Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Гэта ўсё? Уважай, стары, калi што-небудзь утоiш, то не абмiнуць табе шыбенiцы. Праўду кажы!
– Як пасьцелеш, гэтак i высьпiсься!
– дадаў Францiшак.
– Гэта ўсё, Яснавяльможны Пане, што да Замку. Але пан Лазiнскi з апрышкамi хеўру водзiць. Толькi няма iх зараз каля Камянца. Баяцца Берасьцейскiх разьездаў, пайшлi недзе.
– Хто водзiць iх?
– пацiкавiўся Сыч.
– Не прыпомню напэўна, Яснавяльможны Пане, але, здаецца, нейкi Скрабель, цi Скабей. Людзi кажуць, што ён раней Войтам быў, пасаваны...
– А цi бачыў
– умяшаўся ўстрывожаны Кандрат.
– Кажуць, бачыў. Забiць хацеў, але пан Януш не дапусьцiў...
– А ты, што?
– павярнуўся да Кандрата Сыч.
– Ведаеш гэтага Скабеля? Хто ён такi?
– Былы Войт зь Вялiкiх Лукаў. У Полацку, на паядынку, Ваявода Фёдар перамог яго. З тых пор, напэўна, i злосьць затаiў, а зараз спагнаць хацеў. Ох, баюся я за Ваяводу, страшны гэта вораг...
Сыч задумаўся, а потым, зьвярнуўшыся к палоннаму, запытаў:
– Хто такi гэты Станiслаў, што ты так баiсься яго?
– Ваявода з Крэва...
– Дзе ён зараз? У Камянцы?
– Я ня ведаю, дзе ён, але людзi кажуць, што ў Слуцку паранены ляжыць. Напаў нехта на яго па дарозе й цяжка паранiў.
– Ну добра, старына, iдзi адпачывай! А ты, Францiшак, дагледзь каб ён спаў спакойна й не шукаў iншага памяшканьня!...
Палоннага вывялi. Сыч доўга сядзеў, задумаўшыся, штось абмяркоўваючы. Потым, зiрнуўшы на Кандрата, прамовiў:
– Камянец... Моцны гэта гарэх, але паспрабуем перагрызьцi й яго! Правым Бог дапамагае!
За вокнамi пачалi блякнуць зоркi. Разьвiднялася.
20. ВАРКУЛА БЯЛЕЦКI
З наблiжэньнем вясны ў паветры адчувалася напружаньне. Уся Жамойць i памежжа Лiтвы сьпешна рыхтавалiся да навальнiцы. Князь Скiрвойлле дзень i ноч узбройваў сваiх Жамойтаў. Зь Лiтвы, ад Вiтаўта, цягнулiся доўгiя абозы са зброяй, ежай, вопраткай. З Трокаў у Жамойць i назад безьперапынным ланцугом скакалi ганцы. Наблiжалiся вялiкiя падзеi.
У народзе пайшлi чуткi: летам пачнецца вялiкая вайна.
У Лiтву зьяжджалiся масы Рыцараў - мазурскiх, польскiх, чэскiх.
Напружаньне моманту адчувалi й Крыжакi. Нямецкiя залогi ў Замках заходняй Жамойцi падвоiлiся й патроiлiся. Дарогi аж роiлiся ад конных i пешых разьездаў i патрулёў. Падуладныя Ордэну вёскi стагналi пад цiскам няўмольнага жалезнага бота. Падаткi неймаверна павялiчылiся. На абаронныя работы выганялiся цэлыя вёскi, бяз розьнiцы веку й полу. Жамойты пачалi наракаць. Незадаволеныя каралiся на мейсцы, жорстка й бязьлiтасна. Шыбенiцы расьлi як грыбы пасьля дажджу. Але незадавальненьне расло й шырылася. Першапачатковы, ледзь чутны, лепет пратэсту ператварыўся ў грозны, сатрасаючы рокат. Мужчынскае насельнiцтва патаемна рыхтавала зброю й падавалася ў лес. Жанчыны, дзецi й старыя ўцякалi пад Коўна, да Князя Скiрвойлле...
Стомлены папярэднiмi прыгодамi й баямi, Варкула выходзiў з Прусаў. Аднак не ўпускаў спрыяльнае нагоды ўдарыць па Крыжаках. Невялiчкi спачатку, яго аддзел узрос да некалькiх сотняў, папоўнены незадаволенымi Жамойтамi. Сьлядоў Праклоша знайсьцi не ўдалося, i Варкула злаваўся
Князь Скiрвойлле быў задаволены. Крыжакi - вар'яцелi ад злосьцi. У пагоню накiравалi славутага Рыцара Дiннальда фон Кiкерытц. Варкула ведаў гэтага ваяўнiка, i ўсiмi сiламi ймкнуўся пазьбегнуць зь iм сустрэчы. Не таму, што баяўся, а таму, што для такога спатканьня трэба мець вышкаленую дружыну, а не натоўп азьвярэлых сялянаў. Дзякуючы прыхiльнасьцi насельнiцтва, яму гэта з посьпехам удавалася, i фон Кiркерытц, хаця й iшоў па сьлядах, заўсёды быў адстаўшы на цэлы дзень.
Прытаiўшыся ў лесе, як хiжак, пiльнуючы здабычу, Варкула чакаў на праезд крыжацкага аддзелу, якi накiроўваўся да гранiцы. Дазорцы данесьлi, што аддзел мае быць не вялiкi, але багаты. I Варкула рашыў не прапусьцiць яго.
Разьдзялiўшы свой аддзел на две часткi, ён абсадзiў iмi прыдарожны лес, а сам з двумя тузiнамi коньнiкаў захаваўся, да часу, у кустах - так, каб магчыма было замкнуць дарогу сьпераду.
Чакаць прыйшлося ня доўга. Здалёк, у марозным паветры, пачулася бразганьне зброi, фырканьне коней, крыкi вожчыкаў ды скрып вазоў i саней.
Варкула са сваiмi коньнiкамi выехаў на дарогу й моўчкi стаў чакаць наблiжэньня Крыжакоў.
Галава калёны паказалася з-за павароту, сажнях у трыццацi ад Варкулы. Пярэднi Рыцар, у белым плашчы са львом на шоламе, адразу спынiў каня й махнуў рукой збраяносцу. Той пасьпешна падаў яму дзiду й шчыт.
Не чакаючы, пакуль немцы вышыкуюцца ў баявы парадак, Варкула пахiлiў сваю дзiду й, прарэзьлiва сьвiснуўшы, кiнуўся ўперад. Адразу-ж сотнi стрэлаў выляцелi з кустоў, разячы непадрыхтаванага непрыяцеля. Пасьля першага залпу лiк немцаў зьменшыўся амаль а палову. Але ўжо другi залп сустрэў шчыльную сьцяну самкнутых шчытоў, i не прынёс нiякай шкоды. Немцы сталi простакутнiкам - у першых шэрагах капейшчыкi, прытулiўшы шчыт да шчыта, а ў сярэдзiне стаўпiлiся лучнiкi, утварыўшы сваiмi шчытамi жалезную страху.
Наладаваныя вазы й санi засталiся безабаронныя й адразу-ж дасталiся Варкулавым людзям, ды былi адцягнутыя крыху ў тыл, каб не перашкаджалi.
Сам Варкула з разгону наскочыў на пярэдняга рыцара, стараючыся зьбiць яго дзiдай. Аднак немец, у апошнi момант, спрытна ўхiлiўся, i дзiда, шкрабнуўшы па шчыту, прайшла мiма. Затое дзiда немца, глуха трэснуўшы, напаткала Варкулаў нагруднiк i разьляцелася на кавалкi, пакiнуўшы па сабе глыбокую ўвагнутасьць. Удар быў страшны, i Варкула ледзь утрымаўся ў сядле. Сагнуты нагруднiк перашкаджаў дыхаць. Сашчапiўшы зубы, ён выхапiў сякеру й на мейсцы завярнуў каня, каб даганяць немца. Аднак Рыцара нiдзе не было вiдаць. "Уйшоў!" мiльгнула ў галаве думка, але тут-жа ўбачыў на сьнягу, мiж сваiмi скочучымi коньнiкамi, расьсечаны на двое й акрываўлены шолам са львом на шышаку...