Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Трымаецца...
– Ужо?
– Угу.
– Ну, то лезь... Можа, меч тут пакiнеш?
Кiрым адразу папляваў на далонi, моўчкi зацiснуў меч памiж ног i, як кот, палез уверх. Нi адзiн гук ня вырваўся з-пад ягоных спрытных рук i ног.
Кандрат, затаiўшы подых, чакаў.
Вось ужо няясны цень Кiрыма абазначыўся на гранi муру. Кандрат з палёккай перавёў дух...
I раптам, грукатаючы зброяй, паказаўся вартавы. Ён наблiжаўся павольнай хадой, часта спыняючыся й прыслухоўваючыся...
Лязгат зброi быў ужо зусiм блiзка.
Кандрат
Вартавы памаленьку прайшоў мiма. Ён нiчога не заўважыў. Але як на лiха, спынiўся сажнях у чатырох ад Кiрыма, i, абапёршыся плячом аб забарола, стаў углядацца ў цемру, часта паварачваючы галаву ўбок брамы, адкуль даносiўся ўсё нарастаючы грукат.
Кiрым нерухома павiс на вяроўцы, баючыся варухнуць нават пальцам. Зараз ён усёй душой шкадаваў, што не пакiнуў меч унiзу, з Кандратам. Безь мяча было-б лацьвей перабрацца на мур i кiнжалам управiцца з вартавым. А так прыходзiцца бязьдзейна боўтацца ў паветры й чакаць. Рукi пачалi паступова замляваць... Кiрым адчуў, што зараз пачне зсоўвацца на нiз...
Ён напружыў мускулы, падцiснуўся трохi вышэй, i, зрабiўшы нялюдзкi высiлак, лёг чэравам на халоднае каменьне муру. Высокiя зубцы забарола засланялi яго цяпер ад вачэй гайдука. Хуценька разшпiлiўшы пас, Кiрым вызвалiўся ад грувасткага мяча, i асьцярожна паклаў яго побач сябе. Высмыкнуў з похвы кiнжал i ўзяў яго ў зубы. Падцягнуў ногi й, перакулiўшыся на бок, прысеў у скважнi. Цяпер адпачнуць i супакоiцца. Увесь час стрымлiваны подых разьпiраў грудзi. На вуснах выступiла соль. Шырока разтулiўшы вусны, але не выпускаючы кiнжалу з зубоў, Кiрым некалькi разоў глыбока ўздыхнуў...
Вартавы, нiчога не падазраючы, спакойна прыслухоўваўся да гукаў бою. Ён не заўважыў, як цёмны цень, сагнуўшыся, наблiжаўся з тылу.
З гарашчымi вачамi, як начны драпежнiк, Кiрым зрабiў апошнi скок i ўсадзiў кiнжал. Нават ня вохнуўшы, гайдук зь перарэзаным горлам, цяжка абвалiўся на рукi свайму забойцу.
Не губляючы час, Кiрым перавалiў вартавога праз скважню й, падхапiўшы яго за ногi, сапхнуў унiз з муру.
Глуха чмякнуўся труп за сьпiнай у Кандрата. Зьверху пачуўся ледзь чутны шопат:
– Хадзi, Кандрат, хутка...
Кандрат адразу-ж ухапiўся за вяроўку, i, з хуткасьцю, на якую дазваляў яго вялiзарны рост, узабраўся на мур.
Хутка зматалi вяроўку. Знайшлi прыступкi, вядучыя ўнiз i неўзабаве апынулiся з тылу панскага будынку. Адсюль да вежы рукой падаць...
Нецярпеньне так i падмывала Кiрыма, i толькi цяжкая рука Кандрата ўтрымала яго на мейсцы.
– Не сьпяшайся! Пасьпееш!
– злосна прашапацеў ён.
– Iх тут чатыры, а нас толькi двох.
Рослыя палякi, пiльнаваўшыя вежу, як i вартавы на муру перад гэтым, больш цiкавiлiся грукатам, даносячымся ад брамы, чым сваiм абавязкам. Яны раз за разам адбягалi ад свайго паста, каб зiрнуць на асьветлены вогнiшчамi пляц каля гарматы.
Раптам, у супрацьлежным канцу падворку, у стайнi, выбухнуў пажар. З гучным трэскам занялася саламяная страха. Гарачыя
– Францiшак!
– прашапацеў Кандрат.
– Конi ратуе...
Асьлепленая агнём i страхам, жывёла пачала кiдацца па падворку, зьнiшчаючы й калечачы ўсё жывое, што траплялася на шляху.
Некалькi коней, шалёным галёпам, несьлiся на вежу. Вартавы, каб унiкнуць конскiх капытоў, падаўся ў тыл i... трапiў у жалезныя абдымкi Кандрата. Не марудзячы, Кiрым перарэзаў горла й яму.
Цяпер, карыстаючыся зь перапалоху, можна было дзейнiчаць сьмялей. Абодва адразу кiнулiся шукаць вартаўнiкоў. Дваiх паклалi на мейсцы, а трэцяга абяззброiлi й прымусiлi грукаць у нiзкiя чорныя дзьверы вязьнiцы. Зь лязом кiнжала каля горла вартавы некалькi разоў паўтарыў умоўны стук. З-за дзьвяроў пачуўся гучны, але прыглушаны мурам, голас:
– Хто там?
Вартавы не адказаў, толькi злосна зiрнуў на Кандрата. Кiрым нацiснуў кiнжалам яму на горла й, рашучым рухам галавы, загадаў яму адказаць.
– Я! Збых!
– прахрыпеў палонны.
– Ад пана Януша...
Ад сярэдзiны загрымела засаўка.
Кандрат падрыхтаваў меч i стаў побач Збыха.
Цяжка й з рыпам падалiся дзьверы, i ў iх зьявiўся неймаверна вялiзны чалавек, голы да пасу. Ён засланiў сабою ўвесь праход i выставiў уперад руку з паходняй, каб асьветлiць прышэльцаў. Кандрат адразу, з усяе сiлы, парнуў яго ў чэрава. Чалавек iкнуў, выпусьцiў паходню ды з храпам абвалiўся на сьпiну.
Падхапiўшы паходню, Кандрат праскочыў у дзьверы, за iм Кiрым прапiхнуў палоннага й увайшоў сам. Хутка зачынiлi дзьверы на засаўку, скруцiлi паляку за сьпiнай рукi, i аглядзелi памяшканьне. У левым куту чарнела дзiрка з прыступкамi ўгору, у правым прыступкi вялi ўнiз. Кiрым адразу аглядзеў верх вежы й, не знайшоўшы там нiкога, вярнуўся да Кандрата.
Прыступкi ў падзямельле былi мокрыя й сьлiзкiя ад цьвiлi. Зьнiзу пранiкала чырванаватае сьвятло й чулiся невыразныя галасы...
– Хто гэта?
– указаў Кандрат на разпасьцёртага волата.
– Кат...
– нехаця адказаў Збых.
– А шмат iх там унiзе?
Палонны не адказаў, паспрабаваў разарваць сьцiскаючыя рукi путы, але кiнжал Кiрыма йзноў прымусiў яго загутарыць:
– Двох... Яшчэ адзiн такi-ж, - указаў ён на забiтага - i пан Лазiнскi, ён тут Гараднiчым...
– Добра! Вядзi ўнiз!
– загадаў Кандрат i мiргнуў Кiрыму - "маўляў, трымайся цяпер!"
* * *
Мiж тым, Францiшак, выгнаўшы коней са стайнi й разагнаўшы iх па падворку, гукнуў свайго "паслушнiка". Мiколка, за гэты час, управiўся падпалiць скiрты саломы, укладзеныя за грыднiцаю, i яны цяпер палалi, шугаючы полымем высока ў неба.