Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Шмат, дзедка! Зося, я, Тэкля, Палашка...
– Пачакай! Пачакай!
– замахаў Бай рукамi.
– Бач ты, засакатала, усяроўна не ведаю ўсiх... А цi хутка выбiраецеся?
– Зараз-жа! Вунь i Ганна з Волькай бягуць...
– Дык пачакайце трохi, - засьпяшаўся Бай, скiдаючы скураны фартух.
– Пайду драбiны запарагу...
– Дык даганяйце нас! Мы ў Бранавiцкi беразьняк пойдзем.
Бай замармытаў нешта сабе пад нос аб кабечай няўседлiвасьцi й трушком пусьцiўся да стайняў.
Дзяўчаты-ж, узрастаючай грамадой падалiся да Вiленскае заставы й, мiнуўшы рагаткi, запылiлi па шляху, зьбiраючы прыдарожныя кветкi.
Бай дагнаў iх ужо далёка за гарадзкiмi ўмацаваньнямi. Амаль кожная зь дзяўчат ужо пасьпела сьплясьцi вянок i прыбраць iм галаву.
– Дзеванькi! Давайце й дзядзьку Баю вяночак сьпляцём![43] - весела ўскрыкнула круглатварая Зоська.
– Га?
– Сьпляцём!
– разьнесься радасны выгук, i ўся дзявочая грамада кiнулася йзноў зьбiраць кветкi.
– Я вам сьпляту!
– зарычэў Бай, патрасаючы пугай.
– Так сьпляту, што лыткi паабмочваеце! Безсаромнiцы!
– але, ня надта давяраючы сваiм пагрозам, пасьпяшаў мацней нацiснуць на галаву свой шолам, якi да таго бразгацеў на дне возу.
Як i спадзяваўся Бай, пагроза не памагла. Дзяўчаты хутка ўправiлiся зь кветкамi, абляпiлi старога як мухi, выдралi з рук пугу, сьцягнулi шолам i з рогатам надзелi вянок на яго сiвую галаву. Бай паспрабаваў скiнуць яго, але йзноў грамадой навалiлiся дзяўчаты й прыгразiлi прышчапiць, калi толькi паспрабуе дакрануцца да вянка. А вясёлая Зоська - ухапiла Бая за шыю, пацалавала ў сiвыя вусы й закрычала:
– Дзядзька Бай! Якi-ж ты прыгожы! Прысылай да мяне сватоў, рушнiком падарую!
– Апсiк, безсаромнiца!
– раззлаваўся стары, выцiраючы вусы.
– Паткнiся яшчэ раз, то як задзяру спаднiцу ды выхвастаю пугаўём, перастанеш са старога насьмiхацца!
Дзяўчына жартаўлiва надзьмула вусны й, зварочваючыся да сябровак, тоненькiм галаском залямантавала:
– А мiленкiя мае, а даражэнькiя. Цi-ж бачылi, цi чулi? Ня хоча мяне гаротную, сiрату безпрытульную... А я-та сама яму набiвалася...
– i, раптам састроiўшы вочкi, павярнулася к Баю.
– Цi мо' я не прыгожая? Цi мо' ня круглая? Паглядзi на мяне!
– яна падперлася ў бокi й, пад агульны рогат, павярнулася на пятах.
– Ну, што скажаш?... Маўчыш?... Пэўна, спадабалася!
– Ды няма чаго й казаць, - зьбянтэжыўся Бай.
– Дзеўка ты прыгожая! Каб дзясяткаў пяць гадкоў скiнуць, дык ужо й не адчапiўся-бы ад цябе. Умееш круцiць хвастом, хоць куды...
– Ага! Ну дык давай тады руку!
– узрадавалася Зоська ды з дапамогай Бая ўскочыла на воз.
– Паедзем разам, як маладыя, а дзяўчаты хай пехатой iдуць. Но-о-о!
– уструхнула яна лейцамi. Драбiны йзноў зарыпелi па пыльнай дарозе.
У гэты час, недалёка ўперадзе, праз Бранавiцкi беразьняк, бразгатаючы зброяй, рысiў Ваявода Фёдар са сваiмi спадарожнiкамi. Васiлю ён так нiчога й не сказаў...
Выяжджаючы зь лесу адзьдзел першая заўважыла ўся тая-ж Зоська. З вышынi возу ёй выразна было бачна, як на ўскраiне лесу зьявiўся чорны коньнiк. За iм другi, i адразу замаячылi, закалыхалiся разгорнутыя Харугвы й сьцяжкi на дзiдах. Яна нават трохi спалохалася й закрычала:
– Войска! Дзеванькi, войска!
– ды пасьпешлiва, сама ня ведаючы чаму, затузала лейцамi. Конi ўздыбiлiся, захрапцелi й сталi ўпоперак дарогi.
– Чаго шморгаеш лейцамi, як стары порткамi!
– забурчэў Бай, саскокваючы з возу.
– Ну войска. А што з таго? Хай сабе й войска... Бачыш-жа, што не татары, сарока...
А
Марыля, як толькi пачула Зоськiн крык, адразу адчула, як нешта цяжкое падступiла к сэрцу й жалезнымi абручамi сьцiснула каленi. Яна з трывогай i надзеяй прыгледзелася да пярэдняга воя, але густая хмара пылу захiнула яго постаць. Толькi чорная грыва каня ды чорны плашч вiхрылiся на скаку. Аднак нешта невытлумачальнае падказвала дзяўчыне, што гэта ён - той, каго кахала, аб кiм марыла й чакала. Ёй здавалася зусiм зразумелым, што й ён нецярплiва йрвецца да яе. Iнакш яна й не ўяўляла сабе Фёдара. I хаця мiж iмi нiчога не было сказана, i нi рухам, нi позiркам ня здраджана пачуцьцяў, яна была пэўная Фёдаравага каханьня. Ня толькi пэўная, а нават, часамi здавалася, што ўсё ўжо дамоўлена, вырашана, застаецца толькi яму вярнуцца... I зараз, убачыўшы наблiжаючаеся войска, душой адчула, што гэта ён, i, нi аб чым ня думаючы, кiнулася бегма насустрач...
Бай з падозрай нахмурыўся. Сваiмi старэчымi вачамi ён ня мог яшчэ разабраць колераў на дзiдах. Дзяўчаты прымоўклi й нерашуча пераглядалiся...
Выехаўшы зь вiльготнага ценю беразьняку, вачам Фёдара адчынiлася знаёмая, залiтая сонцам раўнiна, з завiлiстай пыльнай дарогай на Слуцак. Далёка ўперадзе - стракатая грамадка людзей варушылася каля параконнага возу...
Не затрымваючыся, Ваявода лёкка паскакаў па мяккай палявой дарозе. Ззаду чулася пабразгваньне зброi не адстаючага Васiля. У вушах пасьвiствае вецер, i гучна кракае конская селязёнка...
Раптам аж нешта кальнула ў грудзi. Фёдар убачыў, як ад грамадкi людзей адзьдзялiлася жаночая постаць i, выцягнуўшы ўперад рукi, бегма пусьцiлася насустрач...
Убачыў гэта й Васiль - ён адразу пазнаў сястру.
"Бедная Марылька... Так знудзiлася!" - падумаў ён. Захацелася паддаць шпорамi, вынесьцiся ўперад i абняць яе - бедную сястрычку, прыцiснуць да грудзей, ды пацешыць радаснымi навiнамi аб Гаспадарскай ласцы, аб дастатку й багацьцi... Аж сьлёзы выступiлi ў беднага Васiля ад разчуленасьцi. Аднак уперадзе скача Ваявода, i выпярэджваць яго нельга. Васiль не адрывае радасных вачэй ад каханай сястры, i ўжо... гатовы прамаўляць ёй словы пацехi... Ужо блiзка... Блiзка... Аднак...
Марыля спыняецца пасярод дарогi й, задыхаючыся ад хуткага бегу, крычыць:
– Фёдар! Каханы мой!
– твар яе пламенiцца, вочы iскрацца, i высока ўздымаюцца грудзi...
Ваявода на поўным скаку асаджвае каня й, нiзка перагнуўшыся ўбок, падхоплiвае яе ў сядло...
– Як гэта?
– зьбянтэжана аглядаецца Васiль, ня верачы сваiм вачам. Марыля... Ваявода... Хто-ж бы сказаў?... А я?... Вось табе й маеш! Не, як-жаж гэта?...
А шчасьлiвая маладая пара ўжо скача далей, шчыльна прытулiўшыся адно да другога. Моцная рука Фёдара пяшчотна трымае дарагую ношу, а Марыля, плачучы ад радасьцi, углядаецца ў яго мужны й прыгожы твар.
– Фёдар...
– шапоча яна.
– Ты мой?...
– Твой, мая каханая!... Твой, да скананьня!...
Прасьлязiўся й стары Бай, разабраўшыся ў здарыўшымся. Забыты вянок споўз яму амаль на нос i казыча пад вокам намоклымi ад сьлёз пялёсткамi. Зоська, падабраўшы спаднiцу, саскочыла з возу й, сама ня ведаючы чаго, схавалася за атарапелых дзяўчат...
Не апрытомнеўшы яшчэ Васiль, адчуў, як на плячо яму лягла цяжкая рука, i голас Кандрата Тура прамовiў:
– Ну вось, а цяпер будзем дзеўку прапiваць! Цi што?...