Блізкае і далёкае
Шрифт:
— Спаць не дасць…
— A я не да вас. Спіце, калі ласка, на здароўе. Маша, выбачай, што патрывожыў позна… Заўтра зноў паедзеш у лес. I ўсе, хто сягоння былі. Што з табой? Не прастудзілася? Ты хворая?..
— Нічога, — цяжка выціснула Маша. — Нічога. Сон прысніўся. Не турбуйся, я паеду…
Але чаму ў грудзях такая туга?
Брыгадзір — малады, цыбаты, без рукі хлопец, у наношаным франтавым шынялі з выгарэўшымі пятліцамі занепакоена зірнуў на Машу. Яна вышэй нацягнула коўдру.
— Ну, бывайце!.. Чакай, от ліха! Ледзь не
— Пісьмо?!
Ён дастаў пакамечаны канверцік. Маша нецярпліва выхапіла яго з брыгадзіравых рук i прабегла вачыма надпіс. Почырк быў незнаемы, хоць адрас стаяў ранейшы. «Пісьмо з часці», — здагадалася яна. Хвіліну яна паглядала на канверт, не адважваючыся адкрыць, затым хутка разарвала яго і, нічога не гаворачы, упілася вачыма ў пісьмо. Яна зноў узрушылася i так моцна, што не здолела больш чытаць.
Маша аддала пісьмо Максіму i папрасіла яго прачытаць. Ён узяў пісьмо, здзіўляючыся, што яна так абыякава абышлася з ім, — не радуецца і не сумуе. Гэта былі друкаваныя на машынцы радкі з пячаткаю i роспісам унізе. Ен пачаў чытаць:
— Паважаная Марыя Сяргееўна! За мужнасць i адвагу, праяўленую ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Ваш муж узнагароджаны высокай урадавай узнагародай — ордэнам Чырвонага Сцяга. Наша часць ганарыцца ім, мужным сынам нашай вялікай Радзімы…
Максім спыніўся, не дачытаўшы пісьма. Ён збянтэжыўся, — Маша плакала. Хлопец паспрабаваў быў заспакоіць, але яна не адказала i заплакала мацней. Максім стаяў разгублены, не ведаючы, што рабіць…
— Што ты стаіш, чорт бяссонны? Вады падай.
Ён з палёгкай кінуўся да вядра, прынёс корчык вады i працягнуў Машы. Але тая адвяла яго руку i лагодна загаварыла:
— Ты не трывожся, Максім. Гэта — так сабе… жаночыя слёзы. Чакала, чакала столькі, хвалявалася, пакутавала — i раптам, бачыш, такая радасць!.. Такую вестку ты прынёс! Як i аддзякаваць, не ведаю.
— За што-ж дзякаваць… што затрымаў пісьмо? I сам не ведаю, як я забыўся аддаць учора.
— Што-ж ты такі няўважлівы?
Маша гаварыла, стрымліваючы слёзы, але на сэрцы яе было легка i чыста, таксама як лёгкія i чыстыя былі яе слёзы. Яна ўпершыню за многія дні ўсміхнулася.
— I дзень, i ноч пра яго, бывае, думаеш. I як не думаць, праўда? Там i бомбы, i кулі, i смерць. Ды яшчэ, мабыць, у полі мерзне… Ну, але цяпер можна быць спакайней. Толькі чаго-ж я плачу? Дурная! Ці не праўда, дурная? Трэба смяяцца, a ў мяне — слёзы!..
Бабуля, якая маўкліва паглядала на нявестку, моцна сцяўшы бяскроўныя вусны, раптам прамовіла задаволена:
— От, i прыйшлі яны, тыя слёзы… Са шчасця… прыйшлі, нарэшце.
1945 г.
Пабыўка сержанта
Сержант вельмі спяшаўся. Ён атрымаў водпуск на малы час, i яму шкада было кожнай хвіліны, што марна прападала.
Але ўсё, нібы знарок, ішло насуперак яму.
Спачатку
Хутка радасць пачала суцішацца, таму што цягнік плёўся вельмі марудна. Ноч была страшэнна золкая, i пранізлівы вецер прашываў наскрозь. Каб не адубець, даводзілася час-ад-часу на хаду саскокваць з падножкі i трусіць навыперадкі з вагонам. Але хлопец не зважаў на гэтыя нягоды. Ён нават адчуваў сябе шчаслівым: як-ні-як усё-ткі едзе, набліжаецца!
На станцыях i раз’ездах было горш. Там цягнік рабіў доўгія супынкі. Машыніст, здавалася, не мінаў ні аднаго самага занядбанага раз’езду без таго, каб не пастаяць колькі хвілін. У сержанта пры гэтых супынках кожны раз падымалася спакуслівае жаданне кінуць састаў i ісці аднаму, пеша.
На нейкай станцыі састаў спыніўся надоўга. Паравоз адчапілі. Чыгуначнік сказаў сержанту, што далей цягнік пойдзе толькі праз тры гадзіны.
Васіль пасля гэтага паведамлення быў блізкі да адчаю.
Ён хутка абабег станцыю, сціснутую асенняй цемраю, зазірнуў у кожны куточак яе, не трацячы надзеі папасці на які-небудзь спадарожны цягнік. Але навокал нічога не было. Hi аднаго цягніка! Толькі ў тупіку бесклапотна сіпеў нейкі паравозік. Адчуваючы, што надзея зусім пакідае яго, сержант напаследак заспяшаўся туды. Гэта быў адзіны ратунак.
Паравозік быў, відаць, рабочы. Стары худы чалавек у кароценькай ватоўцы i валенках i невысокі падлетак грузілі дровы. Яны ўвіхаліся ў поясе святла, якое падала з будкі. На запытанне сержанта хлапчук, які працаваў у расшпіленай сарочцы, смыкнуўшы носам, паважна адказаў, што праз поўгадзіны паравоз пойдзе да таго гарадка, які патрэбен Васілю.
— Ну, калі так, то прымайце ў памочнікі! — весела сказаў пасажыр. — Згодны?..
Ён, падкасаўшы рукавы шыняля, з радасцю ўзяўся дапамагаць грузіць дровы.
Хутка дровы пагрузілі, i паравозік выбраўся на пуць. Васіль памагаў машыністу, паліў топку. Качагар з яго быў вельмі ўвішны i неспакойны.
— Куды гэта ты, хлопец, так спяшаешся? — запытаўся машыніст.
— У водпуск…
— А, вунь яно што! Хочацца хутчэй убачыцца?.. Але ты спакайней! Нікуды ён, водпуск гэты, не ўцячэ.
Хлопец усміхнуўся.
— Хто ведае. У мяне такі водпуск, што можа i ўцячы…
Стары, бачачы нецярплівасць вайсковага чалавека, не шкадаваў пары i выціскаў з паравозіка такую хуткасць, на якую той быў здатны.