Блізкае і далёкае
Шрифт:
Цяжкія дні
Марцін сядзеў на драбінках калёс, звесіўшы ногі, i нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Ён некалькі разоў уздымаў галаву, паглядаў на вуліцу, але Насці не было відаць.
Калёсы, на якіх сядзеў Марцін, стаялі каля плоту на дварэ МТС. Конь, прывязаны вераўчанымі лейцамі да альховай штакеціны, на якой дзе-ні-дзе віднеліся тонкія шчыліны, церабіў сена. Ён стаяў у ценю пад старой разгалістай таполяй з падранай унізе карою. Мухі i сляпні не давалі спакою каню, атакуючы яго з усіх бакоў, i Марцін час-ад-часу саскокваў
На шырокім уезджаным дварэ, на якім цягнуліся paдамі ромбікі i прамавугольнікі ад аўтамабільных скатаў, акрамя Марціна, нікога не было. Непадалёку, у майстэрні, нехта ўвесь час біў молатам па жалезе, прарэзлівы, назойлівы звон уядаўся ў галаву.
Марцін i Насця прыехалі разам у горад. Яму трэба было ў МТС’е дамовіцца, каб праз два дні прыслалі у калгас малатарню. Сабралася нямала таксама іншых спраў, якіх нельга было больш адкладаць. А Насця прыехала сустракаць свайго мужа Паўла. Павел прыслаў з Брэста тэлеграму, што сягоння прыедзе, i Насці хацелася спаткаць яго на станцыі. Ужо даўно быў час ім прыйсці, а ix не было.
«Мо’ цягнік запазніўся, — падумаў Марцін. — Іначай, чаго-б яна забавілася». Каб адагнаць нецярплівае жаданне ехаць, ён пачаў думаць пра Насцінага чалавека. Павел i Марцін некалі былі таварышамі. Яны рассталіся яшчэ да фінскай вайны… Марцін успомніў, што не давялося быць на вяселлі таварыша, бо Павел жаніўся, прыехаўшы з часці на поўмесяца ў водпуск, а старшыня ў той час служыў пагранічнікам на Карпатах. A даўно-ж-такі не бачыліся. Глядзі ты, гэта-ж амаль сем гадоў. Як гады ляцяць. Павел, відаць, вельмі змяніўся за такі час. Цяпер i не пазнаў-бы, напэўна, каб адзін-на-адзін спаткаўся… — падумаў Марцін, закурваючы.
Непрыкметна Марціна зноў атачылі клапатлівыя думкі. Ён успомніў пра здарэнне на «Далёкім полі», пра спрэчку паміж Насцяй i Аленай, саскочыў з драбінак і, не ведаючы, чым заняцца, пачаў нецярпліва тупаць вакол воза, перавязаў вяроўкі ў задку калёс, падгарнуў пад задок больш сена, раз-по-раз паглядваючы на дарогу.
«Хто-ж гэта той ячмень патравіў? Не можа быць, каб Алена падбівала на гэта каго-небудзь. Лiха яго ведае, хто… Адно мне толькі вядома, што цяпер гэтая хмарка, чорт-бы яе пабраў, вельмі не патрэбная». Ён пашкадаваў, што яшчэ дагэтуль не дабраў ладу ва ўчынку на «Далёкім полі».
Насця на яго здзіўленне прыйшла адна. Марцін, як толькі ўбачыў яе статную постаць, адразу пачаў ладавацца ў дарогу. Падабраў з-пад конскай морды ў абярэмак сена і, паклаўшы на калёсы, стаў запрагаць каня. Калі Насця падышла, ён падцягваў церассядзёлак.
— Чаму адна, кума? — Марцін, жартуючы, заўсёды называў Насцю «кумою».
— Не прыехаў.
— Не прыехаў? Што-ж гэта з ім?
— Мабыць, затрымалі…
— Не, можа, дзе-небудзь на «перасадцы» марнуецца… Сядай!..
Марцін прытрымаў каня, пакуль Насця, падабраўшы край вішнёвай спадніцы, каб не мяць яе, садзілася на сена. Сам не сеў, да вуліцы, кульгаючы, ішоў побач з калёсамі, трымаючыся адной рукой за драбінку, а другой — за лейцы. Потым ужо, як калёсы жалезнымі шынамі застукацелі па бруку, падскокваючы на кожным камені, прысеў да Насці. Тая бліснула на яго чорнымі вачыма, памкнулася нешта вясёлае сказаць i, не сказаўшы, сціхла. Бровы здзіўлена
— Ты што, як мыш на крупы, надзьмуўся. Глядзі, людзей настрашыш. А то яшчэ, чаго добрага, каб конь не спудзіўся. Разнясе.
Яна засмяялася, бліснулі роўнымі радамі белыя зубы. «Красуня якая! — пранеслася ў галаве Марціна. — От i вайну перажыла i колькі перацярпела, a ўсё, як дзяўчынка. Ніколі не пабачыш з апушчанай галавой — смяецца, жартуе… Без прымаўкі i з лаўкі не зваліцца!»
— Колькі гэта гадоў табе? — нечакана запытаўся старшыня.
— А што?.. Купіць хочаш? Не купіш. Грошай не хопіць.
— Гляджу на цябе: i гады да цябе не прыстаюць. Як да гуся вада. Да ста гадоў будзеш, як цётка Малання кажа, маладухай хадзіць. Не тое, што Алена. Тая за вайну пастарэла гадоў на дваццаць.
— А што мне, — са смехам у чорных вачах сказала Насця. — Лягу не мята, устаю не клята… Чаго мне старэць? У калгасе-ж таксама не ганяць за маю працу, — з задорам скончыла і, стрымліваючы смех, паглядзела на Марціна.
Старшыня не адказаў. Фурманка выехала ў поле, колы ціха i мякка шаргацелі на пыльных каляінах. Абапал пацягнуліся сады, агароды, ягаднікі.
— А як ты думаеш, — загаварыў раптам Марцін, — чаму я надзьмуўся?
— А хто-ж цябе ведае? Табе-ж нібыта відней.
— Відней то відней, праўда. A ўсё-ткі i ты-б даведалася, каб трохі падумала. Мо’ ў старшыні ад ляноты паясніцу ломіць. А можа ён трывожыцца, што на полі ячмень асыпаецца, а тут — разлад, спрэчка паміж двума брыгадамі?
Наперадзе, праз поўкілометра, шлях браўся направа. Ад паварота ён быў абсаджаны густымі бярозавымі прысадамі. Калі Марцін i Насця пад’ехалі да паварота, насустрач ім з-за прысад паказалася фурманка, нагружаная мяхамі. За ёй — другая, трэцяя, чацвёртая. Яшчэ зводдалек старшыня пазнаў, што гэта абоз са збожжам з іхняга калгаса, з «Партызана». Ён саскочыў з калёс i пайшоў насустрач калгаснікам.
— Сёння ўсё вывезлі? — запытаўся Марцін у старшага абознага, вельмі шырокага ў плячах, рослага хлопца.
— Жыта вывезлі, колькі было намечана. Поўнасцю, словам… Кепска, што пшаніцы вось яшчэ не вязем, — адказаў абозны, ідучы поруч з Марцінам.
— Намалоцім i пшаніцы. Цяпер-жа ўсё пакуль цапамі б’ем. От паслязаўтра скончым жаць ды малатарня прыйдзе — абяцалі ў эмтээсе, — тады пабачыш!.. Пакуль не забыўся, слухай — здасі, Рыгор, хлеб, заедзь у сельгасснаб, забяры запасны нож для жняяркі… Скажы, дома там усё ў парадку?
— Усё. А што там можа здарыцца? Працуюць…
Марцін, паспакайнеўшы, вярнуўся да Насці.
— Найшоў на мяне пасля той вашай спрэчкі неспакой. Насцярожаны нейкі стаў я… Быццам якая-небудзь гайка ў машыне скрышылася, так i ў нашым калгасе. Круціцца кола, бегае, як трэба, але рыпае… А ты гэтага, быццам, не разумееш: ты толькі пра сваю брыгаду дбаеш, а за ўвесь калгас — табе малы клопат. Пра ўвесь калгас мне застаецца думаць.
— Што-ж, вялікаму каню вялікі хамут, — з усмешкай перабіла Насця. — Ты-б, от, пра Алену меней думаў, тады-б лягчэй было. — Потым дадала сур’ёзна i горача: — Ты што-ж, хочаш, каб я памірылася? З ёй не тое, што мірыцца, а… яе трэба, калі хочаш ведаць, можа, судзіць, тую тваю хвалёную Алену. А ты яшчэ прыкрываеш!