Блізкае і далёкае
Шрифт:
Пры гэтым ёй здавалася, што сённяшняе здарэнне было як-бы вынікам той спрэчкі, якую пачала яна. I Насця не магла адкаснуцца ад думкі, што яна, хоць i была ўвесь дзень не ў калгасе, вінавата разам з Петрусём.
Аднак Насця старалася не паказваць старшыні свайго непакою.
Як толькі калёсы ўз’ехалі на калгасны двор, яна саскочыла з драбінак i, ні слова не кажучы Марціну, накіравалася да хаты, у якой жыў малады жняяр. «Ах ты, нягоднае хлапчанё! — думала ўзлавана яна. — Ен ужо — бачыце вы — свае парадкі тут устанаўляе… Цэлага поўдня праз яго, нягодніка, змарнавалі!»
Пятрусь быў дома — папраўляў зубы ў граблях. Ен акурат жалезным
— Што ты гэта натварыў! — не адказваючы на прывітанне, накінулася Насця на хлопца.
Пятрусь збянтэжыўся.
— А што такое?..
— Што такое? Ты не ведаеш?! Ты чаму жняярку не аддаў Алене?
— Чаму? Самі нібы не знаеце… Нібы не пры вас яна адабрала жняярку каля кузні. Нібы не ведаеце, што яна ячмень на «Далёкім полі»…
Насці хацелася сказаць, што Алена па праву ўзяла жняярку каля кузні, — але яна стрымалася — не такі быў у Насці характар, каб абы-як прызнавацца ў сваёй віне, ды яшчэ перад нейкім зялёным падлеткам.
— А табе што да гэтага? Прасілі цябе ўмешвацца? Калі яна i зрабіла тое, то ты ўсё роўна не маеш права не даць ёй жняярку, — строга прамовіла Насця. — Што яна, Алена, для сябе брала? Для сябе?
— Не для сябе, канешне… Для брыгады.
— Не для сябе! I ты не меў ніякага права не аддаць, ясна? От мы зараз былі з Марцінам у горадзе, — ён там у райкоме сказаў, што наш калгас заўтра скончыць жніво. Ён слова цвёрдае даў! А цяпер што цераз тваю выхадку атрымліваецца?
— Я не ведаў…
— Трэба было ведаць!.. А да таго, што я маю з Аленай, ты не чапайся. Не ў сваё проса не сунь носа!.. Я сама не дам сябе ў крыўду! Ясна?
Хлопец не ведаў, што адказаць. Хацеў зрабіць так, каб Насця пахваліла, думаў аб тым, каб было да спадобы сваёй брыгадзе, а тут, выяўляецца, — памыліўся.
Пятрусь вінавата заміргаў вачыма:
— Ясна…
Да нас ідуць, жанкі!
Яшчэ не ўзыходзіла сонца, калі Алена выправілася на работу. З балота ад Тур’і, зацягнутай густым пластам белага туману, патыхала свежым халаднаватым ветрам. Было золка. Неба ўсюды абложвалі цёмныя панурыя хмары. «Хоць-бы дождж не пайшоў!» — падумала Алена. Выйшаўшы з хаты, яна апранула пінжак i, падагнуўшы доўгія рукавы, зашпіліла яго на ўсе гузікі. Жанчын з яе брыгады на вуліцы яшчэ не было, i Алена падумала, што паднялася зарана, што трэба было-б пачакаць трохі дома. Але яна не вярнулася, ведаючы, што жанчыны стрымаюць сваё абяцанне, не спозняцца.
I праўда, ужо на павароце з сяла на калгасны двор яе дагнала Вольга.
— Ну вось, да двара пойдзем удваіх, — сказала яна, аддыхваючыся ад хуткай хады i стараючыся ісці ў нагу з Аленай.
— Хоць-бы дождж не нагнала. Хмары якія…
— Хмары разыйдуцца, — запэўніла Вольга.
Алена ішла маўкліва i задуменна. Вольга, зірнуўшы на яе яшчэ соннымі вачыма, узрушана загаварыла:
— Рана як, Алена! Цялят i кароў не чуваць нават… Мая Арынка спіць со-оладка! — яна шчасліва ўсміхнулася простай, адкрытай усмешкай. — Як ішла, накрыла яе, а яна нават не паварухнулася. Калі-б ты бачыла, Алена, як спіць! Ручкі раскінула, вось так… Ну, я на двор па жняярку.
Алена не адказала. Вольга здзіўлена зірнула на яе i толькі цяпер заўважыла, што Алена зусім не слухала яе, думала аб нечым сваім.
Над полем, над шырокім прасцягам нячутна плыў ранак. На прыдарожнай траве,
«Калі добра сягоння пастараемся, можа, як-небудзь заўтра да вечара ўправімся, — думала Алена. Пухкія, падобныя да дзіцячых, вусны задрыжэлі ад крыўды. — Пазней за ўсіх…»
Першай пачала працаваць жняярка. Пры жняярцы была Вольга, якая нікому ў Аленінай брыгадзе не саступала гэтага месца — яна лічылася ў брыгадзіра за самага стараннага, спрактыкаванага жняяра. Усё, за што ні бралася Вольга, яна рабіла акуратна. Разам з Аленай яна шчыра перажывала ўсе брыгадныя непаладкі. Пры жняярцы ішлі калгасніцы з Вольчынага звяна.
Жанчыны збіраліся дружна i адразу браліся за працу. Неба спакваля яснела. Радуючыся, што надвор’е правіцца, Алена праверыла, ці ўсе прыйшлі. Было сорак чатыры чалавекі — больш, як у іншыя дні, бо прыйшло некалькі калгасніц, якія звычайна не хадзілі на жніво. Чацвёра падлеткаў-дзяўчат, што жалі ўпершыню, трымаліся між дарослых нясмела, нязвычна, як навічкі ў школе. Алена адвяла ім асобны ўчастак, назначыла старшую. Да ix далучылася бабка Прося, сухая, маўклівая, строгая жанчына: дзе ў яе гады раўняцца з маладымі жнеямі. У іншыя дні бабка сядзела сабе пры хаце ды глядзела ўнука, а сёння дзіця аддала ў яслі i таксама прыйшла на поле.
Мужчын i хлопцаў — ix было дзевяць — Алена накіравала вазіць снапы.
Потым, як ужо ўсе пачалі працаваць, прыйшоў Васіль Скорык, Вольчын чалавек. Каўнер яго даматканай ільняной сарочкі, старанна вышыты Вольгаю, быў шырока расхрыстаны. Пусты правы рукаў, каб не матляўся, Васіль засунуў з ніжняга краю за тонкі скураны паясок, што слабка перахопліваў сарочку. Пры наступленні на Мінск Васілю, які быў у той час мінамётчыкам гвардзейскай часці, асколкам з нямецкага снарада адарвала па плячо правую руку; вярнуўшыся ў калгас ён стаў працаваць агародным вартаўніком. Як агародны вартаўнік, Васіль не меў ніякага дачынення да Аленінай брыгады, але ён разам з Вольгаю перажываў брыгадныя нелады.
— Прымаеце ў памочнікі? — голас у Васіля басавіты, модны: яго ў сяле за гэта жартам называюць «трубою». Некалькі жанчын цікаўна зірнулі на яго. — Га, прымаеце? Чаго-ж маўчыце?
— Чаму-ж не прыняць? Калі ласка…
— Куды яго, такога нездаляшчага! — наўмысна запярэчыла Алена, хоць у душы радавалася прыходу Васіля.
— Хто нездаляшчы? — весела адгукнуўся Васіль, ён любіў жарты. — Я? Ты-б, мілая, лепей спытала маю Вольгу, яна вунь там на жняярцы сядзіць, яна табе сказала-б, які я нездаляшчы. — Ён схапіў Алену за стан i прыцягнуў да сябе. Алена ўперлася рукамі, паспрабавала вырвацца, але дзе там — Васілёва рука, як жалезны абруч.
— Ну што, нездаляшчы? — з пераможнай усмешкай сказаў Васіль, адпускаючы Алену. Тая, заружавеўшы ад супраціўлення, лагодна ўсміхаючыся пухкімі губамі, развязвала змятую хустку, каб паправіць ускалмачаныя валасы. Жанчыны весела падсмейваліся з Алены, кпілі.
— Дык то адно, з бабай управіцца, а гэта другое, рабіць… — не здавалася Алена.
— А як-жа-ж агарод! Там-жа свінні націнне вытаўкуць ці вераб’і выдзеўбуць каноплі без цябе, вераб’іны начальнік!..
— Не выдзеўбуць! Яны ў мяне свядомыя! — пажартаваў Васіль, потым, схаваўшы ўсмешку, сказаў сур’ёзна: — Там Лідка мая засталася…