ДзесяцЬ Бітвау
Шрифт:
Праціўнік займаў выгоднае становішча і быў поўнасцю падрыхтаваны да бітвы. Хаўруснікам жа трэба было пад гарматным і лучным абстрэлам пераходзіць водную плынь, прадзірацца праз абарончыя частаколы, мячом здабываць плацдарм на другім беразе. Правільна ацаніўшы сітуацыю, Вітаўт і Ягайла павярнулі на ўсход, каб перайсці раку на вышнявіне. А ўначы з 14 на 15 ліпеня іхныя войскі былі пад Грунвальдам (у беларускіх летапісах гэтая вёска называецца Дуброўна), дзе ўжо размясціліся крыжацкія сілы. I з першымі промнямі сонца нашыя ваяры пачалі станавіцца ў баявыя шыхты.
Паміж невялікімі вёскамі Грунвальд (у перакладзе з нямецкай — Зялёны Лес),
На Грунвальдскіх палях насупраць шыхтоў Вітаўта і Ягайлы яшчэ з ночы сталі крыжакі з сваімі памагатымі, сабранымі з усёй Еўропы. Было іх каля 30 тысяч, гэта прыкметна меней, чым нашых войскаў. Аднак яны бралі вайсковым майстэрствам і ўзбраеннем. Да таго ж немцы моцна разлічвалі на артылерыю (блізу сотні бамбардаў), якую ў палявых умовах выкарыстоўвалі ўпершыню. Спадзяваліся таксама на заслон арбалетнікаў і на замаскаваныя воўчыя ямы, выкапаныя перад пазіцыямі.
Некалькі ранішніх гадзін бітва не распачыналася. Крыжакі не хацелі сыходзіць з узвышша. Хаўруснікі, маючы ў заплеччы лясістую мясцовасць, таксама не спяшаліся наступаць. Бо атака праз лагчыну на схілы ўзгоркаў ставіла іх у невыгоднае становішча.
Урэшце на рашучыя дзеянні наважыліся вялікакняскія харугвы, якія выкарысталі тактыку стэпавых ваяроў. Трэба было выцягнуць крыжакоў на сябе, парушыць іх закаваныя ў жалеззе шыхты. Таму ў першую атаку пайшлі лёгкаўзброеныя вершнікі і татары. Пад залпамі бамбардаў, бранябойнымі джаламі арбалетных стрэлаў, праз воўчыя ямы, трацячы сотні таварышаў, дасягнулі яны рыцарскіх шыхтоў. I закіпела сеча. Цяжка крануліся крыжацкія харугвы, рушылі наперад. Вялікі магістр Ордэна Ульрых фон Юнгінген убачыў, як адступаюць пярэднія харугвы Вітаўтавага войска. I скіраваў на іх галоўны ўдар.
Рыцарскія кліны набліжаліся ўжо да вялікакняскага абозу. Выцягнуўшыся наўскос, яны падстаўлялі свой бок удару цэнтральнай групоўкі хаўрусных войскаў. Аднак Ягайла пазніўся. Ён усё маліўся, мабыць спадзеючыся на нябесны цуд. I на крыле вялікакняскага войска склалася крытычная сітуацыя. Некаторыя харугвы ўжо адступалі па-сапраўднаму, не могучы даць рады нямецкаму націску. Іншыя ляглі пад цяжкімі крыжацкімі мячамі. На сутыку з польскім войскам сплывалі крывёю, але апантана секліся з ворагам смаленскі, амсціслаўскі і аршанскі палкі, узначаленыя князем Сымонам Альгердавічам.
Вітаўт паімчаў да караля, заклікаючы распачаць наступ і польскім левым крылом. Ягайла падаў знак сваім ваярам. Зайгралі баявыя трубы, і наперад рушылі каралеўскія рыцарскія харугвы. Наш вялікі князь зноў павярнуў на крыжакоў свае, хоць і парадзелыя, сілы, наносячы флангавы ўдар. У Грунвальдскай бітве наступіла імгненне найвялікшага напружання. Як пісаў тагачасны гісторык Ян Длугаш, усчаўся такі шум і грукат ад ламання дзідаў і ўдараў аб панцыры, нібыта бурылася нейкая вялізная будыніна, і такі моцны ляскат мячоў, што яго выразна чулі ў наваколлі за некалькі міляў. Нага наступала на нагу, панцыры грукалі
Былі моманты, калі здавалася, што перамагаюць ваяўнічыя тэўтонцы. Аднак нарэшце пад націскам нашых ваяроў на пабаявішчы адбыўся пералом. Крыжакам не дапамаглі нават рэзервовыя харугвы. Амаль усе яны былі абкружаныя і знішчаныя. Частка крыжакоў спрабавала ўратавацца ва ўмацаваным вазамі лагеры. Але тут іх дастала пяхота, складзеная з польскіх і беларускіх сялян, узброеных лукамі і сякерамі.
Сяляне рыцараў у палон не бралі, бо па завядзёнцы таго часу не мелі права атрымоўваць за іх выкуп.
Тагачасныя гісторыкі і храністы адзначалі выдатную ролю ў бітве нашага вялікага князя. Вітаўт, мяняючы загнаных коней, без целаахоўнікаў, толькі з некалькімі набліжанымі, парадкаваў свае шыхты. Ён кіраваў іх на найбольш небяспечныя ўчасткі, натхняў да змагання, але паспяваў на дапамогу і польскім аддзелам.
Трэба аддаць належнае і тэўтонцам. Мала хто з іх кінуўся наўцёкі або прасіў літасці. Секліся апантана, лічачы за лепшае страціць жыццё, чым рыцарскі гонар. 3 сямі сотняў манахаў-тэўтонцаў жывых засталося толькі пятнаццаць. Палегла большасць военачальнікаў. Сам Юнгінген, змагаючыся нароўні з усімі, быў працяты дзідай нашага ваяра, імя якога засталося невядомым.
Крыху пазней вялікі змагар за свабоду чэшскага народа Ян Гус пісаў:
«Весткі пра перамогу і годны хвалы мір такую радасць прынеслі майму сэрцу, што ні пяром апісаць, ні словам сваім выказаць як мае быць не здолею. Дзе ж іх мячы, закутыя коні, людзі ў панцырах, на якіх сладзяваліся? Дзе незлічоныя грошы ці скарбы? Сапраўды, усё страчана».
I раней крыжакі часам цярпелі скрышальныя паразы. Але яны заўсёды знаходзілі сілы акрыяць ад няўдачы і працягвалі экспансію. I менавіта да лета 1410 года Тэўтонскі ордэн дасягнуў найболынай магутнасці — яму, разам з хаўрусным Лівонскім ордэнам, належала ўсё ўзбярэжжа Балтыкі ад польскага П амор'я да Фінскай затокі на поўначы. Але Грунвальдская бітва аб'яднанымі намаганнямі перш за ўсё славянскіх народаў паклала канец германскаму націску на ўсход. Паводле мірнай дамовы 1411 года Ордэн траціў частку польскіх земляў і выплочваў вялізную кантрыбуцыю. Да Вялікага Княства вярталася Жамойць. Праз паўстагоддзя крыжакі вымушаныя былі прызнаць вяршэнства польскага караля, а ў сярэдзіне наступнага, шаснаццатага, стагоддзя пад уладную руку Вільні папрасіліся і землі Лівонскага ордэна.
Бітва пад Клецкам
Пад канец пятнаццатага стагоддзя Вялікае Княства Маскоўскае, якое да гэтага было ўлусам, гэта значыць часткаю Залатой Арды, пазбавілася татара-мангольскага прыгнёту. I пачало супернічаць за панаванне ва Усходняй Еўропе.
У папярэднія стагоддзі тут сваю волю дыктавала наша гаспадарства — Вялікае Княства Літоўскае. Яно распасціралася ад Балтыкі да Прычарнамор'я, падступала да волжскіх берагоў. Яно рабіла паходы на самую Маскву. Яно прызначала сваіх стаўленікаў у Пскоў і Ноўгарад.