»… Нявеста тут адразу — гоп! Жаніх жа той магутнаю рукою Дурную птушку згроб: — Вось я ж цябе, нягоднік, супакою! I, як расказвае паданне, Дастаўся Попка кошцы на сняданне.
Каб не маглі мараль як-небудзь перайначыць, Я мушу байку растлумачыць: Паехаў быў вучоны нештавед Аж у Амерыку, за свет, I розуму такога там набраўся, Аж нос яго задраўся. Вярнуўшыся, і ён, як Попка той, Пачаў спяваць «за упакой».

1949

Пра Цыгана i кабылу

Аб тым нямала ўжо трубілі, Што кожны з цыганоў сваю кабылу хваліць, А на чужую горы валіць… Не ездзіць Цыгану на хваленай кабыле: Яму — прадаць ды зарабіць. Аб бессумленнасці яго не будзем мы трубіць, Бо разумеем цыганоў, Не разумеем толькі тых паноў, Якія без падставы, А проста так, для таннай славы Сваёю хваляцца кабылай (Іх асабліва шмат сярод пісак). Другая кляча На трох нагах, бывае, скача, А ён крычыць: «Глядзіце — вось рысак! Якое хараство! Якая шпаркасць! Сіла!» Затакаваўшыся, не бачыць ён, Што хмара круціцца варон, Што карканнем вітаюць падлу госці, Што кляча ўся ў каросце, Бязногая і гуз якісьці на баку. Так языком датуль ён чэша, Пакуль не пойдзе пеша, «Надгробнае» адпеўшы «рысаку». Перш, чымсьці з пахвальбой імкнуцца недзе, Не шкодзіць паглядзець, на чым з нас кожны едзе.

1926

Рахітык

На паплаўцы Каля дарогі Гулялі часта два хлапцы — Алесь і Грышка клышаногі, Вясёлы, жвавы ды румяны Алесь Здароўем дыша ўвесь, Імпэтам нестрыманым,— Вось чырвань, здэцца, капне з шчок. А Грышка, хоць старэйшы трошкі, Але крывыя мае ножкі Ды галаву з гаршчок. Але ж удвух яны заўсёды Жылі-гулялі не без згоды, Пакуль была гульня адна: Рыгор за жарабца, Алесь за фурмана. А раз нек выйшла між хлапцамі, Што захацелі быць абодва жарабцамі: I шыя ў кожнага дугой, I землю кожны б'е нагой, I вочы скошаны пад лоб,— Пусціліся ўгалоп. Алесь імчыцца, як на крыллі, Зямлі нагамі не даткнецца, А Грышка хліпае ў бяссіллі Ды з кожным крокам астаецца,— Хоць ты лажыся памірай. Нарэшце злосць аж цераз край. Тут камень ён схапіў з-пад ног, Прыпаў каленам на траву I з сілаю, наколькі мог, Пусціў Алесю ў галаву.— Бягун прысеў дый застагнаў… Алеся Грышка абагнаў. Дзе Грышку бачыў я, вы хочаце спытацца? Сярод работнікаў мастацтва.

1929

Саманадзейны Конь

Вялікаму каню — вялікі хамут.

Народная прыказка
Меў нейкі Селянін мізэрнага Каня — З сабаку, можа, так, мо, з добрае шчаня. Малому веліччу быць хочацца заўсёды,— У мацеры-прыроды Такі спрадвеку ўжо закон. Так вось і гэты Конь… Яно не ганьба хоць — сабе дабра жадаць, Але ў Каня ўжо, як відаць, Жаданне ў манію вялічча перайшло. I стаў ён скардзіцца на ўсё сяло: I «і-га-га!» і «і-го-го!» — Хамут нібы не да яго. — Я сам, — іржэ, — такі каніска, А вось хамут дык жарабячы блізка — Не засупоніўшы і то ён нават цесны: Ні ўлезці мне ў яго, ні вылезці — хоць трэсні! У горад Селянін прыехаў на кірмаш. I вось убачыў тут асілак наш, Што грузныя ламавікі Пудоў па сто вязуць мукі. — Ну вось цяпер ці бачыш ты,— Пытае ён Гаспадара,— Якія ў коней хамуты? Табе б купіць даўно пара Хоць трошкі большы для мяне, I я б за іх цягнуў тады ўдвайне: Не сто пудоў, а цэлых дзвесце. Тут, каб Каню свайму давесці, Што гэта глупства і мана, Каб выгнаць, зноў жа, наравы З дурной канёвай галавы, Той гаспадар і просіць фурмана, Каб ён у воз вялікі свой запрог яго каняку. Фурман гатоў за пэўную падзяку,— Асілак наш ужо ў вялікім хамуце. Ахвоты той хамут хоць шмат яму паддаў, Але тут здарыўся скандал: Пралезлі праз хамут канёвы персі й ногі, I затрымаўся ён аж ледзь на жываце. А тут яшчэ пракляты воз I з месца не скрануць — як да зямлі прырос. I просіць у бядзе наш дурань дапамогі. З тае пары другога хамута Не патрабуе Конь ніколі: Свайго яму якраз даволі, Хамут стаў — проста любата. Мне часта крыкуны мільгаюць у вачах — Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах.

1927

Старшыня

На ферме на адной савецкай Былі каровы ды авечкі, Свіней паўнюсенькі свінюх I рознай хатняй птушкі мноства. Ну, словам, там жывёлаводства Паставілі на вышыню. Жывёлаводчы меў саўгас характар. Варочаў глебу працавіты трактар, А на падмогу коні ды валы У гаспадарцы той былі (Ці шмат, — таго я не скажу). Яшчэ там быў сабака Жук. З валом Рабым любіў ён падражніцца — Нібыта сябравалі ўдвух. Але… Рабога клікаў плуг, А Жука вабіла разніца: Натуры быў ён сапсаванай I за крадзеж не раз балюча луплен,— Як кажуць, элемент дэкласаваны, Ну, адным словам — люмпен: Віляў, бадзяўся, валачыўся Альбо драмаў, ляжаў у хаце, Аднак нядрэнна ўмеў брахаць ён, Падчас прамоўцаю лічыўся. Загадчык раз жывёлы сход Для перавыбараў назначыў. Вось і пусціў наш Жук у ход Тут талент свой сабачы. — Пра вас, — крычыць, — адно скажу я, Што ўсе вы — дробныя буржуі: Нягледзячы, што й батракі, Да абрастання — сквапы. Не падыму за вас рукі. Свае мазольнай лапы. — Чаму? — пытаў Падласенькі. — Бо ўсе вы — дробнаўласнікі. Вунь у каня ёсць свой хамут, Вол мае ўласнае ярмо. Ну, ды яму Яшчэ дармо, Але ў казы (глядзі, брыда!) Свая ёсць нават барада. Нарэшце маеце ўсе вы Яшчэ і ўласныя хлявы. Але ж цяпер скажыце мне — Вось ці была ў сабакі хата? — Ну, не! Вядома, не,— Жывёлы кажуць вінавата. — Дык вось давайце кандыдатаў… Баран тут першы кажа: — Бе! Цябе, браток, цябе! За ім і коні: — Гі-го-го! Яго! Няўжо ж каго! Яго! Пасля валы
й каровы: — Му!
Яму начальствам быць, яму!
I вось з таго, браточкі, дня Наш Жук — «таварыш старшыня». Ён справіў зараз галіфэ, Пад лапу тоўсты ўзяў партфель, На шыі гальштук ззяе ў срэбры, I не тарчаць у Жука рэбры. Задраўшы нос і хвост кручком, Так важна ходзіць ён маўчком; Калі ж вітаецца з ім хто,— Дык толькі ледзь кіўне хвастом, I толькі той для Жука блізкі сябар, Хто дасць у лапу хабар. Не будку мае Жук — палацы (Хоць не свае, вядома, працы). Ён забурэў, ён растаўсцеў. Але нашто ж кантроля вока? Сабаку далі па хвасце, I гонар вылез яму бокам. Калі часамі вам, браткі, Такія стрэнуцца «жукі», Дык вы, напэўна, ім дасце Таксама добра па хвасце.

1925

Сука ў збане

Сцяпан і брат яго Васіль Шнурок надоечы касілі. А пацягаць касу да полудня ад ранку — Не то што выпіць кавы шклянку Ды павадзіць пяром па гэтай вось паперы,— Змарыліся касцы без меры, Аднак жа не даюць спакою косам — Пракос праходзяць за пракосам. А Фінця-сука ў халадку Ляжыць, як пані, на баку Пад вербалозавым кустом, Памахвае сабе хвастом: То пазяхне, то дрэмле зноў, То ловіць мух, то скакуноў. Ужо спаўдня, і ўжо касцу Аж гоніць з голаду асцу. Паклаўшы косы пад пракос I ўцёршы лоб і потны нос, Касцы падселі к кусту, Дасталі з торбы хлеба лусту, Збан малака ды кожны сваю лыжку I пачалі сярбаць пакрышку. А Фінця ім глядзела ў рот (I ёй падцягвала жывот) Ды прагавітымі вачыма За лыжкаю сачыла, Хвастом віляла і прасіла, Але як не касіла, То не пазвалі й да збана — Апаражнілі ўдвух да дна. Скурыўшы дзве «сабачых ножкі», Васіль прылёг на трошкі; Сцяпана зноў жа сон змарыў (Хоць ён, здаецца, не курыў), А Фіцця гэтым часам Даўно ў збане ўжо з мордай ласай, Ды толькі ёй лізаць няміла, Бо галаву ўшчаміла. Яна й сюды, яна й туды,— Ніяк не збыць ліхой бяды, Хоць адракайся галавы,— I стала выць. Пакуль касцы праз сон пачулі тыя гукі, Пакуль дасталі з гладыша, Дык чуць не вылезла душа У беднай сукі. I, як агню, з тых дат яна Баіцца кожнага збана. Цераз мяжу і фабрыкант, і пан Так сквапна шчэрацца на наш савецкі збан: Гатовы праглынуць, не толькі палізаць,— Так точаць іх пражэрства мукі, Не ўпэўнены адно драпежніцкія сукі, Ці з галавою вернуцца назад.

1925

Тата-Заяц

Пасуцца па начах заўсёды коні нашы З вясны да восені — даволі-такі часу. Вось раз у досвітак на пашы З кабылай аднаго калгаса Сустрэўся Заяц каля куста, I вельмі ўжо яму да густу Прыйшлася гнедая кабыла. Ну і яна яго нібыта палюбіла. Не ведаю, за што ёй заяц люб, Але ж ён хваліцца: — Фактычны, — кажа, — шлюб. — Пачне смяяцца хто, дык Заяц пратэстуе, — Быў шлюб нібыта не ўпустую: Не болей як праз год Ад шлюбу ёсць ужо прыплод — Жарэбчык-сысунок буланы, Такі рухавы, спрытны, слаўны Вядома, Тата-заяц рад — Бяжыць туды, сюды, назад I пад сабою ног не чуе; Сяброў, знаёмых і радню Абабяжыць ён дзесяць раз на дню: — Вам, — кажа, — сына паказаць хачу я. Сабраў кумоў, братоў, сватоў I паказаў ім з-за кустоў: — Ну, гляньце, — кажа, — чым не я? I хвост такі кароценькі, куртаты, I шэрсць, і вушы, як у таты, I спрыт жа мой, і выпраўка мая! А кпіны слухаць там і розную брыду — Ды ну іх, — кажа, — к ліху! Я ім яшчэ не тое давяду: Вазьму і палюблю сланіху. — I давядзі! — зайцы крычаць. — Даўно пара! Качаць разбойніка! Качаць! Няхай жыве! Ура! Такі ж удалы маладзец! Палюбіць ён, каго захоча. Але калгасны жарабец Тут раптам калі зарагоча… I тата той, і сваякі Разбегліся ва ўсе бакі. Такія сярод нас — зусім не навіна. Вы толькі заўважайце: Прэтэнзій у яго — хапіла б на слана, Заслуг жа — як у зайца.

1935

Угоднiкі-маўчальнiкi

Хоць я на іх не маю вока I знацца з імі не хачу, Аднак жа байку прысвячу Угоднікам і абібокам. Вы байку гэту чулі, можа, А можа, й не. Калісьці ў нашай старане Ды жыў Угоднік божы. Каб на зямлі не награшыць I бліжай быць да бога, Угоднік так павінен быў рашыць: Нічога не рабіць, не гаварыць нічога, Не думаць нават, толькі спаць. I вось гадоў мо сорак пяць Так на адным праспаў ён месцы. Як прынясуць, бывала, есці, Дык пабярэцца моўчыкам ды зноў на бок. Калі ж памёр вялікі абібок, Святы Угоднік Лотра,— Рай адчыніў яму сам Пётра. Яшчэ б тут можна байкаю пацешыць, Ды не хачу трывожыць «праведнікаў» сноў я. Не буду — спіце на здароўе! «Хто спіць, дык той не грэшыць». Заслуга ў нас, аднак, не ў тым, Каб быць маўчальнікам святым I гнісці ў абывацельскім «раю», Іначай кажучы, ў балоце, А ў тым, каб з лепшымі ісці ў страю, Гарэць-змагацца на рабоце.

1926

Чорт

Кажух ляжыць, а дурань дрыжыць.

Народная прыказка
На свеце жыў Янук-сынок У нейкіх Мамы й Таты; Гадкоў яму было мо пяць. Вось раз, калі куткі ахутаў змрок, Бацькі уклалі хлопца спаць, А самі выйшлі з хаты: Каровы Матка падаіць, А Бацька коні напаіць. Але малому Януку Вачэй ніяк не зводзіць сон, Бо нешта чорнае ў кутку На лаве ля красён Убачыў раптам ён: Касматае, з зялёнымі вачыма, Дым чорны ў страха верне з ляпы I з кіпцюрамі лапы. Шавеліцца і крэкча страх, нібы падняцца цяжка. Абмёр пад коўдраю хлапчына, Пабеглі па плячах мурашкі, I сталі валасы дубка У небаракі Янука, Аж зуб на зуб не пападзе. Чуць не памёр наш блазан у бядзе, Пакуль не ўчуў, што Бацька йдзе. Тады з пасцелі — скок ды сам бягом адтуль. — А татачка, вунь чорт! А міленькі, ратуй! — Дзе чорт? Вось гэта? Ха-ха-ха! Ну й дурань жа ты, Янка! Свайго спужаўся кажуха. А Янку трэсла ліхаманка. Чытач чакае звыклае маралі? Дык я ж пра тых — «у футарале», Што ў промнях сонца яснага Баяцца ценю ўласнага.

1927

Шчыры Поп

Вось не забыцца мне ніколі, Як раз угодніку Міколе Служыў малебен Поп адзін, Як шчыра ён кадзіў. Святы угоднік Мікалай Лічыўся «шэфам» аднаго сяла, Дык фэст дзевятага спраўлялі мая (Бязглузды забабон там-сям яшчэ трывае). Зважаючы на добрую пагоду, Нямала там сабралася народу: Адзін сапраўды йшоў маліцца, Той замуж трэ было, а гэтаму жаніцца. Там як бы ні было, а на папова шчасце Ў царкве і яблыку няма дзе ўпасці. Ён з радасцю пачаў малебен правіць Ды, каб Міколу добра ўславіць, Калі пачаў хадзіць, Калі пачаў кадзіць! У фанатычным тым уздыме Угодніка схаваў у дыме, Дзяка, і клірас, і алтар, I сам гаворыць, як з-за хмар. На ўсю царкву не пах ужо — смурод, I чхае, й кашляе народ; Таго ўжо тузае і рве, А там паехалі аж разам дзве. Трывалі доўга людзі так, а потым — ходу, I Поп з угоднікам застаўся без народу. Здараюцца ж на свеце людзі: Ёсць пара крытыкаў, вядомых нам, Якія кураць фіміям,— Ад іх таксама нудзіць.
Поделиться:
Популярные книги

Сила рода. Том 3

Вяч Павел
2. Претендент
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
6.17
рейтинг книги
Сила рода. Том 3

Прорвемся, опера! Книга 3

Киров Никита
3. Опер
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Прорвемся, опера! Книга 3

Часовое сердце

Щерба Наталья Васильевна
2. Часодеи
Фантастика:
фэнтези
9.27
рейтинг книги
Часовое сердце

Как я строил магическую империю

Зубов Константин
1. Как я строил магическую империю
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Как я строил магическую империю

Газлайтер. Том 12

Володин Григорий Григорьевич
12. История Телепата
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 12

Студиозус

Шмаков Алексей Семенович
3. Светлая Тьма
Фантастика:
юмористическое фэнтези
городское фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Студиозус

Бандит 2

Щепетнов Евгений Владимирович
2. Петр Синельников
Фантастика:
боевая фантастика
5.73
рейтинг книги
Бандит 2

Печать мастера

Лисина Александра
6. Гибрид
Фантастика:
попаданцы
технофэнтези
аниме
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Печать мастера

Идеальный мир для Лекаря 12

Сапфир Олег
12. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 12

Гарем на шагоходе. Том 1

Гремлинов Гриша
1. Волк и его волчицы
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Гарем на шагоходе. Том 1

Барон переписывает правила

Ренгач Евгений
10. Закон сильного
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Барон переписывает правила

Сумеречный Стрелок 5

Карелин Сергей Витальевич
5. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный Стрелок 5

Чужбина

Седой Василий
2. Дворянская кровь
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Чужбина

Измена. Испорченная свадьба

Данич Дина
Любовные романы:
современные любовные романы
короткие любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Испорченная свадьба