Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды
Шрифт:
— Гэтага можна б і пусціць, — амаль расчулена шапянуў Лотру Басяцкі. — Лепшы матэрыял. Богабаязны чалавек, паналюбівы і… дурны, хаця і хітры.
Лявон раптам ганарліва ўскінуў галаву: відаць, не вытрымаў, сарваўся, няхай і на шкоду сабе. Хітрыя вочы забіякі засвяціліся.
— Каму разбірацца сярод гэтага мужычча? Мне дваццаць адзін… Яны ўсе дурні… А ў нас у хаце сам кроль Аляксандр дваццаць два гады таму спыняўся і начаваў і ўсіх жыхароў яе ласкаю сваёй крулеўскай адзначыў.
— Чулі, што вярзе? — шапянуў Лотр Басяцкаму. — Вось вам і адпусціць. Хай лепей пісар занясе, акрамя багахульства,
— Чаму? — шэптам спытаў Балвановіч. — Магло быць. Ён быў добры кароль. Нас любіў. Просты. І, між іншым, ніводнай бабы, нават з курнай хаты, калі толькі магчыма было, ласкай і прыязнасцю сваёй не абмінаў. Гэта вам не іншыя. І што дзіўна, самі бабы так да яго і ліпнулі. Можа, таму так мала і цараваў.
— Магло-о быць, — перадражніў Лотр. — Магло быць, ды не тут. Дзеці іхняе мосці зараз ледзь дзеўкамі цікавіцца пачынаюць… Колькі год, як кароль памёр? Ага. А цараваў колькі? Чатыры гады і восем месяцаў. То за колькі год да ягонага царавання гэты боўдур нарадзіўся? Магло-о бы-ыць.
Лявон Конаўка зразумеў, што рэкнуў лішняе. Тытунёвыя вочкі забегалі.
— То вось у той вечар мы з гэтымі непадобнымі, з мужалапамі гэтымі пабіліся. Сіла гэты як пачаў крычаць і торгаць за сетку:
— Мая мярэжа!
— Ты яе разблытай спачатку, тады ўбачыш — чыя! — крыкнуў яму я.
— Ён за мярэжу — торг! Я таксама — торг! Тады ён разварочваецца і мне па пысе. Аж дзень залатымі мухамі пайшоў.
— Гэта ў мяне… мухамі, — сказаў Сіла. — Бо ён мяне — таксама…
— А тады гэты вось юрод, прарок-недавучка, Ладысь, абразіць мяне вырашыў.
— Вочы ў цябе, — кажа, — у неналежным месцы.
Я яму таксама — плюху. Але ён, відаць, збаяўся мне адказаць. Ён Аўтушка майго схапіў. А той яшчэ ў розум не ўвайшоў.
— Ён мяне схапіў, — сказаў трохі баязліва Аўтух.
— Чую — чабарох! — гэта яны, значыцца, у ваду ўпалі. Мне глядзець няма калі — я Сілу ваўтужу. Толькі чую: хістаецца човен. Братка, значыцца, вызваліўся ад таго і вылазіць. Толькі потым адштурхнуў старэйшага Гарнца і… Што такое?… Малодшы Гарнец у маім чаўне сядзіць… А мой Аўтушок у Сілавым чаўне. Пераблыталі. Тут Сіла, пэўна, зразумеў: са мною яму не здужаць.
— Гэта ты зразумеў, — сказаў Сіла. — Куды карасю супраць ліна?
— Я тады размахнуўся ды гэтаму ягонаму Ладысю — балазе ён у маім чаўне — поўху. Гляджу — Сіла вачыма закруціў:
— Ах, ты майго брата?… Дык — на і твайму, — і як дасць Аўтушку. Той, бедны, аж зубамі ляснуў. Мне яго, канечне, шкада. Я шалею. Я тады зноў Ладысю як даўдаў. Крычу:
— Гэ, ты майго любага брата? Хай і твой атрымае!
— І твой!
— І твой!
І дайшлі б мы абавязкова да смертазабойства, каб браты не здагадаліся. Скокнулі яны ў ваду ды паплылі да берага, як, шануючы вас, дзве сучкі… А ўва мне аж усё заходзіцца. Аж сэрца кіпіць. Хапаю я сякеру. І Сіла сякеру хапае. І тут прыбавілася б у нас у галовах яшчэ па адной дзірцы, каб ён не спалохаўся.
— Гэта ён спалохаўся, — сказаў Сіла, — нібы рак у вершы.
— Не спалохаўся я. Я, калі я ў шал увайду, нічога не баюся. Тады мне не супярэч. Развярнуўся я ды сякерай па ягонай мярэжы.
— Брата майго — крычу, — біў. Вось тваёй мярэжы! Вось!
— І тваёй
Тут сеткі нашы пачалі раскручвацца. Гулькнула рыба, паказала нам хваста…
— Добрая штука самовы хвост, — крэкнуў Жаба.
— …дый пайшла да сябе. І тут я гляджу — стаіць Сіла, сагнуўшыся, хэкае і сваю мярэжу сячэ… Я — рагатаць… Але тут гляджу — і я ўвесь час сваю сек… Гляджу — гэны дурань гэта зразумеў ды раптам як дасць абухом у дно маёй душагубкі — аж вада засвістала. Чую — ногі амаль па калені ў вадзе. Тут я думаю: «Будзе мне — будзе і табе». Ды як вухну сякерай у дно ягонага чаўна — так і вываліў кавалак велічынёю з добрае сцябла [69] . Пайшлі нашы чаўны да азёрнага бога. І мярэжы з імі пайшлі, і, вядома, сякеры.
69
Сцябла — вялікі латок з ліпы, на які ўкладаюць сетку.
— Бо яны не плаваюць, — растлумачыў Сіла.
— А мы па шыю ў вадзе. І тады мы паплылі на бераг. А там нашы браты сядзелі ўжо з гэтымі двума… І ўсё, можа, было б добра, калі тут Іосія пачаў божкаць аб рыбе, хаця і не ядуць яны самоў.
— Яны шчупака ядуць, — басам сказаў Сіла. — Хаця і нельга шчупака есці па духоўных прычынах, і хто яго есць, асабліва галаву, таго на тым свеце прымусяць дзярмо есці.
— Што ты там вярзеш? — спытаў Лотр. — Як гэта нельга есці шчупака? Якія гэта «духоўныя прычыны»?
— Хто шчупака есць, а галаву асабліва, той грэшнік горш за каталіка і ерэтык горшы за Лютара ў сарамаце сваёй, — сказаў Ладысь.
— Гэта яшчэ чаму, паганец ты?! — ускочыў Басяцкі.
— А таму, — навучальна сказаў Сіла, — што ў шчупаковай галаве ёсць усё начынне, якім Хрыста каралі. Косткі такія накшталт храшчоў. Тут табе крыж, тут табе цвікі, тут табе і дзіда. Дарма, думаеце, іудзеі так шчупака любяць?
— Дурніла ты, вось хто, — сумна сказаў Раввуні. — Галаву на плячах мець трэба, вось што.
Лотр паціснуў плячыма:
— Гэтыя людзі закаснелі ў паганскіх павер'ях сваіх і ў самай абрыдлівай ерасі. Хіба гэта хрысціяне? Адзінае, што вылечыць іх ад дысідэнцтва — ачышчальнае вогнішча… Ну, далей. Значыцца, іудзей пачаў божкаць аб рыбе.
— Але, — сказаў Іосія. — Я пакляўся Выйсцем, што з-за такога Левіяфана, можа, і варта было біцца і ён быў бы тут вельмі дарэчы.
— І тут я сказаў, што буйную рыбу мы аддаём пану. А іудзей сказаў, што ён заўсёды лічыў рыбакоў за разумных людзей і сёння ўпэўніўся ў гэтым. Тады гэты Братчык спытаў, нашто мы з-за панскай рыбы секлі свае мярэжы.
Толькі тут я апамятаўся, што і мярэжы пасечаныя не нашы, і чаўны патопленыя — ад пана. І, значыцца, чакае нас кум-бізун і сядзенне ў калодках ля царквы прынамсі на чатыры нядзельныя імшы, а можа, і нешта горшае.
Тут Ладысь загудзеў:
— Браткі вы мае ўлюбёныя! А што ж гэта нам рабіць?! А як жа нам цяпер перажыць?!
І тады Братчык сказаў, што трэба ўцякаць. А іудзей пакруціў толькі галавою.
— Наро-од, — кажа, — сядзець і слухаць і зразумець. Назад вам нельга… І таму ідзіце вы з намі, хаця, вядома, дурань у дарозе не набытак.