Блізкае і далёкае
Шрифт:
— Ці-ж за табой, цётка Малання, угонішся! — з жартаўлівай незадаволенасцю адказвае Лізавета, суседка. — Ты-ж жылаватая, не раўнуючы, як той конь.
Апошнія словы жанчыны пакрывае дружны порсткі рогат.
— Патрывай, насмешніца! Я табе гэтага не дарую, — пагражае, нібы люта, цётка Малання i сама голасна рагоча, трасучыся пакатымі плячамі i ківаючы галавою.
…Алена аднімае далонь ад вачэй i гарачымі бяссоннымі вачыма пазірае ў прарэз дзвярэй на заліты святлом месяца шчарбаты, з учарнелых завостраных дошак, плот, на бярозу пры веснічках.
Хата, у якой жыве Алена, яшчэ не дабудавана.
Бяроза Алене відаць да паловы — статны малочна-белы ствол з чорнымі плямамі, дзве-тры гнуткія тонкія ніжнія галіны ды трапяткія лапатлівыя занізі дробназубых лісточкаў. Гэтую бярозу пасадзіў Андрэй, яе чалавек, калі яны пабраліся. Перад Аленай раптам, нібы асветленая ясным бляскам, успыхнула тая вераснёвая раніца, у якую Андрэй ля гэтай бярозы абняў яе апошні раз. Калі Андрэй пайшоў служыць у армію, бяроза была яшчэ зусім малая: тады яшчэ i поўгода не было, як яны пабраліся.
Праз некалькі месяцаў Андрэй пачаў прысылаць пісьмы з фінскай вайны. Былі першыя ночы трывог за яго жыццё. Як яны памятаюцца, гэтыя першыя пакутныя ночы! Алена не ведала тады, што хутка надыдзе другая вайна, вялікая, усёабдымная, якая зробіць яе жыццё бясконцай трывогай. За ўсе доўгія гады гэтай вайны яна не атрымала ні аднаго ліста ад яго. Hi аднаго слова не было чуваць пра яго лес. Пасля вайны Алена лістоў таксама не дачакалася i цяпер, трэба ўрэшце паверыць, ніколі не дачакаецца…
Алене хочацца з кім-небудзь перамовіцца, выліць свае горкія думкі, пачуць ласкавае, спагадлівае слова…
Няхай-бы тая ноч была не такая светлая, не такая прыгожая! Каб не было мігалак-зорак, каб не зіхацеў месяц! Можа, не паліла-б так сэрца скруха па шчасцю, па маладосці, што непрыкметна прайшла за вайну, па няшчоце…
У суседзяў закрычалі пеўні, а Алена ўсё думала пра сваё жыццё — згадвала маладыя гады, таварышаў па партызанскай роце, Марціна, калі ён быў камандзірам роты. «Трэба-б заснуць. Хутка світанне, хоць-бы на гадзінку заплюшчыць вочы перад работай!»
Але сон, як i раней, не ішоў. Сталі варушыцца неспакойныя думкі пра брыгаду, пра жніво, з якім трэба як мага хутчэй управіцца. У цішыні бяссоннай ночы ёй зноў успомніліся ўсе абставіны той размовы, балючай i несправядлівай, паўтарылася кожнае слова, якое сказала Насця, яна ўбачыла ўважлівы позірк Марціна, пачула запытанне: «З твае брыгады?» I ў сэрцы зашчымела крыўда, сціснула горла…
— Дзень добры, Насця!
Насця азірнулася на Гардзея, які сказаў гэтыя словы, i прыпынілася.
— Дзень добры, кажу, — паўтарыў Гардзей i кіўнуў галавою.
— Добры дзень, — неахвотна адказала жанчына i насцярожана паглядзела на Шкробата. Яны ніколі не віталіся раней, хоць жылі адзін ад аднаго непадалёк i часта даводзілася бачыцца.
— А ты ўсё спяшаешся… Пачакай хвілінку, — сказаў Гардзей, адчуваючы, што Насця вось-вось падасца прэч. Ён падышоў да Насці, ад сваіх веснічак, дзе стаяў, калі Насця ішла па вуліцы. Наблізіўшыся, ціха, з дакорам прамовіў: — Чуў я. Усё
— А табе… што да гэтага?! — Яна не любіла Гардзея i ніколі не хавала сваёй непрыязнасці да яго.
— А ты цішэй. Чаго лемантуеш на ўсю вуліцу, — спакойным тонам парадчыка адказаў той. — Як гэта — што мне да гэтага? — зрабіў здзіўлены твар Гардзей. — Хіба я чужы чалавек? Хіба я не з Каранеўкі? Не з аднаго сяла з табою?.. Вось вы раздзяляеце сваіх людзей, а я вам аднаго дабра жадаю. — Насця нецярпліва кінула ўпартымі чорнымі вачыма, скептычна ўсміхнулася. Заўважыўшы гэты позірк, ён паўтарыў: — Аднаго дабра… Нядобра ты зрабіла, нядобра…
— Ведаеш што, стары… Не суй носа не ў сваё проса! Сама ведаю, што рабіць.
— Мала ты ведаеш, зелень ты, — па-бацькоўску прамовіў Гардзей. — Мала. А пыху трымаеш — не падыходзь блізка. Я табе гавару на глум, а ты вазьмі на розум.
Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Твар яе паступова бялеў, але яна стрымлівалася.
— Не суй носа, стары… Не вучы, я цябе ўсё роўна не паслухаюся.
Гардзей паківаў галавою, плюнуў пад ногі.
— Неслухмянка ты! От што. Не думаў я, што ты такая. Не чакаў… Куды табе да Алены! Да яе табе, як зямлі да сонца. От то разумная жанчына. I сталая, i разважная. Другой такой, пэўна, па ўсяму свету не знайсці!.. Не дарма Марцін так паважае яе. Я ўчора быў у канцылярыі, дык акурат бачыў, як ён яе сустракаў, сваю Аленку. Аж вочы ў Марціна запаліліся! А яна… А пра яе i гаварыць не трэба. Увогуле, справа ў ix, як той казаў, — як па-маслу… Ну i няхай — харошая жанчына! Дай бо’ ёй шчасця.
Насця, апусціўшы галаву, штосьці абыякава разглядала на дарозе. На яе чорных густых валасах, што выбіліся з-пад выпрасаванай шоўкавай хусцінкі, глянцавіта паблісквалі сонечныя водсвіты. Цяпер у Насці пярэчыліся цікавасць i ганарыстая ўпартасць, — хутка цікавасць адолела, i Насця, пагардліва ўсміхаючыся, запыталася:
— Дык ён вельмі радаваўся, калі тая прыйшла?
— Ну як табе сказаць? Я-ж казаў ужо. Радаваўся. Нібы не бачыліся дзесяць гадоў…
— Брэшаш ты, стары? — недаверліва сказала Насця, пранізваючы Гардзея вострым позіркам.
— Ну, вядома, брашу… Усё выдумаў! — абыякава адказаў Шкробат. — Гэта я ўсё расказаў, каб цябе падражніць… — Гэтая абыякавасць Гардзея зусім збіла Насцю. Яна падумала, што ўсё тое, што ён расказаў пра ўзаемную прыхільнасць Марціна i Алены, — праўда, тым больш, што яна ўчора i сама прыкмеціла. Яна тады падумала, што ёй проста здалося, але, выходзіць, усё гэта чыстая праўда.
Насця памкнулася ісці.
— А насуперак нашай указцы ты не зробіш. Не дазволім…
Насця азірнулася.
— Хто не дазволіць? Ты?
— I я… i ўсе. I Марцін, i Алена.
— Мне ніхто не ўкажа таго рабіць, чаго я не захочу.
— Мы ўкажам!
— Укажаце? Ты? Алена? — Насця з пагардай акінула Гардзея, ганарліва засмяялася. — Указчыкі!.. — яна рэзка павярнулася i, не азіраючыся, хутка пайшла па вуліцы.
Гледзячы на яе парывістую хаду, Гардзей падумаў: «Агонь-баба… Зачапі яе, усю Каранеўку раскідае. Не тое, што Алена: тая ўсё ў сэрцы трымаць будзе». — Унутры соладка варухнулася радасць.