Дзікае паляванне караля Стаха
Шрифт:
— Памятаеце, Беларэцкі, вашу прадмову да «Беларускіх песень, балад і легенд». Я памятаю: «Горка стала беларускаму майму сэрцу, калі пабачыў я такую занядбанасць нашых лепшых, залатых нашых слоў і спраў». Цудоўныя словы, за іх толькі даруюць вам усе грахі. А што ж казаць, калі не толькі беларускае маё, калі чалавечае маё сэрца баліць ад занядбанасці нашай і агульнай, ад болю, ад бяссільных слёз няшчасных матак. Нельга, нельга так жыць, дарагі Беларэцкі. Чалавек добры, а з яго робяць жывёлу. Ніхто, ніхто не хоча даць яму магчымасць быць чалавекам. Відаць, нельга проста крыкнуць: «Абдыміцеся, людзі!» І вось ідуць людзі, на дыбу ідуць. Не дзеля славы, а дзеля таго, каб забіць пакуты сумлення, — як часам ідзе чалавек, не ведаючы дарогі, у пушчу, ратаваць сябра, бо сорамна,
Ён здаўся мне ў гэтую хвіліну такім прыўкрасным, такім нялюдскім чалавекам, што я з жахам праз завесу будучага прададчуў яго смерць. Такія не жывуць. Дзе гэта будзе? На прэнгу ў катоўні? На шыбеніцы перад народам? У безнадзейнай бойцы інсургентаў з войскам? За пісьмовым сталом, за якім яны спяшаюцца запісаць апошнія палаючыя думкі, дыхаючы кавалкамі лёгкіх? У калідорах турмаў, калі ім страляюць у патыліцу, не насмельваючыся зірнуць у вочы? Вочы яго блішчалі.
— Каліноўскі ішоў на шыбеніцу. Пяроўскую, жанчыну, на якую глянуць было толькі — і памірай, на эшафот… Гэткую прыгажосць — бруднай шворкай за шыю. Ведаеш, Яноўская на яе трохі падобная. Таму і яе абагаўляю, хоць гэта не тое. А яна шляхцянка была, Значыцца, ёсць выхад і для некаторых з нашых. Толькі па гэтай дарозе, калі не хочаш згнісці жыўцом… Душылі. Думаеш, усіх перадушылі? Расце сіла. З імі хоць рабром на круку вісець, абы не імчала над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха, жах мінулага, апакаліпсіс ягоны, смерць. Вось скончу я толькі гэта і паеду. Скончу хутка, думка ў мяне з'явілася. А там… эх, не магу я тут. Ведаеш, якія ў мяне ёсць сябры, што мы павінны распачаць?! Калаціцца будуць тыя, тлустыя. Не перадушылі. Моцным пажарам пахне. І гады, гады наперадзе! Колькі пакуты, колькі шчасця! Якая залатая, чароўная далячынь, якая будучыня чакае!
Слёзы пырснулі з вачэй гэтага чалавека. Я не вытрымаў і кінуўся яму на шыю. Не памятаю, як мы развіталіся. Памятаю толькі, як стройная юнацкая яго постаць вымалявалася на верхавіне кургана. Ён павярнуўся да мяне на хвіліну, махнуў капелюхам, крыкнуў:
— Гады наперадзе! Далячынь! Сонца!
І знік. Я пайшоў адзін дадому. Я верыў, зараз мне ўсё па плячы. Што змрок Балотных Ялін, калі наперадзе сонца, далячынь і вера? Я верыў, верыў, што ўсё зраблю, што жывы народ, калі ў ім з'яўляюцца часам такія людзі. Дзень быў яшчэ наперадзе, такі вялікі, ззяючы, магутны. Вочы мае глядзелі насустрач яму і сонцу, якое пакуль што хаваецца сярод хмар.
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
У той самы вечар, гадзін каля дзесяці, я ляжаў, схаваўшыся ў здзічэлым невысокім бэзе і высокай траве якраз каля паваленай агароджы. Настрой бясстрашнасці яшчэ непадзельна валодаў мною (ён так і не знік да канца майго прабывання ў Балотных Ялінах). Здавалася, што гэта не маё, любімае мною, хударлявае і моцнае цела могуць дзяўбці крумкачы, а чыёсьці іншае, да якога мне няма ніякай справы. А між тым абставіны былі невясёлыя: і я, і Рыгор, і Свеціловіч торкаліся ў розныя бакі, як кацяняты ў кошыку, і не адкрылі злачынцаў. І месца было невясёлае. І час — таксама.
Было амаль зусім цёмна. Над роўнай пахмурай паверхняй прорвы накіпалі нізкія чорныя хмары, бліжэй да ночы абяцалі зліву (восень была наогул дрэнная, змрочная, але з чыстымі буйнымі злівамі, амаль як летам). Ветрык узняўся быў, зашумелі чорна-зялёныя піраміды ялін», але потым зноў сціхнуў. Хмары павольна, вельмі павольна каціліся наперад, нагрувашчваліся над безнадзейным роўным краявідам. Недзе далёка-далёка бліснуў агеньчык і, сарамліва паміргаўшы, згас. І пачуццё самоты ўладна ахапіла сэрца. Я быў чужы тут. Свеціловіч сапраўды варты Надзеі Раманаўны, а я так патрэбны як дзірка ў плоце.
Ці доўгі час я так ляжаў, ці не — не скажу. Хмары, даходзячы да мяне, рабіліся радзей, але на даляглядзе грувасціліся
Дзіўны гук уразіў мой слых: недзе далёка і, як мне здалося, у правым баку ад мяне спяваў паляўнічы рог. І хоць я ведаў, што ён гучыць у баку ад шляху дзікага палявання, я мімаволі стаў часцей пазіраць у той край. Непакоіла мяне яшчэ і тое, што на балотах пачалі з'яўляцца там-сям белыя лапікі туманоў. Але тым справа і скончылася. Раптам другі гук даляцеў да мяне, недзе шастаў сухі верас. Я глянуў у той бок, пачаў углядацца да болю ў вачах і нарэшце заўважыў на фоне чорнай істужкі далёкіх лясоў рух нейкіх плям.
Я заплюшчыў на хвіліну вочы, а калі адкрыў іх, пабачыў, што проста перада мною і зусім недалёка вымалёўваюцца на раўніне туманныя сілуэты коннікаў. Зноў, як у той раз, бязгучна ляцелі яны перада мною страшэннымі скачкамі проста ў паветры. І поўнае маўчанне, быццам я аглух, вісела над імі. Вострыя шлыкі, валасы і плашчы, якія луналі ў паветры, дзіды — усё гэта адбілася ў маёй памяці. Я пачаў паўзці бліжэй да цаглянага падмурка агароджы. Паляванне разгарнулася, пасля сабралася ў натоўп, бязладны і імклівы, і пачало заварочваць. Я дастаў з кішэні рэвальвер.
Іх было мала, іх было менш, як заўсёды, — коннікаў восем. Куды ж ты падзеў астатніх, кароль Стах? Куды яшчэ даслаў?
Я паклаў рэвальвер на сагнуты локаць левай рукі і стрэліў. Я добры стралок і трапляў у цэль нават амаль у поўнай цемры, але тут здарылася дзіўнае: коннікі скакалі далей. Я прыкмеціў задняга — высокага прывіднага мужчыну, — стрэліў: хоць бы хто пахіснуўся.
Але дзікае паляванне, як быццам жадаючы даказаць мне сваю прывіднасць, развярнулася і скакала бокам да мяне, недасяжнае для маіх стрэлаў. Я пачаў адпаўзаць задам да хмызоў і толькі паспеў наблізіцца да іх, як хтосьці скокнуў на мяне з-за хмызоў і жахлівым цяжарам прыціснуў да зямлі. Апошняе паветра вырвалася з маіх грудзей, я нават вохнуў. І адразу зразумеў, што гэта чалавек, з якім мне не выпадае цягацца па вазе і сіле. А ён спрабаваў круціць мне назад рукі і свісцячым шэптам сіпеў:
— С-стой, ч-чорт, ч-чакай… Не ўц-цячэш, бан-дзюк, заб-бойца… Тр-рымайся, няўдалы…
Я зразумеў, што, калі не ўжыву ўвесь свой спрыт, я загіну. Памятаю толькі, што з жалем сачыў за прывідным паляваннем, у якое я страляў і якому ані на волас не пашкодзіў. У наступны момант я, адчуваючы, што рука яго крадзецца да маёй глоткі, старажытным прыёмам падбіў яго руку, і нешта цёплае палілося на мой твар: ён уласнай рукою разбіў сабе нос. Пасля гэтага я, схапіўшы яго руку, пакаціўся па зямлі, заламіўшы яе пад сябе. Ён войкнуў, і я зразумеў, што і наступны мой ход меў поспех. Але адразу за тым я атрымаў такі ўдар між броваў, што балоты закруціліся перада мною. Шчасце, што я інстынктыўна паспеў напружыць мускулы жывата, і апошні ўдар, пад дыхала, не ўчыніў мне шкоды. Рукі, валасатыя, навобмацак, цягнуліся ўжо да маёй глоткі, калі я прыпомніў параду майго дзеда супраць мацнейшага праціўніка. Неймаверным выкрутам я павярнуўся на спіну, паддаў рукою цяжкі жывот невядомага і сукуў яго каленам, маім вострым і жорсткім каленам, у прычыннае месца. Ён інстынктыўна падаўся на мяне тварам і грудзьмі, і тады я, сабраўшы апошнія сілы, каленам і рукамі, выцягнутымі далей ад галавы, паддаў яго ў паветра. Гэта, напэўна, атрымалася нават занадта моцна: ён пераляцеў цераз галаву, зрабіў паўкруг у паветры і гэпнуўся ўсім цяжкім — ох, якім цяжкім! — целам аб зямлю. Адначасова я страціў прытомнасць.
…Калі я ачуняў, я адразу пачуў, што недзе за маёй галавою хтось стогне. Ён не мог яшчэ ўзняцца, а я з вялікім намаганнем ужо спрабаваў стаць на ногі. Я вырашыў сунуць яго нагою пад сэрца, пазбавіць дыхання, але пакуль што ўгледзеўся ў балота, дзе знікла дзікае паляванне. І раптам пачуў вельмі знаёмы голас таго, хто крахтаў:
— Ах, чорт, які гэта тут ёлуп! Якая падла! Балеснічкі нашы святыя!
Я зарагатаў. Той самы голас адазваўся:
— Гэта вы, пане Беларэцкі! Наўрад ці з гэтага дня я змагу быць жаданым госцем у жанчын. Во-ох! Ах, каб вас, каб! Крычалі б, што гэта вы. Чаго паўзлі ад агароджы?! Толькі ў памылку ўвялі. А гэтыя чэрці зараз унь дзе, каб вас ліха… прабачце.