Блізкае і далёкае
Шрифт:
Аднак яму ўсё-ж хацелася пабыць з імі, паслухаць ix. Чаму яны яшчэ не спяць? Пра што яны гавораць? Ён саступіў з ганка i наблізіўся да акна, асветлены да грудзей святлом з пакоя. Ён не хаваўся. У акне зімовых рам яшчэ не паставілі, i гаворка даходзіла да Васіля, хоць i вельмі прыцішанай.
Кавалевіч i Гаўрыльчык гаварылі якраз пра яго.
— Ён i перад намі не мог памаўчаць пра свае заслугі! — прамовіў Кавалевіч. — Думае, што заслугі даюць права чалавеку нічога не рабіць… Заслугі — быццам інваліднае пасведчанне! Вы, таварышы, рабіце, старайцеся, колькі
Кавалевіч устаў, узрушана прайшоў па пакойчыку, схаваўся за акном. Не мінула хвіліньі, як ён зноў вярнуўся да стала, спіною загарадзіўшы святло. Кончыкі валасоў на яго галаве ад святла былі залацістымі.
Баклан адступіўся ад акна.
Ён пайшоў па вуліцы — непаспешліва i, здавалася, зусім спакойна. Куды яму было спяшацца? Твар яго, адчуваў Васіль, паліла. Вецер, здалося, стаў гарачым нібы ў ліпеньскі дзень.
I ўсё-ж хата Гаўрыльчыка прыцягвала яго да сябе. Ён мімаволі думаў пра таварышаў, што сядзелі там, думаў з зацікаўленасцю да ix, з прыкрым адчуваннем сваёй вінаватасці.
Чым далей адыходзіў Баклан ад хаты, тым павольней рабіліся яго крокі.
Урэшце ён спыніўся зусім. Рашыў вярнуцца, сказаць Кавалевічу, што ён зразумеў… што памыліўся… што… I ў тую-ж хвіліну астыў:
«Не, я не магу гаварыць аб гэтым. Ён наўрад ці паверыць слову — абяцанка-цацанка!»
Васіль стаяў каля нейкага агародчыка, абапершыся спіною аб штакеціны, нерухомы i маўклівы. З боку магло здацца, што ён спіць. У галаве адна за адной няспынна плылі думкі.
Блізка пачуўся вясёлы дзявочы рогат. Потым высокі жаночы голас бесклапотна заспяваў:
Я дзяўчынка маладая. Мне ўсяго семнаццаць лет. Палюбіла брыгадзіра За яго аўтарытэт…«Чаго ёй так весела?» — няўцямна праплыло ў галаве. Ён пазайздросціў, што не можа так весела засмяяцца…
Раптам схамянуўся, адчуў, што замёрз, паварушыў плячыма ад холаду, зірнуў у неба. Там былі цьмяныя, ледзь прыкметныя, абрысы хмар. Толькі каля гарызонта адзінока свяцілася зорка, але ад яе бляску Васілю стала халадней.
«Памыліўся… Хіба гэта памылка?»
Трэба было некуды ісці. Ён з намаганнем адштурхнуўся ад шурпатых, прамочаных штакецін i пабрыў прывычным кіруінкам дахаты.
Неўзабаве, аднак, спыніўся, пастаяў нерухома трохі, нібы раздумваючы.
Да яго вецер данёс прыцішаны далечынёю гул трактара. Васілю i раней быў чутны гэты гул, але тады ён не даходзіў, не ўзрушаў, бо хлопца поўнілі неспакойныя, горкія думкі.
Цяпер Васіль стаў услухоўвацца ў гул, як у добрую блізкую да душы музыку. Ён стаяў i слухаў хвіліну, другую. Потым раптам рашуча павярнуў назад, праз вузкую вулачку хутка шырокімі крокамі пайшоў у поле, на бадзёры гул, што абуджаў цішыню.
Ён яшчэ не думаў, не ведаў, чаго туды ідзе… Сяло засталося ззаду ў неглыбокай лагчынцы. Справа, непадалёк,
Гуркатанне трактара набліжалася. Вось ужо відаць, як у яркім зарыве святла весела завіхаюцца постаці.
Васілю адразу зрабілася лягчэй. У сэрцы засвяцілася штосьці яснае, светлае, падобнае на зарыва каля малатаркі.
Калі Баклан падышоў блізка, малатарня спынілася. «Што там?» — занепакоіўся Васіль i паскорыў крок.
Малатарня стаяла. Каля яе, акружаны людзьмі, юнак у шарсцяным світры з закасанымі рукавамі, які быў машыністам, выцягваў шылам з разарванага паса абрыўкі ўшывальніка. Убачыўшы Баклана, людзі расступіліся, далі яму дарогу.
— Ушывальнік ад паса парваўся… — сказаў машыніст, быццам апраўдваючыся.
— Ну, а запасных ушывальнікаў хіба няма?
— Няма…
Баклан заўважыў на сабе некалькі здзіўленых позіркаў — не прывыклі тут бачыць яго.
— Чаму няма? Ты што — не ведаў, што можа парвацца?
— Думаў…
— Яны ўжо другі раз у яго ірвуцца, — сярдзіта ўставіў нехта з жанчын.
Пасылаць за ўшывальнікам у сяло — значыць марнаваць час. Шкада часу. Але што рабіць?
Баклан неспадзявана расшпіліў свой партызанскі пояс, працягнуў машыністу. Той, не цямячы, запытальна зірнуў на старшыню. — Рабі ўшывальнік.
Машыніст паглядзеў на пояс, пакруціў яго ў руках, любуючыся добрай глянцавіта-бліскучай скурай, зіхатлівай афіцэрскай пражкай. Ці не жартуе старшыня, аддаючы на глум такую добрую рэч. Але па позірку Баклана было відаць, што ён не жартуе i што трэба спяшацца…
Хутка пас быў сшыты. Людзі разышліся, сталі на свае месцы. Трактарыст уключыў прывадное кола свайго «ХТЗ».
Пас крануўся, пасунуўся да малатарні, спачатку лена, павольна, пругка пакалыхваючыся, а затым — усё хутчэй, хутчэй. Падавальшчык падаў у барабан развязаны сноп. Барабан перастаў лескатаць, зашумеў басам, натужна, старанна, цяжка. Людзі, што стаялі на сцірце i каля барабана, пачалі спрытна завіхацца. Баклан з няведамай даўно цікаўнасцю сачыў за ix хуткімі ўмелымі рукамі, адчуваючы, як імклівы тэмп гэтага жыцця захапляе, заваблівае яго. Васілю захацелася таксама падняцца на сцірту, якая пахне сухой саломай, стаць поруч з гэтымі спрытнымі людзьмі.
Ён скінуў з плеч шынель. Хвілінай пазней Васіль стаяў ужо на сцірце, падаючы сноп, i зачэпліва, з усмешачкай, крычаў штосьці жанчыне-суседцы.
Малатарня не снынялася, яна прасіла ўсё новых i новых снапоў. I Васіль ахвотна падаваў.
Потым яго яшчэ бачылі каля вагі, дзе ён правяраў запісы вагаўшчыка, каля вазоў, што адвозілі поўныя важкія мяхі ў свіран, каля машыніста…
Быў ён яшчэ на іржышчы каля Чорнага лесу — правяраў, як трактары аруць уначы.
Неба на ўсходзе непрыкметна набракла пунцовай чырванню, i навокал шырока расчыніліся ціхія, па-ранішняму чыстыя далягляды. Паветра стала празрыстым i марозным. Ён адчуваў сябе вельмі змораным, бо даўно не рабіў гэтак.